Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі
Ірына Вішнеўская
Выдавец: Тэсей
Памер: 272с.
Мінск 2004
122
вучонаму ўдалося надрукаваць некалькі сваіх прац. Але да нашага часу дайшлі толькі іх фрагменты, якія знаходзяцца ў кнігасховішчах Вільні, Кракава, Варшавы, Масквы і інш.
У 2030я гады XIX ст. навукоўцы, якія былі звязаны з Віленскім універсітэтам (яго выкладчыкі і выпускнікі), падрыхтавалі працы па гісторыі дзяржавы і права Беларусі перыяду Вялікага княства Літоўскага, у якіх абазначыўся прынцыпова новы ў параўнанні з польскай гістарыяграфіяй погляд на гістарычную спадчыну беларускага народа.
Значны ўплыў на фарміраванне гістарычнай свядомасці беларускай студэнцкай моладзі зрабілі працы і выкладчыцкая дзейнасць аднаго з буйнейшых спецыялістаў па гісторыі права Беларусі і Літвы — Ігната Мікалаевіча Даніловіча (17871843).
I. Даніловіч нарадзіўся ў сям’і уніяцкіх святароў. У 1811 г. стаў кандыдатам права, у 1812 г.— магістрам. 3 1814 г. I. Даніловіч выкладаў мясцовае права ў Віленскім універсітэце. У 1822 г. ён быў прызначаны ў склад прафесарскай камісіі, якая была створана для перакладу на рускую мову Статута ВКЛ 1588 г. 3 гэтага часу асноўным яго заняткам стаў пошук крыніц па гісторыі права Вялікага княства Літоўскага. Пасля знаходкі ў Вільні рукапісу Статута 1529 г. Даніловіч падрыхтаваў яго да друку і напісаў шэраг уласных прац, прысвечаных аналізу гэтага сусветна вядомага зводу законаў. У сувязі з так званай «Віленскай справай», па якой праходзілі сябры тайных студэнцкіх таварыстваў, I. Даніловіч абвінавачваўся ў недабранадзейнасці, і было зроблена заключэнне аб непажаданасці яго знаходжання на пасадзе прафесара Віленскага універсітэта. У наступныя гады свайго жыцця I. Даніловіч працаваў прафесарам у Харкаўскім, Кіеўскім, Маскоўскім універсітэтах. Чытаў курсы крымінальнага, цывільнага права, судаводства. У красавіку 1830 г. ён быў запрошаны ў Пецярбург для работы ў камісіі Спяранскага па складанню Зводу мясцовых законаў заходніх губерняў, якія меркавалася ўключыць у Звод законаў Расійскай імперыі.
У сваіх працах і лекцыях I. Даніловіч праводзіў думку аб тым, што права ВКЛ грунтавалася на старажытным славянскім праве. Так, у пісьме да князя П.А. ШырынскагаШахматава наконт публікацыі рукапісу арыгінала Статута 1529 г. ён пісаў: «...тагачасная Літва кіравалася рускімі звычаямі і паданнямі»1. Даніловіч падкрэсліваў усебаковую распрацаванасць права ВКЛ, марыў вярнуць да жыцця мову Статутаў, падтрымліваў ідэю аб адзінстве сла
1
Бнографнческнй словарь профессоров н преподавателей нмператорского уннверсптета Св. Владпмнра. Кпев, 1884. С. 166.
123
вянскага права. Ён адным з першых звярнуў увагу на неабходнасць дасканалага вывучэння права Вялікага княства Літоўскага, на неабходнасць захаваць для нашчадкаў гістарычныя помнікі права. Даніловіч выявіў і надрукаваў новую рэдакцыю Судзебніка Казіміра 1468 г., Супрасльскі летапіс. Ім быў падрыхтаваны «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства», які выйшаў у свет ужо пасля смерці правазнаўцы ў 1857 г. Таксама пасля яго смерці была надрукавана «Скарбніца грамат», у якой аўтар апісаў змест каля 2500 сабраных ім крыніц па гісторыі дзяржавы і права ВКЛ і суседніх дзяржаў ад выпісак з Герадота да акта 1569 г. Рускі гісторык права М.Ф. УладзімірскіБуданаў пісаў аб прафесару I. Даніловічу: «Масква і Польшча былі для яго аднолькава чужыя і аднолькава блізкія як нацыі, што жылі па суседству і роднасныя. To быў рамантык чыстай вады, тагачасны агульнаеўрапейскі гістарычны рамантызм ён перавёў у жыццё асабістае»1.
Гэту думку падтрымліваў А. Чэркас, аўтар артыкула, прысвечанага I. Даніловічу, які быў змешчаны ў «Рускім бібліяграфічным слоўніку». Ён называў вучонага патрыётам Беларусі, «...чалавекам, які з кахання да помнікаў роднай гісторыі служыў прывіду XV і XVI стагоддзяў»2.
Навуковая заслуга I. Даніловіча заключаецца ў тым, што ён выявіў і апублікаваў шэраг выключна важных помнікаў права. Вучоны быў упэўнены, што «ўдзячнасць гісторыі ў сто разоў больш заслугоўвае той, хто выдае ў свет старыя акты і летапісы, а не той, хто складае гісторыю па гатовых кнігах. Колькі пазбеглі б мы памылак, калі б усе рукапісныя летапісы і акты народаў былі надрукаваны»3.
Сучаснікам і аднадумцам I. Даніловіча быў Юзаф Ярашэвіч (17931860). У 1815 г. ён скончыў Віленскі універсітэт. 3 1815 па 1826 г. выкладаў права Вялікага княства Літоўскага, а таксама рымскае права ў Крамянецкім ліцэі. У 1826 г. быў запрошаны на працу ў Віленскі універсітэт, дзе да 1831 г. нрацаваў прафесарам права. Галоўнай праблемай яго навуковых інтарэсаў была гісторыя дзяржавы і права ўсходніх славян, у асаблівасці беларусаў і
1 Бмографнческнй словарь профессоров н преподавателей нмператорского уннверснтета Св. Владнмнра. С. 169—170.
2 Черкас А. Даннловнч Нгнатнй Ннколаевнч // Русскнй бнографнческнй словарь. СПб., 1905. С. 75.
3 Данвловнч 14. О лнтовскнх летопнсях // Журн. Мнннстерства народного просвеіцення (ЖМНП). 1840. № 11. С. 114.
124
ўкраінцаў. Асноўныя даследаванні Ю. Яраіпэвіча «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826), «Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі», «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстарэйшых часоў да канца XVIII стагоддзя». 3 маладых год, успрыняўшы ідэю беларускага патрыятызму, гісторык і правазнаўца марыў аб адраджэнні незалежнага Вялікага княства Літоўскага. Яго гістарычныя даследаванні абапіраліся на працы гісторыкаўасветнікаў XVIII ст. А. Нарушэвіча і Т. Гусаржэўскага, асабістыя даследаванні фальклору і этнаграфіі беларусаў, гісторыкаправавыя дакументы.
Ідэйна блізкі да Даніловіча і Ярашэвіча быў іх сучаснік, ураджэнец Лідскага павета, выпускнік Віленскага універсітэта, ваенны інжынер Тэадор Нарбупг (17841864). Пасля выхаду ў адстаўку ў 1812 г. пачаў займацца даследаваннем гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Нарбут напісаў і апублікаваў «Старажытную гісторыю літоўскага народа» ў 9 тамах, у якой асвятляліся гістарычныя падзеі да 1569 г. Даследчык не выпадкова абмежаваўся гэтым перыядам, бо з Люблінскай уніяй ён звязваў знішчэнне ВКЛ як суверэннай дзяржавы і канчатковае злучэнне яе з Польскай Каронай. «Я давёў апавяданне да эпохі, з якой самастойнасць Вялікага княства перастала існаваць. Адсюль я павінен перадаць далейшае выкладанне пісьменнікам гісторыі польскай. Апошні незалежны манарх Літвы і астатні з мужчынскай лініі Ягелонаў памёр, і я ламаю маё пяро на яго труне»1. Час ВКЛ, асабліва перыяд XVI ст„ Нарбут лічыў «залатым стагоддзем беларускай гісторыі». Ён адмоўна ставіўся да палітыкі польскіх феадалаў у адносінах да Вялікага княства, увогуле, непрыязна ставіўся як да Польшчы, так і да Расіі. Нарбут не ўжываў этнонім «Беларусь», «беларусы», а называў беларускі народ — «літвіны», «літоўскі народ». Вялікую цікавасць уяўляе і кніга Нарбута «Помнікі Літоўскіх падзей як крыніцы звестак па гісторыі, дыпламатыі, геаграфіі», у якой змешчаны цікавыя звесткі аб летапісных крыніцах і хроніках, напрыклад «Хронікі Быхаўца», граматах, Судзебніку 1468 г., Статуце 1529 г.
Заслугай I. Даніловіча, Т. Нарбута, Ю. Ярашэвіча з’яўляецца тое, што яны сабралі і высветлілі цэлы шэраг фактаў дзяржаўнаправавой гісторыі Беларусі, паклалі пачатак фарміраванню новага, патрыятычнага кірунку ў гістарыяграфіі гісторыі дзяржавы і права Беларусі, імкнуліся даказаць неабгрунтаванасць польскай канцэпцыі гісторыі ВКЛ як складовай часткі польскай гісторыі. Па
1 Дружчыц В. Палажэнне ЛітоўскаБеларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі // Працы БДУ. 1925. № 6—7. С. 219.
125
словах гісторыка другой паловы XIX ст. М. Каяловіча, «...Яны спрабавалі самастойна паглядзець на сваю краіну... Яны задумалі аднавіць у навуцы самастойнасць Заходняй Расіі... Яны ўзялі старую ідэю палітычнай незалежнасці Лігвы і меркавалі, што Заходняя Расія зможа выпрацаваць гэту самастойнасць пры той жа польскай цывілізацыі, але свабодна, натуральна, без усялякага насільнага падаўлення мясцовых адметнасцяў»1.
Некалькі асобна ад прац Даніловіча, Ярашэвіча і Нарбута стаяць работы прафесара Віленскага універсітэта Іаахіма Лялевеля (17861861), які чытаў курс лекцый па гісторыі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Ужо па сваёй першай універсітэцкай лекцыі, якая называлася «Аб лёгкім і карысным навучанні гісторыі», ён выказаў перакананне, што гісторыя стане карыснай для вывучэння толькі тады, калі будзе аб’ектыўнай. На яго думку, не трэба баяцца прама гаварыць пра памылкі мінулага. Праўда садзейнічае выхаванню моладзі і, наадварот, замоўчванне асобых падзей ці падача іх у прыглянцаваным выглядзе не пойдзе на карысць справе. Гэтыя думкі паўней і глыбей Лялевель развіў у кнізе «Гісторыка», выдадзенай у 1815 г.
Даследчык быў упэўнены, што, каб дасканала вывучыць уласную нацыянальную гісторыю, трэба асэнсаваць усеагульную, сусветную гісторыю. «Усеагульная гісторыя з’яўляецца сукупнасцю ўсіх гісторый, апорным пунктам, на якім заснавана развіццё асобных народаў»2.
У час паўстання 18301831 гг. Лялевель уваходзіў у склад часовага ўрада, з’яўляўся старшынёй «Патрыятычнага таварыства». У гэты перыяд вучоны і рэвалюцыянер выказваў шэраг прапаноў адносна ўдасканалення грамадскага жыцця. Ён лічыў, што зямлёй павінны валодаць тыя прадстаўнікі працоўнага насельніцтва, якія заслужылі гэта права самаадданай службаю ў імя Айчыны, перш за ўсё ўдзельнікі паўстання. Зямля, на думку Лялевеля, з’яўляецца агульным набыткам усіх людзей, і на ёй павінны працаваць толькі тыя, хто ўмее, гэта значыць, сялянеземлеўласнікі»3. «Мужыкоў»сялян ён лічыў асноўным рэзервам вызваленчага руху, таму патрабаваў неадкладна скасаваць прыгонную залежнасць і падказваў шляхі вырашэння гэтай праблемы. Адзін з іх Лялевель бачыў у
1 Каяловнч М. Чтення по нсторнн Западной Росснн. СПб., 1884. С. 16—17.
2 Марціновіч А. У часе прасветленыя твары: Духоўны радца будучыні Іаахім Лялевель. Мн., 1999. С. 278.
3 Тамсама С. 281.
126
тым, каб сяляне маглі выкупіць зямлю, другі шлях — сялянскае паўстанне, калі рэвалюцыйны ўрад ліквідуе паншчыну і чыншы.
Пасля падаўлення паўстання Лялевель вымушаны быў эмігрыраваць. Царскі ўрад завочна прыгаварыў яго да павешання. У Парыжы Лялевель наладзіў сувязі з карбанарыямі, якія выступалі за нацыянальнае вызваленне і канстытуцыйны лад. У эміграцыі ім была напісана і надрукавана адозва «Да рускіх братоў», у якой рэвалюцыянерасветнік заклікаў перадавую частку расійскага грамадства сумесна з палякамі змагацца з самадзяржаўем.