Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі
Ірына Вішнеўская
Выдавец: Тэсей
Памер: 272с.
Мінск 2004
I калі загнаныя, змардаваныя людзі ўзнімуць горда галовы, гатовыя да змагання, на чале іх павінен паўстаць таленавіты, смелы, самаадданы палкаводзец, які павядзе іх у бой за бацькаўшчыну, за яе свабоду і незалежнасць.
Паўстань з народу нашага,
Ваяк!
Свой край заваяваць паўстань,
Ваяк!
182
Лагічнае завяршэнне высілкаў Прарока, Пясняра і Ваяка паэт бачыць у стварэнні Беларускай дзяржавы, на чале якой павінен стаць Уладар.
Паўстань з народу нашага,
Уладар!
Такім чынам, у вершы «Паўстань...» Я. Купала вылучыў сваё разуменне кіруючых сіл нацыянальнадзяржаўнага будаўніцтва. Пры гэтым паэт, несумненна, меў на ўвазе гістарычны вопыт некаторых суседніх дзяржаў, у якіх у розныя часы існавалі і буйныя мысліцелі, і паэты, і палкаводцы, і дзяржаўныя дзеячы. Розніца толькі бачылася Купалу ў тым, што ў беларусаў яны павінны былі з’явіцца адначасова і неадкладна.
Беларуская літаратура пачатку XX ст. у фарміраванні нацыянальнай свядомасці беларусаў адыграла, безумоўна, вядучую ролю.
Па сутнасці, Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя настойліва і нястомна тварылі беларускую нацыю: фарміравалі яе самабытны духоўны воблік, пашыралі нацыянальную свядомасць, гранілі беларускую літаратурную мову, надзялялі беларусаў мастацкімі скарбамі сусветнага ўзроўню, вызначалі іх духоўныя арыенціры. Яны тлумачылі беларускаму селяніну, што ён менавіта беларус, a не нейкі «тутэйшы», «паляк» або «рускі», што не трэба блытаць веру і нацыянальнасць, што радзіма яго — Беларусь, што мова яго — беларуская, што родны край мае багатую гісторыю. Па словах Янкі Купалы, яны закладвалі «векапомныя падваліны дзеля адраджэння сваяго народу, дзеля адбудавання незалежнасці, сваёй беларускай дзяржаўнасці»1.
8.4. Пытанні нацыянальнадзяржаўнага будаўніцтва ў творчай спадчыне ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху
(I. Луцкевіча, А. Луцкевіча, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, А. Смоліча, А. Цвікевіча)
Пачатак XX ст. даў цэлую плеяду нацыянальных дзеячаў, якіх можна аднесці да сапраўдных прарокаў нацыянальнай ідэі. Выказаныя імі ў пачатку стагоддзя думкі не страцілі сваёй злабадзённасці і зараз. Змагары за незалежную і вольную Беларусь імкнуліся на
' Рагойша У.П. Беларусь была, ёсць і будзе: Купалаўская канцэпцыя дзяржаўнай незалежнасці Беларусі // Звязда. 1992. 4 чэрв.
183
ладзіць парваную сувязь часоў, аднавіць гістарычныя традыцыі. Каб лепш зразумець вытокі нацыянальных праблем, яны аналізавалі геапалітычнае становішча Беларусі, культурнацівілізацыйныя ўплывы на яе Захаду і Усходу з пункту гледжання адмоўных або станоўчых наступстваў для яе развіцця. Яны былі ўпэўнены, што Беларусь мае права (і здольна яго рэалізаваць) на свабоднае, дэмакратычнае развіццё, што беларускі народ знойдзе ў сабе сілы дамагчыся дзяржаўнай незалежнасці і заняць свой ганаровы пасад сярод іншых народаў. «Незалежнасць,— пісаў у 1921 г. беларускі нацыянальны дзеяч, відны вучоныэканаміст Аркадзь Смоліч,— гэта найвышэйшая мэта, да якой ідуць народы, той кумір, якому ў ахвяру аддаюць яны сваіх лепшых сыноў. Мы ведаем належны кірунак. Справа незалежнасці Беларусі ёсць цяпер толькі справа часу»1.
На думку ідэолагаў адраджэння, такі напрамак ляжаў перш за ўсё праз адукацыю і выхаванне народа. «Мусім здабываць незалежнасць, будуючы школы, арганізацыі, друкуючы кнігі, збіраючы і павялічваючы культурнае багацце і духоўныя сілы нашага народа»,— папярэджваў Аркадзь Смоліч. Бо толькі адукаваны народ зможа зразумець неабходнасць змагання за незалежную, вольную дзяржаву, за адраджэнне нацыянальнай культуры, за аб’яднанне і развіццё нацыі. «Народ — добрая рэч, але яму трэба расказаць, растлумачыць, яго трэба спачатку асвяціць, навучыць, а ўжо потым клікаць да сябе на нараду...»,— пісаў беларускі патрыёт, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, рэдактар нацыянальнай газеты «Вольная Беларусь» Язэп Лёсік2.
Беларускія ідэолагі былі ўпэўнены ў тым, што галоўнымі сродкамі выхавання народа служаць нацыянальная мова і гістарычная традыцыя. Без мовы і нацыянальнай гісторыі ні адзін народ не зможа ўстаяць, ён непазбежна будзе асіміляваны іншымі народамі, знікне, растворыцца паміж імі. «Мова і гісторыя — гэта найпатрэбнейшыя і найдаражэйшыя скарбы народа»,— падкрэслівалі амаль што ўсе ідэолагі беларускага адраджэння.
«Народ,— падкрэсліваў Я. Лёсік,— трэба навучыць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі яго родная беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны і галодны»3. Мысліцель бачыў прамую залежнасць паміж мовай, культурай і станам нацыянальнай, палітычнай і эканамічнай свабоды.
1 Смоліч А. Незалежнасць // Спадчына. 1997. № 2. С. 4.
2 Сіманскі В. Чытаючы Язэпа Лёсіка // Народная воля. 1997. 8 жніўня.
3 Тамсама.
184
У галіне беларускай філалогіі працавалі Я. Лёсік, браты Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя прадстаўнікі адраджэнскай думкі. Вядомы ўплыў на развіццё беларускага мовазнаўства аказалі наступныя працы: Антона Луцкевіча — «Як правільна пісаць пабеларуску» і «Беларускі правапіс», Я. Лёсіка — «Практычная граматыка беларускай мовы», В. Ластоўскага — «Падручны расійскакрыўскі (беларускі) слоўнік», «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» і інш.
Кіраўнікамі беларускага нацыяналдэмакратычнага руху былі распрацаваны шматлікія праблемы гісторыі беларускага народа. Імі, па сутнасці, былі закладзены асновы нацыянальнай гістарычнай навукі. На думку беларускіх мысліцеляў, нацыянальная гісторыя павінна была вырашыць дзве ўзаемнаабумоўленыя задачы: аднавіць гістарычную памяць народа і стаць падмуркам стварэння нацыянальнай дзяржавы. У разгляданы перыяд асаблівае значэнне мелі такія гістарычныя даследванні, як: «Чатырохсталецце першага кодэкса беларускага права» і «Статут Вялікага княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі» Антона Луцкевіча, працы па гісторыі уніяцкай царквы яго брата Івана Луцкевіча, даследаванні ў галіне палітычнай і сацыяльнаэканамічнай гісторыі Беларусі Мітрафана ДоўнарЗапольскага і інш. Пачэснае месца ў справе фарміравання гістарычнай свядомасці беларускага народа належала Вацлаву Ластоўскаму, віднаму дзеячу вызваленчага руху, аднаму з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай педагогікі.
Галоўнаю мэтаю педагагічнай сістэмы Ластоўскі бачыў выхаванне нацыянальнай свядомасці ў беларускіх дзяцей. У 1910 г. у Вільні Ластоўскі надрукаваў «Кароткую гісторыю Беларусі». Кніга ўяўляла сабой спробу стварэння першага падручніка на беларускай мове па гісторыі Беларусі.
«Працу гэту ахвярую сынам маладой Беларусі,— пісаў у прадмове аўтар,— каб хаця з гэтай кароткай і нягюўнай працы маглі пазнаць гісторыю бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове»1. Ластоўскі быў перакананы, што беларусам, каб адбудаваць сваё жыццё і будынак быў моцны, трэба пачынаць з фундаменту. «А фундамент у нас важны, гісторыя наша багата»,— пісаў ён2. Аўтар ганарыўся гістарычным мінулым свайго народа, асабліва выдзяляў дасягненні ў дзяржаўнай палітыцы ў часы ВКЛ. Новым у працы Ластоўскага было тое, што ён першым паказаў беларускі народ не толькі як
’ Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мн., 1992. С. 5.
2 Тамсама.
185
аб’ект гісторыі, залежны ад волі суседніх народаў, але і як гістарычны суб’ект, творцу свайго лёсу.
Такім чынам, В. Ластоўскі ў сістэму фарміравання нацыянальнага менталітэту беларусаў увёў такі важны элемент, як фарміраванне гістарычнай свядомасці.
Кніга Ластоўскага з’явілася своеасаблівым пратэстам супраць палітыкі царызму і нацыянальнага нігілізму, распаўсюджанага сярод тутэйшай інтэлігенцыі.
У прадмове да «Падручнага расійскакрыўскага слоўніка» ён даў сваю перыядызацыю гісторыі Беларусі паводле дзяржаўнага вызначэння: крыўскарускі перыяд (X—XIII стст.), літоўскі перыяд (да 1386 г.), літоўскапольскі (да канца XVIII ст.) і расійскабеларускі перыяд (ад канца XVIII ст.). Ластоўскі рашуча адвяргаў назвы «Беларусь», «беларусы», лічыў іх выдумкай расійскіх вялікадзяржаўных ідэолагаў і прапанаваў старую племянную назву: крывічы, Крывія. «Мы Крывічы, а не Русь Літоўская, Варажская ці Маскоўская, Белая ці Чорная; мы асобны славянскі народ»1,— падкрэсліваў гісторык.
Пазней, у 1926 г., аналізуючы прычыны росквіту і заняпаду народаў і дзяржаў у артыкуле «Што спрыяе росту і ўпадку народаў і дзяржаў», Ластоўскі падкрэсліваў, што здаровае развіццё нацыі можа быць забяспечана толькі яе палітычнай незалежнасцю. А каб дасягнуць яе, беларусам неабходна звязаць парваную ніць сваіх гістарычных традыцый, развіць і ўсталяваць такія гістарычна ўласцівыя народу рысы, як дэцэнтралізм і народапраўства. На думку мысліцеля, нацыянальная дзяржава беларускага народа мае поўнае права на існаванне. Яна павінна быць пабудавана з улікам гістарычных рэспубліканскіх традыцый, уласцівых нашай краіне»2. Перадумову для стварэння беларускай дзяржавы бачыў у гісторыі народа і славуты беларускі навуковец першай чвэрці XX ст. Мітрафан ДоўнарЗапольскі. У перакладзенай на некалькі еўрапейскіх моў брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919 г.) ён адзначаў, што «народ, каторы праз колькі сот гадоў самага цяжкага гістарычнага жыцця, нягледзячы на вострую нацыянальную барацьбу, на ўціск урада найдужэйшай на свеце дзяржавы не ўтраціў сваёй нацыянальнай самабытнасці, народ, меўшы праз некалькі сталеццяў сваю дзяржаўную незалежнасць, народ, каторы мае вытворную
1 Грыцкевіч А. Гісторык Вацлаў Ластоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн„ 1986. С. 240.
2 Ластоўскі В.ІО. Што спрыяе росту і ўпадку народаў і дзяржаў // Беларуская думка XX стагоддзя. Варшава, 1998. С. 41.
186
вякамі культуру і літаратуру, свае яркія асобеннасці этнаграфіі і языка такі народ мае і цяпер усе правы на дзяржаўную незалежнасць»1.
Пытанне пабудовы незалежнай дзяржавы разглядалася беларускімі мысліцелямі з пункту гледжання не толькі гістарычных каранёў нацыі, але і яе сацыяльнай асновы.
«Мы — нацыя сялянская, мужыцкая, аднародная ў сваёй масе па сацыяльнаму становішчу, нацыя без сваёй нацыянальнай буржуазіі і са сваёй чыста мужыцкай нацыянальнай інтэлігенцыяй», — падкрэсліваў вучоныфілолаг і літаратурны крытык Максім Гарэцкі2. 3 улікам гэтай асаблівасці беларускай нацыі і неабходна, на яго думку, распрацоўваць праграму нацыянальнага адраджэння. Яна павінна ўлічваць інтарэсы беларускага мужыказемляроба. А таму, што гэтыя інтарэсы не здольныя задаволіць ні панскі сойм Польшчы, ні маскоўскія бальшавікі з неразумелай для беларуса ідэяй «дыктатуры пралетарыяту», адзіным выразнікам спадзяванняў беларускай нацыі можа быць Беларускі Устаноўчы Сойм, у якім ніколі не возьмуць верх беларусыпаны, таму што гэта нацыя без паноў.