• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі  Ірына Вішнеўская

    Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі

    Ірына Вішнеўская

    Выдавец: Тэсей
    Памер: 272с.
    Мінск 2004
    86.07 МБ
    Як аўтару «Слова пра паход Ігаравы», так і Кірылу Тураўскаму і сучаснікі, і нашчадкі даюць аднолькавую асабістую характарыстыку: бліскучы літаратар, паэтычная натура, эрудыт і кніжнік, перакананы хрысціянін, гісторык і інфармаваны палітык з агульнарускай пазіцыяй, незалежны ад княжацкіх родавых інтарэсаў, прадстаўнік інтэлектуальнай эліты, набліжаны да кіруючай вярхушкі2.
    Творчасць Кірылы Тураўскага мела значны ўплыў на фарміраванне грамадскапалітычнай думкі XII ст., і невыпадкова сучаснікі ў жыціі «Памяць святога нашага бацькі Кірылы епіскапа Тураўскага» называлі яго «Златавустам, які праззяў больш за ўсіх на Русі».
    2.6.	Грамадскапалітычныя погляды Клімента Смаляціча
    Царкоўны дзеяч, асветнік, мысліцель Клімент Смаляціч нарадзіўся ў першай палове XII ст. Як і яго сучаснікі, Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, ён быў манахам. А ў 1147 г. у абход канстанцінопальскага патрыярха на скліканым у Кіеве вялікім князем Ізяславам Мсціславічам епіскапскім саборы быў абраны
    1 Гл.: Чыгрынаў П. Грамадская думка ў Беларусі: палітыкагістарычны аспект (X — пач. XX стст.). Мн„ 1996. С. 38.
    2 Вопросы нсторнн. 1988. № 3. С. 25.
    23
    мітрапалітам. Прычынаю абрання былі, папершае, рознабаковая адукацыя і рэдкая эрудыцыя кандыдата. Ён «быў кніжнікам і філосафам, якіх у Рускай зямлі не бывала»,— сведчыць Іпацьеўскі летапіс аб Кліменту Смаляцічу. Падругое, Смаленскі паслушнік Клімент набыў вядомасць як змагар супраць засілля ў рускай праваслаўнай царкве грэчаскага духавенства і актыўны прыхільнік царкоўнай аўтакефаліі. Дыктат Візантыі ў справе прызначэння кіеўскага мітрапаліта, на думку Клімента Смаляціча, супярэчыў інтарэсам народа, царквы і дзяржавы, з’яўляўся знявагай для князя і падставаю для ўмяшальніцтва грэчаскіх імператараў ў справы Кіеўскай дзяржавы.
    Аб накірунках думак кіеўскага мітрапаліта Клімента Смаляціча сведчыць адзіны дайшоўшы да нас яго твор — «Пасланне мітрапаліта Клімента Смаляціча прасвітару Фаме, вытлумачанае Афанасіеммніхам». У «Пасланні...» ставіцца пытанне аб праве чалавека на тлумачэнне біблейскіх тэкстаў. Насуперак панаваўшаму на той час погляду, што Біблію трэба разумець літаральна, Клімент Смаляціч мяркуе аб неабходнасці творчай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў у адпаведнасці з сацыяльнапалітычнай сітуацыяй ці асабістымі ўяўленнямі. Прычым пры тлумачэнні свяшчэннага пісання ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і на свецкіх філосафаў — Платона і Арыстоцеля, бо, на яго думку, антычныя аўтары былі вестунамі хрысціянскіх ідэй сярод еўрапейскіх язычніцкіх народаў. Асветнік лічыў, што толькі розум павінен кіраваць пачуццямі і толькі з яго дапамогаю магчыма прыйсці да правільных высноў, чытаючы свяшчэнныя тэксты.
    Шмат думак у Клімента Смаляціча аб месцы чалавека ў сусвеце, аб прыродзе яго ўзаемаадносін з Богам. Ён лічыў, што чалавек валодае найвышэйшым дарам — свабоднай воляй. Але дараваная яму свабода ўчынкаў — гэта адначасова і напамін, што чалавеку, як вянцу тварэння боскага, належыць імкнуцца да маральнага ўдасканалення. Такім чынам, Клімент Смаляціч яшчэ больш выразна, чым іншыя мысліцелі старажытнасці, тэарэтычна абгрунтаваў духоўнамаральную прыроду чалавека. Прысутнасць у поглядах Клімента Смаляціча антрапацэнтрычных ідэй і элементаў рацыяналізму дае магчымасць гаварыць аб ім як аб прадвесніку рэнесансавай і рэфармацыйнай думкі ў старажытнай усходнеславянскай культуры.
    24
    2.7.	Палітычныя ідэі старажытных летапісаў і «Слова пра паход Ігаравы»
    Палітычная думка ХХІІ стст. атрымала адлюстраванне ў старажытных летапісах, у першую чаргу ў агульнарускім летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў», а таксама ў «Слове пра паход Ігаравы» — старажытным помніку ўсходнеславянскай літаратуры. У «Аповесці...» востра паўстае пытанне аб адзінстве дзяржавы. Прычым аўтар прапануе сістэму мер, якія, на яго думку, павінны былі прыпыніць яе распад. Ён указвае, што мірнае суіснаванне князёў можа быць дасягнута праз выразнае размяжоўванне іх уладанняў. Так у палітычнай думцы ўзнікла ідэя «айчыны». Згодна з ёй, князі, каб пазбегнуць разладу і спрэчак за воласці, павінны сядзець у адышоўшых ім у спадчыну ад бацькоў уладаннях і ў той жа час прызнаваць і паважаць правы старэйшага, кіеўскага, князя. Спалучэнне ідэй «айчыны» і «старэйшынства» павінна было, з аднаго боку, стрымліваць княжацкія міжусобіцы, а з другога — у пэўным сэнсе абмяжоўваць і правы кіеўскага князя.
    У «Аповесці мінулых часоў» знайшлі адлюстраванне і ідэі абароны прыгнечаных і абяздоленых, («патрабуйце праведнага суда, заступайцеся за пакрыўджанага») і несправядлівасці існуючага заканадаўства («дзе закон, там і шмат крыўд»). Усё ж цэнтральнай ідэяй знакамітай «Аповесці...» з’яўляецца ідэя падпарадкоўвання дзяржаўнай уладзе ўсіх слаёў насельніцтва («усяка душа ўладзе павінуецца»)1.
    Як летапісы, так і «Слова...» даюць магчымасць меркаваць пра рэзка адмоўнае стаўленне грамадскай думкі да княжацкіх міжусобіц, якія паслаблялі краіну, рабілі яе лёгкай здабычай для ворагаў, адрывалі народ ад стваральнай працы. Так, аўтар «Слова...» звяртаецца да полацкіх і кіеўскіх князёў: «Яраслаўле і ўсе ўнукі Усяслаўлевы! Апусціце ўжо сцягі свае! Пахавайце мячы свае пашчарбаныя»2.
    Праз увесь змест «Слова...» праходзіць ідэя адзінства народаў усходняга славянства і неабходнасці моцнай цэнтралізаванай улады Вялікага князя.
    1 Хрестоматня по нсторнн обшественнополнтнческой н фнлософской мыслн народов СССР эпохн феодалнзма. Кнев, 1959. Ч. 1. С. 43.
    2 Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1990. С. 81.
    25
    Побач з патрыятычнымі заклікамі да адзінства як у летапісах, так і ў «Слове пра паход Ігаравы» прысутнічае ідэя наіўнага супрацьпастаўлення князя яго адміністрацыі, імкненне заглушыць незадаволенасць сацыяльных нізоў, растлумачыць ім, што княжацкія цівуны хаваюць ад народа «княжацкую праўду», а таксама не даюць магчымасці князю дасканала ведаць пра становішча і патрэбы простых людзей.
    Глава 3
    ГРАМАДСКАПАЛІТЫЧНАЯ I ПРАВАВАЯ ДУМКА Ў ПЕРЫЯД СТАНАЎЛЕННЯ
    I ФАРМІРАВАННЯ БЕЛАРУСКАГА ЭТНАСУ I ЎМАЦАВАННЯ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIIIXV стст.)
    3.1.	Агульнадзяржаўныя ідэі беларускалітоўскіх летапісаў «Летапісец Вялікіх князёў літоўскіх»,
    «Беларускалітоўскі летапіс 1446 г.», «Хроніка Быхаўца»
    У другой палове XII — пачатку XIII стст. пачынаецца працэс станаўлення трох усходнеславянскіх народнасцей. У паўночназаходнім рэгіёне — Полацкай, Менскай, Смаленскай, Тураўскай, Пінскай, Гарадзенскай і Новагародскай землях паступова ствараецца такое асяроддзе, унутры якога зараджаюцца большменш трывалыя эканамічныя і культурныя ўзаемасувязі. Пачынаецца актыўны працэс фарміравання новага этнічнага ўтварэння.
    Аб кансалідацыйных тэндэнцыях у беларускіх землях у тыя часы сведчыць узнікненне ўстойлівых узаемных гандлёвых інтарэсаў і сувязей паміж імі. У «Хроніцы Лівоніі» гаворыцца аб заключэнні ў 1210 г. Полацкам і Смаленскам гандлёвага дагавора з немцамі, а ў 1229 г. да дагавора Смаленска з Рыгай і Гоцкім берагам аб сумесным карыстанні Заходняй Дзвіной далучаюцца Полацк і Віцебск. Ідэі палітычнай кансалідацыі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў сувязі з небяспекай, якая пагражала насельніцтву рэгіёна: з усходу — татарамангольскае нашэсце, з захаду — паходы нямецкіх крыжаносцаў. Акрамя таго, мелі месца і спробы вырашэння ўнутраных супярэчнасцей паміж усходнеславянскімі князямі ўзброеным шляхам. Па сутнасці, Беларусь ХІІХІІІ стст. ператвараецца ў арэну крывавых баёў. Узнікае небяспека знішчэння этнічнай самабытнасці ўсходнеславянскіх этнасаў.Тыя ж фактары спрыялі і развіццю аб’яднаўчых тэндэнцый сярод суседніх літоўскіх плямёнаў. Было відавочна, што паасобку ні славянскае, ні літоўскае насельніцтва не здольна супрацьстаяць складаным знешнепалітычным абставінам. Для нашых суайчыннікаў было характэрна ўсведамленне неабходнасці дзяржаўнапалітычнага адзінства, якое ў іх свядомасці мела перавагу над сепаратысцкімі
    27
    імкненнямі. Уплывала і кансалідацыйная накіраванасць палітычнай думкі папярэдняга перыяду. Ідэі раздробленасці не пакінулі істотнага адбітку ў грамадскапалітычнай думцы Беларусі.
    У выніку аб’яднання беларускіх і літоўскіх зямель, якое было пачата князем Міндоўгам (12301263), прадоўжана Віценем і Гедымінам, а завершана Альгердам і Вітаўтам, утварылася Вялікае княства Літоўскае: беларускалітоўская дзяржава. Утварэнне ВКЛ адпавядала інтарэсам усяго насельніцтва абедзвюх зямель. Дзякуючы яму беларускі і літоўскі народы змаглі адстаяць сваю незалежнасць, этнічна кансалідавацца і аформіцца ў асобныя народнасці.
    У сувязі з завяршэннем палітычнай цэнтралізацыі і ўзмацненнем этнічнай кансалідацыі беларускіх зямель пануючымі ў палітычнай думцы становяцца ідэі адзінства і магутнасці краіны, узвышэння яе міжнароднага прэстыжу. Гэтыя ідэі з’явіліся вызначальнымі ў летапісах XV ст., якія былі напісаны з новых агульнадзяржаўных пазіцый. Галоўная тэма «Летапісца Вялікіх князёў літоўскіх» — барацьба за палітычнае аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель у XIV — пачатку XV ст.
    Неадназначныя па зместу, падрыхтаваныя рознымі аўтарамі і ў розныя часы, тры часткі «Летапісца...» аб’яднаны агульнай ідэйнай накіраванасцю. У першай частцы аўтар, хутчэй за ўсё выхадзец з асяроддзя, блізкага да князя Вітаўта, апавядае аб гісторыі барацьбы за ўладу паміж князем Ягайлам Альгердавічам і яго дзядзькам Кейстутам Гедымінавічам. Нягледзячы на знешні аб’ектывізм апавядання, сімпатыі аўтара цалкам на баку Кейстута і яго сына Вітаўта, якія намаляваны ім як сумленныя і высакародныя рыцары ў супрацьвагу здрадліваму, няўдзячнаму і бязлітаснаму Ягайлу. Галоўная мэта першай часткі «Летапісца...» — абгрунтаваць правы Вітаўта на вялікакняжацкі пасад ў Вільні, апраўдаць яго паводзіны ў міжусобнай вайне з Ягайлам і асудзіць перад гісторыяй апошняга як забойцу Кейстута.
    Другая частка «Летапісца Вялікіх князёў літоўскіх» прысвечана непасрэдна княжэнню Вітаўта. 3 агульнадзяржаўных пазіцый аўтар апісвае дзеянні Вітаўта ў напрамку цэнтралізацыі княства: паходы на Віцебск, Смаленск, Украіну, пазбаўленне ўлады непакорлівых мясцовых князёў, далучэнне да Вялікага княства Літоўскага мяжуючых з ім рускіх і ўкраінскіх зямель, узмацненне палітычнага адзінства дзяржавы. Такім чынам, галоўная ідэя другой часткі гэтага твора — усхваленне збіральніцкай, цэнралізатарскай палітыкі Вітаўта. Аўтар падкрэслівае, што палітычная лінія