Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Падыходзіць трэцяя. Яе голас і маленькія ручкі робяць яе такой прывабнай. Якія яны тут усе прывабныя! Яна гаворыць:
— Можа, памяняемся кветкамі? Гэта прыносіць шчасце.
— Давайце, — сказаў я і працягнуў руку, — давайце мяняцца кветкамі, і дзякую вам за гэта. Якая вы пекная, у вас такі чароўны голас, увесь час бы яго слухаў.
Але яна прыціскае да сябе свае званочкі і коратка гаворыць:
— Што з вамі? Я не да вас звяртаюся.
Яна не да мяне звярталася! Мяне зрабілася балюча ад такой памылкі, захацелася назад дадому, прэч адсюль да сябе ў хату, дзе адно вецер гаварыў са мною. Даруйце, гавару я, прабачце мне. Іншыя паненкі пераглядаюцца і разыходзяцца, каб не зняважыць мяне.
У гэты момант нехта хутка да нас набліжаецца, гэта Эдварда, усе яе бачаць. Яна падышла блізка да мяне, нешта гаворыць, кідаецца мне на шыю, абвівае рукамі і цалуе мяне некалькі разоў проста ў вусны. Кожны раз нешта гаворыць, але я нічога не чую. Я нічога не разумею, сэрца застыла, я бачу толькі яе палымяны позірк. Калі яна адпусціла мяне, яе маленькія грудзі хутка ўздымаліся. Яна так і стаяла, загарэлы твар і загарэлая шыя, высокая і танклявая, з палаючымі вачамі і такая дзёрзкая; усе глядзелі на яе. Другі раз мяне паланілі яе цёмныя бровы, іх высокі выгін.
Вось жа, Божа ты мой, дзяўчына пацалавала мяне ва ўсіх на вачах!
— Што з вамі, паненка Эдварда? — пытаю я, адчуўшы, як шуміць у вушах кроў, пульсуе недзе ў горле, і гэта замінае мне гаварыць выразна.
— Нічога, — адказвае яна.— Мне проста так захацелася. Нічога тут такога няма.
Я знімаю капялюш і механічна прыгладжваю валасы, не адводзячы ад яе вачэй. Хіба нічога такога, падумаўя.
Да нас даносіцца голас пана Мака з другога канца вострава, мы не чуем, што ён гаворыць, але я рады, што пан Мак нічога не бачыў, нічога не чуў. Як добра, што акурат у той момант ён апынуўся на другім канцы вострава! Я адчуваю палёгку, іду да кампаніі і гавару, смеючыся і прыкідваючыся зусім абыякавым:
— Прашу вас усіх прабачыць мае непрыстойныя паводзіны, сведкамі якіх вы ўсе толькі што зрабіліся; мне і самому няёмка. Я скарыстаў момант, калі паненка Эдварда хацела абмяняцца са мною кветкамі, і абразіў яе; і яе, і вас я прашу мне прабачыць. Пастаўце сябе на маё месца: жыву самотна, з дамамі абыходзіцца не звык; гэта ўсё прывяло да таго, што я напіўся віна, да якога таксама не маю звычкі. Будзьце ж міласцівыя да мяне.
Я смяяўся і рабіў выгляд, што стаўлюся да гэтай недарэчнасці абыякава, каб выкінуць усё з галавы, але ў душы мне было нявесела. На паненку Эдварду мае апраўданні не падзейнічалі, яна не старалася нешта схаваць, згладзіць уражанне ад сваіх раптоўных парываў, наадварот, яна прымасцілася побач са мною і ўвесь час на мяне глядзела. Час ад часу яна звярталася да мяне. Калі пазней мы гулялі ва ўдаву6, яна ўголас аб’явіла:
— Я буду лавіць капітана Глана. За іншымі я бегаць не буду.
— Халера, і не маўчыцца табе, дзеўка! — прашаптаўя і тупнуў нагой.
Па яе твары прабегла здзіўленне, яна зрабіла грымасу, паморшчыўшы нос, быццам ад болю, і збянтэжана ўсміхнулася. Мяне праняло да глыбіні душы, гэтая самота ў яе позірку і ва ўсёй яе тоненькай постаці не магла мяне не ўзрушыць, я палюбіў яе і ўзяў яе доўгую вузкую далонь у сваю.
— Пазней! — сказаў я. — He цяпер. Мы маглі б сустрэцца заўтра.
6 Гульня ва ўдаву — гульня, дзе дзяўчаты спрабуюць дагнаць хлопцаў; каму з іх хлопца не дастанецца, тая застаецца «ўдавой».
XI
Ноччу я чуў, як Эзоп падымаўся са сваёй посцілкі і гыркаў, я чуў гэта праз сон; але калі я засынаў і мне снілася паляванне, то гэтае гырканне ўспрымалася часткай сну, і я цалкам не прачынаўся. Калі я выходзіў з хаты гадзіне а другой ночы, то заўважыў, што траву прымялі чалавечыя ногі: нехта тут быў, спярша падыходзіў да аднаго акна, пасля да другога. Сляды пакрысе знікалі ўніз па дарозе.
Яна выйшла мне насустрач з палымянымі шчокамі, твар яе незвычайна свяціўся.
— Вы чакалі? — сказала яна. — Я баялася, што вам давядзецца чакаць.
Я не чакаў, яна прыйшла раней за мяне.
— Вам добра спалася? — спытаў я. Мне не было чаго ёй сказаць.
— He, не добра, мне не спалася, — паведаміла яна і расказала, што ўночы не спала, сядзела, закрыўшы вочы, у фатэлі. Што нават выходзіла на двор.
— Нехта поначы хадзіў каля маёй хаты,— сказаў я. — Сёння ўранку я бачыў сляды на траве.
I яе твар заліваецца чырванню, яна на хаду бярэ маю руку і нічога не адказвае. Я гляджу на яе і пытаюся:
— Можа, гэта былі вы?
— Так, — адказала яна і прытулілася да мяне, — гэта была я. Але ж я вас не пабудзіла, я хадзіла так ціхенька, як толькі магла. Ну, так, гэта была я. Я наблізілася да вас яшчэ раз. Я вас люблю.
XII
Кожны дзень, кожны дзень я з ёю сустракаўся. He буду ўтойваць праўду, спатканні былі радасныя, і маё сэрца рвалася з грудзей. 3 тае пары мінулі два гады, цяпер я ўспамінаю пра гэта, толькі калі захачу, тая прыгода забаўляе і пацяшае мяне. А што да гэтых двух зялёных пёраў, хутка я ўсё растлумачу.
У нас было ці мала месцаў для спатканняў, каля млына, на сцежцы, вядома, у маёй хаціне; яна прыходзіла туды, куды мне хацелася. «Добры дзень!» — заўсёды першая крычала яна, і я адказваў: «Добры дзень».
— Сёння ты ў гуморы, спяваеш, — гаворыць яна, бліскаючы вачыма.
— Так, у гуморы, — адказваю я. — У цябе на плячы плямка, пыл, мабыць, па дарозе ты недзе запэцкалася, я хачу пацалаваць гэтую плямку, дазволь жа мне яе пацалаваць. Усё, што звязанае з табой, кружыць мне галаву, я ад цябе вар’яцею. Уночы я вачэй не звёў.
I гэта была праўда, некалькі начэй запар я ляжаўу бяссонні.
Мы ідзем па сцежцы бок у бок.
— Як ты думаеш, я паводжу сябе так, каб табе падабацца? — пытае яна. — Можа, я зашмат гавару? He? Але ты глядзі не ўтойвай, што ты думаеш. Часам мне здаецца, што ўсё гэта дабром не скончыцца...
— Што дабром не скончыцца? — пытаю я.
— Усё, што паміж намі. Усё гэта дабром не скончыцца. Вер ці не вер, а я іду цяпер і дрыжу; спіна ледзянее, як толькі я да цябе дакранаюся. Гэта ад шчасця.
— I я таксама ўвесь халадзею, адно згледзеўшы цябе, — адказваю я. — Усё будзе добра. А можа, давай я табе па спіне пастукаю, каб ты сагрэлася.
Яна нехаця падстаўляе мне спіну, я стукаю крыху мацней, ужарт, смяюся і пытаю, ці памагае.
— О не, будзьце да мяне міласцівы, не біце мяне больш па спіне, — гаворыць яна.
Якое словазлучэнне! Колькі бездапаможнасці мне пачулася ў яе гэтым «будзьце да мяне міласцівы».
Пасля мы рушылі сцежкай далей. Ах, ёй не спадабаўся мой жарт, падумаў я. Ну тады няхай трымаецца.
— Я ўспомніў адну гісторыю, — сказаў я. — Некалі катаўся я на санях, і адна маладзенькая дзяўчына зняла з шыі шаўковы шалік і павязала яго мне. Увечары я сказаў ёй: заўтра вы атрымаеце свой шалік назад, я яго памыю. He трэба, адказвае яна, аддайце цяпер, я хачу захаваць яго такім, якім вы яго насілі. I яна ўзяла шалік назад. Праз тры гады я зноў сустрэўся
з гэтай дзяўчынай. «А што шалік?» — спытаў я. Ён ляжаў, абгорнуты ў паперу, так і не памыты, я сам бачыў.
Эдварда бліснула на мяне вачыма.
— Вось як? I што далей?
— Далей нічога, — сказаў я. — Але я лічу, што гэта была цудоўная прыгода.
Паўза.
— Дзе цяпер гэтая дама?
— За мяжой.
Болей пра гэта мы не гаварылі. Але па дарозе дадому яна сказала:
—Ну, дабран ач. Ты ж не будзеш хадзіць і думаць пра гэту жанчыну, праўда? Я ні пра каго іншага не думаю, толькі пра цябе.
Я верыў ёй, у мяне не было ніякіх сумненняў, што яна гаворыць чыстую праўду, мне было больш чым дастаткова, што яна толькі пра мяне і думае. Я ступаў за ёй.
— Дзякую, Эдварда, — сказаў я. Пазней я дадаў, гаворачы ад ўсяго сэрца: — Ты занадта добрая да мяне, я ўдзячны, што ты са мною; Бог узнагародзіць цябе за гэта. Насамрэч я не такі слаўны, як іншыя, каго б ты магла выбраць сабе ў пару; але я належу табе, належу табе ўвесь цалкам, усёй сваёй бессмяротнай душой. Пра што ты думаеш? У цябе на вачах слёзы.
— Hi пра што асабліва, — адказала яна. — Як дзіўна гэта прагучала: «Бог узнагародзіць цябе за гэта». Ты гаворыш так, нібыта... Я так цябе люблю!
Яна адразу кінулася мне на шыю проста пасярод дарогі і горача мяне пацалавала.
Калі яна пайшла, я збочыў са сцяжыны і заглыбіўся у лес, каб схавацца і пабыць адзін на адзін са сваёю радасцю. А выбіраючыся назад на сцежку, я нібыта ляцеў, азіраючыся, ці не бачыць хто, як я выходжу з лесу. Але я нікога не бачыў.
XIII
Летнія ночы, і заціш на моры, і бясконцае маўчанне лясоў. Ані крыку, ані кроку на сцежках, сэрца маё п’янела, нібы ад неразведзенага віна.
Да мяне ў акно бязгучна залятаюць молі і бражнікі, завабленыя агеньчыкам у печы і пахам засмажанай птушкі. Яны з глухім гукам стукаюцца аб столь, носяцца і гудуць каля маіх вушэй, так што мяне абдае халадком, і садзяцца на маю белую парахаўніцу, якая вісіць на сцяне. Я разглядаю іх, яны трапечуцца і пазіраюць на мяне — усе гэтыя шаўкапрады, тачыльшчыкі і молі. Мне здаецца, што некаторыя з іх падобныя на лятучыя браткі.
Я выходжу з хаты і прыслухоўваюся. Анічога, ані гуку, усе заснула. Паветра свеціцца ад насякомых, ад мірыядаў трапяткіх крылцаў. Далей па краі лесу растуць папараць і боцікі; цвіце талакнянка, а я так люблю яе маленькія кветачкі. Дзякуй, Божа, за кожную кветачку талакнянкі, якую мне давялося пабачыць; яны нібыта маленечкія ружы, якімі ўсыпаны мой шлях, і я плачу ад любові да іх. Недзе непадалёк расце дзікі гваздзік, я яго не бачу, але пазнаю водар.
А цяпер, у гэтыя начныя гадзіны, раптам распускаюцца ў лесе вялікія белыя кветкі, паказваюцца іх рыльцы, яны дыхаюць. I кашлатыя бражнікі занураюцца ў іх пялёсткі, і ад гэтага варушэння ўся расліна пачынае дрыжаць. Я пераходжу ад аднае кветкі да іншай, яны ап’янелі, яны апіваюцца блізкасцю, і гэтую блізкасць я бачу.
Лёгкія крокі, чалавечае дыханне, радаснае «добры дзень».
Я адказваю, і падаю перад ёю, і абдымаю яе калені і яе паношаную сукенку.
—Добры вечар, Эдварда! — паўтараю я, адурэлы ад шчасця.
— Як моцна ты мяне любіш! — шапоча яна.
— Як я табе ўдзячны! — адказваю я. — Ты мая, і сэрца маё замірае, і я цэлы дзень думаю пра цябе. Ты найпрыгажэйшая дзяўчына ў свеце, і я пацалаваў цябе. Часта я чырванею ад радасці ад аднаго толькі ўспаміну пра тое, як я цябе цалаваў.