Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
I я павярнуўся і кінуўся прэч, сігаючы разгоністымі крокамі праз лес, дадому, у сваю хаціну.
Я доўга сядзеў на ляжанцы; як зайшоў, так і не распранаўся, сядзеў з сумкай цераз плячо і стрэльбай у руках. У галаве таўкліся недарэчныя думкі. Трэба ж было папасціся на вудачку доктара! Мяне аж брала злосць, калі я прыгадваў, што абнімаў яго і глядзеў на яго вільготнымі вачыма. Вось ужо пазлараднічае, думаў я, мусіць, сядзіць цяпер з Эдвардай і кпіць з мяне. Нездарма ён свой кій у вітальні пакінуў. А як жа, я б калі нават і кульгаў, то і тады быў бы доктара не варты, я зусім не варты доктара, гэта яе ўласныя словы...
Я стаў пасярод хаты, узвёў курок, прыставіў дула да ступні і стрэліў. Куля прайшла праз нагу і засела недзе ў падлозе. Эзоп надрывіста і перапалохана завыў.
Хутка нехта пастукаў у дзверы.
На парозе стаяў доктар.
— Прабачце, я без запрашэння, — пачаў ён. — Вы так хутка пайшлі, думаю, нам не зашкодзіць крыху пагаварыць. Пахне порахам, ці мне здаецца?
Ён быў абсалютна цвярозы.
— Вы бачылі Эдварду? Забралі кій? — спытаў я.
— Кій забраў. А Эдварда ўжо легла... А гэта яшчэ што такое? Божа, ды ў вас кроў?
— Так, нічога страшнага. Здымаў ружжо, а яно стрэліла; так, дробязі. Чорт бы вас пабраў, я зараз яшчэ і справаздачу вам буду даваць?.. Дык кажаце, забралі кій?
Ён кінуў пільны позірк на мой прастрэлены бот і на кроў. Пасля хутка паклаў кій і зняў пальчаткі.
— Сядзіце ціха, трэба зняць бот. Я думаў, падалося, а гэта ж вы стралялі.
XVIII
Як моцна я пазней шкадаваў, што так бязглузда прастрэліў сабе нагу! I варта мне было гэта рабіць, калі нічога талковага з таго не выйшла, толькі прасядзеў бязвылазна ў хаце некалькі тыдняў. Розныя шкадаванні і непрыемнасці яшчэ не згладзіліся ў памяці, жанчына, якую я наняў праць, прыходзіла цяпер да мяне штодня і амаль да вечара не сыходзіла, купляла мне ежу, завіхалася па гаспадарцы. Так і прайшлі гэтыя некалькі тыдняў. Ліха на іх!
Доктар неяк загаварыў пра Эдварду. Я чуў яе імя, чуў, пра што яна гаварыла і чым займалася, але мяне гэта больш не турбавала, нібыта гаворка вялася пра нешта далёкае і чужое. Якая кароткая ўсё ж чалавечая памяць, са здзіўленнем думаў я.
— Раз ужо вы пытаецеся, дык скажыце, а што вы самі думаеце пра Эдварду? Я, прызнацца, некалысі тыдняў пра яе не ўспамінаў. Але пачакайце, здаецца мне, паміж вамі нешта было, вы так часта сустракаліся, а калі ездзілі на астравы, вы былі нібы за гаспадара, а яна — за гаспадыню. He адпірайцеся, доктар, нешта ўсё ж было, ну, нейкая прыязнасць. Толькі не адпірайцеся, Богам прашу, хоць вы мне нічога расказваць не павінны, мне не тое каб было цікава, але калі прыйшлося да слова... A то, калі хочаце, давайце пра іншае. Калі мне можна будзе ступаць на нагу?
Я сядзеў і думаў пра тое, што сказаў. Чаму мне ў глыбіні душы было так страшна, што доктар зараз возьме і ўсё раскажа? Што мне да Эдварды? Я выкінуў яе з галавы.
Пазней ізноў зачапілі Эдварду, і я зноў перапыніў доктара, аднаму Богу вядома, што мяне страшыла.
— Чаму вы не даяце мне сказаць? — спытаў ён. — Ці вам непрыемна, калі я называю яе імя?
— Ну, раскажыце мне, што вы насамрэч думаеце пра Эдварду, — сказаў я. — Цікава паслухаць.
Ён недаверліва на мяне паглядзеў.
— Што я насамрэч думаю?
— Можа, вы сёння нарэшце падзеліцеся са мною навінамі, ну, што пасваталіся і атрымалі згоду. Можна вас павіншаваць? Яшчэ не? Ах, чорта з два я вам паверыў, ха-ха-ха.
— Дык вось чаго вы так баяліся!
— А чаго я баяўся? Дарагі мой доктар!
Паўза.
— He, я не сватаўся і згоды не атрымліваў, — сказаў ён, — можа, вы самі сваталіся. Да Эдварды не сватаюцца, яна сама бярэ таго, на каго западае. Вы думаеце, яна такая прастадупіная? Вы самі сустракаліся з ёю тут у Нурлане і самі бачылі, якая яна. Гэта разбэшчанае дзіця, гэта жанчына са сваімі капрызамі. Грубіянка? Ды дзе там. Прыязная? Ды як лёд, скажу я вам. Якая яна? Дзяўчо шаснаццаці-сямнаццаці гадоў, так? Але вы толькі пасмейце паўплываць на яе, і яна растопча ўсе вашы ідэалы. Нават бацька з ёю не ўпраўляецца; для блізіру яна прыкідваецца паслухмянай, але насамрэч дома ва ўсім вядзе рэй. Яна гаворыць, што ў вас звярыны позірк...
— Вы памыляецеся, гэта не яна гаворыць, што ў мяне звярыны позірк.
— He яна? А хто тады?
— He ведаю. Нехта з яе сябровак! Але не сама Эдварда. Але пачакайце, можа, гэта і сапраўды Эдварда...
— Калі вы глядзіце на яе, гэта, як бы так сказаць, неяк на яе ўздзейнічае. Але ці не думаеце вы, што робіцеся хоць на валасок бліжэйшым да яе? Вось і не. Вы толькі паглядзіце на яе, не пашкадуйце вачэй, паглядзіце, і як толькі яна заўважыць, што вы звярнулі на яе ўвагу, то адразу і разважыць: ага, вось, значыць, стаіць ён, глядзіць на мяне і думае, што перамог! I яна адразу ж адным позіркам або адным непрыязным словам адправіць вас за дзесяць міль адсюль. He верыце? А вось скажыце, колькі, па-вашаму, ёй гадоў?
— Яна не з трыццаць восьмага года?
— Лухта. Я неяк дзеля забавы ўзяў і праверыў. Ёй дваццаць, але яна лёгка сыдзе за пятнаццацігадовую. Душа яе не зведала шчасця, яна занадта супярэчлівая натура. Каля яна стаіць перад гарамі або морам, вусны ў яе абавязкова крывяцца, нібыта ад болю, у такія хвіліны яна няшчасная, але гонар
не дазваляе ёй заплакаць. Яна не тое што авантурыстка, у яе папросту неўтаймаваная фантазія, яна, бачыце, прынца чакае. Успомніце хоць бы гісторыю з пяццю талерамі, якія вы быццам далі весляру.
— Яна пажартавала. Дробязі...
— А вось і не. Яна і са мной аднойчы так пажартавала. Год таму. Мы стаялі на палубе паштовага парахода і чакалі, калі ён адплыве. Ішоў дождж, і было холадна. На палубе сядзела нейкая жанчына з малым дзіцяткам і трэслася ад холаду. Тады Эдварда пытае яе: і не холадна вам? Як жа не холадна, холадна. А дзіцятку не холадна? I дзіцятку таксама холадна. Чаму тады вы не спусціцеся ў каюту, пытае Эдварда. У мяне месца на палубе, адказала жанчына. Эдварда глядзіць на мяне. У гэтай жанчыны месца на палубе, гаворыць яна мне. А мне што рабіць, думаю я сабе. Але па позірку Эдварды ўсё можна зразумець без слоў. Я не багацей, усё, што ў мяне ёсць, я зарабіў уласнай працай і не прывык раскідвацца грашыма. Ну дык вось, я адыходжу далей ад гэтай жанчыны і думаю: калі ўжо Эдвардзе так хочацца заплаціць за яе, хай плаціць са сваёй кішэні, яны з бацькам будуць багацейшыя за мяне. Ну, Эдварда, як і мае быць, плаціць за жанчыну з уласных грошай. У гэтым сэнсе яна цудоўная, сэрца ў яе добрае. Але каб мне з гэтага месца не сысці, яна насамрэч чакала, што я заплачу за каюту для гэтай жанчыны з дзіцяткам, я па яе вачах гэта бачыў. Што далей? Жанчына ўстае і дзякуе за велікадушную дапамогу. He дзякуйце мне, падзякуйце вунь таму пану, адказала Эдварда абыякавым тонам, паказваючы на мяне. Што вы на гэта скажаце? Я чую, што жанчына рассцілаецца перада мною ў падзяках, а сам анічога адказаць не магу, як ёсць, так і ёсць. I гэта толькі адзін прыклад, я вам яшчэ багата панарасказваць магу. Што да пяці талераў, якія атрымаў вясляр, то паверце мне, яна сама іх яму заплаціла. А вось калі б вы гэта зрабілі, яна адразу ж кінулася б вам на шыю, вы зрабіліся б высакародным чалавекам, які пайшоў на такую смелую безразважнасць дзеля нейкага стаптанага бота, гэта якраз упісвалася б у яе ўяўленні пра высакародства. Тое, што вы не зробіце, яна сама за вас зробіць і падпішацца вашым імем. Вось якая яна, безразважная, але ў той жа час карысталюбная.
— Няўжо ніхто не можа з ёю справіцца?
— А нікому не хочацца з ёю важдацца, — неяк няясна сказаў доктар. — 3 ёю нешта не так, ёй зашмат дазваляецца, яна робіць усё, што прыйдзе ў гал аву. Яна прывыкл а быць у цэнтры ўвагі, яна нікога не пакідае абыякавым, заўсёды знойдзецца нехта, да каго яна прычэпіцца. Вы ненарокам не заўважылі, як я з ёю абыходжуся? Нібы з вучаніцай, маленькай разгільдзяйкай, я ўвесь час яе павучаю, папраўляю мову, гляджу, каб яна нікуды не ўлезла, і чыню ёй розныя перашкоды. Вы думаеце, яна не разумее? Ах, яна гордая і ўпартая, недзе ў глыбіні душы яна моцна крыўдзіцца, але яе гордасць не дазваляе паказваць свае крыўды. А іначай нельга. Калі вы сюды прыехалі, я ўжо год як з ёю цацкаўся, і гэта пачало прыносіць свае плады, яна выла ад болю і адчаю, але пакрысе рабілася нармальным чалавекам. А тут з’явіліся вы і ўсё спаганілі. Вось так, адзін яе адпускае, другі прымае, пасля вас, мусіць, з’явіцца нехта трэці, хто ведае.
Ого, доктар, мусіць, вырашыў адпомсціць, падумаў я і сказаў:
— Скажыце, доктар, навошта вам так турбавацца і расказваць мне ўсё гэта? Няўжо вам спатрэбілася мая дапамога ў перавыхаванні Эдварды?
—Дарэчы, яна гарачая, нібы вулкан, — працягваў ён, не звяртаючы на мяне ўвагі. — Вы пыталіся, ці нехта можа з ёю справіцца. Можа, а чаму б і не? Яна чакае свайго прынца, вось ён з’яўляецца, яна раз-пораз памыляецца, яна і пра вас думала, што прынца сустрэла, бо ў вас погляд звярыны, ха-ха. Паслухайце, пан лейтэнант, вам бы вашу ўніформу сюды. Яна б вам тут саслужыла службу. He, чаму ніхто не можа з ёй справіцца? Я бачыў, як яна заломвае рукі, чакаючы таго, хто вось-вось прыедзе і забярэ яе, адвязе за край свету, зробіцца ўладаром яе душы і цела. Так. Але ён мусіць з’явіцца здалёк, з’явіцца тут аднойчы чужаніцай. Мяркую, калі гэтым разам пан Мак вернецца з экспедыцыі, то абавязкова прыцягне з сабою каго-небудзь. Як той раз, калі пан Мак вярнуўся з падарожжа разам з нейкім малайцом.
— Разам з нейкім малайцом?
— Ах, ён быў ні на што не здольны, — прагаварыў доктар, заходзячыся ад смеху. — Мужчына майго веку і такі ж кульгавы, як я. Словам, не прынц.
— I куды ён дзеўся? — спытаўя, не зводзячы з доктара вачэй.
— Куды дзеўся? Адсюль? Гэтага я не ведаю, — неяк збянтэжана сказаў доктар. — Але досыць, нагаварыліся. Праз тыдзень вам можна будзе хадзіць. Да пабачэння.
XIX
Я чую, што на дварэ ля хаты гаворыць жанчына, кроў прылівае да галавы, гэта голас Эдварды.
— Глан, Глан хварэе?
А мая пралля адказвае з дзвярэй:
— Ён амаль ачуняў.
Гэтае яе «Глан, Глан» пранізала мяне наскрозь, яна паўтарыла маё імя двойчы, гэта мяне ўразіла, яе голас лунаў чыста і пералівіста.
Яна адчыніла дзверы, не стукаючы, забегла ў хату і ўтаропілася ў мяне. Адразу ўсё зрабілася для мяне такім, як раней, яна была ў перафарбаванай накідцы, і фартушок сядзеў крыху ніжэй, чым трэба, каб стан здаваўся даўжэйшым. Я заўважаў усё: яе позірк, загарэлы твар з высока выгнутымі бровамі, пяшчотныя рукі — усё мяне ўразіла і замутніла розум. Яе, менавіта яе я некалі цалаваў, думаўя. Я ўстаў з ложка ёй насустрач і замер на месцы.