• Газеты, часопісы і г.д.
  • Голад  Кнут Гамсун

    Голад

    Кнут Гамсун

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 364с.
    Мінск 2017
    97.03 МБ
    Па дарозе сустрэла яго. Куды вы, спытаў ён. Да Глана, адказала я, хачу прасіць яго мяне не забываць... I вось з гадзіны дня я чакала цябе, я стаяла пад дрэвам і бачыла, як ты набліжаешся, ты быў нібы бог. Я так люблю тваю постаць, бараду і плечы, ўсё-ўсё ў табе люблю... А табе так не цярпіцца ісці, ідзі ж, калі я табе не патрэбная, калі ты нават не глядзіш на мяне...
    Я стаяў і слухаў. Калі яна змоўкла, я пайшоў далей. У мяне не хапала сілы на адчай, я ўсміхаўся, але сэрца нібы скамянела.
    — Праўда ваша, — сказаў я і зноў спыніўся. — Вы хацелі мне нешта сказаць?
    — Хацела нешта сказаць? Але ж я ўсё, што хацела, сказала, вы хіба не чулі? Я больш нічога, нічога вам не скажу...
    Яе голас задрыжэў, але мяне гэта зусім не кранула.
    XXIV
    Наступнай раніцы, калі я выходжу на двор, Эдварда ўжо стаіць каля маёй хаты.
    За ноч я ўсё ўзважыў і прыняў рашэнне. He, я больш не стану хадзіць на павадку ў гэтай капрызнай асобы, цёмнай рыбацкай дзеўкі, ці не пара выкінуць яе імя з галавы, ці не досыць яму там сядзець і верадзіць маю душу? 3 мяне хопіць! Мне падалося, між іншым, што я зрабіўся ёй бліжэйшы, мусіць, праз гэту сваю абыякавасць і здзекі з яе. Ах, трэба ж было яе так прынізіць, яна доўгі час да мяне прамаўляла, а я вазьмі і спакойна скажы: вы хацелі мне нешта сказаць...
    Яна стаяла каля каменя. Яна была вельмі ўзрушаная і хацела кінуцца мне насустрач, і памкнулася была, але спынілася і пачала заломваць рукі. Я зняў капялюш і моўчкі ёй пакланіўся.
    — Мне сёння хочацца ад вас толькі аднаго, Глан, — пранікнёна пачала яна. А я і не варухнуўся, слухаў, што яна далей скажа. — Я чула, што вы былі ў каваля. Аднойчы вечарам. Ева была дома адна.
    Я здзівіўся:
    — I хто вам гэта паведаміў?
    — Я не шпіёніла, — закрычала яна, — я пачула пра гэта ўчора ўвечары, мне бацька расказаў. Калі я ўся мокрая прый-
    шла ўчора дадому, бацька сказаў: сёння ты зняважыла барона. Нікога я не зневажала, адказала я. Дзе ты была, пытаў ён далей. Я адказала: у Глана. Тады бацька мне пра гэта і расказаў.
    Пераадольваючы роспач, я гавару:
    — Ева сюды таксама прыходзіла.
    — I Ева сюды прыходзіла? Сюды, да вас у хату?
    — I не аднойчы. Я сам запрашаўяе. Мы размаўлялі.
    — Проста тут!
    Паўза. А ты як хацела, думаю я, а сам гавару:
    — Калі вы робіце мне такую ласку і ўмешваецеся ў мае справы, то я не стану нічога ад вас утойваць. Учора я прапанаваў вам доктара, вы над гэтым падумалі? Прынц жа ні на чорта не варты.
    Яе вочы загараюцца гневам:
    — Знаеце што, а вось ён якраз і варты! — узрушана прамаўляе яна. — Ён лепшы ад вас, ён у гасцях не б’е кубкі і шклянкі, і мой абутак яму не замінае. А вы што думалі? У яго добрыя манеры, а вы толькі і можаце, што людзей смяшыць, мне сорамна за вас, з вамі ў свет нікуды не выйдзеш, вось як!
    Яе словы мяне дужа зачапілі, я апускаю голаў і адказваю:
    — Вы маеце рацыю, у мяне сапраўды ніякіх манер. Але змілуйцеся, вы ж мяне зусім не ведаеце, я жыву ў лесе, гэта прыносіць мне радасць. Сам-насам з сабою я нікому не замінаю тым, што я такі, які ёсць, але калі я аказваюся сярод людзей, то раблю ўсе намаганні, каб зрабіцца такім, якім належыць быць. За апошнія два гады я бываў сярод людзей вельмі мала...
    — У кожную хвіліну ад вас можна чакаць найгоршага, — не сунімалася яна. — Так хутка і з сіл выб’ешся, прыглядаючы за вамі.
    Літасці ўяе словах не было ні на грам! Ува мне разліваецца невыносны пякельны боль, ад яе напорыстасці я ледзь не падаю. А Эдварда ўсё ніяк не змоўкне:
    — Можа, Ева патрапіць прыгледзець за вамі. Адно дрэнна — яна замужам.
    — Ева? Вы сказалі, яна замужам? — перапытаў я.
    — Так, замужам!
    — За кім яна замужам?
    — A то вы не ведаеце. Ева замужам за кавалём.
    — Хіба яна не дачка яго?
    — He, жонка. Ці вы думаеце, я вас падманваю?
    Я між тым ні пра што не думаў, проста пачутае ніяк не ўкладалася ў галаве. Хіба Ева замужам?
    — Вы зрабілі цудоўны выбар, — гаворыць Эдварда.
    Ды калі ж гэта, нарэшце, скончыцца? Я ўвесь затросся ад абурэння:
    — А доктару вы ўсё ж не адмаўляйце. Прыслухайцеся да сяброўскай парады, ваш прынц — стары ёлупень. — I тут я пачаў плявузгаць на яго, як толькі мог, дадаў яму гадоў, не пакінуў без увагі яго лысую галаву і падслепаватыя вочы; запэўніваў, што ўсе гэтыя кароны на запінках не што іншае, як піжонства. — Дарэчы, у мяне не ўзнікла ніякага жадання з ім знаёміцца, — сказаў я. — Нічога асаблівага ў ім няма, яму бракуе выразнасці, ён нішто.
    — Як гэта нішто, як гэта нішто! — крычала яна, захліпваючыся ад злосці. — Ён не тое, што ты сабе думаеш, лесавік ты гэтакі! Ах, пачакай толькі, ён з табой яшчэ паразмаўляе, я яго сама папрашу. Калі ты не верыш, што я яго люблю, то ты памыляешся. Я выходжу за яго замуж, я буду думаць пра яго днямі і начамі. Помні: я яго люблю. I няхай Ева ходзіць, ха-ха, Божа, хай ходзіць, мне да гэтага ніякай справы. Так, а зараз мне трэба адсюль выбірацца... — Яна сарвалася з месца і сіганула па сцежцы прэч, азірнулася, уся збялелая, і прастагнала: — I больш ніколі, ніколі не трапляйся мне на вочы!
    XXV
    Лісце жаўцее, бульбянік выцягнуўся і заквітнеў, ізноў надышоў паляўнічы сезон, я страляў курапатак, глушцоў і зайцоў, а аднойчы нават арла ўпаляваў. Маўклівае, бяскрайняе неба, халаднаватыя ночы, звонкія пералівы і знаёмыя гукі лясоў і палёў. Такі велічны і ціхамірны быў свет...
    — Ад пана Мака я пра тых дзвюх падстрэленых гагарак так нічога і не пачуў, — расказаў я доктару.
    — Скажыце дзякуй Эдвардзе, — адказаў ён. — Я дакладна ведаю, сам чуў, як яна за вас заступалася.
    — Няма за што мне ёй дзякаваць, — сказаўя...
    Indian summer, indian summer8. Сцежкі нагадвалі паясы, якімі падперазаўся пажаўцелы лес, з кожным днём прыбывала зор на небе, месяц нібыта зацягнула серабрыста-залатым ценем...
    — Божа мой, Ева, ты замужам?
    — Хіба ты не ведаў?
    — He, не ведаў.
    Яна маўчыць і сціскае маю руку.
    — Божа мой, дзіця ты дзіця, што нам цяпер рабіць?
    — Тое, што хочаш ты. Ты, мусіць, яшчэ не ад’язджаеш, я шчаслівая, пакуль ты тут.
    — He, Ева.
    — Так, так, толькі пакуль ты тут!
    Яна выглядае такою самотнай і ўвесь час сціскае маю руку.
    — He, Ева, ідзі! I не прыходзь болей!
    I мінаюць ночы, і настаюць дні. Ужо прайшло тры дні з тае размовы. Ева ідзе з вязанкай. Колькі ж вецця на падпал нацягала сёлета гэтае дзіця!
    — Ева, пакладзі ношу, дай пагляджу, ці твае вочы такія ж блакітныя, як раней.
    Вочы яе чырвоныя.
    — He, ну ўсміхніся ж зноў, Ева! Я не адштурхну цябе болей, я твой, твой...
    Вечар. Ева спявае, я чую яе песню і ўва мне разліваецца гарачыня.
    — Ты сёння спяваеш, Ева?
    — Так, бо я шчаслівая.
    I ёй даводзіцца станавіцца на дыбачкі, каб абхапіць мяне за шыю, бо яна ніжэйшая за мяне.
    — Ева, у цябе ўсе рукі падрапаныя! Божа, што зрабіць, каб ты іх болей не драпала?
    — Нічога.
    Яе твар так неверагодна ззяе.
    8 Indian summer — бабіна лета (анг.).
    — Ева, ты гаварыла з панам Макам?
    — Толькі адзін раз.
    — Што ён сказаў і што ты сказала?
    — Мы трапілі да яго ў няміласць, майго мужа ён прымушае працаваць дзень і ноч на прыстані, мне таксама прысесці не дае. Прыказаў мне рабіць мужчынскую работу.
    — Чаму ён робіць гэта?
    Ева апускае вочы долу.
    — Чаму ён гэта робіць, Ева?
    — Бо я люблю цябе.
    — А ён адкуль пра гэта ведае?
    — Я сама яму сказала.
    Паўза.
    — Памажы Божа, каб толькі ён злітаваўся над табою, Ева!
    — Гэта не мае значэння. Цяпер гэта не мае ніякага значэння.
    I нібыта кволая трапяткая песенька, гучаў яе голас пасярод лесу.
    Лісце яшчэ болей жаўцее, набліжаецца восень, зор на небе прыбывае, месяц цяпер сам зрабіўся ценем, серабрыста-залатым ценем... Марозу яшчэ не было, яшчэ нічога не было, адно прахалодная цішыня і мітуслівае жыццё ў лесе. Кожнае дрэва стаяла ў задуменні. Ягады паспелі.
    Надышло дваццаць другога жніўня, а следам — тры жалезныя ночы9.
    XXVI
    Першая жалезная ноч.
    Сонца садзіцца а дзявятай гадзіне. На зямлю кладзецца мутны змрок, зорак амаль не відаць, праз дзве гадзіны праступае месяц. Я блукаю па лесе з паляўнічай торбай на плячы і сабакам, я распальваю вогнішча, і святло ад яго мігціць паміж сосен. Марозу няма.
    9 Жалезныя ночы — так называюцца ў Нарвегіі тры ночы ў жніўні, калі могуць ударыць замаразкі. Назва паходзіць са старажытнаісландскай мовы, дзе словы «жалеза» і «мароз» абазначаліся адным словам.
    Першая жалезная ноч, гавару я. I нейкая незразумелая радасць і ад гэтай пары, і ад гэтых мясцінаў працінае мяне наскрозь...
    Здравіца за людзей, і жывёл, і птушак, за гэтую самотную ноч сярод лесу, за сам гэты лес! Здравіца за цемру і шапаценне Бога паміж дрэвамі, за асалоду, якую нясе гэтая салодкая бязмежная ціша, за зялёнае лісце і за жоўтае лісце! Здравіца за гукі жыцця, якія я чую, за морду, якая фыркае ў траве, за сабаку, які вынюхвае нешта на зямлі! Аглушальная здравіца за ляснога ката, які стаіўся, і пільнуе, і рыхтуецца скочыць, каб злавіць у поцемках малога верабейку! Здравіца за гэтае блаславёнае безгалоссе зямнога царства, за зоркі і за ражок месяца, за ўсіх і ўся!..
    Я падымаюся і прыслухоўваюся. Ніхто мяне не чуў. Я зноў саджуся на зямлю.
    Дзякую за гэтую самотную ноч, за горы, за шапаценне цемры і мора, за ледзь улоўнае біццё майго сэрца! Дзякую за жыццё, за душу, за ласку перажыць гэту ноч, ад усяго майго сэрца дзякую! Прыслухайцеся на ўсходзе і прыслухайцеся на захадзе, проста прыслухайцеся! Вось ён, Вечны Бог! Гэтая ціша, што шамаціць ля маіх вушэй, — гэта рух крыві Сусвету, так Бог пераплятае мяне з усім існым. Я заўважаю павуцінне, якое ільсніцца ў водбліску вогнішча, нехта вяслуе па моры, на небе пераліваецца паўночнае ззянне. О, ад усёй маёй неўміручай душы — дзякую, дзякую шчыра за тое, што менавіта я сяджу тут!
    Цішыня. Упала і глуха стукнулася аб зямлю хваёвая шышка. О, шышка ўпала, думаю я. Месяц стаіць высока ў небе, рэшткі агню квола мігцяць на паўзгарэлых галавешках і хутка зусім прападуць. I сярод ночы я выпраўляюся дадому.
    Другая жалезная ноч, тая ж цішыня і ніякіх маразоў. Мая душа неспакойная. Я механічна падыходжу да дрэва, насоўваю капялюш на лоб і прытульваюся спінаю да гэтага дрэва, заклаўшы рукі за голаў. Я ўглядаюся ў вогнішча і паглыбляюся ў думкі, агонь такі яркі, што мяне асляпляе, але я гэтага не адчуваю. Я доўга стаю і не адводжу вачэй ад вогнішча, аж пакуль не слабеюць ад стомы цягліцы, я так-сяк згінаю здранцвелыя ногі і сядаю на зямлю. I толькі цяпер да мяне даходзіць, што я нарабіў. I трэба ж было так доўга глядзець на агонь?