Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Эзоп навастрыўвушы і прыслухоўваецца, крокі, паміж дрэвамі паказваецца Ева.
— Сёння ўвечары мяне адолелі сумныя думы, — гавару я.
Яна ад спачування нічога не адказвае. Тады я гавару:
— Я люблю тры рэчы. Сон пра каханне, які мне аднойчы прысніўся, цябе і гэтую зямлю.
— А што ты любіш больш за ўсё?
— Сон.
Зноў зрабілася ціха. Эзоп пазнаў Еву і, схіліўшы галаву на бок, глядзіць на яе. Я мармычу:
— Сёння мне сустрэлася дзяўчына, яна ішла за руку са сваім каханкам. Наблізіўшыся, дзяўчына паказала на мяне, яна ледзь стрымлівалася, каб не засмяяцца.
— 3 чаго яна смяялася?
— Гэтага я не ведаю. Мусіць жа, з мяне. Чаму ты пытаешся?
— Ты яе пазнаў?
— Так. I павітаўся.
— А яна цябе хіба не пазнала?
— He, яна зрабіла выгляд, што не пазнае... Але навошта ты мяне распытваеш? Так не прыгожа. Я ўсё роўна не скажу табе яе імя.
Паўза.
Я зноў мармычу:
— 3 чаго яна смяялася? У яе вецер у галаве, але з чаго яна смяялася? Божа міласцівы, што я ёй такога зрабіў?
Ева адказвае:
— Неміласэрна яна зрабіла, пасмяяўшыся з цябе.
— Як гэта неміласэрна! — крычу я. — He нагаворвай на яе, нічога неміласэрнага яна не рабіла, і правільна, што пасмяялася з мяне. Каб на цябе халера, закрый рот і ідзі адсюль, чуеш?
I Ева спалохана замаўкае. Я гляджу на яе і шкадую, што нагаварыў ёй грубых словаў, мне робіцца яе шкада, і я заломваю рукі.
— Ідзі дадому, Ева. Цябе я люблю больш за ўсё, бо як я магу любіць сон? Я толькі хацеў пажартаваць, я люблю адну цябе. А зараз ідзі дадому, я прыйду да цябе заўтра; помні, я належу адной табе, і не забывай пра гэта. Дабранач.
I Ева ідзе дадому.
Трэцяя жалезная ноч, ноч неверагоднага напружання. I ніякіх замаразкаў! Замест марозу — нерухомае цяпло, якое пакінула пасля сябе сонца, ноч — нібыта волкая дрыгва. Я расклаў вогнішча...
— Ева, часам прыемна, калі цябе цягнуць за валасы. Такою змрочнаю можа зрабіцца душа чалавека. Бывае, цябе цягнуць за валасы па далінах і па ўзгор’ях, і калі хто спытае, што гэта тут адбываецца, чалавек абыякава адказвае: мяне цягнуць за валасы! А калі спытаюць: можа, табе патрэбна дапамога, каб вызваліцца, чалавек адказвае: не. I калі спытаюць: але ці вытрываеш ты, чалавек адказвае: яшчэ як вытрываю, бо я люблю руку, якая цягне мяне... Ева, ты ведаеш, што такое спадзяванне?
— Так, думаю, што ведаю.
— Ведаеш, Ева, спадзяванне — гэта таямніца, нешта неймавернае. Выходзіць чалавек раніцаю з дома і спадзяецца па дарозе спаткацца з тою, што такая мілая сэрцу. А ці сустрэнецца яна гэтаму чалавеку? He. А чаму не? Бо ў яе тою раніцаю поўна спраў, і ёй трэба ў іншыя месцы... У гарах я пазнаёміўся са старым сляпым лапландцам. Пяцьдзясят восем гадоў ён анічога не бачыў, а цяпер яму за семдзесят. Яму часам здаецца, што ён бачыць усе лепш і лепш, зрок вяртаецца да яго, думае ён. Калі нішто не перашкодзіць, то ён хутка пабачыць сонца. Галава яго яшчэ не такая сівая, а вочы зацягнутыя бельмамі. Калі мы сядзелі ў яго зямлянцы і курылі, ён расказаў мне пра ўсё, што пабачыў да таго, як аслеп. Ён быў крэпкі і здаровы, стрыманы ў пачуццях, вынослівы і заўсёды спадзяваўся. Калі я зазбіраўся назад, ён вывеў мяне і пачаў паказваць у розныя бакі. Туды будзе поўдзень, а туды — поўнач, гаварыў ён. Ідзі спярша ў гэтым напрамку, а калі спусцішся з гары, то павярні ў тым, настаўляў ён. Правільна, адказаў я. I тады лапландзец задаволена засмяяўся: вось бачыш, яшчэ сорак-пяцьдзясят гадоў таму я не ведаў дарогі, а цяпер бачу лепей, чым тады, бачу ўсё лепш і лепш. Сказаўшы гэта, ён сагнуўся і палез назад у зямлянку, у свой адвечны прыцемак, свой зямны прыстанак. I ён ізноў уладкоўваецца перад вогнішчам, як заўсёды, поўны спадзяванняў, што праз некалькі гадоў ён пабачыць сонца... Ева, спадзяванне — гэта нешта
неверагодна дзіўнае. Вазьмі хоць бы мяне, я спадзяюся аднойчы забыць тую, якую ўранку сустрэў на дарозе.
— Ты гаворыш так заблытана.
— Трэцяя жалезная ноч. Абяцаю, Ева, заўтра я прачнуся іншым чалавекам. Але пакуль пакінь мяне аднаго. Заўтра ты мяне не пазнаеш, я буду смяяцца і цалаваць цябе, мая чараўніца. Уяві толькі, у мяне засталася толькі адна ноч, а потым я зраблюся іншым чалавекам, засталося ўсяго некалькі гадзін. Дабранач, Ева.
— Дабранач.
Я кладуся бліжэй да вогнішча і гляджу на языкі полымя. 3 дрэва ляціць на зямлю хваёвая шышка, а разам з ёю — некалькі сухіх іголак. Ноч — нібы бездань. Я закрываю вочы.
Праз гадзіну ўсё ўнутры мяне пачынае круціцца ў нейкім рытме, я раблюся сугучным гэтай усюдыіснай цішыні, я пачынаю звінець на яе лад. Я гляджу на рог месяца, ён вісіць пасярод неба, быццам белая ракавінка, і ўва мне абуджаецца любоў да гэтай ракавінкі, і я адчуваю, як чырванею. Вось які ён, месяц, апантана шапачу я, месяц! I сэрца павольна і выразна пасылае яму насустрач свае ўдары. Мінае некалькі хвілін. Узняўся нямоцны вецер, незнаёмы вецер прыляцеў да мяне, паветра пачынае ціснуць. Што гэта, азіраюся — нікога. Вецер кліча, і мая душа ахвотна адгукаецца на покліч, і я адчуваю, што ўжо не валодаю сабою, што мяне быццам прыгарнулі да нябачных грудзей, слёзы туманяць мне вочы, я дрыжу — недзе паблізу стаіць Бог і глядзіць на мяне. Мінае яшчэ некалькі хвілін. Я паварочваю галаву, паветра ўжо не так цісне, і я нібыта бачу спіну нейкага духа, што бязгучна вандруе па лесе...
Некаторы час я яшчэ намагаюся пераадолець цяжар ва ўсім целе, пачуцці выслізгваюць з-пад маёй улады, стома робіцца беспрасветнай, і я засынаю мёртвым сном.
Калі прачынаюся, ноч даўно мінула. Ах, як я намучыўся апошнім часам, у галаве памутнела, нібы ў гарачцы, я думаў, што мяне адол ьвае нейкая хвароба. Усё вакол перавярнулася дагары нагамі, я глядзеў на свет непрытомнымі вачыма, мною авалодаў безнадзейны смутак.
Цяпер усё скончылася.
XXVII
Восень. Лета прайшло, знікла гэтак жа раптоўна, як і пачалося, ах, якое ж яно было кароткае! Цяпер дні халодныя, я хаджу на паляванне, лаўлю рыбу і спяваю песні ў лесе. А выдаюцца дні, калі ад мора напаўзае густы туман і ахінае ўсё цёмнаю заслонаю. У адзін з такіх дзён нешта здарылася. Я вандраваў па лесе і выйшаў да суседняй парафіі, акурат да дома, дзе жыў доктар. Там было багата незнаёмых мне людзей, маладыя дамы, з якімі мне раней даводзілася сустракацца, маладыя людзі, якім цяжка было ўседзець на месцы, нібы гарэзлівым жарабцам.
Да садовай брамкі пад’ехала каляска; у калясцы сядзела Эдварда. Яна сумелася, пабачыўшы мяне. Бывайце, ціха вымавіў я. Але доктар затрымаў мяне. Спачатку Эдварду прыгнятала мая прысутнасць, яна нават вачэй не падымала, калі я нешта гаварыў, але пакрысе яна крыху разышлася і нават спытала мяне пра нейкую драбязу. Яна была ненатуральна бледная, ажно шэрая. 3 каляскі яна не выходзіла.
— Я раз’язджаю па справах, — сказала яна і засмяялася. — Я ехала аж ад галоўнай царквы, дзе нікога з вас не было; мне сказалі, што вы ўсе тут. Я ехала некалькі гадзін, каб знайсці вас. Заўтра ўвечары ў нас невялікі прыём з нагоды ад’езду на наступным тыдні барона, і мне наказалі запрасіць вас усіх. Яшчэ мы ладзім танцы. Заўтра ўвечары.
Усе пачалі раскланьвацца і дзякаваць.
Звяртаючыся да мяне, яна дадала:
— I вы ласкава прыміце запрашэнне. He пасылайце ў апошні момант перадаць, што не прыйдзеце. — Гэта яна сказала толькі для мяне. Хутка яна паехала назад.
Я раптам расчуліўся ад такой прыязнасці, на некаторы час нават адышоў ад людзей, каб парадавацца. Пазней развітаўся з доктарам і яго гасцямі і пайшоў дадому. Яна была такая добразычлівая! Такая добразычлівая! Што мне ёй за гэта зрабіць такога прыязнага? Mae рукі слабелі, па іх разлівалася салодкая прахалода. Божа ты мой, я проста дрыжу ад радасці, думаў я, рукі мяне не слухаюцца, а на вачах слёзы ад безда-
паможнасці праз тое, што са мною адбываецца. Дадому я дабраўся позна ўвечары. Я зайшоў на прыстань і спытаў аднаго рыбака, ці прыйдзе паштовы параход да заўтрашняга вечара. О не, паштовы параход прыйдзе не раней, чым на наступным тыдні. Я паспяшаўся дадому, а там агледзеў свой найлепшы гарнітур. Пачысціў яго, знайшоў там-сям некалькі дзірак і, плачучы, пачаў іх зашываць.
Скончыўшы з дзіркамі, я прылёг. Спакой мой доўжыўся не больш за хвіліну, раптам у галаву прыходзіць думка, я ўскокваю, як варам абліты, і застываю сярод хаты. Усё гэта зноў яе хітрыкі, мармычу я. Мяне не запрасілі б, калі б я выпадкова не аказаўся разам з тымі, каго запрашалі. Яна ж яшчэ і да мяне спецыяльна звярнулася, каб прыйшоў, а не пасылаў людзей са сваімі адгаворкамі...
Ноч выдалася бяссонная, і калі павярнула на світанне, я пайшоў у лес, азяблы, змораны і знерваваны. Ну і няхай у Сірылюне рыхтуюцца да прыёму! А мне што з таго? Ісці туды або перадаваць прабачэнні я не збіраюся. Пан Мак — чалавек у найвышэйшай ступені разважлівы, вось і прыём у гонар барона ладзіць, а я не пайду, зразумела вам?..
Над абшарамі вісеў густы туман, узялася шызым інеем і прыметна пацяжэла вопратка, твар мой быў халодны і вільготны. Наляцеў вецер і раскатурхаў сонны туман, то прыпадымаў яго ўверх, то прыспускаў уніз.
Пачынала змяркацца, напаўзала цемень, за туманам я нічога не бачыў, нават ніякіх ценяў, каб можна было па іх зарыентавацца. Я туляўся гадзінамі, пакуль не выйшаў на дарогу дадому, хоць спяшацца не было куды, мяне зусім не ўстрывожыла, што я згубіў напрамак і не пазнаваў месца. Нарэшце я прыхіляю стрэльбу да нейкага дрэва і выцягваю компас. Дакладна вызначаю па ім напрамак і іду. Была восьмая, а можа, і дзявятая гадзіна.
I раптам — вось табе і маеш.
Недзе праз паўгадзіны да мяне пачынае даносіцца скрозь туман музыка, і неўзабаве я пазнаю мясціны: я акурат каля галоўнага будынка Сірылюна. Няўжо компас задурыў мне галаву і завёў туды, куды мне трапіць зусім не хацелася? Нехта мяне гукае, гэта доктар. I хутка я ўжо сярод гасцей.
Ах, мусіць, ружэйны ствол паўздзейнічаў на компас, і стрэлка паказала не туды. Некалі раней са мной такое ўжо здаралася, і вось ізноў. He ведаю, што і думаць. Мабыць, без лёсу тут не абышлося.
XXVIII
Цэлы вечар я сядзеў з прыкрым пачуццём, што мне не варта было сюды заходзіць. Маёй прысутнасці амаль ніхто не заўважаў, усе былі занятыя адно адным, Эдварда ледзь са мной прывіталася. Я добра прыклаўся да чаркі, таму што адчуваў сябе нежаданым госцем, а яшчэ і паблукаў дарогаю.