Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Праходзіць некаторы час. Мы размаўляем, седзячы на доўгай лаўцы, размаўляем пра самае рознае. Я сказаў:
— Ты не паверыш, але паненка Эдварда да гэтай пары не навучылася добра размаўляць, яна гаворыць, нібы дзіця, кажа «больш шчаслівей», я сам чуў. А як табе падабаецца яе лоб? Мне не падабаецца. У яе лоб як у д’ябла. I рук яна сваіх ніколі не мые.
— Хіба мы не дамаўляліся больш пра яе не гаварыць?
— Так, а як жа. Я проста забыўся.
Зноў праходзіць некаторы час. Я пра нешта думаю, нічога ўголас не гавару.
— Чаму твае вочы павільгатнелі? — пытае Ева.
— Прыгожы ў яе лоб, — гавару я, — і рукі яна мые. Толькі аднойчы здарылася, зусім выпадкова, што яна іх не памыла. Нагаварыў я табе тут. — I раптам я апантана працягваю праз зубы: — Я бесперастанна думаю пра цябе, Ева, але здаецца мне, ты не чуеш, што я табе кажу. Калі Эдварда пабачыла Эзопа першы раз, яна сказала: Эзоп — гэта такі мудрэц, здаецца, фрыгіец. Ну хіба не глупства? Яна прачытала пра гэта ў нейкай кнізе перад тым, як са мною сустрэцца, я ў гэтым не сумняваюся.
— I што з гэтага? — пытае Ева.
— Помню, яна яшчэ расказвала, што настаўнікам Эзопа быў Ксанф. Ха-ха-ха.
— А што тут смешнага?
— А на якую халеру трэба было расказваць, што настаўнікам Эзопа быў Ксанф? Ну скажы ты мне. Але ты сёння не ў гуморы, a то зайшлася б ад смеху.
— Ну, так, гэта пацешна, — гаворыць Ева і пачынае смяяцца напружаным, вымушаным смехам. — Але я да канца ўсё роўна не разумею.
Я маўчу і думаю, маўчу і думаю.
— Табе хочацца, каб мы лепей сядзелі і маўчалі? — асцярожна пытаецца Ева, і дабрата свеціцца ў яе вачах. Яна праводзіць рукою па маіх валасах.
— Сама дабрата, ты сама дабрата! — вырывацца ў мяне, і я моцна прыціскаю яе да сваіх грудзей. — Здаецца мне, я паміраю ад кахання да цябе, я люблю цябе ўсё больш і больш, я нарэшце рашуся і забяру цябе з сабою, калі буду ад’язджаць. Вось пабачыш, забяру. А ты б паехала са мной?
— Так, — адказвае яна.
Я амаль не чую гэтае «так», але здагадваюся па тым, як яна дыхае, па ўсёй яе постаці, мы кідаемся адно аднаму ў абдымкі, і яна аддаецца мне амаль у непрытомнасці.
Праз нейкую гадзіну я цалую Еву на развітанне і сыходжу. У дзвярах сутыкаюся з панам Макам.
Самім панам Макам.
Ён амаль ускоквае ў хату і зазірае ў залу, стаіць у дзвярах і глядзіць перад сабою.
— Вось як! — ускрыквае ён і замаўкае, не ў стане гаварыць, яго нібы агрэлі абухом па галаве.
— Вы, мусіць, не разлічвалі мяне тут сустрэць? — гавару я, вітаючыся.
Ева не варушыцца.
Пан Мак бярэ сябе ў рукі, напускае на сябе нейкую дзівакаватую ўпэўненасць і адказвае:
— Вы памыляецеся, вас мне якраз і трэба. Нагадваю вам, што з першага красавіка па пятнаццатае жніўня забараняецца паляваць менш як за дзвесце метраў ад месцаў гнездавання гагар. А вы сёння аж дзве застрэлілі каля вострава, вас бачылі.
— Я падстрэліў дзвюх гагарак, — разгублена сказаў я. Тут да мяне дайшло, што ён мае поўнае права мяне папракаць.
— Гагаркі ці гагары, не мае значэння. Вы палявалі там, дзе паляваць забаронена.
— Прызнаю сваю віну, — сказаў я. — Выпусціў з-пад увагі, улічу надалей.
— Вам трэба было ўлічыць гэта раней.
— А я і ў траўні паляваў у тых мясцінах. Калі ладзілі паездку на астравы. Вы мяне самі заахвочвалі.
— Гэта іншая справа, — сказаў як адрэзаў пан Мак.
— Чорт вазьмі, ну тады хіба вы не ведаеце, што рабіць?
— Усё я ведаю, — адказаў ён.
Ева чакала, пакуль мы разыдземся; калі я пайшоў, хутка выскачыла і яна, накінула на плечы хустку і накіравалася, падалося мне, да прыстані. Пан Мак пацягнуўся дадому.
Я думаю пра тое, што адбылося. Трэба ж умець так выкруціцца! I ўсё ён бачыць! Адзін стрэл, два стрэлы, дзве гагаркі — усё роўна штраф, усё роўна давядзецца плаціць. Вось і ўсё, вось мы і разлічыліся з панам Макам і яго домам. Урэшце, усё адбылося прыстойна і хутка...
Пачаўся беспрасветны буйны дождж. Сарокі ляталі блізка ад зямлі, а калі дома я адпусціў Эзопа з павадка, той пачаў есці траву. Падняўся вецер.
XXIII
За мілю пада мною праглядаецца мора. Ідзе дождж, а я накіроўваюся ў горы, ад дажджу ўкрывае мяне скала. Я раскурваю люльку, раз-пораз набіваю яе новым тытунём, які кожны раз, калі я яго падпальваю, пачынае варушыцца, здаецца, што з попелу вылазяць маленькія вогненныя вужакі. Нешта падобнае адбываецца ў маёй галаве. Перада мною на зямлі ляжыць грудок сухога голля — усё, што засталося ад разбуранага птушынага гнязда. I мая душа — нібы гэта гняздзечка.
Я помню ўсё, што здарылася, да самых драбніц, і адчуванні, якія ў мяне былі наступнага дня, таксама. Хо-хо, нясоладка мне было...
Я сяджуўгарах, а мора бурліць, і вецер вые, і вушы бязбожна закладае ад раз’юшанай непагадзі. Сярод мора шторм калашмаціць ветразі малых і вялікіх караблёў, на караблях людзі, некуды ж ім трэба, адзін Бог ведае, куды іх нясе гэтаю парою, думаю я. Мора падкідвае пеністыя хвалі ўгору, і грукоча, і шалее, быццам у ім поўна вялізных ашалелых пачвараў, якія брыкаюцца, і б’юцца, і верашчаць адна адной у вушы, або не, гэта правяць баль дзесяць тысяч чарцей, і скуголяць, і носяцца, уціснуўшы галаву ў плечы, хвошчуць мора, пакуль не запеніцца, сваімі вострымі крыламі. А далёка-далёка ў моры ляжыць падводная скала, па-над ёю падымаецца ва ўсім белым марскі ўладар і трасе галавою ўслед лядачым ветразям, якія пнуцца супроць ветру ў акіян, хо-хо, у самы акіян, на бязлюдныя водныя прасторы...
Якое шчасце, што я адзін, што ніхто не бачыць маіх вачэй, я даверліва прыціскаюся да скалы і ведаю, што ніхто не стаіць у мяне за спінаю і не назірае за мною ўпотай. 3 пранізлівым крыкам над гарою пралятае нейкая птушка, і ў гэты момант крыху далей ад мяне адрываецца ад скалы вялізны камень і коціцца ў мора. Ая сяджу сабе ціхенька, адпачываю, ува мне трапеча пяшчотнае адчуванне спакою, бо я надзейна схаваны ад дажджу, які ўсё барабаніць і барабаніць. Я зашпільваю плашч на ўсе гузікі і дзякую Богу за тое, што ў мяне такое цёплае адзенне. Прайшоў час. Я заснуў.
Вечарэе, я рухаюся дадому, па-ранейшаму ідзе дождж. Я вачам сваім не веру. На сцежцы перада мною стаіць Эдварда. Уся прамоклая, нібыта доўга хадзіла пад дажджом, але ўсміхаецца. Вось табе маеш, думаю я, і мяне ахоплівае абурэнне, я злосна сціскаю стрэльбу і іду проста на яе, не зважаючы на яе ўсмешку.
— Добры дзень! — першая вітаецца яна.
Толькі падышоўшы бліжэй да яе, адказваю:
— Вітаю вас, чароўная паненка!
Ёй робіцца няёмка ад майго задзірыстага тону. Ах, я сам не ведаю, што кажу. Яна палахліва ўсміхаецца, не адводзячы ад мяне вачэй.
— Вы, мабыць, у горы сёння хадзілі? — пытаецца яна. — Прамоклі пад дажджом. У мяне з сабою хустка, накіньце, яна мне не трэба... Вы, мусіць, і знацца са мною не хочаце. —
I яна апускае вочы і качае галавою, калі разумее, што хустку я не вазьму.
— Якая яшчэ хустка? — абураюся я, заходзячыся ад злосці, і не хаваю здзіўлення. — У мяне плашч з сабою, можа, возьмеце? Ён мне не трэба, думаў пазычыць каму-небудзь, так што бярыце. Любая рыбачка згадзілася б за мілую душу.
Я заўважыў. як яна раптам напружылася, чакаючы, што я скажу далей. I яна так уважліва прыслухоўвалася, што зноў зрабілася непрыгожаю, разявіла рот. Стаіць з хусткай у руках, белай шаўковай хусткай, якую зняла з шыі. Ну, і я плашч зняў.
— Богам прашу, надзеньце плашч! — крычыць яна. — He здымайце! Няўжо вы так моцна на мяне злуяцеся? He здымайце, Божа ты мой, надзеньце плашч, a то прамокнеце.
Я зноў накінуў плашч на плечы.
— Вы куды ідзяце? — не падумаўшы, спытаў я.
— Нікуды... I як вам толькі ў галаву магло прыйсці зняць плашч...
— А што гэта вы сёння без свайго барона? — пацікавіўся я. — Ніколі не паверу, што па такім надвор’і граф у моры...
— Глан, я вам хацела нешта сказаць...
Я перапыняю яе:
— Ці не зробіце ласку перадаць герцагу маё прывітанне?
Мы глядзім адно на адно. I я гатовы адразу ж перарваць яе, няхай толькі рот адкрые. Нарэшце на яе твары з’яўляецца пакутлівы выраз, я адводжу вочы і гавару:
— Ведаеце, гнаць вам трэба гэтага прынца, паненка Эдварда. Ён вам не пара. Запэўніваю вас, апошнімі днямі ён толькі і разважае, варта яму ажаніцца з вамі ці не, вы не такога заслугоўваеце.
— He будзем пра гэта зараз, добра? Глан, я думала пра вас, вы гатовыя былі зняць з сябе плашч і прамокнуць дзеля некага іншага, я іду да вас...
Я паціскаю плячыма і працягваю:
— Я б параіў вам доктара. А чым не добрая партыя? Мужчына ў росквіце гадоў, не дурны сабою. Падумайце.
— Паслухайце ж хвіліну...
— Эзоп, мой сабака, чакае мяне дома. — Я зняў капялюш, пакланіўся і на развітанне дадаў: — Усяго найлепшага, чароўная паненка.
I пайшоў.
А яна як закрычыць мне ўслед:
— He рві мне сэрца. Сёння я ішла да цябе, стаяла тут і чакала, пакуль ты прыйдзеш, і ўзрадавалася, пабачыўшы цябе. Учора я ледзь не звар’яцела, бо ў галаву ўвесь час лезлі нейкія думкі, я нічога вакол сябе не заўважала і думала толькі пра цябе. Сёння сяджу ў зале, заходзіць чалавек, я вачэй не падымаю, але ведаю, хто гэта. Правеславаў учора амаль два кіламетры, сказаў ён. He стаміліся, спытала я. А як жа, дужа стаміўся, і моцна рукі намазоліў, паскардзіўся ён. Я яшчэ падумала: ну гляньце, знайшоў на што наракаць! Пазней ён сказаў: я чуў, як нехта шаптаўся ўночы пад маімі вокнамі, гэта ваша пакаёўка і прадавец з лаўкі абменьваліся кампліментамі. I што тут такога, яны заручаныя, сказала я. Добра, але ж на дварэ другая гадзіна ночы! I што з таго, пацікавілася я, ноч іхняя — што хочуць, тое і робяць. Тады ён паправіў на носе свае залатыя акуляры і сказаў: але дазвольце, хіба вам не здаецца, што так не робяць? Я па-ранейшаму не падымала на яго вачэй, і мы прасядзелі моўчкі хвілін дзесяць. Можа, прынесці вам хустку на плечы, спытаў ён. He трэба, дзякую, адказала я. Дазвольце ўзяць вашу ручку, сказаў ён. Я не адказала, мае думкі былі далёка. Ён раптам паклаў мне на калені маленькую каробачку, я адкрыла гэту каробачку і пабачыла там брошку. Брошку з каронай, я налічыла ў ёй дзесяць каменьчыкаў... Глан, я ўзяла яе з сабою, хочаш пакажу? Яна раздаўленая, глядзі, раздаўленая... Навошта мне гэтая брошка, спытала я. Каб вы сябе ёю ўпрыгожвалі, адказаў ён. Я працягнула каробачку яму назад і сказала: не трэба, у маіх думках іншы чалавек. I хто гэта, спытаў ён. Адзін паляўнічы, адказала я, ён мне падарыў на ўспамін два цудоўныя пёркі, а брошку забярыце назад. Але ён не захацеў узяць брошку назад. Тут я першы раз за ўсю размову паглядзела на яго, ён свідраваў мяне вачыма. Брошку назад я не забяру, рабіце з ёй, што хочаце, хоць растапчыце, сказаў ён. Тады я ўстала, наступіла на брошку абцасам і раздавіла. Гэта адбылося сёння ўранку... Я чакала чатыры гадзіны, а па абедзе пайішіа з дома.