Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Двое прадаўцоў з лаўкі пана Мака таксама былі тут і вытанцоўвалі старанна і сур’ёзна. Доктар заўзята круціўся пад музыку. Акрамя іх, з мужчынаў тут былі яшчэ чацвёра даволі маладых людзей, сыны тутэйшых спадароў, пастара і местачковага доктара. Быўтаксама нейкі коміваяжор з прыемным голасам, які падпяваў у такт музыцы, а часам садзіўся за піяніна, падмяняючы дам.
Я ўжо не помню, як праляцелі першыя гадзіны, але запомніў усё, што адбылося пры канцы ночы. Увесь час праз
вокны лілося чырвонае сонечнае святло, і марскія птушкі спалі. Падавалі віно і печыва, мы гучна гаварылі і спявалі, на ўсю залу было чутно, як залівіста і бесклапотна смяецца Эдварда. Але чаму яна мне больш і слова не сказала? Я падышоў да крэсла, дзе яна сядзела, і ад усёй душы хацеў зрабіць ёй камплімент; на ёй была чорная сукенка, мусіць, у ёй яна хадзіла яшчэ да першай камуніі, сукенка была ёй караткаватая, але калі яна танцавала, дужа ёй пасавала, і менавіта гэта я і хацеў ёй сказаць.
— Гэтая сукенка так вам... — пачаў быў я.
Але яна ўстала, абняла за талію сяброўку і пайшла з ёю. Так паўтаралася некалькі разоў. Добра, думаўя, нічога не зробіш! Але чаму тады яна стаіць ля акна і так сумна глядзіць мне ўслед, калі я пакідаю яе? Вось і зразумей яе пасля гэтага!
Мяне запрасіла на танец нейкая дама. Эдварда сядзела непадалёк, і я гучна адказаў:
— He, я хутка пайду.
Эдварда з цікавасцю паглядзела на мяне і сказала:
— Пойдзеце? He, нікуды вы не пойдзеце.
Я збянтэжыўся і прыкусіў губу. Пасля падняўся.
— Я вас не разумею, паненка Эдварда, — панура сказаў я і пакрочыў да дзвярэй.
Доктар перагарадзіў мне дарогу, і Эдварда кінулася наўздагон.
— Зразумейце мяне правільна, — з цеплынёю ў голасе сказала яна. — Я хацела сказаць, што спадзяюся, вы будзеце апошнім, хто адсюль пойдзе, самым апошнім. Апроч таго, яшчэ ўсяго толькі гадзіна ночы... Паслухайце, — дадала яна, бліскаючы вачыма, — вы далі пяць талераў нашаму весляру за тое, што ён выцягнуў з вады мой чаравік. Гэта вялікія грошы. — I яна ад душы рассмяялася і павярнулася да гасцей.
Збіты з панталыку, я аж раскрыў рот ад здзіўлення.
— А вы ўсё жарты строіце, — сказаў я. — Ніякіх грошай я вашаму весляру не даваў.
— Хіба не давалі? — Яна адчыніла дзверы на кухню і клікнула весляра. — Ты помніш, як вазіў нас на Курхолмэн, Якаб? Як ты мой чаравік з вады выцягваў?
— Так, — адказаў Якаб.
— А пяць талераў ты за чаравік атрымаў?
— Так, вы далі мне...
— Вось і добра. Ідзі.
Што ёй гэтым разам прыйшло ў галаву, падумаў я. Прысароміць мяне захацелася? Дык нічога ў яе не атрымаецца, мне няма чаго чырванець. I тады я гучна і выразна сказаў:
— Я хачу, каб усе ведалі, што гэта або памылка, або падман. Мне нават і ў галаву не прыходзіла даць весляру пяць талераў за ваш чаравік. Мусіць, акурат так мне і варта было зрабіць, але пакуль што ніхто нічога нікому не даваў.
— Давайце танцаваць далей, — сказала яна, паморшчыўшы лоб. — Чаму вы не танцуеце?
А вось за гэта я запатрабую ў яе тлумачэння, вырашыў я і пачаў чакаць моманту, каб з ёю пагаварыць. Вось яна зайшла ў сумежны пакой — я за ёю.
— Ваша здароўе! — сказаў я і хацеў выпіць з ёю.
— У мяне пусты келіх, — коратка адказала яна.
Аднак жа каля яе стаяў поўны келіх.
— Я думаў, што гэта ваш келіх?
— He, не мой, — сказала яна і павярнулася да суседа.
— У такім разе, прабачце, — сказаў я.
Некаторыя з прысутных звярнулі на гэтую сцэну ўвагу.
Сэрца маё сціснулася, я пакрыўдзіўся:
— Аднак жа вы мне вінныя тлумачэнне...
Яна паднялася, узяла мае рукі ў свае і папрасіла:
— Толькі не сёння, не зараз. Мне так сумна. Божа, не глядзіце вы на мяне так! Мы некалі былі сябрамі...
Мяне гэта так узрушыла, што я толькі павярнуўся і пакрочыў назад у залу, дзе танцавалі.
Хутка вярнулася Эдварда, стала каля піяніна, на якім граў коміваяжор, на яе твары ў гэты момант чыталася нявыказаная туга.
— А я так ніколі граць і не навучылася, — гаворыць яна і глядзіць на мяне сумнымі вачыма. — Каб толькі я магла сыграць!
На гэта ў мяне не было чаго адказаць. Маё сэрца зноў пацягнулася да яе, і я спытаў:
— Чаму вы раптам так засмуціліся, Эдварда? Калі б вы ведалі, як мне горка ад гэтага.
— Я і сама не ведаю, чаму, — адказала яна. — Усё разам нахлынула. Так хочацца, каб усе гэтыя людзі разышліся, усе да аднаго. He, не вы; не забывайце, што вы пойдзеце апошнім.
I гэтыя словы зноў мяне акрылілі, і вочы мае пабачылі святло ў гэтай залітай сонцам зале. Да мяне падышла дачка пастара і пачала пра нешта распытваць, але мне зусім, зусім не хацелася з ёю гаварыць, і я толькі коратка ёй адказваў. Я наўмысна не глядзеў на яе, таму што яна называла мой погляд «звярыным». Пасля яна павярнулася да Эдварды і расказала ёй, як аднойчы за мяжой — калі не памыляюся, гэта здарылася ў Рызе, — на вуліцы да яе прычапіўся нейкі кавалер.
— Ён пераследаваў мяне некалькі кварталаў і ўсміхаўся, — расказвала яна.
— Ён хіба быў сляпы? — спытаў я, каб дагадзіць Эдвардзе. Яшчэ і плячыма паціснуў.
Паненка адразу ж скеміла, што я грубіяніў, і адказала:
— А як жа, інакш ці пачаў бы ён чапляцца да такой старой і пачварнай жанчыны, як я.
Але Эдвардавай ласкі я не здабыў, яна ўзяла сяброўку пад руку і пайшла ад мяне, нешта ёй нашэптваючы і махаючы галавою. Да мяне больш ніхто не падыходзіў.
Мінае яшчэ адна гадзіна, на прыбярэжжы прачынаюцца марскія птушкі, іх крыкі даносяцца да нас праз расчыненыя вокны. Нейкая радасць працінае мяне, калі я ўслухоўваюся ў гэтыя першыя птушыныя крыкі, мяне цягне да мора...
Доктар ізноў разышоўся, забраў усю ўвагу, дамы не стамляюцца ад яго кампаніі. Няўжо ён і ёсць мой супернік, падумаў я, але ж ён кволы і кульгае. Ён увесь час трапна прыгаворваў «каб ты высах ды выпетраў», і кожны раз, учуўшы гэта, я аж заходзіўся ад смеху. I як бы прыкра мне ні было, я вырашыў усяляк падкрэсліваць яго перавагу, калі ўжо так сталася, што маім супернікам бьгў ён. Калі доктар распачынаў гаворку ці заканчваў яе, я крычаў: слухайце, што кажа доктар! Я прымушаў сябе рагатаць да знямогі з яго няшчаснага красамоўства.
— Я ўсім сэрцам люблю гэты свет, — прамаўляў доктар, — я рукамі і нагамі хапаюся за жыццё. I калі мяне аднойчы не стане, спадзяюся, у вечнасці для мне прызапасілі месцейка
недзе па-над Лонданам або Парыжам, каб мне чуць грукатанне канкана аж да сканчэння свету.
— Цудоўна! — крыкнуў я і закашляўся ад смеху, хаця быў абсалютна цвярозы.
Эдварда таксама рабіла выгляд, што ўся ў захапленні.
Калі госці разыходзіліся, я прабраўся ў невялічкі сумежны пакой, уладкаваўся там і пачаў чакаць. Я чуў, як на лесвіцы развітваліся. Адвітаўся і доктар. Хутка пакоі зусім абязлюдзелі. Седзячы ў пакойчыку, я адчуў, як моцна забілася маё сэрца.
Вярнулася Эдварда. Убачыўшы мяне, яна сумелася, а пасля з усмешках на вуснах вымавіла:
— Дык вось вы дзе. Дзякую, што дачакаліся. Я так неверагодна стамілася.
Яна не краналася з месца.
Падымаючыся ёй насустрач, я сказаў:
— У такім выпадку вам трэба адпачыць. Спадзяюся, Эдварда, што ваша няласка мінула. Вы падаліся мне такою засмучанаю, што мне аж зрабілася не па сабе.
— Высплюся, і ўсё пройдзе.
Я не знайшоў што на гэта адказаць, павярнуўся і пайшоў да дзвярэй.
— Дзякую, што прыйшлі, — сказала яна і падала на развітанне руку. Яна хацела праводзіць мяне па лесвіцы ўніз, але я спыніў яе.
— He трэба, не турбуйцеся, — сказаў я, — я сам...
Але яна ўсё роўна пайшла мяне праводзіць. Унізе яна цярпліва чакала, пакуль я нацягну капялюш, вазьму стрэльбу і паляўнічую торбу. За імі ў кутку стаяў кій, я ўтаропіўся ў яго і пазнаў — гэта быў доктараў кій. Заўважыўшы, як пільна я ўзіраюся ў кугок, яна бянтэжыцца і чырванее, па яе твары відаць, што яна тут ні пры чым і пра кій нічога не ведае. Мінае хвіліна. Раптам яе працінае нейкая шалёная нецярплівасць, і яна раздражнёна гаворыць:
— Ваш кій, a то чый. He забудзьце.
I яна падае мне доктараў кій.
Я паглядзеў на яе, яна стаяла і падавала мне кій, яе рукі дрыжэлі. Каб пакончыць з усім гэтым, я ўзяў кій, паставіў яго назад у куток і сказаў:
— Гэта доктараў кій. He разумею, як кульгавы чалавек мог забыць свой кій.
— Кульгавы чалавек, кажаце! — у роспачы закрычала яна, набліжаючыся да мяне. — Вы вось не кульгавы, але калі б і кульгалі, усё адно і падноска яго былі б не вартыя, не вартыя нават нейкага там падноска. Вось!
Я не ведаў, што адказаць, усё здарылася так хутка, я стаяў і маўчаў. Кланяючыся, я падаўся назад да дзвярэй і за парог. На дварэ я нейкі час пастаяў, проста гледзячы перад сабою, а пасля павалачыўся прэч.
Вось як, ён, значыцца, забыў свой кій, думаў я, і ён вернецца па яго гэтай сцежкай. Ён не хоча, каб я быў апошнім... Я ішоў не спяшаючыся, уважліва аглядаўся вакол, а на краі лесу спыніўся і пачаў чакаць. Нарэшце праз паўгадзіны паказаўся доктар, згледзеўшы мяне, ён прыбавіў кроку. Ён яшчэ не паспеў і рота раскрыць, як я зняў капялюш, вітаючыся, і чакаў, што ён будзе рабіць. Ён таксама зняў капялюш і павітаўся. Я пайшоў да яго, гаворачы:
— Я з вамі не вітаўся.
Ён адступіў на крок назад і вырачыўся на мяне.
— Хіба не віталіся?
— He, — адказаў я.
Паўза.
— Зрэшты, мне ўсё роўна, віталіся вы са мною ці не, — адказаў ён, бляднеючы. —Я забыў свой кій, іду забіраць.
На гэта я не знайшоў што адказаць, але вырашыў адпомсціць яму па-іншаму, я выцягнуў перад ім стрэльбу, каб ён, як сабака, пераскочыў, і загадаў:
— Гоп!
I яшчэ прысвіснуў і павабіў яго, каб скакаў.
Нейкае імгненне ён з усіх сіл змагаўся з сабою; яго твар змяніўся, вусны сціснуліся, вочы ўтаропіліся ў зямлю. Раптам ён кінуў на мяне пранізлівы позірк, няроўна ўсміхнуўся і сказаў:
— Навошта вам усё гэта?
Я не адказаў, але яго словы зрабілі на мяне моцнае ўражанне.
Ён адразу ж падаў мне руку і нягучна прамовіў:
— Нешта з вамі не тое. Калі б вы сказалі, што вас хвалюе, то, можа, бя...
Я адчуў страшэнны сорам і роспач, гэтыя спакойныя словы зусім выбілі мяне з раўнавагі. Мне захацелася загладзіць сваю віну перад ім, я абняў яго і сказаў:
— Прабачце мне, чуеце, прабачце! Розуму не дабяру, што на мяне найшло. Я добра сябе адчуваю, патрэбы ў вашай дапамозе няма. Вы, мабыць, хацелі пра Эдварду спытаць? Дык яна, напэўна, дома. Але вам трэба спяшацца, a то яна хутка ляжа спаць; яна дужа стамілася, я сам бачыў. Праўда-праўда, гавару вам, ідзіце хутчэй, a то яна ляжа спаць!