Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
— Ну куды вам ставаць на ногі, — сказала яна. — Прысядзьце, у вас баліць нага, бо вы яе прастрэлілі. Божа мой, і як у вас гэта атрымалася? А я толькі сёння пра ўсё даведалася. A то думала сабе ўвесь час, куды гэта Глан падзеўся? He прыходзіць больш. Я ж нічога не ведала. Вы стралялі ў сябе некалькі тыдняў таму, чула я, а да сённяшняга дня ніхто і слова не сказаў пра тое. Як вы сябе цяпер адчуваеце? Вы такі бледны, што я вас не пазнаю. А нага? Вы назаўсёды застаняцеся кульгавым? Доктар сказаў, што кульгаць вы не будзеце. Я вас люблю ўсёй душой, бо кульгаць вы не будзеце, і дзякуй Богу. Спадзяюся, вы прабачыце мне, што я прыйшла не папярэдзіўшы, дакладней, не прыйшла, а прыбегла...
Яна схілілася да мяне, ды так блізка, што я адчуваў на сваім твары яе дыханне, я працягнуў да яе рукі. Але яна адхінулася. Яе вочы яшчэ вільгатнелі ад слёз.
— Разумееце, так атрымалася, — запінаючыся, прагаварыў я, — ставіў стрэльбу ў кут і не так узяўся, трымаў дула ўніз, і раптам стрэл. Няшчасны выпадак.
— Няшчасны выпадак, — задуменна паўтарыла яна, ківаючы галавой. — Дайце паглядзець, левая нага, а чаму менавіта левая? Ну, так здарылася...
— Так, так здарылася, — перабіў я. — Адкуль мне ведаць, чаму мне прастрэліла менавіта левую нагу? Вы ж самі бачыце, так, як я трымаў стрэльбу, правую нагу наўрад ці прастрэліш. Нічога вясёлага ў гэтым няма.
Яна задуменна паглядзела на мяне.
— А цяпер, значыцца, вы ідзяце на папраўку, — сказала яна, аглядаючы хату. — Чаму вы не адправіце жанчыну да нас па ежу? Чым вы харчуецеся?
Мы пагаварылі яшчэ некалькі хвілін. Я спытаў:
— Калі вы прыйшлі, ваш твар быўтакім узрушаным, а вочы так палымнелі, вы падалі мне руку. А цяпер вашы вочы зноў зрабіліся абыякавымі. Я, можа, памыляюся?
Паўза.
— Нельга заўсёды быць аднолькавай...
— Ну хоць зараз вы можаце мне патлумачыць, што я такога сказаў або зрабіў, каб трапіць да вас у няласку? Каб я ведаў.
Яна глядзела праз акно на цьмяную рысу далягляду, стаяла і думала пра нешта, а пасля адказала, не абарочваючыся:
— He магу, Глан. Чалавеку, бывае, рознае прыходзіць на розум. Я вас расчаравала? Помніце, нехта аддае самую дробязь, і гэта для яго багата, а іншы аддае ўсё, і гэта яму нічога не каштуе, і хто ў такім разе аддае больш? За час хваробы вы зрабіліся пануры. Як мы дайшлі да такіх размоў? — I раптам яна паварочваецца да мяне, і твар яе свеціцца радасцю, яна гаворыць: — Папраўляйцеся хутчэй. Да пабачэння.
На развітанне яна падала мне руку.
Але гэтым разам я не захацеў падаваць сваю. Я ўстаў, залажыў рукі за спіну і нізка пакланіўся, менавіта так мне захацелася аддзячыць ёй за прыемную кампанію.
— Прабачце, што не магу вас правесці, — сказаў я.
Калі яна выйшла, я перабраў у памяці ўсё, што адбылося. Я напісаў прашэнне пра тое, каб мне даслалі ваенную форму.
XX
Першы дзень улесе.
Я быўудобрым настроі, хоць яшчэ слабы, розная лясная драбяза падпаўзала блізка і разглядала мяне, на дрэвах было багата жукоў, а на сцежках поўна шпанак. Рады вас ізноў бачыць, думаў я. Уся мая душа пранікалася гэтым лясным спакоем, я плакаў ад замілавання, і шчасця, і ўдзячнасці, якія мяне перапаўнялі. Мілы мой лес, прыстанак мой, святы мой спакой — ідзе з глыбіняў майго сэрца... Спыняюся, азіраюся вакол і, заліваючыся слязамі, называю імёны птушак, дрэваў, камення, травы і мурашоў, нікога не забываю, азіраюся вакол і па чарзе называю іх імёны. Падымаю вочы на горы і думаю: я іду да вас, — нібыта ў адказ на чыйсьці покліч. Высока ў гарах гадаваў птушанят дзербнік, я ведаў, дзе ён гняздзіцца. Успаміны пра гняздо дзербніка раскатурхалі мае фантазіі, і ў думках я ўжо далёка.
Апоўдні я адплыў на лодцы ад берага і прыстаў да маленькага вострава, які выглядаў нібы насыпаны пасярод мора ўзгорак. Там раслі ліловыя кветкі на доўгіх сцяблінах, яны даходзілі мне да калена, я блукаў сярод дзіўных зараснікаў, малінніку, кавылю; буйнога звера і, мусіць, нават людзей тут не было. Бліжэй да берага мора збівалася ў лёгкую пену, і вакол мяне стаяў прыемны шоргат хваляў, недзе ў далечыні на Эгехолмэне крычалі і мітусіліся марскія птушкі. Але мора акружыла мяне, нібы ўзяло ў абдымкі. Блаславёнае няхай будзе і гэтае жыццё, і зямля, і неба, блаславёныя няхай будуць мае непрыяцелі, у гэты час мне хочацца зміласцівіцца з маіх самых заклятых ворагаў і завязаць рамяні на іх абутку...
Да мяне даносяцца крыкі рабочых, якія разгружаюць караблі пана Мака, і мая душа радуецца, пачуўшы знаёмыя вокрыкі. Я вяслую да прыстані, іду паўз рыбацкія хаты і накіроўваюся дадому. Дзень хіліцца да вечара, я ем, дзелячыся харчам з Эзопам, ізноўідуўлес. Лёгківетрык абвявае мне твар. Будзь блаславёны, гавару я ветру, бо ён мяне не чужаецца, будзь блаславёны; кроў пакорліва сцішвае свой бег у маіх жылах ад удзячнасці да цябе! Эзоп кладзе лапу мне на калена.
Стома адужвае мяне, і я засынаю.
Бом! Бом! Звоняць званы? Занекалькіміляўадсюльуморы стаіць скала. Я чытаю дзве малітвы, адну за майго сабаку, а другую за сябе, і мы ўваходзім у гэтую скалу. Брама за намі зачыняецца, я скаланаюся і прачынаюся.
Неба ярка-чырвонае, сонца слепіць мне вочы, ноч, далягляд залівае святлом. Мы з Эзопам ідзем улес. Вакол ціха. Мы ўжо выспаліся, які цяпер сон, гавару я Эзопу, заўтра пойдзем на паляванне, над намі пунсавее сонца, ні ў якую скалу мы не заходзілі... I нейкі дзіўны настрой ахоплівае мяне, і кроў стукае ў скронях. Я адчуваю, што мяне перапаўняе нейкае ўзрушэнне, і я ніякавею ад таго, што нехта цалуе мяне і пацалунак гэты пячэ мне вусны. Я азіраюся вакол, паблізу ні душы. Ізэлін, вырываецца ў мяне. У траве зашамацела — можа, апалае лісце, а можа, нечыя крокі. Па лесе прабягае нейкае трапятанне, гэта, мабыць, подых Ізэлін, думаю я. Ізэлін блукала па гэтых лясах, тут яна слухала малітвы паляўнічых у жоўтых ботах і зялёных накідках. Яна жыла ў сваёй сядзібе, за паўмілі адсюль, сядзела ля акна чатыры чалавечыя вякі таму і слухала, як гудуць паляўнічыя ражкі ў навакольных лясах. Там вадзіліся алені, і ваўкі, і мядзведзі, і паляўнічых тут хапала, і на вачах у іх яна падрастала, і кожны з іх яе чакаў. Аднаму пашчасціла яе ўбачыць, другому — пачуць яе голас; а нейкі зух аднойчы, калі яму не спалася, зрабіў дзірку ў пакоі Ізэлін і пабачыў яе аксамітны белы жывот. Калі ёй споўнілася дванаццаць, сюды прыехаў Дундас. Ён быў шатландзец, таргаваў рыбай і меў багата караблёў. У яго быў сын. Калі Ізэлін споўнілася шаснаццаць гадоў, яна ўпершыню пабачыла маладога Дундаса. Ён зрабіўся яе першым каханнем...
Мяне ахоплівае дзіўны настрой, і мая галава цяжэе. Я закрываю вочы і зноў адчуваю пацалунак Ізэлін. Ізэлін, ты тут, каханне майго жыцця, пытаю я, а твой Дыдрык хаваецца недзе за дрэвам?.. Мая галава робіцца яшчэ цяжэйшай, і вось ужо мяне калыша на хвалях сну.
Бом, бом! Нехта гаворыць, быццам адгукаюцца рэхам стажары ў безгалосым цячэнні маёй крыві, гэта Ізэлін:
— Засынай, засынай! Пакуль ты спіш, я буду расказваць табе пра сваё каханне, я буду расказваць пра сваю першую
ноч. Я помню ўсё, я забыла замкнуць на ноч дзверы, мне было шаснаццаць, стаяла вясна і дзьмулі цёплыя вятры, з’явіўся Дундас. Наляцеў, нібыта арол. Я сустрэла яго аднойчы ўранку перад паляваннем, яму было дваццаць пяць, і ён прыбыў з далёкіх вандраванняў, ён зайшоў разам са мною ў сад, і калі ён дакрануўся да мяне рукою, я пакахала яго. На ілбе ўяго палымнелі дзве чырвоныя плямы, і мне хацелася іх пацалаваць.
Увечары пасля палявання я пайшла ў сад, каб паглядзець, ці ён прыйшоў, і мне было страшна ад таго, што я магла яго там знайсці. Я паўтарала шэптам яго імя, і мне было страшна, што ён пачуе. Раптам ён выходзіць з зараснікаў і шэпча: сёння а першай ночы! Сказаў гэта і знік.
Сёння а першай ночы, паўтарыла я, што ён хацеў гэтым сказаць? Я нічога не разумею. Мусіць, ён хацеў сказаць, што зноў выпраўляецца ў падарожжа?
I я забыла замкнуць дзверы на ноч...
А першай уваходзіць ён.
— Хіба я не замкнула дзверы? — пытаю я.
— Я сам замкну, — адказвае ён.
I ён замыкае дзверы, і мы застаемся адны.
Я так спужалася скрыпу яго вялізных ботаў. He разбудзі маю пакаёўку, сказала я. Я спужалася таксама трэску зэдліка і сказала: не, не, не садзіся на гэты зэдлік, ён так трашчыць!
— Мне, мусіць, сесці да цябе на ложак?
— Так, — сказала я.
Але я так сказала толькі таму, што зэдлік трашчаў.
Мы селі на ложак. Я адсунулася ад яго, але ён усё роўна прысунуўся бліжэй. Я не наважвалася падняць вачэй.
— Ты замерзла, — сказаў ён і ўзяў маю руку. А пазней ён яшчэ раз сказаў: — Ты ўся замерзла! — I абняў мяне.
У яго абдымках я сагрэлася. Мы пасядзелі так трошкі. Праспяваў певень.
— Чуеш, — загаварыў ён, — певень спявае, хутка ранне.
I ён дакрануўся да мяне, і я зусім разгубілася.
— А ты ўпэўнены, што гэта спяваў певень? — пралапатала я.
Я вачэй не зводзіла з дзвюх палымяных чырвоных плямаў на яго чале і хацела сысці. Калі ён затрымаў мяне, я пацала-
вала гэтыя мілыя чырвоныя плямы і закрыла вочы, скараючыся яму...
Пасля развіднела і ўзялося на дзень. Я прачнулася і не пазнала сцены ў сваім пакоі, устала з ложка і не пазнала свае чаравічкі, у маім целе нешта пералівалася. Што гэта пераліваецца ў маім целе, падумала я і засмяялася. I колькі цяпер часу? Нічога я не ведала, але ўспомніла, што напярэдадні забыла замкнуць дзверы.
Заходзіць пакаёўка.
— Кветкі твае не палітыя, — гаворыць яна.
Я зусім забыла пра кветкі.
— У цябе памятая сукенка, — не сунімаецца яна.
Дзе гэта я сукенку памяла, думаю я, і мне робіцца весела; мусіць, памяла яе ўночы?
У садовую браму заязджае каляска.
— I твайго ката ніхто не дагледзеў, — гаворыць пакаёўка.
Але мне цяпер не да кветак, не да сукенкі і не да ката, я пытаюся:
— Ці не Дундас стаіць на дварэ? Неадкладна прасі яго ў мае пакоі, я яго чакаю, нешта... нешта...
I я думаю: а што, калі ён ізноў як увойдзе, дык замкнецца?
Ён стукае ў дзверы. Я адчыняю яму і сама замыкаюся, каб яго ўважыць.
— Ізэлін! — ускрыквае ён і доўга цалуе мяне ў вусны.
— Я па цябе не пасылала, — шапчу я.
— Хіба? — перапытвае ён.
Ізноў я зусім разгубілася і адказваю:
— Так, я пасылала па цябе, я так па табе сумавала. Пабудзь крыху са мною.
I ад кахання я мружу вочы. Ён мяне не выпусціў, я прытулілася да яго і схавалася на яго грудзях.