Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Але Эзоп і не думае класціся, нюхае паветра, павярнуўшыся у бок даліны, скуголіць і цягне мяне за штаніну. Калі я нарэшце ўстаю і іду за ім, ён зрываецца з месца як апараны. Неба па-над лесам ірдзее, я прыспешваю хаду, раптам бачу вогнішча, вялізнае пажарышча. Я спыняюся і ўглядаюся, раблю некалькі крокаў і зноў углядаюся — гарыць мая хата.
XXXI
Пажар быў справай рук пана Мака, я адразу гэта скеміў. Згарэлі звярыныя шкуры, і птушыныя крылы, і чучала арла — згарэла ўсё. Што цяпер? Я спаў дзве ночы пад адкрытым небам, але ў Сірылюн прасіць прыстанку не пайшоў, нарэшце наняў занядбаную рыбацкую хатку непадалёк ад прыстані, пазатыкаў сухім мохам дзіркі ў сценах. Я спаў на ахапку чырвонага верасу, які нацягаў з гор. Ізноў у мяне быў дах над галавою.
Эдварда прыслала чалавека сказаць, што чула пра маё няшчасце, і ад імя бацькі прапанавала заняць адзін пакой у Сірылюне. Эдварда спачувала? Эдварда паказвала сваю высакароднасць? Я нічога не адказаў. Дзякуй Богу, жытло ў мяне было, і я дужа ганарыўся тым, што мне не давялося ісці на паклон да Эдварды. Я сустрэў яе аднойчы, яна ішла пад руку з баронам, я паглядзеў ім абаім у вочы і на хаду пакланіўся. Яна спынілася і спытала:
— Вы не хочаце ў нас пажыць, пан лейтэнант?
— Я ўладкаваўся ў іншым месцы, — адказаў я і таксама спыніўся.
Яна пазірала на мяне, цяжка дыхаючы.
— Мы б вам нічога дрэннага не зрабілі, — сказала яна.
У маёй душы цьмяна заварушылася ўдзячнасць, але я быў не ў стане нешта вымавіць.
Барон павольна рушыў наперад.
— Вы, пэўна, мяне і бачыць не хочаце? — спытала яна.
— Дзякую, што прапанавалі пасяліцца ў вас пасля таго, як згарэла мая хата, — сказаў я. — I гэта тым больш высакародна, бо на тое не было волі вашага бацькі. — I я зняў капялюш і пакланіўся ёй.
— Божа ты мой, вы мяне і бачыць не хочаце, Глан? — выпаліла яна.
Барон гукнуў яе.
— Барон гукае вас, — сказаў я і зноў нізка пакланіўся.
I я накіраваўся ў горы да сваёй шахты. Больш ніхто, ніхто не выведзе мяне з сябе. Я сустрэўЕву. Бачыш, крыкнуўя. Пан
Мак не здолеў мяне адсюль справадзіць. Ён спаліў маю хату, а я знайшоў іншую...
У яе руках былі шчотка і вядро з дзёгцем.
— Ева, навошта гэта?
Пан Мак перавярнуў лодку на карабельнай прыстані пад гарою і загадаў яе пасмаліць. Ён назірае за ўсім, што яна робіць, яна мусіць скарыцца.
— Але чаму ён паслаў на карабельную прыстань менавіта цябе? Чаму не даў іншай работы?
— Пану Маку так хацелася...
— Ева, Ева, любая мая, з цябе зрабілі рабыню, а ты не скардзішся. Вось ізноў ты ўсміхаешся, і жыццё зіхаціць у тваёй усмешцы, нават калі цябе зрабілі рабыняй.
Калі я прыйшоў да сваёй шахты, мяне чакала неспадзяванка. Я заўважыў, што нехта сюды зазіраў, я ўважліва прыгледзеўся да слядоў на пяску і пазнаў адбіткі доўгіх вострых чаравікаў пана Мака. Навошта ён ходзіць тут, што вынюхвае, падумаў я і азірнуўся. Нікога. Нічога не выклікала ў мяне падазрэння.
I я пачаў стукаць па буры, не думаючы, што раблю нешта дрэннае.
XXXII
Прыбыў паштовы параход, прывёз мне ўніформу, на параходзе мусіў ад’язджаць барон са сваімі скрынямі, гружанымі ракавінкамі і ўзорамі марскіх парод. Цяпер на карабель кацілі з прыстані бочкі з селядцамі і рыбіным тлушчам, грузіць скончаць толькі бліжэй к вечару.
Я туга набіваю пораху ў абодва ствалы стрэльбы. Набіўшы стрэльбу, задаволена ківаю. Падымаюся на гару і шахту таксама запаўняю порахам; ізноў задаволена ківаю. Цяпер усё гатова. Пачынаю чакаць.
Я чакаў некалькі гадзін. Я чуў увесь час, як грузілі параход на прыстані. Змяркалася. Нарэшце разносіцца гудок, усё пагрузілі, карабель адплывае. Засталося счакаць некалькі хві-
лін. Месяца на небе яшчэ не было, і я вар’яцеў, намагаючыся хоць нешта разгледзець у гэтай цемры.
Калі паказаўся нос парахода, я падпаліў бікфордаў шнур, а сам хутка адбег далей. Мінае хвіліна. Раптам раздаецца выбух, слуп дробнага камення падымаецца ў паветра, гара дрыжыць, ад яе адрываецца каменная глыба і, грукочучы, ляціць уніз. Суседнія горы скаланае рэха. Я хапаюся за стрэльбу і разраджаю адзін ствол; рэха падхапіла і прымножыла стрэл. Праз хвіліну разраджаю другі ствол; паветра скаланулася ад такога салюту, і рэха панесла грукат па белым свеце; здавалася, усе горы разам гучна грымелі ўслед параходу. Гэта працягваецца нядоўга, паветра ўціхамірваецца, рэха ў гарах сціхае, зноў у ф’ёрдзе ціха. Карабель знікае ў цемры.
Мяне трасе, я бяру буры і стрэльбу пад пахі і, ледзь трымаючыся на нагах, спускаюся з гары. Я выбраў карацейшы шлях, іду па прапаленым следзе, які пакінула па сабе абрынутая мною лавіна. Эзоп бяжыць побач, матае галавою і чмыхае ад дыму.
Калі я спусціўся на карабельную прыстань, то пабачыў такое, ад чаго ўва мне ўсё перавярнулася: каменнай глыбай раструшчыла карабель, які смалілі, а побач, побач ляжала Ева, расціснутая насмерць, знявечаная так, што не пазнаць, — выбухам ёй пашматавала ногі і жывот. Ева памерла на месцы.
XXXIII
Што яшчэ напісаць? Некалькі дзён я не браўся за стрэльбу, запасу правіянту ў мяне не было, але і есці зусім не хацелася, са сваёй халупы я не выходзіў. Еву адвезлі ў царкву на белым чоўне пана Мака, я пайшоў да могілак па сушы.
Ева памерла. Помніш яе дзявочую галоўку, прычасаную як у манашкі? Яна прыходзіла нячутна, клала на зямлю сваю ношу і ўсміхалася. А ты бачыў, якім жыццём прамянілася яе ўсмешка? Змоўкні, Эзоп, я ўспомніў адну дзіўную песню, склалі яе чатыры чалавечыя вякі таму, у час, калі жыла Ізэлін, калі ў царкве правіў Стамэр.
Адну дзяўчыну зняволілі і пасадзілі ў мураваную вежу. Яна кахала аднаго пана. Чаму? Спытай вецер і зоркі, спытай Бога, які стварыў гэтае жыццё, бо ніхто болып пра гэта не ведае. I пан гэты быў ёй сябрам і каханкам, але час не стаіць на месцы, і вось аднойчы сустрэлася яму іншая, і пачуцці яго перамяніліся.
Быццам юнак, кахаў ён дзяўчыну. Ён часта называў яе сваім блаславеннем і сваёй галубкай, а яна прывячала яго гарачымі распасцёртымі абдымкамі. Ён сказаў: аддай мне сваё сэрца! I яна аддала. Ён сказаў: любая, а ці можна мне яшчэ цябе пра нешта папрасіць? I яна зачаравана адказала: прасі. Яна аддала яму ўсё, а ён нават не падзякаваў.
Іншую пакахаў ён, нібы раб, нібы вар’ят, нібы жабрак. Чаму? Спытай прыдарожны пыл і апалае лісце, спытай Бога, які стварыў гэтае таямнічае жыццё, бо ніхто больш пра гэта не ведае. Яна нічога яму не дала, анічога не дала, а ён ёй так дзякаваў. Яна сказала: аддай мне свой спакой і розум! I толькі тое яго засмучала, што яна не папрасіла яго аддаць ёй жыццё.
А дзяўчыну затачылі ў вежу...
— Што ты робіш, дзяўчына, сядзіш і смяешся?
— Я згадваю, што было дзесяць гадоў таму. Я сустрэлася з ім.
— Ты ўсё яшчэ яго помніш?
— Я ўсё яшчэ яго помню.
I праходзіць час...
— Што ты робіш, дзяўчына, сядзіш і смяешся?
— Я вышываю на абрусе яго імя.
— Чыё імя? Таго, хто зняволіў цябе?
— Так, таго, каго я сустрэла дваццаць гадоў таму.
— Ты ўсё яшчэ яго помніш?
— Я па-ранейшаму яго помню.
I праходзіць час...
— Што ты робіш, вязніца?
—Я старэю, і вочы мае не бачаць, каб вышываць, я абдзіраю вапну са сцен. 3 вапны я зраблю глечык яму ў падарунак.
— Ты пра каго гаворыш?
— Пра майго любага, які затачыў мяне ў вежу.
— Ты смяешся з таго, што ён зняволіў цябе?
— Я думаю пра тое, што ён скажа. Глядзі, глядзі, скажа ён, мая дзяўчына прыслала мне маленькі глечык, за трыццаць гадоў яна не забыла мяне.
I праходзіць час...
— Што, вязніца, ты сядзіш і нічога не робіш, але ўсё роўна ўсміхаешся?
— Старэю, старэю, вочы мае аслеплі, адно думкі засталіся.
— Пра таго, каго ты сустрэла сорак гадоў таму?
— Пра таго, каго я сустрэла ў маладосці. Мабыць, сорак гадоў таму.
— Мо ты не ведаеш, што ён памёр? Ты бляднееш, старая, не адказваеш, вусны твае бяскроўныя, ты больш не дыхаеш...
Бачыш, якую дзіўную песню склалі пра дзяўчыну ў вежы. Пачакай крыху, Эзоп, я нешта забыў: аднойчы з двара да яе данёсся голас каханага, і яна ўпала на калені і пачырванела. Было ёй тады сорак гадоў...
Я аддаю цябе зямлі, Ева, і пакорна цалую пясок на тваёй магіле. Сэрца поўніцца пяшчотнымі ружовымі ўспамінамі пра цябе, на мяне нібы сыходзіць міласць, калі я ўспамінаю, як ты ўсміхалася. Ты аддавала ўсё, усё аддавала ты, і выходзіла гэта ў цябе так лёгка, бо ты была дзіцяткам, якое радуецца жыццю. А іншая, што пашкадуе нават погляду, з галавы не ідзе. Чаму? Спытай дванаццаць месяцаў і караблі на моры, спытай Бога, які даў мне гэтае невытлумачальнае сэрца...
XXXIV
Мяне спыталі:
— Вы болып не ходзіце на паляванне? Эзоп носіцца за здабычай па лесе, палюе на зайца.
Я адказаў:
— Падстрэльце яго за мяне.
Мінула некалькі дзён, да мяне прыйшоў пан Мак, вочы ўяго запалі, твар пашарэў. Я яшчэ падумаў: няўжо напраўду я здольны бачыць чалавека наскрозь? Ці я памыляюся? He ведаю.
Пан Мак расказаў пра лавіну, пра катастрофу. Няшчасны выпадак, трагічная акалічнасць, маёй віны ў тым няма.
Я сказаў:
— Нехта любой цаной намагаўся разлучыць мяне з Евай, і яму гэта ўдалося. Няхай пакарае яго Бог!
Пан Мак падазрона глянуў на мяне. Прамармытаў нешта пра прыгожае пахаванне. Грошай не пашкадавалі.
Я дзіву даваўся яго бязмежнай крывадушнасці.
Ён не будзе настойваць на кампенсацыі за раструшчаную маёй лавінай лодку.
— Як жа так, — сказаў я, — няўжо вы не спагоніце з мяне за лодку, і за вядро дзёгцю, і за шчотку?
— He, дарагі мой пан лейтэнант, — адказаў ён, — уявіце сабе! — I ён кінуў на мяне поўны нянавісці погляд.
За тры тыдні я ні разу не бачыў Эдварду. Хаця не, адзін раз бачыў, сустрэўся з ёю ў лаўцы, куды зайшоў купіць хлеба, яна стаяла за прылаўкам і перабірала скруткі матэрыі. Акрамя яе ў лаўцы былі толькі тыя двое, што там працавалі.
Я гучна павітаўся, яна падняла на мяне вочы, але не адказала. Мне раптам расхацелася прасіць пры ёй прадаць мне хлеба, я падышоў да прадаўцоў і папрасіў шроту і пораху. Пакуль мне ўсё ўзважвалі, я скоса на яе паглядаў.
На ёй шэрая: сукенка, з якой яна даўно вырасла, месцамі прадзіраўленая; у яе часта ўздымаліся грудзі! Як яна выцягнулася за лета! Задуменны твар, выразныя стрэшкі броў, нібы дзве таямніцы; яе рухі зрабіліся больш рахманымі. Я глянуў на яе рукі, мяне дужа ўразілі гэтыя доўгія тонкія пальцы, я аж сцепануўся. Яна па-ранейшаму перабірала скруткі матэрыі.