Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
3 Мэгі я сустракаўся штовечар, а Глан з ёй больш не загаворваў. Я заўважыў, што жаваць яна зусім перастала, і мне гэта падабалася, я думаў: вось яна болып і не жуе, адной заганай меней, я люблю яе ўдвая болей! Аднойчы яна спытала пра Глана, спытала дужа асцярожна. Ён захварэў? Паехаў?
Калі ён не памёр і не ад’ехаў, то ляжыць сабе дома, адказаў я. Мяне гэта зусім не турбуе. Ён апошнім часам зрабіўся зусім невыносны.
Але калі мы падышлі да хаціны, то ўбачылі Глана, які ляжаў на посцілцы, заклаўшы рукі за галаву і гледзячы ў неба.
— А вось, дарэчы, і ён, — сказаў я.
Мэгі накіравалася проста да яго, я і стрымаць яе не паспеў, і радасна сказала:
— А я болей не жую, глядзі! Hi пер’я, ні грошыкаў, ні паперы, я больш нічога не жую.
Глан нават не зварухнуўся, ледзь глянуў на яе, і мы з Мэгі рушылі далей. Я ўпікнуў яе, што яна парушыла абяцанне і загаварыла з Гланам, яна адказала, што ёй проста хацелася паставіць яго на месца.
— Добра, пастаў яго на месца, але атрымліваецца, што ты дзеля яго перастала жаваць? — спытаў я.
Яна не адказала. Вось як, нават адказваць не хоча?
— Ну, адкажы ж, гэта дзеля яго?
— He, не, гэта дзеля цябе, — адказала яна нарэшце.
А інакш і быць не магло. Навошта ёй нешта рабіць дзеля Глана?
Увечары Мэгі паабяцала, што прыйдзе да мяне, і прыйшла.
V
Яна прыйшла а дзясятай, я пачуў знадворку яе голас, яна гучна звярталася да дзіцяці, якога трымала за руку. Чаму яна не заходзіць і што гэта за дзіця? Я падглядаю за ёю і здагадваюся, што яна дае некаму сігнал, гаворачы з дзіцем занадта гучна, пасля я заўважаю, што яна цішком глядзіць на гарышча, на акно Глана. Мабыць, ён кіўнуў ёй або рукою махнуў, учуўшы яе голас знадворку. Ва ўсякім разе, мне хапае розуму скеміць, што калі гаворыш з дзіцем, якое стаіць побач, не трэба задзіраць галаву ўгору.
Я ўжо хацеў быў выйсці і прыцягнуць яе за руку, як раптам яна адпусціла дзіця і, пакінуўшы яго на дварэ, зайшла да нас. Пачуліся яе крокі. Нарэшце, з’явілася, зараз я ёй пакажу!
Я чую, як Мэгі ступае па хаціне, мне гэта не трызніцца, яна ўжо зусім блізка. Але замест таго, каб увайсці да мяне, яна караскаецца па прыступках наверх, на гарышча, у Гланаў катух, я чую гэта, чую занадта добра. Я расчыняю дзверы, але Мэгі ўжо наверсе, ляпаюць дзверы і болей нічога не чутно. Гэта было а дзясятай.
Я вяртаюся да сябе ў пакой, дастаю стрэльбу і зараджаю яе, нягледзячы на позні час. Апоўначы падымаюся і падслухоўваю пад Гланавымі дзвярыма, я чую, што Мэгі там, чую, як яна лашчыцца да Глана, і зноў спускаюся ўніз. А першай зноў падымаюся наверх, на гэты раз за дзвярыма ціха. Чакаю паддзвярыма, пакуль яны прачнуцца. Трэцяя гадзіна, чацвёртая, прачнуліся яны толькі а пятай. Ну, вось і добра, падумаў я і ні пра што іншае думаць не мог, толькі пра тое, што яны
прачнуліся і ім дужа добра. Але раптам да мяне знізу, з пакоя гаспадыні, даляцелі шум і валтузня, і я мусіў хутка спусціцца, каб мяне тут не заспелі. Глан і Мэгі прачнуліся, і я мог бы яшчэ шмат чаго падслухаць, але трэба злазіць.
Апынуўшыся ў калідоры, я падумаў: тут яна прайшла, дакранулася рукою да маіх дзвярэй, але дзверы гэтыя не адчыніла, паднялася наверх па прыступках, вунь па тых няшчасных прыступках, па гэтай лесвіцы на чатыры прыступкі.
Мой ложак стаяў неразабраны, але я так і не прылёг, сеў каля акна, не выпускаючы з рук стрэльбы. Маё сэрца не білася, яно быццам замерла.
Праз нейкія паўгадзіны я зноў пачуў крокі Мэгі. Я прыціснуўся да шыбы і бачыў, як яны выходзіць з хаты на двор. На ёй кароценькая баваўняная спаднічка, якая нават каленяў не закрывае, а паверх плячэй — ваўняны шалік, пазычаны ў Dia­na. Болып на ёй нічога няма, дый спаднічка так памялася, што здавалася яшчэ карацейшай. Мэгі крочыла павольна, як заўсёды, а на маё акно нават не азірнулася. Прайшла і знікла за хацінамі.
Праз некаторы час спусціўся Dian з карабінам пад пахаю, поўны рашучасці ісці на паляванне. Ён быў змрочны, ні з кім не вітаўся. Дарэчы, прыбраны, старанна паголены. Як на вяселле, падумаў я.
Я не прымусіў сябе чакаць і пайшоў за ім, ніхто з нас не прамовіў ні слова. Першых дзвюх курак мы разнеслі амаль ушчэнт, бо стралялі з карабінаў, засмажылі пад дрэвам тое, што ад іх засталося, і моўчкі з’елі. Набліжаўся поўдзень.
Гпан крыкнуў:
— Вы ўпэўнены, што зарадзілі сваю стрэльбу? A то раптам трапіцца нешта. Праверце яшчэ раз.
— Правяраў, зараджана, — адказаў я.
Раптам ён на кароткае імгненне знік у хмызняку. Як жа мне карцела яго прыстрэліць, знішчыць, як сабаку! Але не трэба спяшацца, хай паходзіць з гэтымі думкамі, ён зразумеў, што ў мяне ў галаве, a то не пытаў бы, ці ў мяне зараджана. Нават сёння не мог без сваёй пыхі, прыбраўся, надзеў новую кашулю, а гэты выраз твару... Які напышлівы ў яго выраз твару!
Недзе а першай гадзіне ён становіцца перада мною, бледны і злы:
— He, так больш працягвацца не можа! Паглядзіце ж урэшце, ці зарадзілі вы стрэльбу.
— Прыглядайце лепш за сваёй, — адказаў я. Але я добра ведаў, чаму ён так апантана пытаецца ў мяне пра стрэльбу.
I ён зноў пакрочыў далей. Мой адказ так асадзіў яго, што ён панік і заняпаў духам.
Праз некаторы час я падстрэліў голуба і зноў падзарадзіў стрэльбу. Пакуль я набіваўдула, Глан глядзеў на мяне з-за дрэва, хацеўупэўніцца, што я сапраўды зараджаю, і раптам ва ўсё горла як запяе псалом, ды не абы-які, а шлюбны. Так я і думаў: прыбраўся ў найлепшае, псалмы пра шлюб завывае, думае, мабыць, што так ён выглядае больш прывабна. Галосячы свае псалмы, ён шкандыбаў перада мной, апусціўшы голаў. Ён ні на крок не аддаляўся ад дула маёй стрэльбы, пэўна, думаў: ну, вось зараз усё і скончыцца, таму я гэты вясельны псалом і спяваю! Але калі і на гэты раз нічога не адбылося, ён змоўк і павярнуўся да мяне.
— Усё роўна сёння мы нічога не напалюем, — сказаў ён і вінавата ўсміхнуўся, быццам выбачаўся перада мною і хацеў загладзіць сваю віну за спевы на паляванні. Але нават тады ўсмешка яго была прыгожаю, усё нутро яго, здавалася, заліваецца слязамі, вусны дрыжаць, хоць, пэўна, і ў такі адказны момант ён ламаў камедыю.
Я яму не баба, і ён бачыць, што мяне нічым не проймеш, ён разнерваваўся, пабялеў, замітусіўся каля мяне, то з левага боку падступіцца, то з правага, a то спыніцца проста перада мною і стаіць, чакае. Раптам недзе а пятай прагрымеў стрэл, і ў мяне каля левага вуха прасвістала куля. Я падняў галаву: за некалькі крокаў ад мяне нерухома стаяў Глан і пільна на мяне глядзеў, у яго руках дымілася стрэльба. Няўжо ён хацеў мяне застрэліць? Я сказаў:
— Вы схібілі, апошнім часам вы дрэнна страляеце.
Але ён страляў добра і ніколі не хібіў, яму папросту хацелася вывесці мяне з сябе.
— Дык чорт вас вазьмі, адпомсціце мне, — закрычаў ён.
— Прыйдзе час — адпомшчу, — сказаў я і сціснуў зубы.
Стаім мы так і глядзім адзін на аднаго, аж раптам Глан паціскае плячыма і крычыць мне: «Баязлівец». Навошта яму спатрэбілася яшчэ і баязліўцам мяне называць? Я ўскінуў стрэльбу на плячо, прыцэліўся яму проста ў твар і спусціў курок.
Як пасцелеш, так і выспішся...
I цяпер хопіць сям’і Глан расшукваць яго, мяне заўсёды абураюць розныя ідыёцкія паведамленні пра ўзнагароду за звесткі пра чыюсьці смерць. Томас Глан загінуў ад няшчаснага выпадку, у яго трапіла шалёная куля, калі ён паляваў у Індыі. Суд занёс яго імя і дату смерці ў бланк, бланк падшылі да пратакола, а ў пратаколе гэтым напісана, кажу я вам, што ён загінуў, і загінуў ён менавіта ад шалёнай кулі.
Пераклала Лідыя Ёхансэн
Вікторыя
Раман
I
Сын млынара ішоў і думаў. Гэта быў рослы, асмуглы ад сонца і ветру чатырнаццацігадовы хлопец, якога вельмі займала ўсякая ўсячына.
Калі ён вырасце, то будзе вырабляць запалкі. Такое рамяство вабіла сваёй небяспечнасцю: яму б серай параз’ядала пальцы, і ніхто б не наважыўся вітацца з ім за руку. За такі вусцішны занятак сябрукі яго б вельмі паважалі.
Ён даглядаў у лесе птушак. Ён жа ўсіх іх ведаў, ведаў, дзе яны робяць гнёзды, разумеў іх крыкі і адказваў ім, свішчучы на розныя лады. Шмат разоў ён падкормліваў іх шарыкамі, якія катаў з мукі, назграбанай у бацькі на млыне.
Усе гэтыя дрэвы абапал сцяжыны былі яго добрымі знаёмымі. Увесну ён браў з іх сок, а ўзімку быў ім за добрага татачку і абтрасаў з іх снег, каб не патрушчылася галлё. Ды што там, кожны каменьчык на закінутай каменяломні, калі прайсці вышэй, быў яму знаёмы: ён высек на іх розныя літары і значкі і парасстаўляў іх, нібы парафіянаў нейкага святара. Якіх толькі дзівосаў не здаралася ў гэтай старой каменяломні.
Ён сышоў са сцежкі і спусціўся да става. Млын круціўся, аглушальны і натужны грукат стаяў вакол яго. Ён прывык хадзіць тут і ўголас размаўляць з сабою: кожная пырска, здавалася, жыла сваім маленькім лядачым жыццём, а далей, ля заслоны, вада падала проста ўніз і нагадвала бліскучую тканіну, якая вісела і сохла. У ставе ніжэй за вадаспад вадзіліся рыбы, шмат разоў ён закідваў туды вуду.
Калі ён вырасце, то зробіцца нырцом. А чаму не — будзе ныраць у мора з палубы карабля і спускацца ў чужыя царствы і землі, дзе калышуцца дзівосныя лясы, а на самым дне стаіць каралавы палац. I прынцэса махае яму з акенца і мовіць: «Заходзь!»
Раптам ён чуе, што яго гукаюць. Бацька крычыць яму: «Юханэс!»
— Да цябе пасланец з палаца. Пераправіш моладзь на востраў!
Ён прыспешыў хаду. Якая вялікая міласць выпала на долю сына млынара.
Маёнтак сапраўды можна было палічыць за маленькі палац сярод зялёных краявідаў, дзівосны самотны палац. Будынак быў драўляны, пафарбаваны ў белы колер, з безліччу выгнутых акенцаў на сценах і на даху, і калі наязджалі госці, над круглай вежай заўсёды лунаў сцяг. Просты люд так і казаў — «палац». Па адзін бок ад маёнтка ляжала бухта, па іншы цягнуўся густы лес, а ўдалечыні віднелася некалькі невялічкіх сялянскіх паселішчаў.
Юханэс прыстаў да берага і дапамог моладзі падняцца ў лодку. Ён іх ведаў, гэта былі дзеці гаспадара палаца і іхнія сябры з горада. Усе абулі высокія гумовыя боты, на Вікторыі ж былі маленькія чаравічкі, ды і мінула ёй усяго дзесяць гадоў, таму калі яны прычалілі да вострава, яе давялося несці на руках.
— Давай панясу, — прапанаваў Юханэс.
— Я сам! — адказаў Ота, гарадскі хлопец узросту першай камуніі, і ўзяў яе на рукі.