Голад
Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
Юханэс пазіраў, як яе паднялі на высокі бераг. Ён чуў, як яна падзякавала. Пасля Ота загадаў:
— А ты глядзі лодку. Як там яго завуць?
— Юханэс, — адказала Вікторыя. — Добра, няхай глядзіць лодку.
Ён застаўся на беразе. Астатнія рушылі ўглыб вострава з кошыкамі для птушыных яек. Некаторы час ён стаяў і раздумваў: яму вельмі хацелася пайсці з імі, а лодку можна проста выцягнуць на бераг. Хіба цяжка? I зусім не цяжка. Ён схапіўся за лодку і падштурхнуў яе да берага.
Ён чуў смех і вясёлую балбатню маладых людзей, якія сыходзілі ўсё далей. Добра, бывайце. Але яны б маглі і яго з сабою ўзяць. Ён ведаў, дзе знаходзяцца гнёзды, мог паказаць да іх дарогу і ведаў пра дзіўныя, схаваныя ў гарах норы, дзе
жылі драпежныя птушкі са шчаціністымі дзюбамі. Аднойчы яму нават трапіўся гарнастай.
Ён ізноў сцягнуў лодку на ваду і павеславаў да іншага краю вострава. Ён адплыў даволі далёка, калі пачуў крык:
— Плыві адсюль прэч! Птушак пужаеш.
— Я толькі хацеў паказаць вам гарнастая, — адказаў ён. Крыху пачакаў: — А то мы маглі б выкурыць змей з гнязда. У мяне з сабою запалкі.
Яму не адказалі. Ён развярнуў лодку і павеславаў назад. Выцягнуў лодку на бераг.
Калі ён будзе дарослым, то купіць у султана востраў і нікому не дасць да яго прыстаць. Карабель з гарматамі будзе бараніць яго прыбярэжжа. Гаспадару, прыйдуць з дакладам рабы, на рыфы наткнуўся карабель, маладыя людзі гінуць. Няхай гінуць, адкажа ён. Гаспадару, яны просяць ратунку, іх яшчэ можна выратаваць, і з імі жанчына ў белым. Выратаваць, скамандуе ён грымучым голасам. I вось пасля столькіх гадоў перад яго вачыма зноў дзеці гаспадара маёнтка, і Вікторыя падае да яго ног і дзякуе за выратаванне. Няма чаго дзякаваць, гэта быў мой абавязак, адказвае ён, хадзіце па маіх уладаннях свабодна. I перад гасцямі расчыняюцца дзверы палаца, і ім падносяць залатыя талеркі, і трыста чарнаскурых рабынь спяваюць і танчаць перад імі цэлую ноч. А калі гаспадарскія дзеці мусяць вяртацца дадому, Вікторыя не хоча ехаць з імі, яна падае ніцма перад ім і галосіць, кажа, што яна яго кахае. Дазвольце мне застацца, не ганіце прэч, гаспадару, зрабіце мяне адной з вашых рабыняў...
Ён раптам бяжыць углыб вострава. А як жа, трэба ратаваць гаспадарскіх дзяцей. Хто ведае, можа, яны недзе заблукалі? Можа, Вікторыю зашчаміла паміж двума камянямі, і яна не здолее выбрацца? Яму варта толькі падаць ёй руку — і ён яе вызваліць.
Убачыўшы яго, дзеці вельмі здзівіліся. Ён што, пакінуў лодку?
— Я наказаў табе глядзець за лодкай, — сказаў Ота.
— Паказаць вам, дзе маліны? — спытаў Юханэс.
Цішыня. Раптам Вікторыя спытала:
— Няўжо тут ёсць маліны? А дзе?
Але гарадскі хлопец хутка знайшоўся і сказаў:
— Нам цяпер не да малін.
Юханэс сказаў:
— Я ведаю таксама, дзе можна назбіраць ракавінак.
Зноў цішыня.
— А перліны ў іх ёсць? — спытаў Ота.
— Уявіць толькі, а калі там і праўда перліны! — сказала Вікторыя.
Юханэс адказаў, што не ведае, ці ёсць там перліны, але ракавінкі ляжаць далей у моры на белым пяску. Па іх трэба плысці на лодцы і ныраць.
3 задумы пасмяяліся, і Ота сказаў:
— 3 цябе ўжо нырэц дык нырэц.
Юханэсу зрабілася цяжка дыхаць.
— Калі вы хочаце, я падымуся на гару і скіну вялізны камень у мора, — сказаў ён.
— Навошта?
— Проста так. Каб вы паглядзелі.
Гэтую прапанову таксама адхілілі, і Юханэс, прысаромлены, больш нічога не казаў. Ён адпаравіўся шукаць птушыныя яйкі далей ад усіх, на іншы бок вострава.
Калі ўсе зноў сабраліся ўнізе ля лодкі, выявілася, што ў Юханэса нашмат болып яек, чым у іншых. Ён асцярожна трымаў іх у шапцы.
— I дзе гэта ты назбіраў столькі яек? — спытаў гарадскі.
— Я ведаю, дзе гнёзды, — адказаў шчаслівы Юханэс. — Я пакладу іх у твой кошык, Вікторыя.
— He смей! — закрычаў Ота. — Гэта яшчэ навошта?
Усе глянулі на яго. Ота паказаў на шапку і спытаў:
— Хто мне гарантуе, што яна чыстая?
Юханэс маўчаў. Яго шчасце скончылася. Ён пайшоў з яйкамі назад.
— Што з ім? Куды ён пайшоў? — нецярпліва спытаў Ота.
— Куды ты, Юханэс? — крыкнула Вікторыя і пабегла следам.
Ён спыніўся і ціхенька прамовіў:
— Пакласці яйкі назад у гнёзды.
Некаторы час яны глядзелі адно на аднаго.
— А ўвечары я іду ў каменяломню, — сказаў Юханэс.
Яна не адказала.
— Я мог бы паказаць табе пячору.
— Але я баюся пячоры, — адказала яна. — Ты сказаў, што там цёмна.
Тады Юханэс, нягледзячы на сваё вялікае засмучэнне, усміхнуўся і бадзёра сказаў:
— Цёмна, але ж я з табою.
Ён з самага дзяцінства любіў гуляць у старой каменяломні. Людзі чулі, як ён там нешта майструе і гаворыць сам з сабою; іншым разам ён уяўляў сябе святаром і правіў імшу.
Месца тое было даўно закінутае, каменне парасло мохам, і ўсе сляды ад бура і кіркі амаль прапалі. Але ў глыбіні гэтай патаемнай пячоры сын млынара прыбраўся, усё адмыслова аздобіў і гаспадарыў там, нібы верхавод самай адважнай у свеце банды разбойнікаў.
Ён звоніць у срэбны званочак. Убягае маленькі чалавечак, карлік з дыяментавай шпількай на шапцы. Гэта слуга. Ён нізка кланяецца. «Калі прынцэса Вікторыя прыбудзе, неадкладна прасіяе!» — загадвае Юханэс гучным голасам. Карлік зноў нізка кланяецца і знікае. Юханэс лена пацягваецца на мяккай канапе і думае. Вунь туды ён яе правядзе, і пасадзіць, і паднясе ёй далікатныя стравы на срэбным і залатым посудзе; пячору будзе асвятляць жывое полымя; за полагам з залатой парчы ў самых глыбінях пячоры ёй пасцелюць ложак, і дванаццаць рыцараў будуць стаяць ля яе на варце...
Юханэс падымаецца, паўзе з пячоры і прыслухоўваецца. Ніжэй па сцежцы зашамацела галлё і лісце.
— Вікторыя! — гукае ён.
— Я тут, — адказвае яна.
Ён выходзіць ёй насустрач.
— Мне страшна, — гаворыць яна.
Ён паціскае плячыма і адказвае:
— Я толькі што там быў. Я цяпер адтуль.
Яны ідуць у пячору. Ён паказвае ёй на камень — прысесці — і гаворыць:
— На гэтым камені сядзеў волат.
— Аёй, больш ні слова, не расказвай мне пра гэта! А табе было не страшна?
— He.
— Ты гаварыў, што ў яго толькі адно вока, а гэта ў троля адно вока.
Юханэс задумаўся.
— У яго было два вокі, але на адно ён аслеп. Ён мне сам казаў.
— А што яшчэ ён табе казаў? Але не — не гавары!
— Ён спытаў, ці я хачу яму служыць.
—Але ж ты, напэўна, не захацеў? Барані цябе Божа ад такога.
— Я не адмовіўся. He наадрэз.
— Ты мо здурнеў! Ты што, хочаш, каб цябе зацягнулі ў глыбіню гары?
— Ды не ведаю я. На зямлі ж таксама не салодка.
Паўза.
— Як гэтыя гарадскія панаехалі, ты ад іх не адыходзіш, — гаворыць ён.
Зноў паўза.
Юханэс не сунімаецца:
— Але ж я мацнейшы за ўсіх іх, я магу падняць цябе і панесці з лодкі. Я ўпэўнены, што пратрымаў бы цябе на руках цэлую гадзіну. Глядзі.
Ён узяўяе на рукі. Яна абхапіла яго за шыю.
— Годзе, адпусці, a то табе цяжка.
Ён ізноў апусціў яе на зямлю. Яна сказала:
— Але Ота таксама моцны. Ён нават з дарослымі біўся.
Юханэс не верыць і перапытвае:
— 3 дарослымі?
— Так, з дарослымі. У горадзе.
Паўза. Юханэсдумае.
— Так-так, хопіць пра гэта, — гаворыць ён. — Я ведаю, што я зраблю.
— I што ты зробіш?
— Наймуся да волата.
— He, ты здурнеў, чуеш! — крычыць Вікторыя.
— Ат, цяпер усё роўна. Пайду і наймуся.
Вікторыя думае, як знайсці выйсце.
— Але калі твой волат больш не прыйдзе?
Юханэс адказвае:
— Прыйдзе.
— Сюды? — адразу ж перапытвае яна.
— Так.
Вікторыя падымаецца і накіроўваецца да выхаду.
— Хадзем адсюль.
— А куды спяшацца? — кажа Юханэс, які і сам спалатнеў. — Ён прыйдзе не раней за ноч. Акурат апоўначы.
Вікторыя спакайнее і зноў сядае на сваё месца. Але Юханэсу цяжка ўправіцца з тым пярэпалахам, які ён сам і ўчыніў, яму робіцца вусцішна, і ён гаворыць:
— Калі табе карціць ісці, то ў мяне на дварэ ёсць камень з тваім імем. Я магу табе паказаць.
Яны вылазяць з пячоры і ідуць да каменя. Вікторыю перапаўняе гонар і радасць. Юханэс расчуліўся ледзь не да слёз і гаворыць:
— Калі ты паглядзіш на яго, то ўспомніш мяне, калі мяне не будзе. Згадаеш добрым словам.
— Так, — адказвае Вікторыя. — Але ж ты некалі вернешся?
— Гэта аднаму Богу вядома. Мо і не вярнуся.
Яны паціху ідуць дадому. Юханэс ледзь не плача.
— Ну, бывай, — гаворыць Вікторыя.
— He, я правяду цябе яшчэ крыху.
Тое, што яна так неміласэрна можа з ім развітацца — і чым хутчэй, тым лепш, — распаляе злосць у яго абражанай душы. Ён раптам спыняецца і адкрыта абураецца:
— Але што я хачу табе сказаць, Вікторыя. Ніхто пра цябе так, як я, болып клапаціцца не будзе. Гэта ўсё, што я хацеў табе сказаць.
— Але Ота таксама пра мяне клапоціцца, — пярэчыць яна.
— А як жа! — абураецца ён.
Некаторы час яны крочаць моўчкі.
— А ў мяне ўсё будзе цудоўна. Ты не бойся. Бо ты ж яшчэ не ведаеш, што мне абяцалі ўзнагароду.
— I якую табе абяцалі ўзнагароду?
— Паўцарства. I гэта яшчэ не ўсё.
— Падумаць толькі, ажно паўцарства!
— А яшчэ прынцэсу.
Вікторыя спынілася.
— Гэта, мусіць, няпраўда!
— Праўда, — сказаў ён.
Паўза. Вікторыя кажа:
— А вось цікава, як яна выглядае?
— О, Бог з табою, яна прыгажэйшая за усіх людзей на зямлі. A то ты не ведала?
Вікторыя ўражаная.
— Можа, ты з ёю яшчэ і ажэнішся? — пытаецца яна.
— Так, — адказвае ён, — напэўна, ажанюся. — I ўсё ж, калі Вікторыя напраўду засмучаецца, ён дадае: — Але аднойчы я, можа стацца, вярнуся. Прыйду, пагляджу, што тут і як на зямлі.
— Але тады не бяры яе з сабою, — просіць Вікторыя. — Навошта яна табе тут?
— Я магу вярнуцца і сам.
— Ты мне гэта абяцаеш?
— Так, гэта я табе абяцаю. Але навошта столькі клопату? Мне твайго клопату не трэба.
— He гавары так, чуеш, — адказвае Вікторыя. — Я ўпэўнена, што яна не будзе цябе так моцна любіць, як я.
Яго маладое сэрца закалацілася ад стоенай радасці. Ён мог бы праваліцца скрозь зямлю, так радасна і няёмка яму зрабілася ад яе слоў. Ён не адважыўся глянуць на яе, толькі адвёў вочы ўбок. Падняў з зямлі галінку, абадраў з яе кару і пачаў сцябаць па далоні. Нарэшце засвістаў ад хвалявання.
— Ну, пайду мо дадому, — гаворыць ён.
— Ну, бывай, — адказвае яна і падае яму руку.
II
Сын млынара з’ехаў. З’ехаў надоўга, хадзіў у школу і многа вучыўся, пасталеў, зрабіўся вялікім і моцным, і над верхняй губою ў яго з’явіўся пушок. Да горада дарога няблізкая, наездзіцца туды-сюды дадому было дорага, ашчадны млынар трымаў сына ў горадзе зімою і летам шмат гадоў запар. Той увесь час чытаў.