Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Ён сядзеў і ад радасці ўвесь час смяяўся. Ну вось яна і пабачыла, як ён справіўся, як учыніў геройства, яна глядзела на яго з гонарам, калі ён выплыў з тапеліцай у зубах. Вікторыя, Вікторыя! Калі б толькі яна ведала, што кожную хвіліну свайго жыцця ён цалкам належаў ёй! Яму хацелася быць яе служкаю, яе рабом і расчышчаць яе шлях. I цалаваць яе малюсенькія чаравічкі, і ўпрэгчыся ўяе каляску, і падкідаць паленца ўяе печ сцюдзёнай парою. У печ ён бы падкладаў адно залатыя паленцы, Вікторыя!
Ён азірнуўся. Ніхто яго не чуў, ён быў адзін. Дарагі гадзіннік ён трымаў у руцэ, той цікаў, той ішоў.
Дзякую, дзякую за гэты цудоўны дзень! Ён паляпаў рукою па моху на каменні і сухіх галінках. Вікторыя яму не ўсміхнулася — не дык не, гэта не ў яе звычцы. Яна адно стаяла на прыстані, шчокі яе злёгку ірдзеліся. Можа, ёй хацелася, каб ён аддаў ёй гадзіннік?
Сонца пакрысе заходзіла, і цяплынь спадала. Ён адчуў, што на ім мокрае адзенне. I пабег дадому, лёгкі, нібы пёрка.
У маёнтку ладзілі летні прыём, паназ’язджалася гарадскіх, былі танцы і музыкі. I цэлы тыдзень па-над круглаю вежаю ўдзень і ўночы лунаў сцяг.
Быў час звозіць сена ў маёнтак, але ўсе коні занятыя шчаслівымі гасцямі, сена так і ляжыць на полі. Месцамі лугі яшчэ не пакошаныя, але найміты возяць каляскі або сядзяць на вёслах — і трава пакрысе палегла.
А ў жоўтай зале не змаўкала музыка...
У такія дні стары млынар спыняў жорны і зачыняў млын. Жыццё навучыла: бывала, вясёлыя гараджане прыйдуць гур-
там на млын і забаўляюцца мяхамі з жытам. Па начах цёпла і светла, а таму свавольстваў чынілася аж занадта. Заможны камергер неяк па маладосці прынёс на млын у ночвах мурашнік. Цяпер камергер пастарэў, але Ота, ягоны сын, яшчэ наведваўся ў маёнтак і выдумляў дзівацкія пацехі. Пра яго шмат чаго можна было пачуць...
Па лесе разносіўся стук капытоў і крыкі. To маладыя госці гойсалі верхам, коні з маёнтка замыліліся і ашалелі. Вершнікі наблізіліся да хаты млынара, пачалі ляскаць пугамі і хацелі было заехаць у хату. Хаця дзверы былі вельмі нізкія, ім усё роўна карцела заехаць у хату на конях.
— Добры дзень, добры дзень. Мы да вас у госці.
Млынар прыкра ўсміхаўся з тае пацехі.
Яны спешыліся, прывязалі коней і адпусцілі жорны.
— Латак пусты! — закрычаў млынар. — Вы ж паломіце жорны!
Але ў аглушальным шуме ніхто нічога не чуў.
— Юханэс! — на ўсе грудзі гукнуў млынар у бок каменяломні.
Прыбег Юханэс.
— Яны мне жорны патрушчаць, — крычаў бацька і паказваў на млын.
Юханэс, не спяшаючыся, рушыў да гарадскіх. Ён бьгў вельмі бледны, жылы на скронях набраклі. Ён пазнаў Ота, камергерава сына, апранутага ў кадэцкую форму; з ім былі яшчэ двое. Адзін з іх усміхнуўся і павітаўся — не хацеў нікога ўгнявіць.
Юханэс не крычаў, не махаў рукамі, ён папросту ішоў наперад. Вось спыніўся акурат насупраць Ота. Раптам бачыць, як з боку лесу імчаць дзве вершніцы, адна з іх — Вікторыя. Яна апранутая ў зялёны строй для верхавой язды і скача на белай кабыліцы з маёнткавай стайні. 3 каня не злазіць, а сядзіць і азірае ўсіх запытлівым поглядам.
Тады Юханэс адыходзіць убок, падымаецца да става і адкрывае заслону; грукат пакрысе цішэе, млын спыняецца.
Ота крычыць:
— He, няхай круціцца. Навошта ты яго спыняеш? Няхай круціцца, кажу.
— Гэта ты ігусціў млын? — спытала Вікторыя.
— Так, — адказаў ён, смеючыся. — А навошта яму стаяць? Чаму ён не круціцца?
— А таму што ён пусты, — адказаў Юханэс, задыхаючыся, і паглядзеў на Ота. — Вам гэта зразумела? Жорны пустыя.
— Млын жа пусты, чуеш? — паўтарыла Вікторыя.
— А адкуль мне пра тое ведаць? — спытаў Ота і засмяяўся. — А чаму ён пусты, пусты чаму, я пытаюся? Хіба там не было збожжа?
— На каня! — перапыніўяго адзін з таварышаў, каб скончыць спрэчку.
Яны расселіся па конях. Адзін з іх папрасіў у Юханэса прабачэння перад тым, як паскакаць прэч.
Вікторыя была апошняй. Праскакаўшы крыху, яна павярнула каня і пусцілася назад.
— Калі ласка, прасіце за нас у вашага бацькі прабачэння, — сказала яна.
— Лепей, каб кадэт сам папрасіў, — адказаў Юханэс.
— Так, так, канечне, але... У яго галаве адны свавольствы... Я вас так даўно не бачыла, Юханэс.
Ён падняў на яе вочы, не разумеючы, ці правільна ён пачуў. Няўжо яна забыла апошнюю нядзелю, яго вялікі дзень!
Ён адказаў:
— Я вас бачыў на прыстані ў нядзелю.
— Вось як, — хутка адказала яна. — Падумаць толькі, як добра, што вы дапамаглі штурману ў пошуках. Вы ж з ім знайшлі дзяўчынку?
Абражаны, ён коратка адказаў:
— Так. Мы знайшлі дзяўчынку.
— Ці гэта, — яна нібы раптам нешта ўспомніла, — ці гэта вы яе самі знайшлі... Вось жа, якая розніца. Так, так, спадзяюся, вы папросіце вашага бацькудараваць нам. Дабранач.
Яна кіўнула яму, усміхнулася, падабрала лейцы і паскакала прэч.
Калі Вікторыя знікла, Юханэс, раззлаваны і неспакойны, выправіўся ў лес. Там ён знайшоў Вікторыю, якая самотна стаяла каля дрэва. Схіліўшыся да камля, яна ўсхліпвала.
Можа, упала? Можа, ударылася?
Ён падышоў да яе і запытаўся:
— Што з вамі?
Яна зрабіла крок наперад, працягнула да яго рукі і паглядзела заплаканымі вачыма. Пасля спынілася, апусціла рукі і адказала:
— Са мной нічога, я злезла з каня і адпусціла яго, каб бег наперад... Юханэс, ніколі больш не глядзіце на мяне так. Вы стаялі ля става і глядзелі на мяне. Што вам трэба?
Ён прамармытаў:
— Што мне трэба? Я не разумею...
— Якое ў вас запясце, — сказала яна і раптам паклала сваю далонь на ягоную. — Якое ў вас шырокае запясце. I які вы цёмны скурай, нібы арэх...
Ён сцепануўся, хацеў быў схапіць яе за руку. Але яна падабрала сваю сукенку і сказала:
— He, са мной нічога. Мне папросту хацелася прайсціся дадому пешкі. Дабранач.
III
Юханэс зноў з’ехаў у горад. Міналі дні і гады, доўгі неспакойны час за працаю і мроямі, заняткамі і вершамі. Юханэс рабіў поспехі, ён удала склаў верш пра Эстэр, «іўдзейскую дзяўчыну, якая зрабілася царыцаю персіян», які надрукавалі і за які заплацілі. Іншы верш, «Нетры кахання», напісаны ад імені манаха Вэнта, прынёс яму вядомасць.
А што такое каханне? Ветрык, які авявае ружы, не — планктон у крыві. Каханне — гэта пякельная мелодыя, якая нават сэрцы старых вымушае танчыць. Гэта нібы стакротка, якая распускае свае пялёсткі толькі насустрач ночы, і гэта нібы кураслеп, які завяне ад аднаго толькі подыху, а ад дотыку ўжо і памрэ.
Так і каханне.
Яно здольнае зруйнаваць чалавека, аднавіць яго і зноў апаліць; яно здольнае прылашчыць мяне сёння, цябе — заўтра ўранку, а іншага — заўтра ўночы, бо такое яно мінучае. Але яно таксама ў змозе трываць, нібы невыгойнае таўро, і нязгасна палымнець аж да самай смерці, бо такое яно жывучае. Дык якое яно, каханне?
О, каханне — гэта летняя ноч, асветленая зорамі на небе і ахінутая водарам зямлі. Але чаму яно вымушае маладога ісці патаемнымі шляхамі і чаму яно падымае старога на ногі ў яго самотнай хаціне? Ах, каханне робіць з чалавечага сэрца грыбны сад, шчодры і бессаромны сад, дзе растуць чароўныя і дзёрзкія грыбы.
Ці не яно вымушае чарняца красціся поначы па зачыненых садах і падглядаць у вокны за людзьмі, якія спяць? Ці не яно зводзіць чарніцу з тропу і запамарочвае розум прынцэсы? Яно схіляе голаў караля долу, аж яго валасы замятаюць дарожны пыл, і ад яго ён шапоча сарамотныя словы, і смяецца, і высалапляе язык.
Такое яно, каханне.
He, не, яно зусім іншае, ні на што астатняе ў свеце не падобнае. Яно сыходзіць поначы ўвесну на зямлю, калі юнаку бачацца два вокі, два вокі. Ён утаропліваецца, ён глядзіць. Ён цалуе вусны, і ў ягоным сэрцы нібы сустракаюцца два прамяні: зорка і сонца, якое ззяе ёй насустрач. Ён падае ў абдымкі, і больш анічога ў свеце не чуе і не бачыць.
Каханне — гэта першае слова Бога, першая думка, якая працяла ягоны розум. Калі ён сказаў: «Хай будзе святло!» — сталася каханне. I ўсё, што ён стварыў, было вельмі добра, і ён анічога не хацеў з таго перайначыць. I зрабілася каханне пачаткам свету і свету ўладаром, але ўсе ягоныя шляхі поўняцца кветкамі і крывёю, кветкамі і крывёю.
Стаяў вераснёвы дзень.
Гэтая глухая вуліца была ягоным заўсёдным месцам для шпацыру, ён праходжваўся па ёй, нібы па сваім пакоі, бо ніколі ніхто з чужых яму тут не трапляўся, а паабапал яе цягнуліся сады з дрэвамі, убранымі чырвоным і залатым лісцем.
Адкуль узялася тут Вікторыя? Як яе шлях завярнуў сюды? Ён не памыліўся, і ўчора ўвечары са свайго акна ён таксама бачыў, як яна там ішла.
Сэрца ягонае закалацілася. Ён ведаў, што Вікторыя была ў горадзе, прынамсі, так ён чуў, але яна круцілася ў такіх колах, куды сыну млынара не было ходу. 3 Дытлефам ён таксама не асабліва знаўся.
Ён схамянуўся і рушыў насустрач даме. Пазнала яна яго ці не? Сур’ёзная і задуменная, яна ішла сваёю дарогай, ганарліва трымаючы галаву на стройнай шыі.
Ён павітаўся.
— Добры дзень, — павольна адказала яна.
He падобна было, што яна думала спыняцца, таму ён моўчкі мінуў яе і пайшоў, зніякавеўшы, далей. Там, дзе вулічка заканчвалася, ён павярнуў назад, як рабіў звычайна. Я буду глядзець убок, а не на яе, думаў ён. Толькі зрабіўшы нейкія два дзясяткі крокаў, ён падняў на яе вочы.
Яна спынілася каля вітрыны.
Мо пайсці прэч, нырнуць на іншую вуліцу? Што яна там выглядае? Вітрына была бедная — невялічкае акенца лаўкі, у якім грувасціліся брускі чырвонага мыла, крупы ў слоіках і некалькі пагашаных марак на продаж.
Ён, мусіць, зробіць яшчэ нейкія дзесяткі два крокаў і паверне назад.
Раптам яна падняла на яго вочы і пайіпла насустрач. Ішла шпарка, нібы на нешта наважыўшыся, і калі пачала гаварыць, адчулася, што ёй цяжка дыхаць. Яна нервова ўсміхалася.
— Добры дзень. Дзіўна неяк, што я вас сустрэла.
Аднаму Богу вядома, што сталася з яго сэрцам: яно не білася, яно дрыжэла. Ён хацеў нешта вымавіць, але ў яго не атрымалася, толькі вусны варухнуліся. Прыемны водар ішоў ад яе адзення, ад яе жоўтай сукенкі, а можа, ад яе твару. У той момант ён яшчэ добра не разгледзеў яе, толькі пазнаў тонкія плечы і доўгую вузкую руку, у якой быў парасон. Яе правая рука. А на руцэ — пярсцёнак.
Спярша ён зусім не звярнуў на гэта ўвагі, і ніякага адчування няшчасця ў яго не ўзнікла. Адно рука яе падавалася неверагодна прыгожаю.
— Я ўжо цэлы тыдзень у горадзе, — паведаміла яна, — а вас яшчэ не сустракала. He, я аднойчы бачыла вас на вуліцы — нехта сказаў, што гэта былі вы. Вы зрабіліся такім дужым.