Голад  Кнут Гамсун

Голад

Кнут Гамсун
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 364с.
Мінск 2017
97.03 МБ
Пёры вашамосці...
Кора, ляжы ціха, чуеш, паспрабуй толькі зрушыцца з месца, і я адлупцую цябе так, што месца жывога не застанецца! Ну і спёка, невыносная спёка, і трэба ж дадумацца пазачыняць вокны! Вокны зноў насцеж, дзверы насцеж, заходзьце, не мінайце, вясёлыя госці! Гэй, ты, пасланец, перадай усяму гораду, каб прыходзілі...
Праходзіць дзень, а час не рухаецца з месца.
Напісаў я ўсё гэта толькі сабе на забаву, павесяліўся, колькі хацеў. Ніякі смутак мяне не гняце, мяне папросту некуды цягне, куды — не ведаю, але далёка адсюль, мабыць, у Афрыку ці ў Індыю. Бо маё месца сярод лясоў і адзіноты.
Смерць Глана
Запіскі 1861 года
I
Колькі б сям’я Глана ні давала паведамленняў у газеты пра пошукі зніклага лейтэнанта Томаса Глана, назад ён ніколі не вернецца. Ён загінуў, і я нават ведаю, як.
Але нават калі я нарэшце і раскажу пра гэта, яго сям’я наўрад ці спыніць пошукі, і мяне гэта ніколькі не здзівіць, бо Томас Глан быў чалавекам незвычайным і ва ўсіх адносінах прыемным. Я прызнаюся ў гэтым дзеля справядлівасці і не зважаючы на тое, што асабіста для мяне Глан быў ворагам, і ўспаміны пра яго нічога, акрамя нянавісці, ува мне не абуджаюць. Выглядаў ён высакародна, маладжава і прывабна. Калі ён глядзеў на людзей сваімі палымянымі звярынымі вачыма, людзі адчувалі яго ўладу над сабою, нават я. Адна дама, расказваюць, неяк абуралася: «Калі ён на мяне глядзіць, я бянтэжуся, яго позірк такі жывы, што быццам варушыцца каля мяне».
Але ў Томаса Глана былі і свае заганы, і я не маю намеру іх утойваць, бо я яго ненавіджу. Часам ён мог быць дужа прастадушным, як дзіця, і лагодным — мабыць, праз гэта жанчыны так да яго цягнуліся, але тое ведае адзін Бог. Глан мог балбатаць з жанчынамі пра розную бязглуздзіцу і смяяцца з іх дурной балбатні, тым ён іх і ўражваў. Неяк ён сказаў пра аднаго мажнога чалавека, быццам той перасоўваецца, напхаўшы сабе ў штаны тлушчу, і тут жа сам пасмяяўся са сваёй дасціпнасці, хоць я б на яго месцы пасаромеўся. Пазней, калі нам давялося засяліцца ў адну хату, ён зноў паказаў сваю дзяціннасць:
аднойчы ўранку да мяне зайшла гаспадыня і спытала, што падаць на снеданне, ну, я і выпаліў, не падумаўшы, — «яйку і лусту хлеба». Томас Глан якраз сядзеў у маім пакоі — ён пасяліўся на гарышчы, пад самым дахам, — і раптам як засмяецца з маёй агаворкі і як пачне мяне па-ўсякаму дражніць. «Яйку і лусту хлеба», — не сунімаючыся, паўтараў ён, аж пакуль я так здзіўлена на яго не глянуў і не папрасіў спыніць свае кпіны.
Можа стацца, што пазней я ўспомню пра яго заганы больш і тады абавязкова ўсё запішу, прычым зраблю гэта бязлітасна, бо ён па-ранейшаму мой вораг. Навошта мне з ім высакароднічаць? Але мушу заўважыць, што языком ён мянціў, толькі калі быў пад мухай. А хіба п’янства не вялікая загана?
Калі я сустрэўся з ім ўвосень 1859 года, яму было трыццаць два — мой аднагодак. У той час ён насіў шырокую бараду і ваўняныя кашулі з адкрытай да непрыстойнага шыяй — здаралася, ён наўмысна не зашпільваў верхні гузік. Яго шыя спачатку здавалася мне неверагодна прыгожай, але пакрысе, калі мы рабіліся заклятымі ворагамі, я пачаў разумець, што шыя ў яго не прыгажэйшая за маю, толькі я сваю напаказ не выстаўляю. Упершыню мы сустрэліся на рачной пераправе, я ехаў на паляванне туды ж, куды і ён, і неўзабаве мы вырашылі наняць разам запрэжаны валамі воз, бо чыгункаю туды не дабрацца. Я спецыяльна не называю тых мясцін, куды мы ехалі, каб ніхто не напаў на наш след, але сям’я Глан можа спыніць пошукі праз газеты, бо ён памёр акурат у тых мясцінах, куды мы ехалі і якія я не хацеў бы выдаваць.
Абмоўлюся, аднак, што яшчэ да сустрэчы з Томасам Гланам я чуў пра яго, так што прынамсі імя было мне знаёмае. Я чуў, што ў яго была сувязь з адной маладой паўночніцай са знатнай сям’і, што пазней ён неяк яе скампраментаваў і ўласна праз тое яна з ім і парвала. Яму хапіла дурасці паклясціся ёй за гэта адпомсціць, маладая ж асоба помсце і не думала замінаць: калі яму так хочацца, то ёй усё адно. 3 тае пары імя Томаса Глана зрабілася вядомым, ён гуляў, шалеў, п’янстваваў, скандаліў з усімі запар, нават выйшаў у адстаўку, пакінуў вайсковую службу. Ну і дзіўны спосаб адпомсціць за тое, што табе далі гарбуза!
Пра яго стасункі з гэтай маладой асобай расказвалі і іншае, ён быццам нікога не кампраментаваў, простаяе сям’я выставіла яго за дзверы, яна сама з гэтым дапамагла, бо да яе пасватаўся адзін шведскі граф, імя якога я не буду тут называць. Але гэтым чуткам я давяраць не збіраюся і прытрымліваюся іншай версіі, бо ненавіджу Томаса Глана і веру, што ён быў здольны на найгоршае. Але што там насамрэч здарылася, ён сам ніколі не расказваў—ні слова пра сувязь з высокапастаўленай дамай, хоць я ніколі і не распытваў. Што мне да гэтага ўсяго?
На пераправе мы, помніцца, гаварылі пра адно маленькае селішча, куды мы ехалі і дзе ніхто з нас раней не бываў.
— Там павінен быць гатэль, — сказаў Глан, разглядаючы карту. — Калі нам пашанцуе, мы можам спыніцца там; старая гаспадыня, як мне расказвалі, напалову англічанка. Правадыр жыве ў суседнім мястэчку, кажуць, ён мнагажэнец, некаторым жонкам усяго дзесяць гадоў.
Hi пра нейкага там правадыра, у якога багата жонак, ні пра гатэль я нічога не ведаў, таму і маўчаў, а Глан усміхаўся, і мне яшчэ падалося тады, што ў яго прыгожая ўсмешка.
Забыў, дарэчы, сказаць, што яго ніяк нельга было назваць бездакорна прыгожым, нават нягледзячы на яго высакародны выгляд. Ён сам расказваў, што на левай назе ў яго старое кулявое раненне, якое дужа яго даймала, калі змянялася надвор’е.
II
Праз тыдзень мы ўладкаваліся ў вялікай хаціне, якая называлася гатэлем, у старой гаспадыні, напалову англічанкі. Які гэта быў гатэль! Сцены гліняныя, з драўлянымі планкамі, а ў планках поўна тэрмітаў, ад якіх няма спасу. Я жыў у пакоі каля залы з зеленаватым акном, якое выходзіла на вуліцу, але было такое мутнае, што праз яго амаль нічога не было відаць, а Глан выбраў сабе маленькі катушок на гарышчы, таксама з адным акном на вуліцу, але ў тым катушку было нашмат цясней і цямней. Сонца так награвала саламяную страху, што ў яго пакоі ўдзень і ўночы стаяла невыносная спякота, акрамя таго, лесвіцы наверх
не было, а толькі разваленыя драбіны на чатыры прыступкі. Што я мог зрабіць? Я прапанаваў Глану выбраць:
— Тут два пакоі, адзін унізе, другі наверсе, выбірайце!
I Глан, агледзеўшы абодва, выбраў верхні, мусіць, каб лепшы пакінуць мне; але і я ў сваю чаргу ад душы яму падзякаваў. Я яму нічога не вінны.
Пакуль не сышла найгоршая спёка, на паляванне мы не хадзілі, а спакойна сядзелі каля хаціны, бо спёка і сапраўды была невыносная. Мы спалі, павесіўшы над ляжанкамі маскітную сетку, каб не так даймала машкара, але здаралася, што ў сетцы заблытваўся нейкі падслепаваты кажан і, намагаючыся вызваліцца, раздзіраў яе ўшчэнт; з Гланам такое здаралася часта, бо ўночы ён расчыняў акно, каб неяк уратавацца ад гарачыні, мне ж шанцавала. Удзень мы ляжалі на посцілках каля нашай хаты, курылі і назіралі за жыццём вакол. Тутэйшыя жыхары былі цемнаскурыя, з тоўстымі губамі, ва ўсіх — колцы ў вушах і безжыццёвыя карыя вочы; ніякага амаль адзення на іх не было, адно баваўняная павязка або пляцёнка з лісця на сцёгнах, а ў жанчын — кароткая баваўняная спаднічка. Дзеці голыя і ўдзень, і ўночы, ва ўсіх выпіраюць вялізныя і круглыя, бліскучыя ад алею жываты.
— Жанчыны тут занадта тоўстыя, — сказаў Глан.
Я таксама лічыў, што жанчыны там занадта тоўстыя, і пэўна, першы пра гэта падумаў не Глан, а я, але яго першынства я аспрэчваць не збіраюся. Дарэчы, не ўсе жанчыны былі гідкія, хоць твары ў іх тлустыя і азызлыя; аднойчы ў селішчы я сустрэў дзяўчынку, маладзенькую напаўтамілачку, доўгавалосую, белазубую, прыгажэйшую за ўсіх. Я ўбачыў яе аднойчы ўвечары каля рысавага поля, яна ляжала на жываце ў высокай траве і махала нагамі. Мы з ёю знайшлі паразуменне і разумеліся столькі, колькі мне хацелася, разышліся ж толькі наступнай раніцай, і яна не адразу пайшла дадому, а зрабіла выгляд, што вяртаецца з суседняга селішча, у якім і начавала. У той вечар Глан сядзеў каля хаткі разам з дзвюма надта маладзенькімі дзяўчаткамі, ім, мусіць, было не болып за дзесяць гадоў. Ён сядзеў з імі і піў рысавае пітво — такі ўжо ў яго густ.
Праз дні два мы выправіліся на паляванне. Ішлі праз чайныя і рысавыя палі, праз зараснік травы, пакідаючы за спінаю селішчы, прабіраліся берагам ракі — і апынуліся ў лесе; вакол нас—дзіўныя, незнаёмыя расліны: бамбук, манга, тамарынды, цікі, саляныя дрэвы, расліны, багатыя на каўчук і алей, і яшчэ Бог ведае якія, некаторыя з іх мы ніколі ў вочы не бачылі. Вады ў рацэ было небагата, яе не прыбудзе аж да сезону дажджоў. Мы напалявалі дзікіх галубоў і курак, пад вечар нам сустрэліся дзве пантэры, а па-над нашымі галовамі ляталі папугаі. Глан страляў неверагодна трапна, ніколі не хібіў, але і стрэльба ў яго была лепшая за маю, я таксама некалькі разоў пацэліў надзвычай трапна. Я ніколі не хваліўся, а вось Глан часта прыгаворваў: гэтага я паказычу за вухам, а таму падсмалю хвост, прычым прыгаворваў яшчэ да стрэлу, а калі птушка падала, аказвалася, што ён трапіў ёй менавіта ў хвост або ў галаву. Калі мы натрапілі на дзвюх пантэр, Глану абавязкова захацелася заваліць са сваёй стрэльбы і іх, але я адгаварыў яго, бо пачынала цямнець і ў нас засталіся толькі два патроны. Яму і тут хацелася пакрасавацца, ён, маўляў, заваліць пантэру з аднаго стрэлу.
— А ўсё-ткі я шкадую, што не стрэліў, — сказаў ён мне. — Чаму вы так страшэнна асцярожнічаеце? Хочаце да старасці дажыць?
— Я рады, што вы лічыце мяне разумнейшым за сябе, — адказаўя.
— Давайце не будзем сварыцца праз такія дробязі, — тады сказаў ён.
Гэта былі яго словы, а не мае; калі б яму захацелася пасварыцца, хай бы і сварыўся, я не супраць. Ува мне ўжо тады пачала нараджацца непрыязь да яго праз такія легкадумныя паводзіны і гэтую яго абаяльную натуру. Прагульваўся я напярэдадні з Мэгі, сваёй сяброўкай-тамілачкай, ні пра што не думаў, мы абое былі ў цудоўным настроі. Глан тым часам сядзіць каля хаціны, вітае нас і ўсміхаецца, калі мы праходзім побач; Мэгі ўбачыла яго ўпершыню і пачала пра яго распытваць. I так ён яе ўразіў, што хутка мы з ёй і разышліся, пайшлі кожны ў свой бок.