Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
На кухні было душна. У кубачках на стале стыла гарбата. Прыгатаваў ён яе сам, ад безвыходнасці, і цяпер не ведаў, што з гэтым рабіць. Хініч быў не здольны самастойна трымаць у руках кубак. Яго трэба было паіць з лыжкі. Па ўсім відаць, гэтым займалася жанчына, якая з ветлівасці пакінула іх адных. Левае вока яго было прыплюшчаным. Века раз-пораз нервова ўздрыгвала. Узнікала ўражанне, што ён імкнецца яго расплюшчыць і не здольны зрабіць гэтага. У правай руцэ Хініч трымаў асадку і некалькі хвілін ужо намагаўся дацягнуцца ёю да чыстага аркуша. Як сказала жанчына, якая даглядала яго, гэта пакуль адзіны сродак зносін. Ён глядзеў на свайго нядаўна яшчэ сябра, і яму хацелася заплакаць. Гэтая ненаўмысная нязграбнасць выклікала гідлівасць.
Ён адчыніў фортачку. Са свежым паветрам з вуліцы ў пакой уварваўся дзіцячы смех. 3 акна быў выра-
зна бачны вяслярны канал — адно з любімых іх месцаў. Неаднойчы яны блукалі ўздоўж брукаванымі сцяжынкамі, марылі, спрачаліся, разважалі. Каб не расчуліцца канчаткова, ён адышоў ад акна і зірнуў на Хініча. Той усё яшчэ сіліўся нешта напісаць. Ён сеў насупраць. «Прывітанне!» — прачытаў ён на чыстым аркушы. Узняў галаву і моўчкі кіўнуў. Хініч паспрабаваў усміхнуцца. Левае павека заторгалася. I яму зноў захацелася заплакаць. Заплакаць ад бездапаможнасці. Перад ім сядзеў зусім ужо іншы чалавек. Яго цяпер і чалавекам цяжка было назваць. Куды дзеліся нядаўнія гонар і пыха, глянец і самаўпэўненасць? Яго ахапіў жах. «Xi63 мог я калі-небудзь уявіць, што стану адчуваць такую гідлівасць да гэтага чалавека?» — падумаў ён.
Хініч памкнуўся нешта сказаць. Твар яго пачварна перакасіўся. Рот адкрыўся, і адтуль вырвалася вонкі нейкае тужлівае, неразборлівае мыканне. Гэта толькі ўзмацніла яго гідлівасць. I яму захацелася бегчы адсюль прэч. На вуліцу. Куды заўгодна, толькі не быць тут, у гэтым пакоі, дзе пасялілася назаўжды маўчанне. Ён падхапіўся з крэсла і яшчэ раз зірнуў на Хініча. Цяпер ужо без ніякага спачування. Потым вырваў з яго рук асадку і няспешна вывеў на белым аркушы: «Папраўляйся. Я заўтра прыйду».
Ён хлусіў. Для сябе ён ужо вырашыў даўно, што ні заўтра, ні паслязаўтра ён сюды больш не вернецца. Гэта быў канец іхнім сувязям. Роля нянькі не яго роля. Ён выйшаў не развітаўшыся. Ад безвыходнасці доўга блукаў яшчэ па горадзе. Прабавіў хвілін дваццаць ля ціра, які тыдзень ужо быў зачынены на капітальны рамонт, зазірнуў у бар, але напіцца ад адчаю, як яму хацелася таго спачатку, не наважыўся. Неяк яшчэ ў дзяцінстве ён залез у сервант і выжлукціў з рыльца паўпляшкі лікёру. Мама знайшла яго ў ваннай напаўжывога, з пазелянелым ад пакут тварам. Яго ванітава-
ла. Мама выліла сілком у яго горла паўкубка нейкай фіялетавай вадкасці, ад чаго яму зрабілася лягчэй. 3 тых часін ён спіртное стаў ігнараваць.
— Усё роўна цябе пацалую. Ляля!
Зычны, нахабны смех вар’яткі вярнуў яго да рэчаіснасці. Змяркалася. Дрэвы, нібыта гіганцкія цені, ухутвалі цесны, замызганы дворык. Недзе за імі, у апраметнай пачварнай цемры, затаілася зло. Адзінае, што ён чуў цяпер, гэта была музыка, гучаў яго любімы Пярт. Гучаў знакаміты яго «ТЕ DEUM». He, ён не мог памыліцца. «Скуль тут гэтая вялікая музыка? — падумаў ён з замілаваннем. — Толькі не цяпер!.. Толькі не цяпер!»
— Цяпер, Білі, цяпер!
— Толькі не цяпер! Толькі не цяпер!
— Усё роўна цябе пацалую. Ляля!
Ён адчуў, як ім авалодвае жывёльнае жаданне. He разумеючы, што робіць, ён схапіў вар’ятку пад пахі і пацягнуў за сабой. Дзверы ў склеп былі прыадчыненымі. Ён чуў, як калоціцца сэрца, і не мог зразумець чыё, яго ці вар’яткі. Чарната выядала вочы. Паветра было перанасычанае прадчуваннем бяды. Ён сціснуў дзяўчыну ў абдымках, паваліў на смярдзючыя лахманы. Смех на хвіліну сціх. Нечакана яму прымроілася Моніка Велюр. Ён выразна ўбачыў яе спакуслівыя, юрлівыя вочы. Цела дзяўчыны было важкім. Ад яго сыходзіла прыемнае цяпло. Вочы Монікі Велюр блішчэлі ад вільгаці. Палова твару, якая была яму бачнай, зморшчылася ад болю. Боль існаваў толькі тут і цяпер. Усё астатняе — суцэльныя лініі абстракцыі. «3 табою нават паразмаўляць нельга, — з прыкрасцю падумаў ён.— Ад цябе ніякага сэнсу». Вар’ятка прыціхла, затаілася. I ён не ведаў, што яму рабіць далей.
— Запомні, я — Сяргей! — чамусьці назваў сябе ён. — I ты мая першая жанчына.
Вар’ятка палахліва ўздрыгнула, нешта прамовіла ў адказ невыразнае. А можа, яму толькі ўсё прымроілася. «Божа, як стомна быць ласкавым з вар’ятамі! — падумаў ён нечакана. — Верагодна, ім не зразумелая мова пяшчоты. Верагодна, у іх свой свет каштоўнасцей...»
I мо ў тысячны раз ужо яму захацелася стаць вар’ятам.
I ніякай Монікі Велюр. I ніякага Пярта. Ён і вар’ятка. I сыры цёмны склеп...
21
Я жыву дыялогамі са сваімі адлюстраваннямі. А яшчэ з Табой. Мама ўжо здагадваецца пра тваё існаванне. Мама сцвярджае, што Табе да твару цемра. Яна хлусіць. Цемра з’ядае колеры і фарбы... Цемра мае пах Смерці. I склепа... А Ты — частка мяне. Ты — працяг мяне...
22
Дома яго чакаў новы сюрпрыз. Забіраючы пошту, разам з газетамі ён вывудзіў са скрыні ліст ад яе. Ён пазнаў гэты раскідзісты жаночы почырк. Збянтэжана ўздрыгнуў. Мінула гадоў пяць з таго моманту, як яна перастала яму пісаць, і ён нават спадзяваўся ўжо, што яго пакінулі нарэшце ў спакоі. Пачуццё трывогі вярнулася. Ён зноў адчуў сваю прыгнечанасць і непаўнавартаснасць. «Колькі можна! Колькі можна здзеквацца з мяне, шлюха?! He магу так больш! He магу!..» Ён скамячыў ад безвыходнасці канверт і са злосцю шпурнуў яго ў сметніцу.
Доўга мыўся. Намыльваў цела, змываў, зноў намыльваў, зноў змываў. I так да бясконцасці. На гадзінніку было ўжо каля дванаццаці, калі ён вылез з ваннай. Накіраваўся на кухню, заварыў чай, расчыніў акно і закурыў. Аднекуль з боку гарадской ратушы да яго даляцеў нечы ледзь чутны стогн. Ён прыслухаўся. Высунуўся з акна. Сапнуў свежага паветра. Недзе ўнізе пад ім застыла ў маўклівай пакорлівасці начная вуліца. Час ад часу яе яшчэ крэслілі запозненыя аўто. А асветленая з усіх бакоў ратуша на фоне змрочнага начнога неба набывала строгі, манументальны выгляд. Налітыя барвовай чырванню хмары плылі настолькі нізка, што, здавалася, вось-вось зачэпяцца за шпіль. Відовішча ўражвала сваёй містычнай штучнасцю і нязвыкласцю. Вецер разгойдваў ліхтары, і гадзіннік на шпілі вежы час ад часу палахліва ўздрыгваў. Ратуша нечым
нагадвала яму аднавокага цыклопа. I тыя таемныя гукі, якія пладзіла ў ночы далячынь, толькі ўзмацнялі яго гэтыя ўражанні. Здавалася, што гэта не скавытанне ветру, а дзікі рык нябачнай воку містычнай істоты. Стогн Цыклопа. «Вось ужо сапраўды, моц свету ў яго манументальнасці!» — падумаў ён нечакана. Успомніў пра выкінуты ў сметніцу ліст і пашкадаваў. Закарцела прачытаць яго. «А што, калі яго выкінулі ўжо, разам з іншым смеццем?» — жахнуўшыся, падумаў ён і кінуўся, як ашалелы, да дзвярэй. Холад каменных прыступак апёк босыя ногі і ацвярозіў. Ён зірнуў з жахам на каменныя сходы і зразумеў, што выскачыў босы, што ў спешцы нават не абуў тапкі. Вяртацца назад не стаў. Скамечаны ліст ляжаў на ранейшым месцы. Ён вывудзіў яго са сметніцы, расправіў. Дастаў з канверта здымак і невялічкі допіс.
«Прывітанне, Сяргей! — хуценька прабег ён вачыма па паперы. — Як паспеў ты заўважыць, звяртаюся так я да цябе ўпершыню. Магчыма, калі ты будзеш чытаць гэты ліст, я буду ўжо ў дарозе. Ва ўсякім разе, мы з дачкою вырашылі з’ехаць з гэтага горада. Цяпер назаўжды. Пажывём пакуль у сястры, а там час пакажа. Калі шчыра, сумленне маё ўсё яшчэ не на месцы. Баліць маё сэрца і за цябе, і за дачку. Адчуваю віну сваю перад вамі. Але, відаць, гэты грэх назаўжды мне. 3-за гэтага і ў жыцці маім усё наперакасяк. Мала што мяне некалі кінуў каханы чалавек, дык у дадатак да ўсяго я яшчэ і нарадзіла ад яго дачку-вар’ятку. Сямімесячная яна ў мяне. Дасылаю табе гэты наш з ёю здымак. Нават не ведаю, з якой мэтай. Спадзяюся, на памяць. Наталлі маёй тут яшчэ толькі пяць гадкоў. Ды і я яшчэ зусім маладая. Вось такой я была, Сяргей, тады, калі ты захацеў на мяне паглядзець. Ну а калі не даспадобы табе гэта ўсё, можаш спаліць здымак ці выкінуць. Вырашай сам. Бывай. Цяпер ужо назаўжды. Н.». Ён рас-
правіў скамечаную паперку і доўга ўзіраўся ў твар жанчыны з маленькай дзяўчынкай на руках. Яму падалося, што ён недзе іх бачыў ужо. Яны былі падобнымі, як дзве кроплі вады, да тых, на выяве, з мамінага абразка, таго, што некалі ў дзяцінстве яму прыкладваў да параненага вока Буся. Яго скаланула ад жаху. Маленькая дзяўчынка на здымку падалася яму знаёмай. Безумоўна, гэта тая самая вар’ятка, мая вар’ятка. Гэтая думка нарадзіла новыя думкі. Яму прымроіўся цёмны, смярдзючы склеп. Ён выразна адчуў на сваіх руках прытарны пах дзявочага цела. I вільгаць у вачах. Яго зноў скаланула ад жахлівай здагадкі. «Так, так... Несумненна... Гэта тая самая вар’ятка! — падумаў ён, узіраючыся ў прыгожы твар на здымку. Болей таго, гэтыя людзі, аказваецца, жывуць побач, усяго праз пад’езд. Гэта ж Грынічы!.. » Ад адчаю ён кінуўся да дзвярэй. Палахліва пастукаўся ў суседнюю кватэру. Суседка акінула яго недаўменным позіркам.
— Што здарылася, Сяргей? — спытала яна палахліва. — Табе кепска?
— Так, мне кепска. Мне вельмі кепска. Мне невыносна кепска. Прабачце мяне, калі ласка! Прабачце!..
— Табе выклікаць хуткую дапамогу?
— He, не... He трэба, — адмовіўся ён і хуценька зачыніў за сабою дзверы.
— Ты нешта хацеў? — пачуў ён ужо наўздагон.
— He, нічога, — адказаў ён.
Спытай у яго ў гэты момант, з якою мэтай ён стукаўся ў гэтую кватэру, наўрад ці ён змог бы што сказаць уразумелае. Адчуванне часу раптоўна сцерлася для яго. Ён кепска разумеў, у якіх вымярэннях цяпер знаходзіцца.
Калі пачуццё адчаю крыху схлынула, ён зноў вярнуўся на кухню. Акно было па-ранейшаму расчыненым. Вецер матляў надзьмутыя фіранкі, і яны, нібыта ве-
тразі, бездапаможна біліся ў паветры. На падлозе валяліся раскіданыя паперы. Ён кінуўся падбіраць іх, але чамусьці перадумаў. Падышоў да акна. I яму нечакана захацелася зрабіць крок у гэтую цемру. Праз хвіліну жаданне знікла, і ён заспяшаўся зачыніць акно. I тут ён зноў пачуў гэтыя дзіўныя надакучлівыя гукі. Зноў патыхнула склепам. Недзе за акном, ля ратушы, стагнаў ад адчаю аднавокі Цыклоп.