• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульні з нулявымі сумамі  Алесь Паплаўскі

    Гульні з нулявымі сумамі

    Алесь Паплаўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2020
    52.56 МБ
    — Гэта ты?.. — прасочваецца аднекуль здалёк фальшывы, дакучлівы голас. «Так, гэта я! — лемантуе ад бяссілля мая сутнасць. — Дакладней тое, што ад мяне засталося. I я бачу цябе наскрозь. Праз сваю слепату. Але гэта не значыць, што я лепшы за цябе. Проста я іншы, не такі, як ты. I мне непатрэбна твая спагада, тым больш шкадаванне. He абражай мяне імі! Каму, як не табе, ведаць, што апошняе слова ў гэтай гульні не за мной, што не бывае ніякага «заўтра». Бо хіба можа быць тое, да чаго ты не належыш, да чаго не датычны, у чым не бярэш удзел? Ненавіжу гэтае тваё спакуслівае, шматабяцальнае «заўтра»! Я гіну! Я паміраю! А той, што стаіць на краі бездані, мэтаю якога ёсць ратаваць такіх, як я, абыякава пазірае паўз мяне і робіць выгляд, што нічога не адбываецца.
    — Гэта ты павінен быў памерці! — беспадстаўна пужае ён мяне. — Гавару табе не як следчы... Ты доўга блукаў па жыцці і табе самы час адпачыць... На турэмных нарах...
    Чалавек за сталом зноў пачынае нешта запісваць. Чалавек за сталом — суцэльны камячок нерваў. У пакоі пахне вільгаццю і пылам. А яшчэ хлуснёй. Адчуванне трывогі і адчаю. Неймавернае жаданне жыць і абсалютная бесперспектыўнасць яго. За вакном звыклае вулічнае жыццё. За акном стары брудны свет.
    — Ты не той, кім прыкідваешся. Думаеш, я не ведаю хто ты? Я пралічыў цябе!
    Яго голас вымушае мяне ўздрыгнуць. Асоба ў пенсне пільна вывучае кожны мой рух. Так і павінна быць. Я — аб’ект яго даследванняў.
    — I хто ж я па-вашаму?
    На яго пухкіх пачварных вуснах блукае непрыкметная здзеклівая ўсмешка.
    — Ты? — затрымлівае ён на хвілінку дыханне. Чутна, як нешта хрыпіць у яго горле.
    — Чакайце! — спыняю я яго, баючыся атрымаць чарговую порцыю хлусні. — Я сам скажу, хто я... Я — чалавек, абдзелены лёсам. I са мною можна абыходзіцца несправядліва...
    Mae словы — апошняя кропка ў гэтай вар’яцкай псіхалагічнай гульні. Мой голас — завяршальныя ноткі ў ананімным музычным творы — араторыі жыцця і смерці. Але навошта мне ўсё гэта ведаць? Жаданне праваліцца скрозь зямлю. Упасці туды, адкуль няма вяртання. Верагодна, так расчышчае сабе дарогу жыццё, выціскаючы на збочыну непатрэбных і лішніх...
    2
    Я не збіраўся будзіць памерлых. Я хацеў толькі паглядзець уніз. Недзе там пад нагамі, за высокай драцяной сеткай, ляжаў незнаёмы мне горад. Адзін з самых прыгожых у Еўропе. Горад Кафкі і Гашэка. Мой горад. Я падыйшоў ушчыльную да парэнчын і дакрануўся дрыготкай рукой да халоднага жалеза. Тое, што адкрылася маім вачам, агаломшыла мяне. Усяго ў некалькіх сантыметрах ад майго цела ляжала ружовая маўклівая бездань. Побач паўзло жыццё, гэтак жа нячутна, як і мая неспазнанасць. Страх і прыгажосць змешваліся ў нешта адзінае, суцэльнае. Я глядзеў на падобныя да замкаў будынкі з чырвонымі чарапічнымі дахамі і адчуваў сябе растаптаным. Ранак фарбаваў неба памаранчавымі фарбамі. Прыгажосць уражвала і прыцягвала. Страх прыгнятаў і адштурхоўваў. Плынь эмоцый несла мяне па хвалях зруйнавальнай пагардлівай журботнасці і я адчуваў, што гіну ў гэтай вірлівай бездані ўражлівасці. На балконе ў доме насупраць чарнела чалавечая постаць. Верагодна, гэта быў мужчына. Чалавек, з якім я ніколі больш не сустрэнуся, махаў мне рукой і я адказваў яму тымі ж бессэнсоўнымі хаатычнымі рухамі. Час губляў сэнс. Усё губляла сэнс. Я дыхаў пахамі вечнасці, крыху саладжавымі, з прысмакам затхлай цвілі і задыхаўся ад хвалявання. «Гэтыя вуліцы забрукаваныя людскімі касцьмі!» — пульсавала крывёю ў скронях несупынная, надакучлівая думка. I сапраўды, тут, як ні ў якім іншым
    месцы, я адчуваў усю нікчэмнасць свайго быцця. Варта было толькі пералезці праз парэнчы і ты — шэры контур на бруднай асфальтавай сцяжынцы, адзін з тых шматлікіх, чый адчайны крык назаўжды застыг у гэтым паветры. Жахлівае і дэпрэсіўнае месца! Нездарма сюды едуць з усіх канцоў свету тыя, хто хоча звесці рахункі з жыццём. He верыцца, але я стаяў на самым высокім у Чэхіі Нусельскім мосце. Рэлігійныя фанатыкі, банкроты-бізнесмены, няўдачнікі-артысты, прычым не толькі чэхі, але і шведы, рускія, амерыканцы знайшлі тут апошні прытулак, сумна ўславіўшы гэты мост, зрабіўшы культавым, сусветна вядомым месцам самазабойцаў. Паблізу за плячыма па шасціпалосным аўтабане несліся ў невядомасць аўтамабілі. У ніжнім тунэлі грукатала коламі нябачнае метро. А на маім кішэнным гадзінніку стрэлкі набліжаліся да шасці гадзін раніцы. Я глядзеў на ранішнюю Прагу і не збіраўся канчаць жыццё самагубствам. Мне сігналілі і гукалі. Верагодна, прымалі за вар’ята. Але мяне гэта мала турбавала. Людзі былі ўсё тыя ж. 1 я ігнараваў іх наўмысна. Думкі аддалялі ад сапраўднасці. Я стаяў на краі жыцця і захапляўся сабой, сваімі нікчэмнасцю і недасканаласцю. Я ненавідзеў мінулае і баяўся будучыні. Мне хацелася застыгнуць у бясчассі, ператварыцца ў бронзавую статую, стаць адной з апораў гэтай жахлівай гіганцкай пабудовы. Цяпер я дакладна ведаў, што прыгажосць — гэта страх і расчараванне, а шчасце — паўза паміж адным няшчасцем і другім. Відавочна гэтыя ж думкі наведвалі і тых, незнаёмых мне людзей, якія збіраліся тут скончыць жыццё самагубствам. Я быў падобны да іх. Я глядзеў на горад «ста званіц» і не ведаў, што з гэтым рабіць. Мяне, як і тых дабраахвотных пакутнікаў, вабіла неспазнанасць смерці. Хаця, калі шчыра, ехаў я сюды не па гэта. Я ехаў па прыгажосць і волю. Я ўцякаў ад абсурду, бязглудства і маразмаў маёй краіны, дзе ўсё
    было не як у людзей. Я шукаў паратунку ў Еўропе, не здагадваючыся, што, імкнучыся здабыць свабоду, сутыкаюся з такімі ж, як сам, дылетантамі. Але я не жадаў ведаць, што яны робяць тыя ж самыя памкненні, а таму іх свабода абмяжоўвае маю. Я быў чалавекам з дэфектам і, у адрозненне ад пераважнай большасці, меў талент не глядзець праўдзе ў вочы. Ніхто не застрахаваны ад зневажальнага самаразбурэння! У гэтым я быў цвёрда перакананы. А яшчэ ў тым, што ніхто не здольны выратаваць нас ад саміх сябе. Бо ў кожнага з нас свой вывіх. У маёй кішэні ляжала прыблізна каля двухсот даляраў, на якія я не мог шыкаваць у Празе. Але гэта і не ўваходзіла ў мае бліжэйшыя планы. Я хацеў толькі зірнуць на Вялікі Горад і наведаць магілу Кафкі. Гэта была даўняя мая мара, і яна, нягледзячы ні на што, павінна была некалі здзейсніцца. Дабіраўся я сюды аўтаспынам. I толькі мая настырнасць ды авантурны характар дапамаглі здзейсніць немагчымае. Зарабіць на звычайную турыстычную пуцёўку для такіх бедакоў, як я, у маёй краіне было нечым нерэальным і недасяжным. Я не належаў да кагорты разбэшчанай раскошаю моладзі, не быў сынком заможных бацькоў з касты высокапастаўленых чыноўнікаў, не меў свайго ўласнага офісу і не рабіў грошы з паветра. Мая вышэйшая адукацыя была цяжарам для дзяржавы. Я шмат што ведаў і шмат у чым разбіраўся, а такіх, безумоўна, было за што ненавідзець. He патрэбнай была мая адукацыя і дзяржаўным установам, якія паступова ператварыліся ў сямейныя кланы, і, каб уладкавацца на больш-менш прыстойную працу з прымальным заробкам, неабходна было шмат яшчэ папацець. Я не ўпісваўся ў гэтае сямейнае кола. Я не ведаў, каму і колькі, а галоўнае — за што, даваць хабару. Калі шчыра, працаваць на лянівых, неадукаваных «пазванковых», я таксама не збіраўся. Усё, што
    мне засталося, гэта прымкнуць да маўклівай большасці суайчыннікаў і займацца тым, чым займацца без агіды і прыкрасці было немагчыма. Дзяржава заўжды «дбала» пра такіх, як я, і, каб мы маглі звесці канцы з канцамі, прапаноўвала нам кабальныя крэдыты. Ад безвыходнасці большасць з нас заглынала гэтыя гачкі з «танным сырам» — хацелася ўсяго і адразу — але мінаў час, і нашае расчараванне не ведала межаў. Нас падманвалі, з нас рабілі дурняў. Як выяўлялася, усё мела кошт, нават магчымасць патрапіць у кіпцюры да сістэмы. Я нарадзіўся і жыў у самай чыстай і добраўпарадкаванай краіне. I пра гэты, бяспрэчна станоўчы факт, штодня нам талдычыла афіцыйная прапаганда. «Вы самыя талерантныя і добразычлівыя ў свеце людзі!» — запэўнівалі нас з манітораў тэлевізараў масцітыя ідэолагі. Мне ж здавалася, што мы глуханямыя, бяззубыя і бязвольныя. Я ненавідзеў слова «талерантны» як паняцце. Яно, на мой погляд, было сумніўным і неадпаведным таму сэнсу, які павінна было несці. Мяне абыходзілі бокам, прыпісвалі нелюбоў да радзімы, называлі апазіцыянерам... Што, па перакананні большасці, было адно і тое ж. Нянавісць у маёй краіне стала сродкам выжывання. У кожнага з нас былі свае прэтэнзіі адзін да аднаго. Улада ненавідзела апазіцыянераў за тое, што яны апазіцыянеры. Mae сябры ненавідзелі мянтоў за тое, што яны мянты. Нехта з суседзяў ненавідзеў гандляроў за тое, што яны гандляры. Я ненавідзеў людзей у гальштуках. У кожным з іх я бачыў патэнцыйнага злодзея. Я быў цвёрда перакананы, што не сістэма, а людзі ў гальштуках рабавалі маіх бацькоў, а цяпер рабуюць і мяне. Мне здавалася, што менавіта ад гэтых асоб залежыць будучыня маёй краіны. Лёс жа яе быў незайздросны. I я не мог дараваць ім гэтага. Калі шчыра, асаблівых прычын для нянавісці і не трэба было. Усе ненавідзелі адзін аднаго за не-
    шта. Спытай за што канкрэтна, і наўрад ці хто з нас адазаў бы на гэтае рытарычнае пытанне. Нянавісць стала адною з праяваў генацыду майго народа. Але ніхто не жадаў пра гэта ведаць, тым больш, зацыклівацца і разбірацца ў гэтым. Нас кармілі хлуснёй. I хлусіць стала зусім не сорамна, гэтак жа, як і дзяўчынкампадлеткам агаляць сваё цела, дэманструючы мінакам майткі. Адно і другое стала паняццем сэксуальным. Дзяржава гвалціла нас, а мы задаволена ўсміхаліся. Мы падмянялі паняцці. Выдавалі жаданае за сапраўднае. «Абы толькі не было вайны!» — шапялявілі ля бажніц бяззубыя раты нашых старэнькіх бабулек. I мы паўтаралі за імі тое ж самае, як праклён: «Абы толькі не было вайны!» He ведаю, што прывяло мяне ў гэтае сумна вядомае ў свеце месца, у раён, які дасюль усё яшчэ лічыўся бедным, які, як і раней, насялялі цыганы, злачынцы і прастытуткі. Да цэнтра было блізютка. Адразу за мастом пачыналася вуліца Легерава, якая выводзіла ў самае сэрца Прагі — да Вацлаўскай плошчы. Але я чамусьці стаяў тут, на Нусельскім мосце і мне хацелася перажыць тое, што перажылі некалі такія ж як я бедакі-няўдачнікі, чаго я ніколі не змог бы перажыць у нейкім іншым месцы.