• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульні з нулявымі сумамі  Алесь Паплаўскі

    Гульні з нулявымі сумамі

    Алесь Паплаўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2020
    52.56 МБ
    Скрыня была даверху завалена смеццем, і для таго, каб пазбавіцца ад пакунка з птушкай, яму давялося капаць ямку. «Нібыта ў магіле», — падумаў ён, кладучы туды пакунак. Потым ён засыпаў яго смеццем і пазначыў месца позіркам, нібыта збіраўся яшчэ вярнуцца сюды. Пастаяў хвілінку і падаўся прэч. У кватэру падымацца не стаў, адразу ж накіраваўся да аўтобуснага прыпынку. «Радуйся, цяпер ты бацька! — змушана ўсміхнуўся ён. — А што, калі... — Думка абарвалася. Набыла новы сэнс. — А што, калі дзіцё таксама хворае, такое ж дэбільнае, як яго маці?.. Ці патрэбны мне тады такі сын?..»
    Ад падуманага зрабілася млосна. Настрой канчаткова сапсаваўся. Ён нават не заўважыў, калі падышоў аўтобус. Заскочыў у салон амаль на хаду. «Што я цяпер скажу Марыне? — падумаў ён.— Як я ёй гэта ўсё растлумачу? Сын?.. Нафіга мне такі сын!..»
    У гэтым горадзе былі месцы, дзяліцца прыгажосцю якіх з іншымі ён не збіраўся. He з-за сквапнасці, вядома, а з-за страху, што сваёй прысутнасцю, сваім нядбайным позіркам нехта апаганіць тое святое, нешматлікае, што яшчэ засталося ў яго. Адным з такіх месцаў і была гэтая невялічкая кавярня побач з гарадскім цірам. Цір быў зачынены даўно ўжо. Больш чым месяц тут вяліся нейкія будаўнічыя работы, і ён змушаны быў бавіць час у гэтай кавярні. Прыйшоў ён сюды і сёння. Тут яны павінны былі сустрэцца з Марынай. Ва ўсякім разе, паміж імі была такая дамоўленасць. Ён сядзеў за столікам і бязмэтна ўзіраўся ў запыленае, бруднае шкло. Ён чакаў яе доўга. Недзе за акном бруілася знаёмая да агіднасці вуліца. Ён піў каву і назіраў за панурым дажджлівым наваколлем. «Калі доўга глядзець на раку, па ёй абавязкова праплыве труп твайго ворага! — падумалася яму чамусьці. — Чаму на раку? — нечакана засумняваўся ён. — А чаму, скажам, не на вуліцу? На гэтую вось вуліцу...»
    I ён сапраўды ўбачыў, як з розніцай у тры хвіліны па ёй праехалі два картэжы — вясельны і жалобны. Працэсіі рухаліся ў супрацьлеглых кірунках. Верагодна, так смерць здзеквалася з жыцця. А мо наадварот: жыццё не жадала мірыцца са смерцю... Безумоўна, шляхі гэтыя разыходзіліся апрыёры. Але цяпер яму было ўсё роўна. Ён і падумаць не мог, што менавіта ў гэтую хвіліну родзічы і блізкія развітваліся з яго бліжэйшым колішнім сябрам Хінічам. Ён не мог ведаць гэтага. Яго думкі былі надзённымі і зямнымі.
    Ціха гучала музыка. Недзе на дне яго душы, у нетрах яго падсвядомасці. Верагодна, яна і была для яго ў гэтыя хвіліны тым самым пасрэднікам паміж зямным і касмічным, той плазмай, тым шматмерным аб’ектам, з дапамогай якога людзі размаўляюць з Вечнасцю. Ён любіў гэтую музыку за яе незямную неспасціжнасць. Гэта быў знакаміты і любімы ім Арва Пярт.
    Ён адарваўся ад думак і зірнуў на гадзіннік. Мінула яшчэ адна гадзіна. Марыны не было. «Відавочна, яна ўжо не прыйдзе, — вырашыў цвёрда ён. — Ва ўсякім разе, чакаць яе болей не мае сэнсу». Ад гэтай думкі яму зрабілася не па сабе. «Навошта мне столькі болю, навошта мне ўсе гэтыя пакуты? Дзеля чаго ўсё гэта? Для таго, каб вымольваць кожны дзень сабе месца пад сонцам?.. I што далей?.. Што?.. Я не веру табе, Сартр! Я не згодны з табой. У чалавека павінна быць мэта. А калі яе няма, няма і самога чалавека. Няма ніякага выбару, няма. Ты ёсць тым, кім ты ёсць. Астатняе — словы. Кожны валачэ тое, што ўзвалілі на яго іншыя. Чуеш мяне, Сартр! У адным ты меў рацыю: «Пекла — гэта іншыя». Але калі ты такі разумнік, скажы мне, навошта мне сын ад вар’яткі? Няўжо жыццё наша толькі ілюзія, фальшывая гульня нашых мрой і ўяўленняў?..»
    Ён выйшаў з кавярні, падышоў да будынка, у якім некалі быў цір. Патаптаўся некалькі хвілін у роздуме, паназіраў, як вядуцца будаўнічыя работы, і рушыў няспешна ў бок цэнтральнай пешаходнай вуліцы. «Не прыйшла, — прамільгнула зноў надакучлівая думка і абудзіла адчай. Ён адчуў сябе адзінотным, выкінуты кімсьці бязмэтна ў безжыццёвую гэтую пустку. — Наіўны!.. Які я наіўны! Цяпер я ведаю дакладна, каб захапляцца жыццём, трэба нарадзіцца вар’ятам!..»
    Нечакана ў натоўпе мільгнула знаёмая жаночая постаць. Ён спыніўся ў разгубленасці. Ён пазнаў насычаную багаццем фарбаў, знаёмую з дзяцінства блузку. Позірк дагнаў жанчыну, калі тая паварочвала на суседнюю вуліцу. Ён кінуўся следам, у вірлівую людскую плынь, паспрабаваў дагнаць яе. Жанчына знікла, незваротна растварылася ў неабдымнай стракатай прасторы, нібыта фантом у марыве ўскружаным ветрам танцы сухой лістоты. «Падалося, — падумаў ён са шкадаваннем. Зноў павеяла страхам: — Падалося!.. Д’ябал бы вас
    усіх пабраў! Навошта мне гэта ўсё?.. Навошта?.. Колькі можна цярпець гэты здзек!.. He, пекла — не іншыя, Сартр, пекла ёсць мы самі...»
    — Ненавіджу цябе, Сартр! — вымавіў ён ціха, амаль шэптам. — Ненавіджу цябе, Сартр! — крыкнуў ён з выклікам, счакаўшы. — Чуеш, я ненавіджу цябе, Сартр! Ненавіджу!... Ненавіджу!..
    Рука пацягнулася да кішэні па пісталет. Захацелася страляць. Проста паліць у паветра. Паліць па людзях. Паліць абы-куды... Страляць!.. Страляць!.. Страляць!..
    27
    — Тужся, мая любая, тужся!..
    Невялічкая чорная плямка на белай столі расце ўшыркі. «Што гэта?»— пульсуе крывёю імклівая, трывожная думка. Узіраюся ў непраглядную, апраметную цемрадзь. Шукаю зручны вугал агляду. Але ўсё ў гэтым пакоі бясформеннае і бязмернае. Верагодна, гэта і ёсць мой боль! Мой генетычны боль! Недзе над пісьмовым сталом застылі ў чаканні ходзікі. Ім без розніцы, чыё адлічваць жыццё. Маё. Тваё... Адрываю галаву ад падушкі. У сярэдзіне нямой чарнаты заўважаю белую, ледзь прыкметную кропку — нешта пакуль невыразнае яшчэ і нематэрыяльнае. Яно як нарыў на спакутаваным болем целе. Але кропка разрастаецца. Знутры. Міліметр за міліметрам яна выцясняе чарнату. Магчыма, так і нараджаецца жыццё. Ва ўсякім разе, калі магчыма апісаць гэты працэс словамі, я б яго апісала менавіта так. Жыццё нараджаецца з болю. Нехта схіляецца нада мной. Хто гэта, разабраць нельга. Суцэльная вільготная цемра. I голас... Далёкі і неразборлівы. Аднекуль з той чарнаты, з тых апраметных глыбінь цішыні.
    — Тужся, мая любая, тужся!..
    Цнатлівая чырвань акна. Маятнік павольна раскалыхвае цішыню. Мой позірк імкнецца зафарбоўваць чарнату. Боль пакрыху сціхае. Узнікае ўражанне, што ты недзе не ў напоўненым да краёў эфірнымі пахамі пакоі, а ў неабдымных глыбінях Вялікага Сусвету. Ты пылінка, нішто... He ты адна. Гэтая планета ў памерах Сусве-
    ту таксама нішто. Вось толькі ці варта нам мераць такімі меркамі, недасяжнымі для разумення? Ці не было б карысней вырашыць спачатку, хто мы ёсць для саміх сябе, для сваіх блізкіх?..
    — Тужся, мая любая, тужся!..
    Прыгажосць не ў жыцці, прыгажосць недзе паза жыццём. Бо ўсё бессмяротнае. Ты таксама бессмяротная, і табе няма патрэбы даваць жыццё іншым...
    — Тужся, мая любая, тужся!..
    Першы світальны промень прыемна казыча мне твар. Злавесныя ліловыя адценні — меланхолія досвітку. Маятнік размяркоўвае цішыню. Стрэлкі расчышчаюць прастору для твайго болю. He паэтызуйце зло!..
    Я тут, я побач з табой, маё любінятка!.. Мы ўсё яшчэ жывём...
    LAPIDO
    1
    Акуляры ў яго — кананічнае пенсне. Такія рэдка цяпер хто носіць. Павядзе галавой і сонца за сабой у шкельцах цягне. Зазірнеш незнарок у бліскучую люстраную бездань, а там нічога — нямая безжыццёвая прастора, ні літасці, ні спагады. Тут не тое, што да душы яго не дастукацца, тут хоць бы самому жывым ды здаровым з яміны той выбрацца. Нешта гіпнатычнае, запраграмаванае на знявагу і гвалт, тоіцца ў яго пранізлівым халодным позірку. Адным словам, слізкі і непрыемны тып. Лысы, выродлівы. Аматар прымераць на сябе справядлівасць Бога. Такія, як я, для яго — смецце. Маленькія вочкі за тонкаю абалонкаю шкла, толькі пасмейваюцца: «Усё, што мне трэба пра цябе ведаць, я ведаю, проста чакаю, калі ты сам гэта мне раскажаш...» Зрэшты, і яго можна зразумець. Калі жыццё — натуральны адбор, то праўда на ягоным баку. I я не зусім упэўнены, што ў свеце існуюць словы, з дапамогай якіх можна вымаліць для сябе літасць і спагаду ў гэтага чалавека.
    Хутка міне месяц, як цягнецца справа. I ўвесь гэты час ён размаўляе са мной на мове намёкаў, дабівае мяне, ломіць праз калена. Іншы раз мне здаецца, што не вытрымаю, дам задні ход, прызнаюся ў тым, чаго не рабіў ніколі. На гэта ён, відаць, і разлічвае.
    — Гэта ты?.. — пачынае ён, як заўжды, здалёк. Робіць глыбокі ўдых і рэзка абрывае сказ. Словы павісаюць у паветры. Словы-сцвярджэнне?.. Словы-пытанне?..
    Паспрабуй здагадайся, што ён хоча гэтым сказаць. Адчуваю, як пад кашуляй па целе бягуць дрыжыкі. Асоба ў акулярах нервова пагойдваецца ў крэсле — цягае за сабой у шкельцах палахлівае жнівеньскае сонца — і нешта запісвае ў нататнік. Першае, што прыходзіць у галаву ў такія хвіліны, гэта ўстаць і не развітваючыся сысці прэч. Хоць куды, абы толькі не патураць гэтаму вар’яцтву.
    — Гэта ты? — паўтарае ён пакепліва праз хвіліну. 3 заўважным націскам, быццам бы хоча паведаміць нейкую важную навіну. I зноў паўза. I зноў невыноснае працяглае маўчанне. I зноў словы — намёк на тое, што ў кожнай бяссэнсіцы ёсць свой, вядомы толькі яму аднаму сэнс. Акно адчынена. Лёгкі ветрык цярэбіць паркалёвыя фіранкі. За імі аблезлы карніз суседняга дома і неабдымнае, пазбаўленае летняй свежасці неба. А яшчэ сонца — бляклае, вылінялае ад нядаўніх зацяжных дажджоў. Дрэвы гнуцца і трывожна шапацяць лістотай. Узіраюся ў мутную заваконную шэрасць і імкнуся ігнараваць непрыемнага мне чалавека. Заглыбляюся ў думкі — нешта сваё, сарамлівае і ганебнае. Акунаюся з галавой, нібыта ў цёплы басейн. Як доўга ўсё доўжыцца! Глядзіш і нічога не бачыш. Слухаеш і нічога не разумееш. I ніякіх пачуццяў, і ніякага ўяўлення, нічога, акрамя толькі пустэчы. Зборышча хлуслівых супярэчнасцяў ды хаатычнае наслаенне дэкарацый, дзе вечна што-небудзь здараецца, дзе ніколі не ведаеш, што ёсць сапраўднасць, а што выдумка, дзе ніколі і ні ў чым не ўпэўнены: ты гэта ці толькі рэха нечага выпадковага ўспаміну, скупы адгалосак людскога болю, прадчуванне таго, чаго не было ды й ніколі не будзе. Але як разабрацца, як зразумець тое, чаго зразумець нельга? Найвялікшая драма жыцця — жыць і не ведаць, дзеля чаго жывеш... Але навошта мне ўсё гэта знаць? Ёсць рэчы, непадулад-
    ныя разуменню. На іх нельга зацыклівацца. Пра іх дастаткова памятаць. Заўжды. Лёс! Смерць! Хіба гэта ўсё залежыць ад нашых жаданняў? Кожная рэч мае сваё прызначэнне, свой адзіны, спецыфічны пах, і адчуць яго могуць абраныя, на мяжы свядомасці, калі рвецца апошняя повязь з гэтым светам. Астатняе ўсё — прытворства, ілюзія, заблытанасць жаданняў, імкненне да выратавальных міфічных зменаў...