Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
маланкі, да Вацлаўскай плошчы рухалася калона савецкіх танкаў. Менавіта той жнівеньскай ноччу ён знаходзіўся разам з маці ў адной з пражскіх бальніц. Пра іх выпіску рэч не ішла і яго бацька, вартуючы нязвыклую гораду цішыню, стаяў ля зачыненых наглуха вокан радзільнага аддзялення, усё яшчэ спадзеючыся ўбачыць сваіх родных праз запыленыя шыбіны зачыненых вокнаў. У калоне, у адным з танкаў з белаю апазнавальнай паласой, ехаў мой будучы бацька. Магчыма, жахлівы роў і грукат яго баявой машыны да смерці напужаў маленькага Любо, што стала потым прычынай яго пажыццёвага заікання. Лёс развёў нашых бацькоў па розныя бакі барыкад, і цяпер я саромеўся прызнацца ў гэтым Любо. Мне здавалася, што мае прызнанне сапсуе нашы далікатныя пакуль што адносіны, і я страчу яго назаўжды. A губляць мне нічога якраз не хацелася. Маімі пачуццямі кіраваў генетычны страх. Я баяўся ўсяго і ўсіх. Я дадумваў за іншых. Я пражываў чужыя жыцці. Але толькі не сваё. Гэтай прадбачлівасці і перасцярожлівасці мяне навучылі людзі.
Па прафесіі Любо быў музыкантам і ў вольны час падпрацоўваў у адным з вулічных джазавых аркестраў. Іграў на трубе. Скончыў ён пражскую кансерваторыю і атрымаў сярэднюю музычную адукацыю. Паступленне ў Акадэмію музычнага мастацтва выпала на гады так званага «нацыянальнага самавызначэння». «Sametovy razvod», як называлі падзел краіны чэхі, унёс значныя карэктывы ў яго жыццё. Бацькі падтрымалі незалежнасць і з’ехалі ў Братыславу. Ён жа, як і пераважная большасць насельніцтва былой ужо цяпер краіны, быў не гатовы да такога «сямейнага» падзелу. Таму ехаць з бацькамі адмовіўся. У акадэмію ўсё ж паступіў, але так і не скончыў яе. Праз год быў адлічаны па асабістай просьбе. Жыццё паставі-
ла яго перад выбарам, вывела на першы план пытанні далёкія ад культурных. А час паступова зусім аддаліў яго ад ранейшых мараў.
— Тысячы турыстаў едуць сюды захапляцца Францам Кафкам, не падазраючы нават, што ён ненавідзеў гэты горад, — першым парушыў маўчанне Любо.
— Ненавідзеў? — здзівіўся я.
— Так, ненавідзеў! Я не агаварыўся. Кафка не любіў гэты горад. I неаднойчы збіраўся збегчы адсюль, — задумліва сказаў Любо і зірнуў на мяне вінавата. — Але так і не змог пакінуць яго. Прага не адпускае нас. Hi цябе, ні мяне. У гэтай матухны ёсць кіпцюры. Трэба скарыцца альбо... Падпаліць яе з двух канцоў, падпаліць Вышэград і Градчаны — тады можа быць атрымаецца вырвацца.
— Выходзіць, што сваімі героямі ён насяляў гэты горад ад безвыходнасці?
— Безумоўна. Кафка — турыстычны абраз Прагі! I шмат з таго, што гавораць вам — міф! Наўпрост горад нідзе не прысутнічае ў яго творах, — сказаў Любо.
— Але шмат у чым пазнаецца, — запярэчыў я яму, выхваляючыся сваімі ведамі.
— Усё гэта — сюррэалістычныя гульні! He болей за тое, — усміхнуўся Любо.
— Хіба наяўны, абсурдны свет Кафкі — не ёсць Прага? — спытаўся я.
— Прага — нешта большае. Ты ўпершыню тут?
— Так! — кіўнуў я.
— Ну, тады цябе чакае расчараванне.
— Гэта чаму? — насцярожыўся я.
— Таму, што гэта, так бы мовіць, твая першая рэпетыцыя горада, а яна, як і само жыццё, падобная да накіду.
Я не зразумеў яго і чакаў дадатковых тлумачэнняў. Ён дастаў пачак з цыгарэтамі і прапанаваў мне. Потым закурыў сам.
— Напрыклад, Мілан Кундэра ставіў перад сабой наступнае пытанне...
Ён зрабіў паўзу і некалькі разоў запар зацягнуўся. Пераканаўшыся, што я разумею, пра каго ідзе рэч, працягнуў сваю думку далей: — Чаго вартае нашае жыццё, калі першая яго рэпетыцыя ёсць само жыццё? Жыццё падобнае да накіду, але і «накід» не дакладнае слова, паколькі накід заўсёды напісанне чагосьці, падрыхтоўка да той або іншай карціны, тады, як накід, якім ёсць наша жыццё — накід да нічога. Гэта ўсяго толькі «штосьці» не ўвасобленае ў карціну.
— Але якое дачыненне гэта мае да Прагі? — стрымліваючы сябе, спытаў я.
— Таму, што аднойчы — гэта ўсё роўна што ніколі, — адказаў Любо, працягваючы цытаваць думку Томаша, аднаго з галоўных герояў рамана Кундэры. Я выдатна памятаў словы знакамітага доктара, якому пад час савецкай акупацыі, давялося перакваліфікавацца ў мыйшчыка вокнаў, і таму працягнуў яе сам:
— Калі нам наканавана пражыць адзінае жыццё, гэта значыць мы не жылі зусім.
— Менавіта, так! 3 Прагай тое ж самае. Каб зразумець гэты горад, тут трэба нарадзіцца, жыць і памерці. Прага ў кожнага свая, як і жыццё. Таму не здзіўляйся, калі раптам расчаруешся ў ёй. Наступным разам, калі сюды вернешся, мы пагаворым пра гэта больш грунтоўна.
Ён зірнуў на мяне з несхаваным і незразумелым сумам, ад чаго мне зрабілася таксама не па сабе. Я не паверыў яму і, каб скончыць непрыемную нам абодвум дыскусію, паспрабаваў змяніць тэму размовы. Аднак загнаў сябе яшчэ ў болыпы тупік.
— А тое, што пісаў пра яго Адам Градылек, праўда?
— Пра Кундэру? — перапытаў Любо і задумаўся. — He думаю... Кундэра — не даносчык. Хаця ў пяцідзя-
сятыя даносніцтвам займаліся многія. I гэта, безумоўна, на нашым сумленні. Але прыйшло гэта ўсё ад вас, з Крамля.
Я нервова ўздрыгнуў.
— Наколькі я ведаю, ёсць нават запісы гэтай размовы, — сказаў я, наўмысна згладжваючы вострыя моманты гаворкі.
— Запісы, пры жаданні, таксама можна падрабіць. I ўвогуле, гэта вельмі складаная і далікатная тэма. Я б не спяшаўся рабіць нейкія катэгарычныя паспешлівыя высновы. Ва ўсякім разе, фактаў пакуль вельмі мала. Але для людзей, схільных верыць, або не верыць, гэта не перашкода. Вера не патрабуе фактаў. Наогул, людзям трэба вучыцца сумнявацца...
Мы ішлі з ім праз Жыжкаў. Некалі даўно, у сямнаццатым стагоддзі, уладальнікі старога маёнтку Альшаны прадалі частку гэтых земляў гораду, каб хаваць тут памерлых ад чумы. 3 цягам часу Альшанскія могілкі сталі цэнтральнымі для правабярэжнай часткі горада. Цяпер яны займалі вялізную тэрыторыю амаль у цэнтры горада. Частку гэтых зямель аддалі пад захаванне рускіх эмігрантаў. I недзе тут, наколькі я ведаў, былі пахаваны пісьменнікі Аркадзь Аверчанка і Васіль Неміровіч-Данчанка. Тут жа была пахавана маці Уладзіміра Набокава. Апошні спачын тут знайшлі і мае землякі Міхал Забэйда-Суміцкі, Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка — першы і другі прэзідэнты БНР. Недзе тут быў пахаваны і Франц Кафка.
— Кафка пахаваны на габрэйскіх могілках, — нібыта ўгадаўшы мае думкі, сказаў Любо.
— Гэта далёка? — захваляваўся я.
— Ды не, — усміхнуўся ён, — адны і тыя ж могілкі. Проста падзеленыя на некалькі частак і Кафка пахаваны на габрэйскай. На гэтых могілках знайшлі свой апошні прытулак звыш двух мільёнаў чалавек.
— Зразумела, — кіўнуў я ў адказ. — Сэнс жыцця ў тым, што яно мае канец! Любо прамаўчаў, а можа, не зразумеў мяне. Тлумачыць яму, што я працытаваў толькі што Кафку, я не стаў.
Мы патапталіся некалькі хвілін ля замкнёных веснічак. Прайшліся ўздоўж высокай жалезнай загароджы і вярнуліся назад. Любо мітусліва зірнуў на кішэнны гадзіннік, потым на аб’яву, прымацаваную паверх замка, і папрасіў прабачэння:
— На жаль, у мяне вельмі мала вольнага часу. Могілкі адчыняюцца ў дзевяць, а мне ў дзевяць трэба быць у старым горадзе.
Я цяжка ўздыхнуў і таксама зірнуў на аб’яву. Яна была на чэшскай мове.
— Але я магу паказаць магілку Кафкі праз загароджу, тут недалёка, ідзем.
Мы рушылі ўніз па вуліцы. Праз некалькі крокаў я азірнуўся. Следам за намі ішлі тэлевізіёншчыкі. Маладая дзяўчына з мікрафонам у руцэ нешта заўзята распавядала на камеру.
— He здзіўляйся, тут заўжды хто-небудзь ёсць, — усміхнуўся Любо. Я і не здзіўляўся, проста мне не хацелася патрапіць пад пільнае і ўсюдыіснае вока камеры. Хто ведае, скуль былі гэтыя людзі і з якімі мэтамі яны рабілі свой рэпартаж. Генетычны страх вымушаў мяне асцярожнічаць. Нават тут.
5
Спрабую выбрацца з-за стала. Раблю некалькі няпэўных крокаў і спатыкаюся. Захаваць раўнавагу не атрымліваецца. Валюся прама на стол. Гэта перабор. Звон перакуленых шклянак і разбітага посуду адгукаецца ў галаве гулкім рэхам. Гэтая шумлівая вар’яцкая цяганіна вяртае мяне да жыцця. Палахліва азіраюся і натыкаюся на нядобразычлівыя асуджальныя позіркі. I ніводнага спачувальнага. Неймавернае жаданне растварыцца ў неонавым хаосе. Знікнуць, прапасці ў невядомасці. Выцягваю з барсеткі слухаўкі і чапляю іх на вушы. Потым уключаю плэер. «О, снзокрнлнй птах, згубнвся шлях твій у жнтах... » Голас спявачкі заглушае ўсё астатняе. I гэта адзіны спосаб адмежавацца ад жорсткай і ненавіснай сапраўднасці. Але музыка паступова аддаляецца. Яна ўжо недзе па-за свядомасцю. Яна мёртвая, як і я. Яна не абуджае ніякіх эмоцый. Гукі, падобна да сціснутай пружыны, застыглі ў палахлівым чаканні. «... Даремне вітер переймав — тебе вже нема...» Прабіраюся паміж столікаў да дзвярэй. Стараюся нічога больш не зачапіць. Рука інстынктыўна цягнецца да дзвярной ручкі. Хучэй на вуліцу! Хучэй да святла!
— Мужчына, вы не разлічыліся! — спыняе мяне на парозе грудастая афіцыянтка. Тузае неахайна за рукаў. Счакаўшы, зрывае нахабна з вушэй слухаўкі.
— Вы не разлічыліся! — узмацняе яна голас.
Пружына расціскаецца. Позірк настойлівы і гідлівы. Без прытворства. Капаюся ў кішэнях. Шукаю гро-
шы. Жанчына ўважліва сочыць за кожным маім рухам. Пырскі неонавага святла надаюць яе зрэнкам незвычайны металічны бляск. Нарэшце знаходжу некалькі скамечаных паперак і падаю іх жанчыне. Дзверы адчыняюцца з цяжкасцю. Раблю крок у невядомасць. Усё роўна куды. Абы толькі адсюль. Абы толькі на волю. Я бяздомны. Жанчына, якую я столькі гадоў кахаў, з якой жыў, з якой гадаваў сына, якой давяраў, на якую разлічваў і спадзяваўся, здрадзіла мне. Я заспеў яе ўчора са сваім лепшым сябрам. I таму сёння мне няма куды болып спяшацца. У мяне няма сям’і. Няма дома. Ці былі яны калі-небудзь? Ці не прымроілася мне ўсё гэта? Хацелася верыць, што я — чалавек, які мерае жыццё крокамі, а выявілася, я той, хто бессэнсоўна топчацца на адным месцы. Недзе непадалёк на стаянцы мяне чакае машына, але да яе яшчэ трэба дабрацца. Мне сорак, а я даўно адчуваю сябе на ўсе шэсцьдзясят. У мяне плойма праблем. I яны з кожным днём толькі назапашваюцца. Я не здольны самастойна разблытаць гэты клубок з калючага дроту. Я адзін на адзін са сваёй немаччу. I ўсё, што мне засталося, гэта прывыкаць да неймавернага. Усё правільна, каб зразумець, што такое ёсць людзі, неабходна аддаліцца ад іх.