• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульні з нулявымі сумамі  Алесь Паплаўскі

    Гульні з нулявымі сумамі

    Алесь Паплаўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2020
    52.56 МБ
    — За што яны так з намі? — звяртаецца да мяне з гэтым жа пытаннем дзяўчына.
    — Супакойцеся! — суцяшаю яе. Тая не звяртае yeari і ўпарціцца:
    — Я ні ў чым не вінаватая, чуеце?
    — Мы не вінаватыя, — папраўляю я яе.
    — Ты гэта ім скажы! — даносіцца да мяне з цемры нечы картавы голас. Пазіраю ў той бок. На запясцях у маладога хлопца блішчаць кайданкі.
    — Здаецца, гэтыя сукі выбілі мне зуб, — картавіць ён.
    Праз хвіліну наша кампанія прырастае яшчэ двума маладымі хлопцамі. Іх таксама, відаць, моцна білі. Адзін з іх цярэбіць у руках разбітыя акуляры, другі тры-
    маецца за шчаку і час ад часу сплёўвае на падлогу кроў. У яго таксама выбітыя зубы. Ва ўсякім разе, я схільны так лічыць. Сядзім моўчкі. На размовы не цягне. Праз хвілін пятнаццаць у будзе ўжо больш за дзясятак арыштаваных. Нягледзячы на тое, што дзверы расчынены, катастрафічна не стае паветра. Жанчын сярод нас толькі дзве: Наста і журналістка нейкага замежнага тэлеагенцтва. Журналістка ўвесь час абураецца і страшыць міліцыянераў судом. Тыя іранічна пасмейваюцца і ў размову з ёй не ўступаюць. Нарэшце дзверы зачыняюцца. Нас вязуць у пастарунак. Машыну пагойдвае на выбоінах і гарэзлівы сонечны промень раз-пораз кранаецца майго твара. Гэта падобна на здзек. Я пазіраю праз малюсенькае закратаванае акенца на горад і ўзгадваю карціну са школьнага падручніка, на якой арыштанты кормяць праз краты галубоў.
    — Дазвольце патэлефанаваць! — патрабуе ў міліцыянера журналістка.
    — Тэлефануй! — здзекліва адказвае той.
    — Вярніце мне сотавік! — настойвае журналістка. — Вы затрымалі мяне незаконна.
    — Любая вы мая! Вас ніхто не затрымліваў, — нахабна ўсміхаецца капітан. — На вас напалі невядомыя... Так? I я падазраю, што гэта быў ён, — ківае капітан у мой бок. — Вы прасілі дапамогі? I мы яе вам аказалі. Фэрштэйн?
    — Я нічога ў вас не прасіла.
    — Прасілі, — выскаляецца міліцыянер. — Але гэта няважна. У вашай торбачцы, любая вы мая, мы знайшлі наркотыкі. Сумна, але факт!
    — Якія наркотыкі? — шчыра здзіўляецца журналістка.
    — Ландыш! Ландыш! Прыём! — хрыпіць надакучлівая рацыя. Капітан націскае на гузік.
    — Ландыш на сувязі! Прыём!
    — Што там у вас?
    — Больш-менш парадак... Упакавалі па штату. Тут сярод затрыманых, — ён сквапна сапае ротам паветра і пазірае на Насту, — цяжарная. Што з ёю рабіць?
    У паветры павісае паўза. 3 дынамікаў чуецца занудлівае змяінае шыпенне. Насцярожваюся. Разумею, вырашаецца лёс дзяўчыны.
    — Адкуль ведаеш, што цяжарная?
    — Сама сказала.
    — Па жывату заўважна?
    — Я б не сказаў.
    — Вязі тады ў аддзел, там разбярэмся. Усё! Канец сувязі!
    — Сукі! — не вытрымлівае хлопец з разбітымі акулярамі. Іх ён па-ранейшаму трымае ў руках. Яны без шкельцаў. Адна аправа. — Якія ж вы сукі!
    Хлопец, які сядзіць насупраць мяне, уздымае галаву.
    — Ты нечага іншага чакаў ад іх?
    — Ненавіджу! — прамаўляе праз зубы той, што з акулярамі.
    — Гэтага мала, — шапялявіць яго сябар. Я не памыліўся, у хлопца не хапае некалькіх пярэдніх зубоў.
    — Нянавісць — гэта адзіная зброя, з дапамогай якой я магу з імі змагацца, — канстатуе хлопец ад бяссілля. — Ненавіджу слова «ненавіджу», але з кожным днём больш і больш разумею, што яно галоўнае ў маёй барацьбе. Яны прыніжаюць мяне. Яны ненавідзяць мой сацыяльны статус. Вы толькі паглядзіце на іх! Яны ж неадэкватныя! Нічога духоўнага, акрамя залепленага баксамі твару. He гаўно, а так, насрана. Гэтыя сукі знішчаюць у мне тое светлае, дзеля чаго варта жыць.
    — 3 жывёламі трэба размаўляць на іх жывёльнай мове, — бурчыць хлопец, які сядзіць насупраць мяне.
    Той, што з акулярамі, маўчыць. Я таксама. Машына рэзка бярэцца ўбок і ў будзе робіцца цёмна. Адчу-
    ванне, што едзем праз нейкі доўгі бясконцы тунель. I наперадзе ніякага святла. Наста нервова ўздрыгвае і сіліцца дацягнуцца да закратаванага акенца. Моўчкі сціскаю яе за локаць. Адчуваю, як яна дрыжыць. Дзяўчына пачынае плакаць. Наўзрыд. Яе ніхто не суцяшае...
    Адрываюся ад успамінаў. Мужчына насупраць усё яшчэ не можа ніяк справіцца з антрэкотам. Ён доўга размаўляе па тэлефоне. Нарэшце ўстае і накіроўваецца да выхаду. Мая ежа стаіць не кранутай. Калі яе прынесла афіцыянтка, я не заўважыў. Выпіваю за адзін глыток гарэлку і выціраю рукавом вусны. Ежа не лезе. Хуценька разлічваюся і крочу да выхаду. Заўтра раніцай зноў на допыт.
    8
    Гатэль, у якім хлопцы здымалі невялічкі пакой, меў сімвалічную назву «Апалон». Месціўся ён у рабочым Жыжкаве, а таму дабірацца да цэнтра адсюль было вельмі зручна, хвілін дваццаць язды на трамваі. Умовы пражывання таксама былі больш-менш ніштаватыя, а як па мне, дык і ўвогуле выдатныя. Сорак даляраў на зямлі не валяліся, а таму дазволіць сабе такой раскошы я не мог. Але барацьба вартая таго, каб змагацца. I я чапляўся за любую магчымасць, каб застацца як мага даўжэй з гэтай кампаніяй. Я наўмысна марудзіў і падманваў час. Я адмовіўся нават ад сарамлівасці і сціпласці. Мяне запрасілі сюды ўсяго толькі на адну ноч, а я падумваў ужо аб тым, як застацца тут на больш працяглы час. I ўсё дзеля таго, каб пазбавіцца ад страху за заўтрашні дзень. Але моладзь сёння з’язджала. I гэты факт засмучаў мяне, надаваў майму і без таго незайздроснаму быццю адбітак журботнай самотнасці. Абставіны нечакана змяніліся. Позна ўвечары патэлефанавала маці Наталлі і пасля іх непрацяглай размовы дзяўчына раптам абвесціла ўсім, што заўтра яны са Зміцерам з’язджаюць на радзіму. Кампанія моўчкі пачала пакаваць торбы. Высвятляць, што стала сапраўднай прычынай іх гэтай тараплівасці я не стаў і з самага ранку, абмяняўшыся тэлефонамі, мы развіталіся. Сыходзіць у нікуды не хацелася. На развітанне я доўга ўзіраўся ў твары сваіх, цяпер ужо не сяброў, нібыта чакаў, што яны раптам перадумаюць
    і памяняюць рашэнне, потым моцна абняў кожнага, як свайго даўняга, блізкага знаёмага. Без іх мне цяпер сапраўды было сумна і адзінотна ў гэтым горадзе. Рвалася апошняя нітачка з радзімай. Я застраг недзе ў цэнтры Еўропы, згубіўся ў чужой краіне, у незнаёмым мне, містычным горадзе. Я не ведаў, з чаго пачаць.
    Праезд на трамваі ў Празе, па маіх мерках, быў даволі не танным, таму, каб сэканоміць некалькі крон на піва, я вырашыў прайсціся пешкі. Пайшоў наўгад, уздоўж трамвайных пуцей. Вярталіся ўчора мы ў гасцініцу позна, таму дарогу запомніць я не здолеў. Ды і не да гэтага нам было, калі шчыра. Жыжкаў асаблівай адметнасцю не вылучаўся. Безумоўна, раён гэты быў сучасны і прыгожы, але далёка не такі, як гістарычны цэнтр. Ён нечым нагадваў мне рабочыя мікрараёны ў маім горадзе, праз якія даводзілася штодня дабірацца на працу. Я крочыў па яго ранішніх вуліцах да тэлевізійнай вежы. Прызнацца, гэта быў адзіны арыенцір, якога я прытрымліваўся, бо ведаў, адразу за вежай пачынаецца стары горад. 3 цікавасцю пазіраў на жылыя будынкі, якія цягнуліся ўздоўж і думаў пра Томаша, аднаго з галоўных герояў рамана Мілана Кундэры «Невыносная лёгкасць быцця». Гэта быў адзін з любімых маіх раманаў і я не мог яго не захапіць з сабой у дарогу. Дзеянне ў ім адбывалася пераважна ў гэтым горадзе, на гэтых вось вуліцах і, магчыма, менавіта ў адным з гэтых дамоў, якім я цяпер шчыра захапляўся, пад час савецкай акупацыі знакаміты ўрач Томаш мыў вокны, каб выжыць ды не прапасці з голаду. Мыйшчык вокнаў — гэта адзіная пасада, якую здолеў атрымаць малады, але перспектыўны хірург, пасля таго як яго беспадстаўна звольнілі з працы. Недзе тут жа, на гэтых вуліцах, ён сустракаўся з Тэрэзай і выгульваў Карэніна — сучку з лесбійскімі схільнасцямі, падобную целам да аўчаркі, а галавой да сенбернара.
    Я быў падобны да Томаша. Ва ўсякім разе, я быў такой жа легкадумнай асобай, з разраду тых, што не мяняюцца ні пры якіх абставінах. Я, як і Томаш, бег ад сябе, ад сваёй краіны, не маючы ніякай надзеі вырвацца з вечна замкнёнага кола супярэчнасцяў і выпадковасцяў. Мы плылі з ім па імклівай плыні жыцця і ні аб чым не шкадавалі. Кожнае пакаленне нараджае сваіх дыктатараў, быў перакананы я. Верагодна, Томашу прыходзілі ў галаву гэтыя ж думкі. Ва ўсякім разе, яму не было лягчэй. Ён мог стаць маім братам, дарагім і блізкім мне чалавекам, і няважна, што мы з ім ніколі не сустракаліся. Трагедыю яго жыцця я цягаю з сабой у торбе, як сваю. Яна стала і маім гарбом, прарасла на паперы літарамі, ажыла ў словах. Томаш — адзін з тых нешматлікіх, блізкіх мне людзей, якімі я даражу, на каго спадзяюся і разлічваю ў гэтым чужым горадзе. Мы ідзем адзін аднаму насустрач. Даўно. I наша сустрэча — непазбежнасць.
    Пачынаўся стары горад, з вузкімі люднымі вулачкамі, з гатычнымі шпілямі касцёлаў і з прыгожымі старымі будынкамі. Я павольна спусціўся ўніз, потым падняўся на мост і выйшаў да чыгуначнага вакзала. Недзе за ім, калі верыць Зміцеру, пачыналася Вацлаўская плошча. Я перасёк вуліцу і выйшаў да Народнага музея. Панарама, якая адкрылася мне з гэтага месца, агаломшыла мяне. Я глядзеў на горад з той самай кропкі, з якой на яго паглядаў некалі мой бацька. Вачыма чужынца і захопніка. Ва ўсякім разе, такім яго лічылі тыя, хто стаяў па іншы бок цемры. Безумоўна, ён не здагадваўся нават, што праз шмат гадоў яго сын стане патэнцыйным жыхаром гэтага прыгожага месца, якое ён збіраўся скарыць. Я ўзіраўся ў сляды ад куль на карнізах манументальнага каменнага будынка і бязгучна плакаў. Узгадваў нядаўні сон пра Вавілонскую вежу і з жахам думаў: «Няўжо гэты горад так-
    сама — твор людской ганарыстасці? Няўжо імкненне ствараць Прыгажосць і есць ганарыстасць? Толькі таму, што Богу Богава?.. Але разбураючы створанае, Бог сам робіцца Герастратам. Мімаволі. Ці ведае ён пра гэта? I калі мы — яго вобраз і падабенства, значыць, гэтаму вандалізму мы навучыліся ў Яго. Не!.. Я не жадаў стаяць на руінах прыгожага манументальнага будынка Народнага Музея, няхай сабе і справядліва разбуранага маім бацькам! А ў сваёй справядлівасці ён, верагодна, тады не сумняваўся.
    Я яшчэ раз зірнуў удалячынь і замест горада нечакана ўбачыў перад сабой руіны. Помнік Святому Вацлаву некуды знік, на яго месцы на пастаменце ўзвышаўся савецкі танк. 3 гарматы цэліўся проста ў мяне нехта нябачны. Над танкам у паветры вісеў падвешаны да аблокаў за ногі мёртвы конь, на пузе якога сядзеў зняважаны Святы Вацлаў. Вяроўкі сыходзілі крывёю. Недзе побач бесперапынна вылі сірэны. Чуўся адчайны і неймаверны людскі енк і лямант. Ад нясцерпнага грукату колаў сціскаліся да болю барабанныя перапонкі. Ля танка гарэў абліты саляркаю чалавек. Я бачыў яго вырачаныя, безжыццёвыя вочы. Яны былі поўныя болю, смутку і адчаю. Чалавек нешта шаптаў у цемру. Магчыма, ён маліўся. I мне раптам захацелася аслепнуць і аглохнуць, абы толькі не бачыць гэтага жаху і не чуць той адчайнай памінальнай малітвы.