Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
Сённяшні допыт, калі гэты псіхалагічны спектакль можна назваць допытам, нічым не адрозніваецца ад папярэдніх. Праводзяць яго па завядзёнцы без адваката і мне пачынае здавацца, што асоба ў пенсне ніякі не следчы, а турэмны псіхолаг, які рыхтуе мяне да нечага больш жахлівага і жудаснага, пра што я яшчэ не здагадваюся. 3 суседняга пакоя далятаюць увесь час нечыя неймаверныя пакутныя стогны і крыкі. Дзверы наўмысна адчыненыя, каб я мог іх чуць. Але чуць гэта ўсё невыносна. Размова ні аб чым цягнецца некалькі гадзін. Выслухваю яе стоячы. Сесці мне сёння не прапаноўваюць. Пытанні асобы ў пенсне выклікаюць псіхалагічны дыскамфорт. Спрабую нешта адказваць. Хаця, больш слухаю. Напрыканцы гутаркі следчы агучвае жахлівую рэч, што быццам бы з сённяшняга дня мяне бяруць пад варту і што ў ізалятары я павінен буду правесці, як мінімум, трое сутак. На маё недаўменнае і адчайнае «навошта?» і «вы не маеце права!» ён толькі загадкава ўсміхаецца. Хаця на твары яго выразна напісана: «Памыляешся, маем! Прывыкай, хлопча, да казённых харчоў!..» Потым ён выклікае дзяжурнага і мы доўга з ім крочым па заблытаных калідорах правасуддзя з мноствам дзвярэй і мноствам размаітых шыльдачак на іх. «За кожнымі — па служыцелю, — думаю я, падлічваючы ад безвыходнасці колькасць наяўных кабінетаў. — Няўжо ўсё так кепска?..» Потым па лесвіцы мы спускаемся ўніз. Сквапна хапаю паветра. Яно цяпер з прымессю брудных пахаў, нямытага чалавечага цела і цыгарэтнага чаду. Ад усяго гэтага кружыцца галава і цягне на ваніты. 3 цяжкасцю стрымліваю пазывы.. «Чаму так?.. Чаму?..» — не магу я ніяк зразумець. Мне здавалася дасюль, што я — чалавек законапаслухмяны, што са мною не можа адбыцца таго, што адбываецца. Я не павінен быць тут апрыёры. А можа, гэта не я? Можа,
я граю нечую ролю у чужым сне, сюжэт якога да канца яшчэ не напісаны?..
У камеры смурод яшчэ большы. На парашы нязмытыя рэшткі чалавечай жыццядзейнасці. Спрабую пусціць ваду, аднак зліўны бачок не працуе. Нашу яе прыгаршчамі з умывальніка. Каб дасягнуць пэўнага выніку, раблю больш за дваццаць ходак. Ля сцяны на нарах нечае распластанае нерухомае цела. Спрабую наладзіць кантакт з незнаёмцам. На мае звыклыя, кароткія пытанні хлопец не рэагуе. Саджуся на цагляную падлогу ля батарэі і заглыбляюся ў думкі.
Дзяцінства маё было кароткім і незапамінальным. Таму выдзеліць нешта значнае з яго амаль немагчыма. У няпоўныя шаснаццаць мне падалося раптам, што я ведаю пра жыццё ўсё, што хлусня — гэта толькі адзін са спосабаў псіхалагічнай абароны, ні больш ні менш — акторская гульня, у якой людзі выдаюць сябе за іншых, не тых, кім яны ёсць на самой справе. 3 цягам часу я зразумеў, што хлусяць усе, што хлусня — неабходнасць, без якой не абысціся. I практыкавацца ў гэтым рамястве я пачаў вельмі рана. Маме было ўсё адно, а з айчымам мае адносіны адразу не заладзіліся. Цяжар майго выхавання лёг на плечы незамужняй цёткі, мамінай роднай сястры, якая дагаджала мне ўва ўсім, заахвочваючы любыя мае выхадкі. Акрамя фанатычнага захаплення, ніякіх іншых пачуццяў мае фантазіі ў яе не выклікалі. Маці з цягам часу западозрыла ў нашых адносінах нейкі схаваны фальш, і, як мне падалося, стала рэўнаваць цётку да мяне. На тым яе вольнасці ў маім выхаванні і скончыліся. Мама раптам адчула сябе мамай і паспрабавала даказаць гэта ўсяму свету. Прызнацца, яна заўжды душыла мяне сваёй нелюбоўю. Яна нагадвала нечым індыйскага факіра, які гіпнатызуе змяю гукамі сваёй дудкі. Пасля працяглых выхаваўчых
лекцый на тэмы «так нельга», або «гэтага нельга», якія адбываліся цяпер рэгулярна, я замыкаўся ў сабе і імкнуўся нікога не дапускаць у свой свет. Пра філасофію Дастаеўскага «аб карысці эгаізму» даведаўся ад сваёй класнай. Я хадзіў у яе ў любімчыках, і мне аднаму толькі было дазволена пускацца з ёю ў дыскусіі. Класная была выкладчыцай рускай літаратуры, і гэта яна выхоўвала ўва мне любоў да кніжак. Ратавала яна мяне таксама і ад недахопу бацькоўскай увагі. Погляды іх на большасць жыццёвых праяваў не супадалі, і часта, нават неістотныя, дробязныя спрэчкі перарасталі ў працяглыя гнеўныя сваркі. Прычынай былі, звычайна, бытавыя праблемы. У такія хвіліны наш дом ператвараўся ў вар’ятню. Я адчуваў сябе закладнікам няпростых бацькоўскіх адносін, болей таго, я граў у гэтым усім першую скрыпку. Негатыў часткова перадаваўся і мне. I я ненавідзеў за гэта сваіх бацькоў. «Жыццё — камерцыйная дамова! — навучала мяне цярплівасці цётка. — Задушы ў сабе страх, пазбаўся ад чужой залежнасці!.. Ты самы таленавіты! Ты самы разумны!..» Насамрэч я быў звычайны са звычайных і мала чым вылучаўся сярод аднагодкаў. Але яны мяне і не цікавілі. Ужо ў чатырнаццацігадовым узросце я паспрабаваў выдаліць з сябе ўсе свае ранейшыя дзіцячыя мары, як нешта нязначнае, лішняе і непатрэбнае ў жыцці. Я не здагадваўся тады яшчэ, што выцесненае мною мае схільнасць аднойчы вяртацца. Прачнуўшыся неяк наранку, я зірнуў на сябе ў люстэрка і з зайздроснай упэўненасцю сказаў: «Вось і ўсё, я дарослы! Я не залежу больш ад вашай паганай прысутнасці! Цяпер я магу ўсё!» Ад чыёй канкрэтна, удакладняць я не стаў. Гэта была доўгачаканая і жаданая свабода. Засталіся цяпер толькі дробязі, выявіць межы гэтай самай свабоды. I навучыцца іх парушаць...
Прачынаюся ад нясцерпнага болю. У камеры цёмна. Адсутнічае нават дзяжурнае святло. Нехта нябачны і неймаверна дужы асядлаў мяне і заламвае мае рукі за спіну. Другі незнаёмец, а іх двое, імкнецца надзець мне на галаву нешта слізкае і вільготнае. Паспяваю войкнуць і цапнуць зубамі незнаёмца за руку. Моцны ўдар пад рэбры робіць мяне больш пакорлівым. Катастрафічна не стае паветра. Задыхаюся. На маёй галаве цэлафанавы пакет, і мяне хочуць задушыць. Ад бяссілля брыкаюся і мукаю нешта незразумелае. Яшчэ хвіліна і губляю прытомнасць...
Прыходжу ў сябе толькі на ранку. Нехта нябачны палівае мяне з кубка вадой. Расплюшчваю вочы і шукаю на нарах свайго напарніка. Яго там няма. У турэмным пакоі я адзін. Бразгаюць засаўкай дзверы, і ў камеру зазірае наглядчык. Візуальна аглядвае пакой, падыходзіць да мяне і, схіліўшыся, мацае мой лоб. Потым ідзе да дзвярэй. Чую, як аддаляюцца яго крокі. Потым усё сціхае. Спрабую падняцца з нараў. Галава кружыцца, і я зноў знясілена апускаюся на голыя дошкі. Дзень баўлю ў пакутах. Да баланды, што прыносіць мне наглядчык, не дакранаюся. Ноччу мучыць бяссонне. I страх. Засынаю толькі на ранку, але спаць мне не дазваляюць. Прыходзіць дзяжурны і вядзе мяне да следчага. «Панятых» на гэты раз у пакоі няма. Асоба ў пенсне моўчкі ківае на крэсла і пачынае разліваць у кубкі гарбату. He адмаўляюся. П’ем моўчкі. У пакой нехта стукаецца. Гэта вярнуўся дзяжурны і прынёс мае рэчы: тэлефон і барсетку з дакументамі. Следчы адмыкае шкафчык і вымае з зялёнай тэчкі некалькі паперак. Чытае сам, а потым падсоўвае іх мне.
— Правер па спісу і распішыся, — загадвае ён.
Чытаю тэкст праз радок. Мне ўсё роўна, што там напісана. Хочацца вырвацца хучэй на волю. Стаўлю подпісы і вяртаю паперкі следчаму.
— А гэта вось сім-карта, — працягвае ён мне нейкі маленькі квадрацік. — Паставіш яе ў свой тэлефон. Прама цяпер, каб я бачыў. Нумар, дарэчы, не памяняўся.
Моўчкі ківаю галавой. Задаваць пытанні мне не з рукі. Чаму-чаму, а гэтаму правілу мяне навучылі.
— Спатрэбішся, выклічам! — лагодна паляпвае мяне па плячы следчы і праводзіць да дзвярэй. Выціскаю сціплую ўсмешку і паціскаю на развітанне руку.
10
Да добрага прывыкаеш хутка. Да Прагі — яшчэ хутчэй. Але звыкнуцца з думкай, што ніколі больш не сустрэнуся з Ленкай, я не мог. Я шукаў яе тры дні запар. Падоўгу сядзеў у кавярні «Млыньска», непадалёк ад якой мы гулялі тым вечарам, піў піва і пісаў лісты ў нікуды. Потым рваў іх і пісаў новыя. Іншы раз мне здавалася, што я звар’яцеў. Грошы даўно скончыліся, а разам з імі скончылася маё бестурботнае жыццё. Для самаактуалізацыі мне не хапала цяпер мізэра — ежы. Біблейскае вызначэнне «не хлебам адзіным» было не для мяне. Я прытрымліваўся тэорыі Маслоу і ў маім разуменні ідэальным грамадствам было — грамадства накормленых людзей, без падставаў для страху і трывог. Усё правільна, толькі задавальняючы больш нізкія патрэбы, мы расчышчаем дарогу для болып высокіх — духоўных. Хлеб надзённы даводзілася здабываць цяпер крывёю і потам. Днём я гандляваў каляровымі дзіцячымі шарыкамі на Карлавым мосце, а як толькі пачынала змяркацца, пераапранаўся ў зрэбную вопратку і ішоў жабраваць. Маёй паперцю цяпер стаў невялічкі лапік брукаванкі ля помніка чэшскаму святому Яну Непамуцкаму. Непадалёк ад яго я прымаў позу будыскага манаха і нацягваў на галаву чорны каптур, каб схаваць ад прахожых свой твар. Схавацца ад сябе было нашмат цяжэй. Ля помніка заўжды было людна. Турыстаў сюды вабіла вера ў тое, што калі дакрануцца рукой да святога і папрасіць у яго для сябе што-небудзь, жа-
данне абавязкова збудзецца. Па легендзе Яну Непамуцкаму адрэзалі язык, а яго цела апусцілі ў Влтаву. I тады з вады паказаліся пяць зорак, якія і сталі святому німбам. Я такой святасцю пахваліцца не мог, я не ведаў ніводнай малітвы, а таму замест яе чытаў вершы. Іх я таксама няшмат мог успомніць, таму даводзілася ўвесь час паўтарацца і пераказваць адзін і той жа па некалькі разоў. Магчыма, менавіта таму выцерты турыстамі да боскага бляску бронзавы твар святога выпраменьваў здзіўленне і незадаволенасць мною. Знаходзіцца доўга ў нязвыклай позе было заняткам не з лёгкіх. Нават пасля непрацяглага рытуалу «набажэнства» нясцерпна балелі калені. Цела заклякала і доўга не падпарадкоўвалася. Спачатку я мог вытрымаць позу лотаса не болей, чым гадзіну. 3 цягам часу прызвычаіўся і «маліўся» нашмат даўжэй. Даходы мае пачалі расці, і праз некалькі дзён я катэгарычна адмовіўся ад гандлю шарыкамі. Гэты занятак дастаўляў мне толькі клопат. Мала таго, што ён не даваў важкага прыбытку, але ён яшчэ і адбіраў вольны час. Цяпер жа я зноў мог падоўгу гуляць па горадзе. Хацелася знайсці сваіх сяброў Любо і Лену. Калі б спытаў нехта, навошта, наўрад ці я змог бы адказаць ім нешта зразумелае. Магчыма, мне было нясцерпна адзінотна ў гэтым вялікім горадзе. Аднойчы ў кавярні «Млыньска» мне пашчасціла паразмаўляць з бармэнам. Людзей у зале было няшмат, і я за півам ля стойкі расказаў яму гісторыю пра рускую дзяўчыну. Нават выказаў сваю гіпотэзу, што яна павінна кватаравацца недзе ў адным з бліжэйшых жылых раёнаў. Бармэн уважліва выслухаў мяне і спахмурнеў. Тое, што ён расказаў, выбіла мяне з каляіны канчаткова. Ён успомніў гэтую безнадзейна хворую рускую дзяўчыну. Болей за тое, ён быў знаёмы з ёю асабіста. Дзяўчына лічылася заўсёдніцай у кавярні і аднойчы, калі ёй зрабілася кепска, ён выклікаў ёй хуткую дапамогу. Аб