Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
Але, спазнаючы новыя сэнсы існавання, я так пакуль і не здолеў распазнаць сярод гэтай размаітасці рэчаў, рэлігій, догмаў і ілюзій, створаных чалавекам і дзяржавай, свой сапраўдны сэнс, свой сапраўдны шлях, сваю патаемную мару. Я не стаў для сябе Вечнасцю. Я не стаў для сябе Цішынёй, хоць яна мне заўжды была да твару, і прымяраў я яе, нібы шляхетную вопратку, не разумеючы, што дадзена яна мне насамрэч навырост.
Я ўсё яшчэ радуюся жыццю. Я ўсё яшчэ фармую свой дух і гадую сябе. Я імкнуся жыць у згодзе з гэтым светам, з пакорай і непазбежнасцю прымаючы ўсе цяжкасці і нечаканасці жыцця. Я чышчу свой розум любоўю, бо перакананы, што не страціў веры і што мая ўсмешка надзейна застрахавана нябёсамі ад натоўпу. Калі доўга і настырна шукаць сябе, абавязкова спазнаеш Бога. Знойдзеш яго ў сабе...
Да вандроўкі ў Ізраіль застаецца некалькі дзён. Квіткі на самалёт ужо замоўленыя. Іх застаецца толькі забраць у паломніцкім аддзеле нашай царквы, і я планую зрабіць гэта заўтра. Дні напярэдадні адпачынку, як заўжды, эмацыйна насычаныя. I цяжка не пагадзіцца з маім кумірам Мэрфі, што няма межаў таму, наколькі дрэнна могуць пайсці нашы справы заўтра. На паверхню павылазіла процьма незавершаных спраў, і я марна спрабую іх па-хуткаму разгрэбці. Адключаю нават па неабходнасці сотавік, каб адмежавацца ад надакучлівых і не заўсёды карысных тэлефонных размоў, але гэта не дапамагае. На асабістае не стае ні часу, ні сілаў, ні жадання. Яна знаходзіць мяне праз сакратарку.
— Ніякіх заўтра, — настойліва папярэджвае мяне жанчына. — Па-першае, заўтра я не працую, а па-другое...
Якая розніца, што падрыхтавала мне гэтая асоба на другое. Хочаш не хочаш, а трэба кідаць незавершанае і перціся праз увесь горад па гэтыя далбанутыя квіткі, быццам бы іх нельга перадаць праз каго-небудзь ці ўвогуле аддаць мне асабіста ў рукі перад ад’ездам. Паломніцкі аддзел знаходзіцца на супрацьлеглым канцы горада, а гэта як мінімум некалькі гадзін змарнаванага часу. Адным словам, на працу можна ўжо не вяртацца.
— Добра, — расчаравана прамаўляю я і кладу слухаўку. Незадаволена зіркаю на сакратарку. — Бог мой — Скала мая!.. — прамаўляю я.
Дзяўчына кідае на мяне здзіўлены позірк, па ўсім відаць, не разумее маёй іроніі.
— Ну што з табой зробіш, — разводжу я рукі. — Кубачак кавы, і Бог даруе табе твае грахі.
Насамрэч мне не да весялосці. 3 кволай надзеяй пазіраю на гадзіннік і вырашаю, як правільна і больш-
менш карысна размеркаваць час. Праз гадзіну, не пазней, так было дамоўлена загадзя з дырэктарам, я мусіў быць у гарадскім статыстычным аддзеле, дзе мяне ўжо другі дзень запар марна чакаюць з дакладам па выніках працы фірмы за мінулы квартал. Патрэбнай інфармацыі на руках у мяне дасюль няма, пры тым што тую інфармацыю, якую я яшчэ спадзяюся сабраць, трэба будзе ўдакладняць, апрацоўваць, і я проста не ў стане буду зрабіць гэтага ў бліжэйшы час. Наступствы гэтай маёй халатнасці для мяне непрадказальныя. Як мінімум ганебныя разборкі, папрокі і пазбаўленне квартальнай прэміі. I гэта, паўтаруся, у лепшым выпадку, так як запланаваныя тэрміны здачы справаздачнай дакументацыі даўно ўжо мінулі. Цешу сябе толькі тым, што ўся гэтая працэдура з распяццем на крыжы справядлівасці з прычыны майго адпачынку мусіць быць перанесенай на нявызначаны тэрмін і ў лепшым выпадку адбудзецца толькі праз месяц, пасля майго вяртання з Ізраіля. Але на той час, спадзяюся, абставіны зменяцца, ды і сам я буду зусім ужо іншым чалавекам, бо ніхто яшчэ з падарожжа не вяртаўся тым, кім быў да яго. I меў рацыю Геракліт: усё цячэ і змяняецца...
Чапляю на твар сур’ёзны выраз і дэманстратыўна лаюся. Дзяўчына не даганяе майго гумору і пакрыўджана патупляе вочы. Крывая грымаса на яе вабным, прыгожанькім тварыку вяртае мне канчаткова добры настрой.
— Бог мой — Скала мая!.. — паўтараю, як мантру, завучаны мною некалі выраз з Бібліі і, стрымліваючы ўсмешку, кажу: — Эх, золатка!.. Шкада, што мне нельга матам лаяцца.
Сакратарка вытужвае кволую ўсмешку. 3 партатыўнага прымача да мяне прарываецца саладжавы голас гламурнай спявачкі. Незадаволена моршчуся, і сакратарка прыцішае гук.
— А ці ведаеш ты, любая мая, хто такі Эсб’ёрн Свенсан? — па-змоўніцку падміргваю я. Маё не зусім зразумелае, недарэчнае пытанне, мая непрадказальная зменлівасць і зманлівасць настрою ды ненатуральнасць паводзін канчаткова бянтэжаць дзяўчыну.
У паветры завісае паўза. Праз адчыненую фортку ў пакой залятаюць гукі гарадскога жыцця. Вецер прыносіць іх разам з шолахам раскіданых на стале папер. Назіраю, як па руцэ дзяўчыны паўзе цень ад настольнай лямпы, і папраўляю фіранку.
Пакой нашпігаваны дробязямі і дэталямі. Спантанны павеў ветру агаляе іх існы парадак, дзе кожная з гэтых рэчаў мае свой сэнс і свой змест. «Нішто не вяртаецца назад, — думаю я. — Усё рухаецца толькі наперад. Маўчанне прамаўляе мільёны слоў, але нават і яны не здольныя выказаць ісціну гэтага моманту...» Яшчэ раз аглядаю пакой. Наша жыццё і ёсць існаванне сярод гэтых дробязных рэчаў, большасць з якіх непатрэбныя нам.
Пераводжу позірк на дзяўчыну і ўсміхаюся. Проста так, без прычыны. Мне можна. 3 заўтрашняга дня я ў адпачынку.
— Ісціна, золатка маё, тоіцца ў рэчах. На жаль, не кожны з нас здольны распазнаць яе... Мы зусім не цікавімся сабой. Мы не ведаем сябе. Мы корпаемся ў бруднай чужой бялізне. Што мы шукаем там? Шчасця?.. Бога?..
Дзяўчына паціскае плячыма і маўчыць.
— He падманвайце сябе, Богу няма месца ў курылках. Ён не павінен туды наведвацца, тым больш там жыць. Ведаеш, што нас, людзей, выратуе? — звяртаюся я болып да сябе, чым да дзяўчыны. — Музыка. Нас выратуе, маё золатка, музыка... Ты шчаслівы, бо ты слухаеш джаз!.. — дадаю я.
Гэта аксіёма. Музыцы я адданы з юнацтва. 3 тых самых часін, калі ўсвядоміў, што такое сапраўдны сэнс
музыкі, з таго самага імгнення, калі невылечна захварэў лізтаманіяй і пачаў без разбору калекцыянаваць гукі. Я і цяпер усё яшчэ прывучаю сваю памяць захоўваць іх для таго, каб дзяліцца імі з іншымі. «Ты шчаслівы, бо ты слухаеш джаз!» — вучылі мяне мае куміры. I я капіраваў іх. На жаль, усе мы імкнёмся быць нечымі копіямі, бяздумна адпрэчваючы сваё: індывідуальнасць, самасць... забываючыся, што ў кожнага з нас свой лёс і сваё жыццё. Нішто пакуль не завершана, нішто. Кожная рэч, кожная істота стварае сябе сама. Мы расцём з вядомага ў невядомасць, і цяпер я дакладна ведаю, што мае куміры — усяго толькі ілюзорная прэлюдыя да майго існага, сапраўднага жыцця, а мая мэта — не што іншае, як выйсце за межы звыклага, будзённага. I няважна, што гэтая ідэя індывідуальнай свядомасці толькі яшчэ зараджаецца ў маёй галаве, што святло ад яе пакуль вельмі бляклае і амаль незаўважнае. Але я іду насустрач гэтаму кволаму агеньчыку. Ён — маяк мне. Ён — святло ў маёй цемры. I за гэта я ўдзячны не сваім кумірам, а сабе самому. Я паважаю Эсб’ёрна Свенсана як асобу. Ён мог бы стаць маім сябрам, бо гэта ён навучыў мяне разумець і адчуваць прыгажосць гукаў. I я абавязкова вазьму яго гукі з сабою ў дарогу...
Музыка ніколі не была для мяне клопатам. «Гукі, — як сказаў нехта з вялікіх, — гэта вечнасць!» А я сцвярджаю, што гукі — гэта чарнільныя плямы на бясколерным цнатлівым аркушы цішыні. Менавіта імі бясконцы Бог піша свае ўспаміны: «...адчыні мне адтуліну з голкавае вушка і Я расчыню перад табой найвышэйшую Браму...» Праз некалькі дзён роўна сем гадоў, як не стала з намі вялікага Музыкі. Эсб’ёрн Свенсан быў маім аднагодкам.
— Дык ты ведаеш, хто такі Эсб’ёрн Свенсан? — паўтараю я і зазіраю ў вочы збянтэжанай дзяўчыне. Адказ-
ваю сам: — Эсб’ёрн Свенсан — маё збавенне ад тугі... Яго голас — мой голас!..
Дзяўчына не разумее мяне. I не трэба. Галоўнае, што я сам сябе разумею. Я не з маўклівых і не з глухіх, для мяне важна агучыць тое, аб чым я заўжды памятаю. Агучыць і пайсці незразуметым. Мы для таго і нараджаемся, каб быць самімі сабой.
— Прывітанне шэфу, — кідаю я на развітанне дзяўчыне і іранізую: — Абавязкова патэлефаную яму з Ізраіля. Бай-бай!..
Да прыпынку не вельмі далёка, але, каб не спазніцца, значны адрэзак шляху іду подбегам. Некалькі разоў парушаю правілы руху і перасякаю вуліцу на чырвонае святло. Сёння мне ўсё дазволена. Сёння мне ўсё сыходзіць з рук. Тралейбус, як заўжды, набіты бітком, і я з цяжкасцю праціскаюся ў салон. Бурчлівая мажная кабета неахвотна дапамагае мне прабіць квіток, потым прыбірае з праходу вялізную спартыўную сумку, прапускаючы мяне да акна. Дзякую ёй за гэта і з палёгкай уздыхаю. Нарэшце можна разняволіцца. Пераводжу дых і акідваю поглядам салон. Адчуваю схаваную ў паветры і ў чужых настроях напружанасць. Яна не столькі ў саміх паводзінах людзей, колькі ў іх трывожнай маўклівасці. На фоне яе галасы двух пажылых мужчын гучаць неяк ненатуральна і нават задзірліва. Прыслухваюся. Мужчыны, як можна зразумець з іх кароткіх рэплік, абмяркоўваюць падзеі ва Украіне. Іх погляды на палітычныя праблемы не супадаюць шмат у чым, і таму гаворка паступова перарастае ў спрэчку. Кожны з іх спрабуе акцэнтаваць увагу на сваім, а таму ім даводзіцца ўвесь час перакрыкваць адзін аднаго. Нічога не зробіш, такая ўжо наша краіна: для таго каб цябе пачулі, трэба размаўляць на ўзмоцненых тонах. Галоўная мэта большасці — быць датычным да нечага, належаць камусьці: дзяржаве, ідэі,
партыі, рэлігіі... Няважна каму, абы толькі не быць аднаму. Аднаму быць страшна.
«Русскнй мнр» даўно ўжо ў маім горадзе, і я балюча, з трывогай стаўлюся да ўсёй гэтай ашалелай, непрыхаванай, прапагандысцкай лексікі, якую чую з дня ў дзень паўсюль. За ўсімі плёткамі, неабгрунтаванымі і паспешлівымі высновамі, за ўсім неагучаным і прыхаваным кожны раз паўстае адно і тое ж пытанне, яно вісіць у паветры: «Быць Трэцяй сусветнай ці не?..» Грамадства ведае гэтых «асоб з запалкамі», бачыць іх кожны дзень у тэлевізары, але назваць адкрыта іх імёны не спяшаецца. Так бяспечней. Мяне злуе гэтая людская блізарукасць. I ад гэтай безвыходнасці, ад свайго бяссілля мне хочацца крычаць крыкам: «Яна ідзе ўжо, тая вайна! Яе даўно распалілі нашы куміры!.. Проста яна іншая, не такая, як вы чыталі ў кніжках ці бачылі на экранах. Час іншы і войны іншыя!»
Але я ведаю: крычы не крычы — а наўрад ці пачуюць цябе. Для таго каб гэта зразумець, трэба, на жаль, і бядзе, і смерці прыйсці ў кожны дом. Ёсць чорнае і ёсць белае. Ёсць чырвонае і ёсць карычневае. Я не дальтонік. Я прыхільнік жыцця. Я прыхільнік светлых колераў, а таму нязгодны з тымі, хто імкнецца навязваць мне павагу да жалобных фарбаў. Верагодна, для натоўпу я праблемны чалавек, а таму перасцярогі гэтай бальшыні для мяне зразумелыя. Са мною не камільфо. Людзі любяць, каб з імі згаджаліся. Але я ніколі не стану тым, кім бы хацелі мяне бачыць гэтыя людзі. Я не жадаю апускацца да іх узроўню і жыць разам з імі ў норах. Я адчуваю, што ў свеце адбываецца нешта значнае, свет на нашых вачах робіцца іншым, не такім, якім быў раней, і ў прыстойных людзей шмат прычын для непакою і хвалявання. Занадта многа гора і слёз, занадта многа людской крыві льецца ў свеце. He патануць бы нам у гэтым згубным крывавым