Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
акіяне, не знікнуць бясследна, як знікла некалі легендарная Атлантыда.
Адрываюся ад думак. За акном звыклая воку безаблічнасць вялікага горада. Чаму мы імкнёмся асягнуць неабсяжнае, чаму нашы думкі не прасякнуты любоўю да таго, што ёсць, да таго, што мы маем? Прыгажосць свету ў дробязях. Менавіта з іх, нібыта з мноства размаітых пазлаў, і складаецца наша сапраўднасць. I ці патрэбна нам ехаць на край свету для таго, каб сустрэцца з Богам?..
— I не страшна табе аднаму перціся ў гэтую далячынь? — дакучае Аля. У яе голасе чую непрыхаваны здзек. Насамрэч гэта зайздрасць, самая што ні на ёсць звычайная людская зайздрасць.
Аля мая даўняя сужыцелька. Сапраўднае імя яе — Валя. Але яна яго не выносіць на дух чамусьці, а таму скараціла на адну літару і цяпер цешыць сябе, што так гучыць нашмат прыгажэй. Валя скараціла не толькі сваё імя, яна скарачае ўсё, для яе ўсе рэчы і з’явы недасканалыя, не такія, якімі яны ёй бачацца. Такая ўжо яна ёсць, мая Валя. Мы з ёю людзі розныя, хоць і жывём разам цэлую вечнасць. Прызвычаіліся, прыцерліся адно да аднаго, як кажуць, зжыліся. У Алі я трэці па ліку сужыцель. Дзяцей яна ні ад кога з нас не займела, а таму гэтае пытанне для яе нязносна балючае і непрыемнае. Размоў на такія далікатныя тэмы мы з ёю не вядзём. Пра існаванне майго сына яна таксама не здагадваецца, а я ёй і не збіраюся расказваць сваю гісторыю. Калі шчыра, яна і не вельмі цікавіцца маім колішнім жыццём. Такі расклад мяне цалкам задавальняе. Яе, верагодна, таксама.
— Страшна, — згаджаюся я. — Таму і еду не сам, а з паломнікамі. Так зручней, як мне здаецца. Хоць, калі шчыра, то і з імі баюся ехаць. Раптам не ўпішуся ў кампанію гэтых набожных людзей.
— He разумею, навошта табе гэта ўсё? Які сэнс шукаць Бога ў краіне, дзе вякамі ідзе вайна, дзе праліта столькі крыві і слёз? Няўжо, каб знайсці Бога, трэба перціся на край свету?
— Сапраўды, Бог нашмат бліжэй, — згаджаюся я. — Але пачуццё віны, Аля, гэта — наймагутнейшы сродак для маніпуляцый. Бог — гэта збор нейкіх сусветных законаў, у маім разуменні, а таму прасіць яго аб нечым, безумоўна, гэта дурное. Тым не менш, калі сэрца шчыміць, даводзіцца паратунку шукаць на краі свету.
— Якога ражна тады прэшся? — недаверліва пазірае на мяне Аля. — Наколькі я здагадваюся, падарожжа гэтае не таннае. Лепш бы на здароўе грошы патраціў, якога ў цябе не так ужо і шмат.
— He шмат, — згаджаюся я. — Але здароўе, Аля, за грошы не купіш. Банальна, але факт. Калі шчыра, ёсць у мяне абавязак адзін перад жыццём...
— Абавязак? — здзіўляецца яна і іранізуе: — Перад ізраільскім народам?
— Перад Богам. Вярнуся — абавязкова раскажу Ta66 сваю гісторыю.
— Чаму не цяпер? — здзіўляецца яна.
— Таму, што не час яшчэ.
— He час, — перакрыўляе мяне Аля. — He разумею, якія такія абавязкі могуць быць у чалавека, які ні ва што не верыць?.. Ніколі цябе не разумела, ніколі...
У голасе яе чутны крыўда і расчараванне.
— Відаць, ужо ніколі і не зразумею.
— Гэта праўда, — згаджаюся я. — Ды і навошта?..
Адчуваю сваю нікчэмнасць. Месца для нечага новага, пакуль яшчэ нязведанага ў жыцці, амаль не засталося ўжо. Разумею, што з гэтым трэба нешта тэрмінова рабіць, неабходна пазбаўляцца ад гэтага цяжару, ад старых рэчаў, ад выпадковых калег, якія раздражняюць сваёй палітычнай заангажаванасцю, большасць
з якіх — пакаленне чорна-белых тэлевізараў, а таму тлумачыць ім іх жыццёвую бесперспектыўнасць — усё роўна, што Алю на ровары вучыць ездзіць. Сяброўства з імі нясе толькі небяспеку і шкоду. Эпідэмія духоўнай блізарукасці, якая за кароткі тэрмін атруціла значную частку грамадства, не абмінула бокам і мяне. 3 кім жывеш, ад таго і набіраешся. Я, як і гэтыя людзі, страчваю свой унутраны зрок, раблюся такім жа бесперспектыўным прыстасаванцам. Мы нібыта сляпцы з вострава Закінтас — нам навязваюць правілы гульні і мы пакорліва, бяздумна прымаем іх. Людзі схільныя гуляць у гульні без правілаў. Спачатку рабуюць, а потым займаюцца дабрачыннасцю. I ўсё дзеля задавальнення свайго «Я». Іншы раз мне здаецца, што паводзіны большасці з нас не дацягваюць да паводзін людскіх. Калі браць у агуле, мы так і не сталі нацыяй. Мы застаёмся толькі «агульнасцю», аб’яднанай не ідэямі, а назвай, мы — жыхары пэўнай гістарычнай тэрыторыі, аб’яднаныя не адметнасцю і самабытнасцю культуры, а жаданнем выжыць. Таму ці варта здзіўляцца, што на паверхню з нас лезе ўсё бездухоўнае, да якога прыстойныя людзі не маюць ніякага дачынення? Нам жа да лямпачкі ўсё!.. Мы пляваць хацелі на ўсіх!.. Вось і ходзім запляваныя. Навучыліся падмяняць паняцці, налаўчыліся ашукваць блізкіх. Счарсцвелі душой, звыкліся з абразлівай сапраўднасцю і робім выгляд, што нічога амаральнага вакол нас не адбываецца. Насамрэч гэта духоўны генацыд, гэта гвалтаванне чалавека чалавекам, гэта насілле большасці над меншасцю. Мы дазволілі пералічыць нас, як бараноў, дазволілі назіраць за намі праз замочную шчыліну, і ўсё дзеля нашай бяспекі, і ўсё дзеля нейкіх высокіх мэт. Якіх? Цяпер за намі сочаць паўсюль. Цяпер мы навідавоку, на ланцугу. Таму, зрэшты, якая нам розніца, на якой мове нас абражаюць...
— Будзеце выходзіць?
Нехта далікатна штурхае мяне ў плечы, і я незадаволена азіраюся. Пакрыўджана гляджу на маладога чалавека, потым у акно, і разумею, што праехаў патрэбны прыпынак.
— Буду, — ціха прамаўляю я і раблю крок да дзвярэй.
Са спадарыняй Ларысай, так завуць менеджара, мы знаёмыя яшчэ з мінулай восені, вандраваў на Валаам. Ларысе на выгляд гадоў пад сорак. Гэта ўсмешлівая, ветлівая і жыццярадасная жанчына. Адчуваецца, што яна на сваім месцы. У пакоі пануе належны парадак. Мэбля падабраная з густам. Паперы на стале акуратна раскладзеныя. На кніжных палічках стос філасофскіх кніжак. На падваконніках кветкі. У дадатак Ларыса някепскі псіхолаг. Ва ўсякім разе мяне яна пралічыла ў першы ж дзень нашага знаёмства. Аднаўляючы ў памяці тую колішнюю з ёю гаворку, я схіляюся да думкі, што паводзіў сябе не зусім лагічна, наіўна, па-дзіцячы.
Паломнік з мяне сапраўды ніякі. Вернікам мяне таксама назваць нельга. Біблію я, безумоўна, чытаў, але больш дзеля цікаўнасці, чым дзеля духоўнай практыкі. Некаторыя раздзелы з яе, такія як, напрыклад, «Кніга прытчаў Саламонавых», я і дасюль перачытваю. Малітваў як не ведаў, так і не ведаю. Акрамя хіба што «Ойча наш».
— Ці ўпішуся я ў ваша асяроддзе, як лічыце? — пацікавіўся я ў яе тады.
— Упішацеся, — усміхнулася Ларыса. — 3 намі розныя людзі паломнічаюць.
Паўза зацягвалася.
— Я павінен прайсці нейкі спецыяльны тэст ці здаць іспыты?.. — парушыў я першым маўчанне і паглядзеў на жанчыну з несхаванай іроніяй. — Калі адмовіце, буду шукаць іншыя шляхі...
— Праблема людзей у тым, што большасць з іх ні ўва што насамрэч па-сапраўднаму не верыць. Нават
у сваю святасць. Прызнацца шчыра, мне таксама не даспадобы фанатыкі... У тым ліку і рэлігійныя. Ужо нават тое, што вы наважыліся паехаць, што Бог вас спадобіў наведаць Святую Зямлю, заслугоўвае павагі. Ніхто не вяртаўся з паломніцтва тым, кім быў да яго. Дасць Бог, і вам пашанцуе... У тых, хто заблудзіўся, ёсць шанец знайсці дарогу.
«О-о! Мысліць гэтак жа, як і я!»
— Гэта сапраўды так: калі вам без розніцы, дзе вы цяпер знаходзіцеся, значыць, вы не заблудзіліся, — сказаў я і на ўсякі выпадак удакладніў: — Адзін з законаў Мэрфі.
Падымаюся па стромкіх вінтавых прыступках на другі паверх і ціхенька стукаю ў дзверы. За імі цішыня. Стукаю яшчэ раз — ніхто не адказвае. Чакаю хвіліну і спускаюся ўніз. Сустракаю Ларысу на выхадзе.
— Ну, нарэшце, — усклікае яна задаволена. — А я вас чакаю ўжо. Вы хоць не перадумалі?
— Што вы? Безумоўна, не, — бянтэжуся я і апраўдваюся: —Яшчэ ж ёсць час. Некалькі дзён наперадзе.
— Па-першае, не некалькі дзён, а менш. А па-другое, заўтра я не працую, а квіткі на самалёт толькі вы адзін не забралі. Калі шчыра, сёння мне таксама не да вас, так што, прабачце, адразу ж пяройдзем да справы.
Мы моўчкі паднімаемся на другі паверх. Яна адчыняе пакой і запрашае сесці.
— Хачу вам сказаць, што група сфармаваная цалкам, — тлумачыць Ларыса. — Як і планавалася, складаецца яна з пятнаццаці чалавек. Пераважна гэта жанчыны. Ёсць, праўда, некалькі сямейных пар.
— Зразумела, — іранічна ўсміхаюся я. — Нашым мужчынам не да паломніцтва. Ім грошы зарабляць трэба...
— Жыць будзеце ў адным пакоі з айцом Серафімам. Ён вашага ўзросту. He хвалюйцеся, айцец Сера-
фім вельмі прыстойны і аўтарытэтны чалавек у нашай епархіі, спадзяюся, вы з ім пасябруеце.
Я згодна ківаю галавой.
— Збор у нядзелю раніцай ля царквы. А шостай гадзіне вас забярэ наш царкоўны «бусік». Вылет з Мінска пасля абеду. Вось і ўсё, калі коратка, — кажа яна і корпаецца ў шуфлядцы. Нарэшце працягвае мне файлік з паперамі. — Тут квіткі на самалёт, страхоўка і напамінак. Праграма можа мяняцца, самі разумееце, там неспакойна. У Бэн-Гурыёне вас сустрэне наш рускамоўны гід.
Спадарыня Ларыса вытрымлівае паўзу, потым працягвае мне перавязаны чырвонай стужкай невялічкі пакунак.
— Гэта, — марудзіць яна, — у мяне да вас асабістая просьба. У лаўры святога Феадосія, што ў Палесціне, а вы там абавязкова будзеце, ёсць наш чалавек, наша зямлячка... Сястра Фаціна. Я шчыра папрасіла б вас: знайдзіце яе і перадайце ёй гэты пакунак. Кожны год мы перадаём ёй праз нашых паломнікаў пачастункі. У пакунку напамін аб нашай Беларусі. Знайдзіце яе абавязкова, — паўтарае яна.
— Безумоўна, перадам, — абяцаю я. Нашы позіркі на хвілінку сустракаюцца. Твар у спадарыні Ларысы сур’ёзны.
— Значыць, дамовіліся, — адводзіць яна вочы.
— He сумнявайцеся.
— Дарэчы, у гэтым манастыры доўгі час знаходзіліся астанкі нашай асветніцы Ефрасінні Полацкай. Ведаеце пра гэта?
Ківаю галавой. Безумоўна, ведаю. Больш за тое, хачу пабыць у тых мясцінах, дзе жыла ў свой час і дзе была пахаваная беларуская праведніца. Гэта адна з маіх мэт спантаннай і неймавернай паездкі на Святую Зямлю.
2
Вечарам тэлефануе шэф. Вытрымліваю паўзу, доўга не здымаю слухаўку. Пракручваю ў думках варыянты адказаў на яго пытанні і не знаходжу іх.
— Ты яшчэ ў Беларусі? — жартуе ён, не павітаўшыся.
— Так, пакуль што ў Беларусі, — адказваю я, стрымліваючы раздражненне. — Вылятаем праз суткі, дакладней, у нядзелю пад вечар.