Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
рад ці змагу пераканаць яго ў тым, што яна сама прайшла, скарыстаўшыся маёй няўважлівасцю.
— Успамінай, — патрабуе ахоўнік.
— Верагодна, гэта была жанчына з нашай групы, — тлумачу я. — Яна была з вялікай сумкай, і я прапусціў яе.
— Хто гэта быў? — перапытвае ахоўнік і зневажальна глядзіць на мяне. «Ідыёт!» — чытаю ў яго вачах сабе прысуд.
— Жанчына ў касынцы, — паўтараю я.
— Дзе ваша група? Што за група?
— Адкуль я цяпер ведаю, дзе мая група, — паціскаю я плячыма. — Мы паломнікі. Я нават пазнаёміцца з усімі не паспеў.
— 3 Расіі? — перапытвае «цэрбер».
— 3 Беларусі, — удакладняю я.
Гляджу, як мяняецца яго твар, і разумею, што мая нацыянальная прыналежнасць мае для яго значэнне. Ва ўсякім разе голас яго мякчэе.
— Гэта яны? — паказвае ён рукой на купку людзей ля тэрмінала. Мая торба самотна валяецца збоку.
— Так, — ківаю я галавой, згледзеўшы сярод людзей айца Серафіма.
— Паказвай жанчыну, — глядзіць на мяне ахоўнік.
Паломнікі збянтэжана пазіраюць на мяне, не разумеючы, што здарылася. Я прыдзірліва аглядваю кожнага з іх.
— Яе няма сярод гэтых людзей, — канстатую я.
— Як няма? — здзіўлена глядзіць на мяне ахоўнік. Потым звяртаецца да айца Серафіма: — Вы кіраўнік групы?
— He, не я!.. — адхрышчваецца святар і падазрона глядзіць на мяне, потым апраўдваецца: — Мне нават спісу групы не далі.
Я разумею яго, гэта наша нацыянальная асаблівасць, гэта чыста беларускае «я не я і хата не мая». Мала што можа здарыцца... Айцец Серафім яшчэ
раз акідвае мяне падазроным позіркам. Відаць, я ў яго ўяўленні не менш як наркагандляр, а мо і ўвогуле перакупшчык зброі, інакш бы навошта мною цікавілася служба бяспекі. Я не крыўдую, тым больш не чакаю ні ад кога дапамогі. Гэта чыста мае праблемы, і іх я павінен вырашаць сам. I ўвогуле, калі заходзіць гаворка пра людзей, я заўжды скептычна ўсміхаюся: «Чалавек усё той жа!» Людзі асцерагаюцца мець справу з нявызначанасцю. Людзі баяцца таямніц. Яны цэняць толькі звыклае, усім вядомае. Толькі Бог здольны ведаць усё, пераконваюць сябе яны.
— Дык вось жа яна, — радасна канстатую я з’яўленне кабеты ў касынцы. — Гэта тая жанчына, якая прайшла па маёй картцы...
Кабета збянтэжана пазірае на мяне, не разумеючы, што здарылася. Настрой мой адразу паляпшаецца, і я нават пасміхаюся з сябе ў думках. Згадваючы вядомую кінастужку: «Усход — справа тонкая». Кабета, па ўсім відаць, паспела за гэты час аббегаць усе навакольныя шапікі і таму цяпер цалкам задаволеная сабой. Ахоўнік моўчкі вяртае мне пашпарт і загадвае жанчыне прайсці з ім. I ўсё ж сэрца маё трывожна сціскаецца: «А што, калі не яна?..» Тлумачыць свае праблемы, тым больш апраўдвацца перад незнаёмымі людзьмі не хочацца. Гульчатай, як паспеў я ахрысціць сваю «хрэсніцу», вяртаецца праз некалькі хвілін без ахоўніка. Я з палёгкай уздыхаю: «Бог мілаваў!..»
— Што ён хацеў ад вас? — пытае ў яе айцец Серафім.
— He ведаю, я і сама не зразумела...
Бяру сумку і моўчкі плятуся за групай. У холе нас даўно ўжо чакае наш гід. Жанчыну завуць Роза. Яна родам з Крыма. Жанчына ўдакладняе праграму і вядзе нас да аўтобуса. Лаўлю сябе на думцы, што не слухаю яе. Займаю месца ля акна, дастаю з заплечніка нататнік і запісваю:
«Якое ўсё ж таннае наша жыццё ўдалечыні ад радзімы. Калі б не касынка гэтай жанчыны, якая кінулася мне ў вочы пры сустрэчы, верагодна, я б яе нават не запомніў бы...»
Размяшчаемся на начлег у гатэлі ў Нетаніі. Наш нумар вокнамі на мора. Дзверы на балкон адчыненыя, і я чую амаль побач яго манатоннае, рытмічнае дыханне. Яно зусім блізка, недзе ў цемры. Мы папіваем каньяк і слухаем музыку мора. Пасля толькі што перажытага хочацца памаўчаць. I ўсё ж дзялюся з айцом Серафімам сваімі прыгодамі.
— Падарожжа без прыгод — не падарожжа, — хітра ўсміхаецца той. — Але трэба не забывацца, што мы на чужой зямлі.
— Гэта праўда, — згаджаюся я. — Мы сапраўды на чужой зямлі. I гэта далёка не Еўропа. Гэта Усход. I ў гэтых тонкасцях мне давялося пераканацца.
Ноччу мне сніцца Аля...
3
Прачынаюся на досвітку. Вылязаю з-пад коўдры і на дыбачках іду да акна. На твары айца Серафіма застыла шчаслівая ўсмешка. Ён усё яшчэ сніць свае сны аб Беларусі. Ну і няхай. У нас розныя з ім перажыванні. Дастаю з заплечніка здымач і зачыняю за сабой дзверы. На рэсэпшэне мне ветліва ўсміхаецца маладзенькая супрацоўніца. Адказваю ёй гэткай жа добразычлівай усмешкай і выходжу на вуліцу. Твар лашчыць ветрык — вільготны і прытарна-цёплы. Уяўляю сабе, якая спёка чакае нас днём. Раблю некалькі крокаў у напрамку мора і спыняюся. Сэрца сціскаецца ад захаплення і разгубленасці. Такое ўражанне, што наваколле, якое адкрываецца маім вачам, ёсць нешта штучнае, несапраўднае, намаляванае мастаком-мультыплікатарам. Я гартаю гэтую раскрытую кнігу з экзатычнымі, незямной прыгажосці эцюдамі, узіраюся ў яе і спрабую спасцігнуць задуму аўтара. Перада мной паўстае сучасны курортны горад са шматлікімі праменадамі, фантанамі і раскошнымі гандлёвымі цэнтрамі, і калі б не гэтыя два хасіды, што няспешна крочаць мне насустрач, я б ніколі не сказаў, што гэта ўсходні мегаполіс. Мора хвалюецца недзе ўнізе, на дне абрыву. Пакуль я толькі чую яго. Набярэжная ўхутаная зелянінай. Доўга шукаю спуск да вады. Падказвае мне дарогу маладая жанчына. Mae веды ангельскай мовы амаль нулявыя, і ўсё ж слоўнікавага запасу хапае, каб паразумецца. Па каменных
сходах спускаюся да пляжа. Ад чысціні і прыгажосці, што адкрываюцца вачам, сціскае ў грудзях. Сонца яшчэ толькі ўзыходзіць, і яго кволыя промні кранаюцца паверхні вады. Далягляд зіхаціць перламутрам. Здымаю абутак і кранаюся ступнёю вільготнага пяску, нібыта баюся апаганіць сваёй прысутнасцю гэтую чысціню незнаёмых мне мясцін. Крочу павольна да альтанкі. Саджуся на лаўку і доўга гляджу ўдалячынь. Апошні раз на моры мне давялося быць прыкладна тры гады назад, у Ялце. Крым на той час быў яшчэ ўкраінскім. Сёння туды дарогі няма. Па-першае, паўвостраў — вайсковая база, а таму гэта не месца для адпачынку. Па-другое — небяспечна. У Алі ў Ялце жыве сяброўка. Яна засталася на паўвостраве пасля вучобы, выйшла там замуж, абзавялася сям’ёй і з’язджаць адтуль не збіраецца. Хаця, пасля нядаўніх падзей, хто іх там ведае, падтрымліваюць яны сувязі ці не. Адносіны мае з Аляй на той час катастрафічна псаваліся. Мы збіраліся развесціся, бо ў мяне ўжо была жанчына, ды і Аля, пэўна, мела каханка, ці мо проста рабіла выгляд, што мела. Мяне гэта мала цікавіла. I ўсё ж, калі шчыра, менавіта Аля зрабіла той крок да збліжэння. Каб захаваць нашы адносіны, яна прапанавала мне правесці чарговы адпачынак сумесна і махнуць на тыдні два ў Ялту. Цяпер, з вышыні пражытага часу, я магу дакладна сказаць, што яна дарма асцерагалася разводу, што такія эгаісты, як я, не здатныя на кардынальныя змены ў жыцці. Так, магчыма, я ніколі нікога не кахаў па-сапраўднаму, але гэта яшчэ не факт, што я збег бы ад Алі. 3 Аляй мы жывём амаль вечнасць, і сысці ад яе ціха ў мяне не хапіла б смеласці. Для мяне Аля — палачка-ратавалачка. Пакуль я валацужнічаў па Расіі, гойсаў у пошуках заробку па гарачых кропках, жанчына, з якой збіраўся ажаніцца, якая нарадзіла мне сына, раптоўна памерла. Ніхто мне так да-
кладна і не назваў сапраўднай прычыны яе смерці. А мо высвятляць гэта я і сам не надта хацеў, якая цяпер розніца. Пра тое, што яна нарадзіла мне сына, я тады нават і не здагадваўся. Па вяртанні на радзіму аб яго існаванні мне расказаў колішні школьны сябар, з якім мы выпадкова сустрэліся ў цягніку, калі я вяртаўся з Расіі. Сын, як высветлілася, рос сіратой. Выхоўвала яго цётка, родная сястра нябожчыцы. Праз знаёмых я даведаўся, што жывуць яны ў маім горадзе. Шмат разоў потым намагаўся сустрэцца з гэтымі людзьмі, кружляў неаднойчы ля іх дома, але адвагі зайсці і адкрыцца ім так і не хапіла. Сын на той час вучыўся ў будаўнічым каледжы. He скажу, што мяне мучыла сумленне, але ўсё ж некалькі разоў я спрабаваў перадаць яму грошы, пасылаў, праўда, пад чужым прозвішчам, прасіў калегу, калі той знаходзіўся ў камандзіроўках, каб ён пераслаў грошы на адрас сына з іншага горада. Грошы, безумоўна, вярталіся назад да калегі, відаць, сын здагадваўся пра маю няшчырасць і адмаўляўся прымаць іх ад чужога чалавека. На жаль, я так з ім і не сустрэўся ніколі. Страх нараджаў новы страх, аддаляючы сустрэчу на нявызначаны тэрмін. «Што я яму скажу? — мучыў сябе неаднойчы я. — Якія словы знайду, каб апраўдаць здраду?..» Я не пераболыпваў, мой учынак быў сапраўды здрадай. I я памятаю пра гэта заўжды. Пасля вяртання з Расіі я закінуў журналістыку, якой займаўся ў чужой краіне, асвятляючы падзеі ў гарачых кропках, і ўладкаваўся на працу ў дзяржаўныя структуры, але ўжо праз год звольніўся і падшукаў сабе больш цёплае месца ў прыватнай букмекерскай канторы. Там мы і сустрэліся з Аляй. Сына я паспрабаваў выкрасліць з памяці. Мне хацелася верыць, што, калі ты забываеш пра некага, ён і пра цябе забывае таксама. Але я ашукваў сябе. Тое, што перастае існаваць, якраз-такі пачынае існаваць. I гэта не метафізічныя ісціны. Гэта, хут-
чэй, «адмазка», адзін са шматлікіх варыянтаў апраўдаць свае ўчынкі. Гэта бег наперагонкі з уласным ценем. Чым хутчэй ты імкнешся даганяць яго, тым хутчэй ён ад цябе аддаляецца.
Да рэчаіснасці мяне вяртае далікатнае пакашліванне айца Серафіма.
— Чаму вы не разбудзілі мяне? — цікавіцца ён, калі я паварочваюся да яго.
Паціскаю плячыма. Айцец Серафім моўчкі здымае рызу, акуратна кладзе побач са мною на лаўку і няспешна крочыць да вады. Я таксама распранаюся і іду за ім. Мора што гарачае малако. Забываюся, дзе знаходжуся, зліваюся з навакольным светам і рухаюся разам з ім у невядомасць. «Я там, дзе і павінен быць, значыць, я не заблудзіўся».
Пасля сняданку збіраем рэчы і ідзём на рэсэпшэн. Там нас чакае група. Займаем месцы ў аўтобусе, і наш гід Роза пералічвае нас, знаёмячыся з кожным паасобку. Аўтобус павольна ад’язджае ад стаянкі, і я прыпадаю позіркам да акна. За ім сюррэалістычныя палотны невядомага аўтара. I ў іх змесце столькі ўсяго невядомага мне, чаго я, верагодна, не змагу зразумець ніколі.
— Горад, у якім мы знаходзімся, пабудаваны ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя, — прамаўляе Роза ў мікрафон, і я міжволі напружваю слых. — Размешчаны ён, як вы паспелі заўважыць, на высокіх пясчаных выдмах. Гэтая раўніна носіць назву Шарон і ўзгадваецца ў Бібліі. Напачатку мінулага стагоддзя тут была невялічкая арабская вёсачка. Зямлю вакол яе выкупіў Габрэйскі нацыянальны фонд, і першыя пасяленцы, якія прыехалі сюды асвойваць гэтыя землі, займаліся вырошчваннем цытрусавых. Аднак ужо ў тыя часіны паралельна з гаспадарчай працай у горадзе пачынае развівацца вытворчасць, у прыватнасці — вытворчасць