• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульні з нулявымі сумамі  Алесь Паплаўскі

    Гульні з нулявымі сумамі

    Алесь Паплаўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2020
    52.56 МБ
    «О, чароўнае, несмяротнае Сонца! — шапчу я. — Няма Табе роўных, бо для ўсіх ты аднолькавае. Толькі ў Табе, і ні ў чым іншым, адлюстравана веліч Бога...»
    Адрываюся ад думак і дастаю з кішэні цыгарэты. Счакаўшы хвілінку, хаваю іх. Чысціня вакол. Баюся апаганіць яе цнатлівасць, баюся прапусціць для сябе нешта важнае, лёсавырашальнае, баюся не занатаваць яго ў памяці. Расчахляю здымач і пачынаю бяздумна фатаграфаваць гарадскія пейзажы. Калі эйфарыя мінае, крочу ў хостэл. Айцец Серафім яшчэ спіць. He распранаючыся, кладуся ў ложак, чапляю на вушы слухаўкі і пачынаю слухаць Эсб’ёрна Свенсана.
    Пасля сняданку пакідаем горад. Перад тым як сесці ў аўтобус, азіраюся, каб развітацца з хостэлам. 3 fla­xy Салезіянскай царквы пазірае мне ўслед Ісус Хрыстос. На яго гіпсавым твары застыла векавая засяроджанасць і загадкавасць. Відаць, царкоўнікі наўмысна яго малююць сумным.
    — Наш маршрут, любыя мае, ляжыць на поўдзень маляўнічай Генісарэцкай даліны, — вяртае мяне да рэчаіснасці мілагучны голас Розы. — I мы рухаемся з вамі ў легендарную Магдалу, дзе, паводле біблейскіх паданняў, нарадзілася Марыя Магдалена.
    «Жанчына, якая ведала Усё, — думаю я. — Жанчына, якой была падрыхтаваная гісторыяй эпізадычная роля. Верагодна, толькі таму, што яна была жанчынай. Відавочна, асобам такога ўзроўню — знакавым і неардынарным — час заўжды рыхтуе невядомасць. Іх асцерагаюцца і баяцца, бо яны нават і пасля сваёй смерці нясуць пэўную небяспеку для натоўпу».
    — Магдала з арамейскага перакладаецца як «прыгожы», што адпавядае рэчаіснасці, — працягвае аповед Роза. — У часы Іосіфа Флавія гэта быў даволі буйны па сваіх памерах і па колькасці насельніцтва горад. Менавіта ў ім, калі верыць біблейскай ле-
    гендзе, Ісус Хрыстос выганяў з Марыі Магдалены сем дэманаў.
    «Не адчайваецеся, вы, тыя, хто ўпаў у грэх, — шапчу я, як малітву, словы, якіх не магу забыць ужо шмат гадоў, — вяртайцеся на шлях праведны па маім прыкладзе і праз Бога...»
    Марыя Магдалена — адзін з тых нешматлікіх біблейскіх персанажаў, якіх я не проста люблю, але якія вядуць мяне па жыцці, якія з’яўляюцца маімі ментальнымі арыенцірамі. Я не веру ў перакручаную людзьмі ісціну, а таму не люблю Тыцыяна і яго знакамітую «Марыю Магдалену», якія б гуманістычныя ці «паганскія» асновы ні выяўляў ён у гэтай карціне. Вобраз вечнай блудніцы, якая праз павуту вякоў безнадзейна імкнецца да пакаяння ды духоўнай чысціні, мог быць запатрабаваны толькі царкоўнікамі, у разуменні якіх жанчына апрыёры не магла быць вучаніцаю Хрыста.
    — Марыя Магдалена стала адданай паслядоўніцай Ісуса Хрыста, — прарываецца аднекуль здалёк голас Розы. — Яна прысутнічала пры яго распяцці і была адной з першых сведак пры ўваскрашэнні.
    Аўтобус спыняецца на стаянцы, і Роза запрашае прайсці нас да выхаду. Лезу ў заплечнік і выцягваю адтуль невялічкі здымачак у срэбным акладзе. Гэта рэпрадукцыя карціны фларэнційскага майстра Карла Дольчы «Жанчына з алебастравым сасудам», прыціскаю яго да грудзей і шапчу пра сябе, нібы малітву: «Сястра, зорка нябесная, знайдзі сілы выслухаць мяне. Шмат зла на гэтай зямлі, шмат хлусні сказана нячысцікам. Забудзься, што ты грэшніца, сястра, і скажы мне: ці жыве тваё сэрца, як ты любіш?..»
    Праходзім праз жалезную браму і па прыступках спускаемся ўніз, да Храма Святой Марыі Магдалены. Дворык ціхі, утульны, патанае ў кветках і зеляніне. Далё-
    ка ўнізе віднеецца нерухомая сінеча Галілейскага мора. Месца гэтае было куплена на пачатку мінулага стагоддзя главой Рускай Духоўнай Місіі Архімандрытам Леанідам. Невялічкую царкву заклалі менавіта на тым самым месцы, дзе колісь Ісус Хрыстос выганяў з Магдалены сем дэманаў. Асцярожна адчыняю дзверы і пераступаю праз парог храма. За мной крочаць астатнія. Памяшканне невялічкае. Сцены распісаны фрэскамі на біблейскія тэмы. Адыходжу ўбок і кранаюся пальцамі адной з іх. Потым выцягваю з-за пазухі свой «абразок» і доўга гляджу ў вочы святой. Яны слязяцца.
    — Скажы мне: ці жыве тваё сэрца, як ты любіш?.. — шапчу я і прыціскаю аклад да грудзей. Пераводжу погляд на маладую дзяўчыну. Яе рукі складзеныя ў малітве і вусны шэпчуць:
    — Жыве, Пане! Калі я не люблю, яно мёртвае...
    Цэлы дзень бавім на Галілейскім моры. Наведваем Капернаум — Ягоны горад. Ад таго гістарычнага рыбацкага мястэчка, у якім некалі дзеяў свае цуды Ісус, засталіся толькі разваліны. Мінаем іх і крочым да грэцкай праваслаўнай царквы Дванаццаці апосталаў. Яе малінавыя купалы заўважны здалёк. Вароты гасцінна адкрытыя. Мясціны тут светлыя, нібыта наўмысна прызначаныя для адзіноты і малітваў. Прысутнасць Бога ва ўсім.
    — Спадзяюся, вы разумееце, што ўсе цуды, якія прыпісваюць Хрысту, толькі метафара, — усміхаецца хітра Роза. — Сапраўдны цуд не ў тым, каб лётаць у паветры ці хадзіць па вадзе, сапраўдны цуд — хадзіць па зямлі...
    5
    Шаша № 90, па якой мы падымаемся ў Іерусалім, самая працяглая і самая небяспечная ў Ізраілі. Дарога цягнецца праз Палесцінскую аўтаномію ўздоўж мяжы з Іарданіяй.
    — I так, любыя мае, — пачынае свой аповед Роза. — Мы з вамі рухаемся па самай працяглай і самай глыбокай упадзіне на Зямлі, — тлумачыць яна. — Гэта ёсць дно свету, дакладней, дно Усходне-Афрыканскага разлому, які ўтварае раку Іардан. Яе можна бачыць з левага боку, дзе і Мёртвае мора. У раёне Эфіопіі разлом рэжа Афрыку, і таму яго называюць шнарам на целе зямлі. Разлом не стаіць на месцы, ён увесь час рухаецца і, як мяркуюць навукоўцы, у канчатковым выніку ён ператворыць урэшце Усходнюю Афрыку ў востраў.
    Адрываю вочы ад акна. Кожны заняты сабой. Хтосьці, стаміўшыся, дрэмле, хтосьці слухае музыку, хтосьці пазірае ў акно і робіць выгляд, што слухае гіда. Лішніх пытанняў ніхто з нас не задае. Пазнаем таямніцы невядомай краіны вушамі і вачыма, праз аконнае шкло аўтобуса. Паездка навучыла нас слухаць і маўкліва пераварваць пачутае. Акрамя зносін з айцом Серафімам, я нікому больш не адкрываюся. «Добры дзень!» ды «Дабранач!» — вось і ўсе словы, што аб’ядноўваюць нас. Кожны сам па сабе. Кожны трымаецца паасобку. Ладзіць кантакты ніхто ні з кім не спяшаецца. Магчыма, так і трэба сябе весці на Святой Зямлі? Магчыма, кожны з нас заняты размовамі з Богам. Хіба не па тое
    мы сюды прыехалі? Калі шчыра, я ў гэтай ментальнай раз’яднанасці бачу нашу нацыянальную адмысловую адасобленасць. Усе гэтыя «тонкасці» бачны лепш на адлегласці, на чужыне. Я лічыў, што паехаць з групай — значыць, быць са сваімі, але, як паказвае час, чалавек адзінотны апрыёры, асабліва ў бядзе. Ва ўсякім разе, асаблівай упэўненасці, што я сярод сваіх, няма. Гэта не страшыць мяне, мне камфортна з самім сабой. Мы ёсць дом, у якім жыве Бог, а значыць, мы не самотныя.
    За акном неабсяжная лысая скура пустыні. Аўтобус зніжае хуткасць і рэзка бярэ ўправа. На даляглядзе бачна люстэрка Мёртвага мора. Узровень яго ў гэтых мясцінах, як тлумачыць нам Роза, ніжэй узроўню Сусветнага акіяна на 400 метраў. Мясціны гэтыя лічацца самымі нізкімі на планеце.
    — А цяпер з гэтага дна Свету мы пачнём метр за метрам падымацца ўверх, — тлумачыць Роза. — 3 гэтай кропкі мы з вамі падымемся на вышыню 800 метраў. Менавіта на гэтай вышыні знаходзіцца Іерусалім.
    Як выяўляецца, мы звярнулі толькі што са знакамітай шашы № 90 і пачынаем паціху караскацца ўгару па трасе № 1. 90-я ж цягнецца ўздоўж Мёртвага мора далей на поўдзень да Эйлата. Пачынае змяркацца.
    Гляджу ў акно. Вочы дзіравяць прыцемак, агаляючы сюррэалістычныя малюнкі прыгажосці і дасканаласці. Ёсць нешта магічнае і незямное ў гэтых аднастайных пейзажах. Яны не толькі і не столькі дзейнічаюць заспакаяльна, але і ментальна. Такое пачуццё, што тут губляюцца межы часу і межы прасторы. Тут нішто не замінае табе думаць пра Бога.
    — Мястэчка пабудавана на каменні, і тая зеляніна, якую бачна, і гэтыя будынкі — наглядны прыклад таго, як чалавек перамагае пустыню. Гэта прыклад барацьбы за выжыванне. Гэта прыклад таго, як
    людзі выціскаюць метр за метрам са свайго жыцця пустыню. Блажэнны Аўгусцін некалі сцвярджаў, што Бог для таго і стаў чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам. У габрэяў існуе такое паняцце, як «ТІКKUNOLAM». Дакладны пераклад гэтых слоў — «выпраўленне» свету. Ідэю гэтую габрэі ўзялі з Мішны, і гучыць яна прыкладна так: «Ператвары свет у Царства Божае». «TIKKUNOLAM» — гэта заклік да працы над удасканальваннем свету. Габрэі лічаць, што Бог наўмысна стварыў гэты свет незавершаным, пакінуўшы магчымасць людзям завяршыць пачаты Ім працэс. На маю думку, вельмі арыгінальная і правільная ідэя, улічваючы, што шлях удасканалення асабісты, індывідуальны.
    Заязджаем у тунэль. Недзе далёка наперадзе ледзь бачныя кволыя агеньчыкі. Вось яна, мара. Вось яна, мая сапраўднасць. Гэта Іерусалім. Сэрца шчымліва сціскаецца. Вялікае хваляванне перапаўняе яго. «Вось я, Божа!» — шэпчуць міжволі сасмяглыя вусны. На вачах стынуць слёзы. Мары, калі таго вельмі захацець, ствараюць рэальнасць. Аднойчы мы апынаемся ў патрэбным месцы і ў патрэбны час і мільёны дарог перасякаюцца ў запланаванай намі загадзя кропцы.
    — Мы ўваходзім у Іерусалім! — урачыста абвяшчае Роза і агучвае расклад нашага далейшага паломніцтва: — Заўтра ў нас запланавана пешая экскурсія па старым горадзе, а сёння... Сёння мы накіроўваемся з вамі прама ў гасцініцу, дзе вы праведзяце дзве ночы.
    Аўтобус кружляе некаторы час па вулачках горада, потым спыняецца на КПП. Гэта выезд з Палесцінскай аўтаноміі. Вадзіцель адчыняе акно і паказвае паліцэйскаму праязныя паперы. Той уважліва гартае іх і нарэшце адчыняе шлагбаум.
    — Айцец Серафім, — шапчу я на вуха свайму духоўнаму апекуну. — Сярод маіх сціплых пажыткаў ёсць
    пляшка каньяку, і, як мне здаецца, гэты дзень варты таго, каб прапусціць па кілішку за яго ўдалае завяршэнне. Як лічыце?
    Айцец Серафім лісліва ўсміхаецца і ківае па-сяброўску пальцам:
    Эх!
    Гэтае хуліганістае «Эх!» і вырашае лёс гэтага вечара. Мы атрымліваем ключы ад пакоя і, стомленыя, але шчаслівыя, абмінаючы ліфт, цягнемся на другі паверх.
    — Як вам краіна? — цікаўлюся я ў айца Серафіма за гарбатай.
    — Супярэчлівае ўражанне. Цяжка мець нейкае больш-менш аб’ектыўнае ўяўленне аб тым, чаго не ведаеш, што назіраеш праз вокны і аб чым толькі чуеш з вуснаў аднаго чалавека, — ухіляецца ад прамога адказу святар. — Таму, мне здаецца, важна, хто, па што і з якімі думкамі прыехаў сюды.