Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
— ...Перад намі знакаміты Map Саба. Вежы, якія вы бачыце, — Жаночая і Юстыніянавая. Келлямі для манахаў служаць пячоры. Звязаны яны паміж сабой вузкімі сцежкамі, — пачынае тлумачыць Роза. — Манахі жывуць адасоблена і збіраюцца разам толькі ў час службы ў галоўным храме.
Бусік спыняецца на стаянцы, і мы пехатой спускаемся ў Лаўру. Манах выносіць каўчэг з часцінкамі мошчаў падзвіжнікаў. Жанчыны прыкладваюцца да іх, а мы з айцом Серафімам, Станіславам і яшчэ некалькімі мужчынамі з групы крочым на тэрыторыю манастыра...
На зваротным шляху да мяне падсаджваецца Станіслаў. Ён у добрым гуморы і спрабуе жартаваць. Суха рэагую на яго калючасць і пераважна маўчу. Лысіна яго за гэтыя дні заўважна запяклася, і калі ён смяецца, скура пачынае рухацца, нібыта вадкая квашаніна, агаляючы на лобе белыя складкі.
— Прыгожае відовішча, — эмацыйна кажа ён мо ў трэці ўжо раз.
— Я таксама ў захапленні, — адказваю я. — Можна сказаць, закахаўся ў гэтыя краявіды.
— Так сабе, — паціскае плячыма Станіслаў. Хвілінку маўчыць, потым удакладняе: — Я не пра пустыню, я пра кляштар. Вы толькі задумайцеся, больш чым за тысячу гадоў тут не ступала нага жанчыны. Вось гэта самаахвярнасць.
— Глупства гэта. Самае што ні на ёсць глупства. Можна падумаць, што гэтыя дарослыя мужыкі зачаты былі ад ветру. He разумею, дзеля чаго гэты нялюдскі аскетызм?
— Каб паказаць нам смяротны прыклад пакоры, паслухмянасці і самавалодання, — не задумваючыся адказвае Станіслаў.
— Якой пакоры? — узмацняю я голас. — Ісус Хрыстос прапаведваў прастату і шчырасць. А гэта, як па мне, разнавіднасць вар’яцтва.
Станіслаў пачынае пярэчыць. А як жа інакш, фанатыкі на тое і фанатыкі, каб быць закаханымі ў сваё глупства. Прытвараюся глухім — шаўковыя словы не для суконнага лыча. Заплюшчваю вочы, і мне мрояцца хімеры Босха. Свет — усё той жа воз сена, і кожны цягне з яго, колькі можа. Думкі выцясняюць адна адну, і сачыць за іх бегам амаль немагчыма.
У Віфлеем вяртаемся позна вечарам. Пасяляемся ў гасцініцы ў цэнтры горада. Пасля вячэры група паломнікаў на чале з айцом Серафімам адпраўляюцца на вячэрнюю службу ў храм Раства Хрыстова, а я, стомлены дарогай і бяссоннай ноччу, застаюся ў гатэлі. Паломніцтва на Святую Зямлю набліжаецца да завяршэння. Заўтра позна ўначы мы вылятаем на радзіму. Распранаюся і залязаю пад коўдру. Засынаю незаўважна пад музыку Эсб’ёрна Свенсана...
Прачынаюся ад далікатнага парыпвання масніц. Расплюшчваю вочы. Праз няшчыльна захінутыя шторы пакой напоўнены ранішнім святлом. Айцец Серафім пакуе сумкі. Я ж свае няхітрыя пажыткі сабраў яшчэ звечара. Акідваю сумным позіркам памяшканне і лаўлю сябе на думцы, што вяртацца на радзіму не вельмі хочацца. У айца Серафіма, па ўсім відаць, зусім іншы настрой. Чую яго эмацыйнае пасопванне і зайздрошчу яму. У яго дом. У яго сям’я. У яго ўсяго даволі. Толькі я не нажыў нічога. Плыву сабе па цячэнні, як непрывязаная лодка.
— Ілля, а ты чаго стаіш, нібы заблудзіўшыся ў лесе? — звяртаецца да мяне святар.
— Так і ёсць. Mene, mene, tekel, uparsin.
— Што ты сказаў? — перапытвае айцец Серафім.
— Ды так, нічога, — адказваю я. — Калі б у мяне была магчымасць тут застацца, я б застаўся.
Верагодна, айцец Серафім — чалавек, пазбаўлены супярэчнасцей, а таму жыць яму лёгка. «Хочаш
быць шчаслівым — будзь пакорлівым», — прызнаўся ён мне ўчора. Я разумею яго. Царква заўжды заклікала да пакорлівасці і ў той жа час прывівала нянавісць да тых, каго не здолела падначаліць. Але слова святара так і не стала святасцю. Залаты век для сучаснай царквы мінае, ва ўсякім разе ён далёка ўжо не залаты, хоць яшчэ і прыносіць прыбыткі. Да царквы спее недавер. Да ўлады — таксама. Выходзіць, мы з вамі, айцец Серафім — лузеры. Мы не выхавалі ў сваіх дзецях любоў да Бога, не прывілі духоўных ісцін, пра якія нібыта ведаем, але якімі не карыстаемся. Тэорыя — гэта адно, а практыка — зусім іншае. Слова так і засталося словам, пахаваным на старонках Святога Пісання. Мы павінны сысці, саступіць дарогу маладым, тым, у каго на тварах маска жыцця, а не маска смерці. Вы не згодны, айцец Серафім? Тады слухайце мяне ўважліва. Гэта наша пакаленне развязала вайну ва Украіне і не толькі там. Гэта мы з вамі прарочылі даходлівы палітычны век, але мы не прарокі Маісеі, мы — людзі натоўпу, мы ўсё яшчэ блукаем у пустыні духоўнай і, па ўсім відаць, ніколі не выйдзем з яе. Скажу прасцей: гэта вы, я і шмат такіх, як мы — безаблічных, маўклівых, абыякавых істот, — цягнем свет у хаос. Хто ведае, жылі мы ці паміралі? Ва ўсякім разе, мы ленаваліся жыць, бо жылі на ўсім гатовым. Мы нічога не рабілі з ахвотай, хіба толькі разбуралі. На нашым сумленні Чарнобыль і яго наступствы. Мы не ваявалі і не ваюем самі, мы пасылаем на смерць нашых дзяцей. Нашы бацькі пакінулі нам мірную краіну. Ці пакінем мы яе такую дзецям? Мы абакралі яе, перацягнулі, што кепска ляжала, на сваё падвор’е, мы схаваліся ад сябе і ад сваіх суседзяў за высокімі цаглянымі мурамі. I нам ніколі не адхрысціцца ад таго, што мы натварылі і што яшчэ збіраемся нарабіць. Мы цягнем з вамі, айцец Серафім, гэты свет у бездань. Мы носім з сабой свае магілы і ганім не-
знаёмае нам жыццё. Мы — дзеці хлусні, мы — пакаленне чорна-белых тэлевізараў. Ці патрэбны мы такія свету — людзі, якія не забяспечылі спакою сваім дзецям?..
Айцец Серафім чытае свае ранішнія малітвы. Верагодна, у іх ён вымольвае сабе ў Бога спагаду і душэўны супакой. Ціхенька, каб не замінаць яму, іду ў прыбіральню. Наперадзе чакае цяжкі, насычаны, як заўжды, інфармацыяй дзень. Так што бокер тоў, айцец Серафім!..
Пасля сняданку адпраўляемся ў дарогу. Роза просіць яшчэ раз праверыць свае рэчы і папярэджвае, што вярнуцца па іх у гасцініцу ў нас не будзе магчымасці. Наш шлях ляжыць праз Віфанію ў Яфу. Віфанія — паселішча Марфы, Марыі і Лазара. Таго самага, біблейскага, якога некалі ажыўляў з памерлых Ісус Хрыстос. Роза расказвае нам гісторыю цяперашняга мусульманскага мястэчка Аль-Азарыех, а я гляджу на засяроджаныя, маўклівыя твары паломнікаў і спрабую спасцігаць думкай нябачнае. Маршчыністыя, старэчыя абліччы застылі ў чаканні цудаў. «Усе яны прыкладна людзі майго ўзросту, — думаю я. — I ўсё ж нешта сімвалічнае ёсць, пэўна, у гэтай вандроўцы «на закуску».
— Ісус любіў Лазара, — пачынае пераказваць Роза вядомую біблейскую прыпавесць. — Ён часта спыняўся ў ягоным доме, а таму, калі Лазар захварэў, яго сёстры адразу ж папярэдзілі яго аб хваробе брата, спадзеючыся, што Ісус уратуе хворага. Аднак Ісус наўмысна затрымаўся на некалькі дзён, папярэдзіўшы пры гэтым сваіх апосталаў, што, маўляў, хвароба Лазара не да смерці, а да славы Божай. Ісус ведаў, што Лазар памрэ, але ён таксама ведаў і тое, што яго ўваскрашэннем уславіцца сам Бог і слава гэтая ўславіць яго — Сына Божага, які здзейсніць гэты цуд. Ісус Хрыстос ужо тады рыхтаваў сваіх вучняў да Свайго Уваскрашэння, паказваючы свету сваю ўладарнасць над смерцю...
Аўтобус з невялікай хуткасцю рухаецца па цесных вулачках і спыняецца ля грэцкага жаночага кляштара. Паводле біблейскай легенды, тут сустракаўся Ісус з сёстрамі Лазара Марфай і Марыяй. Верагодна, таму гэты кляштар і мае сімвалічную назву «Сустрэчы». Насупраць — Руская праваслаўная школа для арабскіх дзяўчынак. Туды і накіроўваемся.
Пры ўваходзе нас сустракае ігумення Марфа. Па нацыянальнасці Марфа немка. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта простасць, натуральнасць і адукаванасць гэтай маладой жанчыны. На працягу нашай экскурсіі па рускім падворку з яе твару не сыходзіць лагодная, жыццярадасная ўсмешка. Гэта характэрна болын для католікаў, чым для праваслаўных. Апошнія, як я заўважаю, чамусьці больш маўклівыя, панурыя, a то і ўвогуле пыхлівыя.
Ігумення Марфа вядзе нас праз дворык да камяня з надпісам: «Тут Марфа і Марыя ўпершыню пачулі ад Бога Слова пра ўваскрашэнне з мёртвых...». Над камянём цяпер узведзена невялічкая каплічка. Ад яе і пачынаецца наша экскурсія. Марфа расказвае нам гісторыю знаходкі гэтай святой рэліквіі. Потым адмыкае падземны храм-капліцу Мікалая Цудатворца і запальвае свечкі. 3 яе аповеду даведваемся, што на сённяшні дзень у школе вучыцца больш за чатырыста дзяўчынак. Пераважная большасць з іх мусульманкі. Жывуць яны ў інтэрнаце пры кляштары. Пераважна гэта дзеці беднякоў арабаў. Але, каб даць дзецям адукацыю, яны ахвотна аддаюць іх у праваслаўны кляштар. На развітанне нас частуюць манастырскім чаем і печывам.
Склеп, у якім некалі быў пахаваны Лазар, знаходзіцца непадалёку ад школы, ля мячэці. Ідзём туды пешшу. Магільня высечана проста ў скале. Спускаемся ўніз па стромкіх прыступках парамі. Усярэдзіне пячоры чатыры нішы для пахавання памерлых.
Пах сырасці і тлену. Пачуцці самыя непрыемныя. «Старыя мёртвыя саступаюць месца маладым мёртвым», — думаю я чамусьці, узгадваючы арыгінальную назву аднаго з апавяданняў любімага мною Мілана Кундэры.
— Якая негуманная, якая прымітыўная ідэя, — прамаўляю я ўслых. — He разумею, навошта чалавеку паміраць двойчы? Толькі людзі маглі да такога дадумацца.
— Хвароба Лазара была не да смерці, а да славы Божай, — тлумачыць мне айцец Серафім. — Жыццё яму было вернута для таго, каб ён стаў сведкам Уваскрашэння Хрыста.
— He думаю, што Бог адчувае ў нечым патрэбу, — не згаджаюся я. — Яго слава відавочная. I трэба быць чалавекам, каб не разумець гэтага.
Гляджу на разгубленых паломнікаў. Яны моўчкі закідваюць мяне камянямі. Людзі прывыклі рабіць усё моўчкі і выстаўляць сваё маўчанне за мудрасць. Але маўчанне бывае розным і, як паказвае жыццё, маўчаць пераважна тыя, у каго нячыстае сумленне, альбо тыя, каму няма чаго сказаць. Злодзеі таксама крадуцца па-лісінаму. Верагодна, у гэтым свеце не жывуць, а паміраюць.
— Мне не шкада нас, — кажу я, звяртаючыся да aftpa Серафіма.
— Каго нас?
— Чалавецтва. Як паказвае час, і Хрыстос, і ўсе святыя пакутнікі, якія ахвяравалі жыццём, якія пакутвалі за нас з вамі, рабілі гэта дарма.
— Таму, што вы так вырашылі?
— Таму, што такі вынік, — адказваю я. — Куды ні кінься — бездухоўнасць, зайздрасць, кроў... Стары запавет — самая крывавая кніга. Столькі крыві праліта, колькі пральецца яшчэ. Дзеля чаго?
— Доля людзей — нараджаць нашчадкаў і рыхтаваць сябе да жыцця вечнага, — адказвае айцец Серафім.