Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
Завісае паўза.
— Айцец Серафім, я хачу папрасіць у вас прабачэння. Я падмануў вас учора. Я не маю дзяцей. Дакладней, я не маю ніякіх правоў на сына. Я кінуў сям’ю, калі Вадзіку не было і шасці, — тлумачу я блытана, баючыся, што мяне спыняць, не дадуць выказацца. — Амаль на працягу дзесяці гадоў я бадзяўся па Расіі — зарабляў грошы. Быў журналістам, дакладней, вайсковым
фотакарам. Па гарачых кропках пераважна. Смерць, кроў... I не раскажаш. Плацілі някепска. Прывык. Банальна, але чалавек такая жывёла. Калі вярнуўся, жонкі ўжо не было ў жывых. Рознае людзі гаварылі, прычыны ўсякія называлі. Хаця прычына адна — з’еў рак. Сына выхоўвалі чужыя людзі. Некалькі разоў парываўся сустрэцца з ім, але так і не хапіла адвагі...
— Чаму?
— Баяўся, што не зразумее. Прызнацца, я б не зразумеў. Тая расколіна, што ўтварылася паміж намі, стала безданню.
— А ты спрабаваў? — глядзіць на мяне недаверліва святар і ўзмацняе голас: — Ты спрабаваў?
— Спрабаваў... Вадзік вучыўся тады, і яму, відаць, было не да мяне. Я яму грошы спрабаваў перадаць праз знаёмых.
— He разумею цябе. Ты зрабіў усё, каб пры жывым бацьку сын вырас сіратой. У адным горадзе жывяце?
— Так, — ківаю я галавой.
— Колькі яму гадоў?
— Каля трыццаці.
— Ты не ведаеш, колькі год твайму сыну?
— He ведаю.
Айцец Серафім устае з крэсла і выходзіць з-за стала.
— Ты не ведаеш, колькі гадоў твайму сыну? — перапытвае ён. — Як так?
Здымае крыжык і пачынае расшпільваць гузікі на рызе.
— Я святар, разумееш? Я не магу пагаварыць з табой, як мужчына з мужчынам. Скажу толькі, што памылка, якую ты зрабіў, грахоўная па сваёй сутнасці.
— Я разумею, — згаджаюся я. — Так здарылася. Што цяпер рабіць?
Айцец Серафім дастае з сумкі кашулю, спартовыя порткі і пераапранаецца. Потым вяртаецца да стала.
— Вось што я табе скажу: ніколі ў жыцці не падымаў руку на другога чалавека. А вось табе хочацца набіць морду. Аж рукі свярбяць.
Ён з выклікам глядзіць на мяне. Я маўчу.
— Я не пакрыўджуся, — парушаю маўчанне. — Я не ведаю, як я буду далей жыць. Што мне рабіць?
— Павесіцца.
— Я пытаю сур’ёзна.
— А я сур’ёзна адказваю. У мяне шасцёра, разумееш, і я не ведаю, я сябе нават уявіць не магу на тваім месцы. Абяцай мне, што, як толькі мы вернемся ў Беларусь, першае, што ты зробіш, гэта наведаеш сына. Абяцай, што паедзеш да яго адразу з аэрапорта. Абяцай мне...
Ноччу не магу доўга заснуць. Варочаюся з боку на бок і, стаміўшыся канчаткова ад бяссоння, вылязаю з-пад цёплай коўдры. Хуценька апранаю джынсы, накідваю на голае цела кашулю і выслізгваю за дзверы. Горад прачынаецца. На вуліцы з’яўляюцца першыя мінакі. Да Яфскіх варот хвілін пятнаццаць хады. За імі пачынаецца хрысціянскі квартал. Крочу наўгад, праз бялявае ранішняе сутонне, дарогай, якой вяла нас учора Роза. Карціць яшчэ раз зірнуць на Давідаву вежу. Мінаю вароты і спускаюся па слізкіх, шырокіх прыступках уніз. Пачынае світаць. Ранішняя смуга пакрыху рассейваецца. Наперадзе бачныя рэдкія пасадкі старых аліў. Чакаю, пакуль загарыцца зялёнае святло, і пераходжу вуліцу. Збочваю і ўладкоўваюся на траве пад старой алівай. Прыціскаюся плячыма да шурпатай кары. Праз разрэзы галін прабіваюцца першыя сонечныя промні. «Божа! Няўжо я ў Іерусаліме?.. — шапчу я. — Скажы мне, што гэта памылка. Скажы, што гэта сон, што гэтага не можа быць апрыёры...»
Гляджу на Давідаву вежу. Так радасна мне не было яшчэ ніколі. Вочы пачынаюць зліпацца, і я адчуваю, што засынаю. «Цікава, ці спяць людзі з расплюшчаны-
мі вачамі? — думаю я. — Калі спяць, я буду сузіраць гэты горад нават у сне...»
Мне мроіцца Авісага-сунаміцянка. Яе постаць заўважаю здалёк, ля чырвонай Давідавай вежы. Дзяўчына паважна плыве па абсыпанай кветкамі вуліцы. Таямнічы шлейф ад яе празрыстай сукенкі цягнецца следам. «Скуль столькі кветак тут?» — здзіўляюся я і, нібыта сляпы, распасціраю наперад рукі. Дацягнуцца да дзяўчыны не хапае сілаў. Так і застаюся сядзець у здранцвенні ля дрэва. Дзяўчына схіляецца да мяне, і я чую, як б’ецца побач з маім яе маладое сэрца.
— Я ведаю. Я ўсё ведаю, — прамаўляю я, намагаючыся нешта патлумачыць. — Ты прыйшла, каб вярнуць мне маю маладосць.
Цнатлівіца моўчкі кладзе галаву на мае далоні, і чорныя, нібыта смоль, валасы кранаюцца майго цела.
— Я прыйшла, каб сагрэць тваю старасць, — шэпчуць яе сасмяглыя вусны. — Час не суцешыў твае пакуты. Ты стаміўся. Табе зімна.
Мы ляжым з ёю побач на духмяным травяным дыване. Яе вочы свецяцца сумным святлом. На яе твары застыла вечная таямніца. I ні адзінай душы вакол. Толькі я і яна — мая Авісага...
Будзіць мяне трэск аўтаматнай чаргі. Доўга не Mary спрасонку зарыентавацца. Калі здранцвенне мінае, падымаюся з зямлі і крочу цераз вуліцу. Аўтаматны трэск паўтараецца. Чэргі кароткія, амаль нячутныя. Вызначаю для сябе, што страляюць недзе ўнізе, напрыканцы схілу, куды цягнецца двухпалосная шаша. Сэрца трывожна сціскаецца. «Калі ў горадзе Бога страляюць, значыць, нешта не тое з гэтым светам. Значыць, нешта парушылася, сапсавалася, збілася з рытму», — думаю я і амаль подбегам крочу да гатэля.
Роза спазняецца. 3 самага ранку яна тэлефануе айцу Серафіму, просіць прабачэння і папярэджвае, што,
па ўсім відаць, надоўга затрымаецца ў бясконцых аўтамабільных чэргах. Тлумачыць, што стаіць усё яшчэ на ўездзе ў горад, дзе толькі што адбыўся тэракт. Месца ачэпленае вайскоўцамі, і з-за гэтага чэргі. Патлумачыць дакладна, што здарылася, пакуль не можа, ведае толькі, што ў расстраляным ва ўпор «Сабры» знаходзяцца некалькі забітых арабаў.
6
На вуліцы стаіць невыносная задуха. Роза апраўдваецца за незапланаванае спазненне.
Разумею і спачуваю ёй. Гэта modus vivendi народа, які працяглы час знаходзіцца ў стане вайны. Паступова з гэтым звыкаешся і жывеш, робячы выгляд, што не заўважаеш. Такая ўжо ёсць прырода наша. Так не павінна быць, але так ёсць.
Пасля інструктажу, як сябе весці «на тэрыторыях», адпраўляемся ў Палесціну. Дарога ад Дамаскіх варот да ізраільскага блокпаста займае каля паўгадзіны. Аўтобус віхляе па іерусалімскіх вулачках і нарэшце спыняецца ля глухіх, высокіх муроў з калючым дротам на грэбні. Гэта так званая сцяна бяспекі, мяжа дзяржавы ў дзяржаве. Вышыня яе месцамі дасягае васьмі метраў. На абочыне — папераджальны надпіс на чырвонай шыльдзе на трох мовах: «Вы ўязджаеце ў зону «А», якая кантралюецца палесцінцамі. Ізраільцянам уезд забаронены, небяспечны для жыцця і супрацьзаконны». Як тлумачыць нам Роза, сцяна цягнецца па ўсім перыметры з Палесцінай і, як можна зразумець з надпісу, габрэяў на тэрыторыю Вес-банка вайскоўцы не пускаюць. Таму дазвол на ўезд ёй давялося браць задоўга да нашай вандроўкі. Шлагбаум закрыты.
— Ма нішма? (Што чуваць?) — звяртаецца кіроўца да чалавека ў камуфляжы і падае праз акно кіпу папер. Той адказвае яму нешта на іўрыце і доўга праг-
лядае іх. Потым падае рукой знак свайму напарніку, той падымае шлагбаум. Мы ўздыхаем з палёгкай.
— Заехаць у Палесціну проста, — іранічна ўсміхаецца Роза. — А вось выехаць — цэлая праблема.
«Што ж, такія парадкі ў горадзе Бога, — канстатую я, аднаўляючы ў памяці трагічныя ранішнія падзеі ў цэнтры горада. — Божа! Колькі яшчэ гліны Табе спатрэбіцца, каб Ты змог зляпіць з нас людзей па сваім разуменні і падабенстве? Колькі пакаленняў яшчэ павінна вырасці, якім бы не было цесна жыць у гэтым свеце?..»
— Сёння ў нас незвычайны дзень. Сёння мы з вамі будзем спасцігаць прыгажосць і непрадказальнасць пустыні, — таямніча распачынае экскурсію Роза. — Спачатку мы наведаем некалькі гістарычных святынь, потым вернемся на начлег у Віфлеем.
За блокпастом дарога вузкая, месцамі з ямінамі. Уздоўж яе горы смецця, месцамі цэлыя звалкі аўтамабільных пакрышак.
— I так, мы рухаемся ўглыб пустыні, — працягвае аповед Роза. — Нас чакае знаёмства з самымі буйнымі і самымі прыгожымі кляштарамі — Дэйр Досі і Map Саба.
Тэрыторыя, па якой мы кружляем, падпадае пад так званую зону «А» і цалкам кантралюецца Палесцінскай аўтаноміяй. Дарога гэтая вядзе з Іерусаліма ў Map Сабу.
— Палесціна — краіна кантрастаў. I не толькі прыродных, — папярэджвае Роза. — I арабскае мястэчка, праз якое ідзе наш шлях, таму прыклад.
Будынкі аднастайныя, зробленыя пераважна з белага вапнавага каменя, размешчаныя шчыльна адзін ля аднаго. Раскоша і прыгажосць адных мяжуецца з неахайнасцю іншых. Вакол будынкаў тыя ж горы смецця, што і ўздоўж дарогі. Хаця ў сваіх будынках арабы падтрымліваюць належны парадак і чысціню.
Уражвае не архітэктура, а метады адаптацыі. «Гэта ж колькі сродкаў, колькі сіл трэба затраціць, каб зляпіць на гарыстых схілах такія будынкі?» — думаю я. На плоскіх дахах паўсюль можа згледзець чорныя бакі. У іх на сонцы награецца вада. Уздоўж галоўнай вуліцы шмат розных сувенірных лавак і шапікаў. Амаль усе яны маюць больш-менш прыстойны, цывільны выгляд. Як толькі аўтобус спыняецца, яго адразу ж з усіх бакоў атакуюць надакучлівыя і ўсюдыісныя гандляры сувенірнай драбязой. Адбіцца ад іх няпроста. Каб пазбегнуць пэўных праблем, мы павінны праяўляць абыякавасць да таго тавару, што нам прапаноўваюць, не прыцэньвацца і не браць яго ў рукі. Мінаем забудовы Бэйт-Лахема і рухаемся далей. За вокнамі шматколернасць пустыні. За вокнамі велічнае відовішча — цікаўнасці і асалоды, здзіўлення і захаплення. Вялікім Тэатрам Светабудовы назваў бы гэтыя гарыстыя пейзажы Бальтазар Грасіан. I я цалкам з ім згодны, людзі перасталі здзіўляцца, людзі не задумваюцца над тым, што бачаць, жывуць, не заўважаючы прыгажосці. Яно і не дзіва...
— Наступны прыпынак — праз хвілін пятнаццаць. А спынімся мы з вамі ў яшчэ адным палесцінскім мястэчку Убейдыя. Па-арабску гэта гучыць Ібн Убейд. Мястэчка названа ў гонар святога Феадосія, заснавальніка першага ў Палесціне кляштара інтэрнацкага тыпу. Пра ўсё гэта я раскажу вам крыху пазней, — абяцае Роза. — Мільёны гадоў таму, як паказалі археалагічныя даследаванні гэтых мясцін, тут былі стэпавыя прасторы са шматлікімі блакітнымі азёрамі, частка тэрыторый была нават забалочана. Непадалёку ад самога мястэчка была раскапана стаянка першабытнага чалавека. Ашэльскія рубілы, якія былі знойдзены ў адной з пячор, верагодна, належалі так званым «хома-эрэктусам», продкам сучасных людзей. А так