• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульні з нулявымі сумамі  Алесь Паплаўскі

    Гульні з нулявымі сумамі

    Алесь Паплаўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2020
    52.56 МБ
    Тры гадзіны трасуся ў электрычцы, потым яшчэ з паўгадзіны дабіраюся на рэйсавым аўтобусе. Сваю
    групу знаходжу ў чакальнай зале. Арыенцірам маім ёсць айцец Серафім. Тут, як гаворыцца, не пераблытаеш. Сціпла вітаюся і прамаўляю сваё імя. Здзіўляюць дзве рэчы: узрост людзей і сціпласць іх адзення. У параўнанні з імі я — калядная ялінка. Вандраваць для мяне звыклая справа, так бы мовіць, не ўпершыню еду да чужых людзей і таму сякі-такі вопыт маю. Вандроўнікі — асаблівая каста людзей. Пераважна гэта асобы апантаныя, рамантычныя. I, калі шчыра, яднае іх не ўзрост, а агульная мэта. Але тое, што я бачу, не ўпісваецца ў мае канцэпцыі, у маё разуменне. Разгублена пазіраю на незнаёмых людзей сталага веку і не ведаю, як сябе паводзіць. Узіраюся збянтэжана ў маршчыністыя, пакамечаныя жыццём твары і не бачу ў іх сваёй будучыні. Сярод шаснаццаці паломнікаў няма аніводнага маладога твару. Людзі таксама вывучаюць мяне. Мне ўсміхаюцца стомленыя жыццём людзі, якія дажываюць свой век. Здаецца, усе яны толькі сышлі з выцвілага, пажоўклага рэтра-здымка і таму маюць бясколерныя, папяровыя вочы. Верагодна, Бог запрашае да сябе ў госці толькі людзей такога ўзросту. Я не ўпісваюся ў гэтую кампанію і таму не ведаю, як паводзіць сябе далей. У вачах гэтых глыбока рэлігійных людзей я — закаснелы бязбожнік. Так яно і ёсць. Роспачна гляджу на старэнькую бабульку ў вылінялай паркалёвай сукенцы і адчуваю сваю жыццёвую стомленасць. Хочацца здзерці з сябе гэты гламур, гэтую модную вопратку і стаць такім жа нявызначаным і васковым, як усе. Айцец Серафім прамаўляе пропаведзь, сцвярджае, што цяпер мы адзіны жывы арганізм, адзінае непарыўнае цэлае. Запэўнівае, што чалавек павінен мець мэту, дзеля чаго і каго жыць. Усё гэта так, мабыць. Словы хаваюць у сабе больш, чым выказваюць. Гукі разбіваюцца аб цішыню і ператвараюцца ў працяглае векавое рэха. Недзе высока праз шкляную столь відзён шматок бляклага,
    бясколернага неба. Пераводжу позірк на абразок, што трымае ў руках айцец Серафім. Вочы святога слязяцца. Яго позірк халодны і пранізлівы. Цікава, аб чым думае гэты стары габрэй? Ці чытаюць запісаныя ім пропаведзі сучасныя язычнікі?.. Нягледзячы ні на што, чалавек усё той жа. Hi навукова-тэхнічны прагрэс, ні тым больш рэлігія і мастацтва не змянілі яго сутнасці. Вакол усё той жа «рэалістычны» Босх, са сваёй адсутнасцю перспектывы, з грамадскай недасведчанасцю і ўтрапёнасцю. Вакол усё тыя ж тупыя, юрлівыя твары. Божа! Няўжо ў Цябе кепска са зрокам?..
    Толькі праз гадзіну крыху звыкаюся са сваім статусам паломніка і ўспрымаю свет не настолькі катэгарычна, як гэта было спачатку. Верагодна, з прастатой звыкаешся хутка.
    Пры даглядзе памежнікі дакалупваюцца да майго заплечніка. Набыў я яго перад паездкай у Польшчы. Гэта дыхтоўная фабрычная рэч, з кідкімі лэйбламі і прыбамбасамі. Памежнікам не падабаюцца дэкаратыўныя вісюлькі ў выглядзе патронаў. Дзяўчына, якая заўважыла парушэнне, выклікае ахоўнікаў.
    — Здымайце! — загадвае ахоўнік.
    — Гэта ж бутафорыя, звычайная цацка, — спрабую апраўдвацца.
    — Здымайце! — узмацняе голас памежнік. — Хочаце мець праблемы? Зрэшты, мы можам вас прапусціць, а вось у Тэль-Авіве служба бяспекі вас не прапусціць. Забылі, куды ляціце?
    Доўга корпаюся, ніяк не магу зняць добра прымацаваныя атрыбуты «гламурнасці». Памежнік прыносіць аднекуль пасаціжы; з іх дапамогай нарэшце вырашаю праблему. Настрой сапсаваны. Плятуся па рукаве ў самалёт. Пры ўваходзе ветлівая прыгажуня-сцюардэса доўга правярае квіток, потым называе месца і запрашае ў салон. Божа, як страшна. Я столькі гадоў не
    лятаў на самалётах. Праціскаюся праз вузкі праход, шукаючы сваё месца. Яно амаль напрыканцы салона, побач з айцом Серафімам. Ён прапускае мяне да ілюмінатара. Уладкоўваюся ў крэсле і дастаю з заплечніка запісную кніжку. Яшчэ дома для сябе вырашыў, што буду весці дзённік. Раблю першы запіс:
    «Мы прарочым для сябе вечнасць, а час рыхтуе для нас дамавіны...» Сапраўды, нібыта ў труне. Ва ўсякім разе, ніякай надзеі... Самае страшнае, што ад цябе больш нічога не залежыць. Разлік толькі на тое, што ўсе гэтыя людзі, у тым ліку і пілоты, гэтак жа, як і ты, любяць жыццё...
    Пры ўзлёце трымаюся за крыжык. У ілюмінатар адважваюся зірнуць толькі тады, калі кіраванне самалётам пераводзяць у рэжым аўтапілота. «Ну і што ты адчуваеш на вышыні дзевяць тысяч кіламетраў?.. Хіба не гэтае пытанне цябе заўсёды цікавіла?.. » Пераводжу позірк на айца Серафіма. Яго вочы заплюшчаныя. На выгляд яму гадоў за пяцьдзясят. «Мой аднагодак», — раблю я выснову.
    — Айцец Серафім!
    Святар расплюшчвае вочы.
    — Як вы ставіцеся да таго, што мы будзем жыць з вамі ў адным пакоі? — пытаю я.
    — He супраць, — ківае галавой ён і зноў заплюшчвае вочы.
    — Але я ж чалавек свецкі, — апраўдваюся я. — Больш атэіст, чым веруючы. Я толькі на шляху, толькі шукаю сябе.
    — I гэтага не мала, — прамаўляе ён нараспеў. У паветры завісае паўза. Я заплюшчваю вочы і пачынаю думаць аб безнадзейнасці надзеі. Я думаю аб Вечнасці і аб сусветнай Душы, істоце ўсюдыіснай і настолькі вялікай, што яе можна назваць Богам.
    Прачынаюся гэтак жа знянацку, як і заснуў. Доўга гляджу на гадзіннік. Побач, схіліўшыся на маё плячо,
    ціхенька пасопвае айцец Серафім. Верагодна, ён сніць сны аб Беларусі. На няголеным, стомленым твары яго застыла шчаслівая ўсмешка, і яму да лямпачкі тое, што адбываецца за межамі яго мрояў. Вусны яго незаўважна варушацца. Па ўсім відаць, ён у гэтае імгненне размаўляе з Богам аб сваёй радзіме, аб доме, аб дзецях, якіх у яго шасцёра, а яшчэ яму мроіцца вуліца, па якой ён кожным ранкам ідзе на службу, прадуктовая крама на рагу, дзе ён набывае для сям’і харч. Усё гэта я ведаю з яго слоў. Відаць, ён шчаслівы чалавек. He тое, што я...
    Адрываюся ад думак. Айцец Серафім падае знак рукой, што зніжаемся.
    — Вы не спалі? — здзіўлена пытаю я.
    — He спаў, — хлусіць ён і апярэджвае маё наступнае пытанне: — Я маліўся за нас!..
    Гляджу ў ілюмінатар. Недзе далёка ўнізе палае безліччу агеньчыкаў велізарны мегаполіс. Роўная, выразна акрэсленая лінія адмяжоўвае яго ад згустка цемры. «Гэта мора! — здагадваюся я і звяртаюся шэптам да святара: — Айцец Серафім, глядзіце, глядзіце, Тэль-Авіў!» Самалёт пачынае зніжацца... Яшчэ некалькі хвілін, і колы самалёта кранаюцца зямлі. У салоне пачынаюць пляскаць у ладкі.
    Па тэлескапічным трапе накіроўваемся ў будынак галоўнага тэрмінала. Пажылая жанчына з павязанай паверх галавы касынкай выхваляецца сваёй дасведчанасцю. Яна на Святой Зямлі не ўпершыню і таму хоча паказаць нам, што ведае тут усе хады і выхады. Палохае нас строгай службай бяспекі, прыспешвае, каб займалі чэргі ў розныя акенцы на пашпартны дагляд, а не то давядзецца праходзіць яго да ранку. Я скептычна стаўлюся да такіх людзей, таму стараюся не зацыклівацца на ўсёй гэтай мітусні, скіроўваю ўвагу на агляд памяшкання. Будынак тэрмінала шматуз-
    роўневы. На ніжнім паверсе размешчана чакальная зала, паверхам вышэй — стойкі рэгістрацыі. Бэн-Гурыён сустракае нас раскошай і даступнасцю. У вочы кідаецца неверагодная ўтульнасць. Такое адчуванне, што залы напалову пустыя. Хаця гэта зманлівае ўражанне. Проста людзі губляюцца ў прасторы, робяцца незаўважнымі сярод гэтай раскошы. Накіроўваемся да месца пашпартнага дагляду. Прастора незаўважна звужаецца, і вірлівая людская плынь матэрыялізуецца ў чэргі. Рухаемся павольна. Марудлівасць супрацоўнікаў пачынае раздражняць. Чалавек у кабінцы падоўгу праглядвае кожную паперку і задае процьму на першы погляд абсурдных пытанняў. Ва ўсякім разе ніякай разумнай логікі ў большасці іх я не бачу. Але выяўляць незадаволенасць не толькі сабе даражэй, але і тым, хто стаіць за табой у чарзе. Па надпісе на бэйджыку раблю выснову, што супрацоўнік, які правярае мой пашпарт, з рускіх, а гэтыя людзі, як папярэджвае нас усё тая ж усюдыісная каляжанка, асабліва пільныя і нелаяльныя да турыстаў. Відаць, «астравок дэмакратыі ў моры арабскіх тэрарыстаў» таго патрабуе. Стаю ля акенца хвілін дваццаць. Адказваю на шэраг дэбільных пытанняў кшталту: «Адкуль вы ляціце?» ці «Як завуць вашага бацьку?» і малю бога, каб усё гэта хутчэй скончылася, не здагадваючыся, што ўсё толькі насамрэч пачынаецца. Нарэшце мне выдаюць картку на праход. Крочу далей. Падганяе страх. Людзей з групы ў твар я не ведаю, а таму баюся адстаць, згубіцца ў гэтай вірлівай людской плыні. Мяне даганяе жанчына ў паркалёвай касынцы, і мы разам з ёю ідзём да тэрмінала. Каб прайсці праз яго, неабходна прыставіць картку са штрых-кодам да прылады, якая счытвае яго. Так і раблю, і, пакуль завіхаюся і чытаю надпісы на электронным табло, жанчына ў касынцы жвава абмінае мяне. Збянтэжана гляджу ёй услед і пачынаю
    сумнявацца, што яна з нашай групы. Колькі ні прыкладваю потым картку, аўтамат не спрацоўвае і веснічкі не адчыняюцца. Кідаюся ў роспачы да дзяўчыны са службы бяспекі і пачынаю невыразна тлумачыць ёй праблему. Ахоўніца бярэ з маіх рук картку і пашпарт і мы крочым з ёю да тэрмінала. Але і ў яе таксама нічога не атрымліваецца. Дзяўчына пачынае даймаць мяне пытаннямі на ангельскай мове, і я ў адказ паціскаю збянтэжана плячыма. Яна кранаецца майго локця і вядзе, нібыта немаўля, за сабой. Мы доўга блукаем па нейкіх падземных лабірынтах, нарэшце знаходзім патрэбны пакой. I тут да мяне даходзіць нарэшце, што я ўліп. Ахоўніца аддае мой пашпарт рускамоўнаму супрацоўніку. Той марудна гартае яго, і я разумею, што гэтая працэдура з праверкай надоўга. Пільны цэрбер па нацыянальнасці эфіоп. Ён моўчкі вядзе мяне да тэрмінала, а я кручуся вакол яго і, нібыта мантру, паўтараю, што ні ў чым не вінаваты, што адстану ад групы і ўсё такое.
    — Ты не пра гэта думай, — спыняе мяне рэзка ахоўнік. — А пра што мне яшчэ думаць? — злуюся я.
    — Успамінай, хто прайшоў па тваёй картцы? — глядзіць ён на мяне грэбліва.
    Я не памятаю, — пераходжу на шэпт я. — Я сапраўды не памятаю.
    — Успамінай, — паўтарае ён. Яго зневажальнае, панібрацкае «тыканне» дабівае мяне канчаткова.
    — Куды вы мяне ведзяце?
    — Супакойся! Гэта бачыш? — трасе ён у мяне перад носам пашпартам. — Ты мой хлопец, мой... I табе не пра гэта трэба думаць. Успамінай лепш, Ka­ro правёў па сваёй картцы.
    Відавочна, справы мае дрэнь. Я не ведаю, як завуць тую жанчыну ў касынцы, і я зусім не ўпэўнены, што яна з нашай групы. Цяпер я ні ў чым не ўпэўнены. I наў-