• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульні з нулявымі сумамі  Алесь Паплаўскі

    Гульні з нулявымі сумамі

    Алесь Паплаўскі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 298с.
    Мінск 2020
    52.56 МБ
    Рэшту дня я правеў у самоце. А яшчэ ў бязмэтным блуканні па гораду. Бязмэтнасць быцця была для мяне тым неймаверным і разбуральным фактарам, якога я заўжды баяўся, якога імкнуўся не падпускаць да сябе блізка. Безумоўна, звычка быць з усімі і ні з кім загартавала мяне, зрабіла абыякавым да адсутнасці людской увагі. Але ў гэтым горадзе я не жадаў адчуваць сябе іншародным целам. Тым больш, што мае блуканні не заўжды былі пустымі і бязмэтнымі. Я шмат
    што паспеў спазнаць, убачыць, шмат з кім пазнаёміцца і паразмаўляць. Ва ўсякім разе, цяпер я дакладна ведаў, што людзі могуць паразумецца адно з адным нават на розных мовах. I гэта абнадзейвала.
    Начаваў я ў скверыку ля Народнага Музея. Яшчэ зранку я прыкмеціў там пад старой ліпай шырокую лаўку. Яна і стала для мяне ў тую ноч ложкам. Са сцежкі лаўка была незаўважнай, затое я мог бачыць усіх, хто праходзіў непадалёк. Месца гэтае падалося мне вельмі зручным і я начаваў тут некалькі начэй запар, пакуль у госці да мяне аднойчы не завітаў гэткі ж бяздомны, як і я. Ён марудна тлумачыў мне нешта, размахваў рукамі і заходзіўся вар’яцкім смехам. Я не здольны быў зразумець яго і вырашыў, што займаю не сваё месца. Безумоўна, я перабольшваў. Магло стацца, што незнаёмец быў тым, выпадковым мінаком, якому нясцерпна хацелася падзяліцца з першым стрэчным сваёй адметнай жыццёвай гісторыяй, гэтак жа, як і некалі падзяліўся са мной сваёй гісторыяй Любо. Але выпрабоўваць лёс я не стаў і памяняў месца дыслакацыі.
    Наступны дзень я правёў у Градчанах. У самым прыгожым раёне Прагі. Тут, як нідзе ў іншым месцы, я знайшоў шмат схованак, дзе можна было стаіцца ад дапытлівых людскіх вачэй. Цяпер я вышукваў іх наўмысна. Грошай з кожным днём менела, а мне трэба было жыць. Дакладней, выжываць. Ідэю завесці знаёмства з манахамі, агучаную Жэнькай, я пакідаў на крайні выпадак, на даждлівую і нудную восень, калі жыць стане сапраўды невыносна. Ночы пакуль што былі цёплыя і дазвалялі мне начлегі на чыстым паветры. Маім прытулкам цяпер мог стаць любы скверык і любая лаўка ў ім.
    Спяшацца мне не было куды. Таму, папалуднаўшы ў адной са шматлікіх кавярняў на Градчанскай плошчы, я сядзеў цяпер непадалёк ад прэзідэнцкага палаца і чытаў знакаміты раман Мілана Кундэры. У торбе
    маёй стаяла адкаркаваная пляшка са «Златым Козелам» і я спрытна час ад часу вывуджваў яе адтуль, рабіў некалькі сквапных глыткоў, пасля чаго хаваў яе назад у торбу. Піць піва адкрыта ў людных месцах не дазвалялася, і я не хацеў лішні раз нарывацца на непрыемнасці.
    — О!!! А я таксама чытала гэты раман, — пачуў я зусім блізка прыемны дзявочы голас. Адарваўся ад кніжкі і падняў галаву. Дзяўчына цераз плячо зазірала ў кнігу. He дачакаўшыся ад мяне належнай рэакцыі, яна вінавата перасмыкнула плячыма і адыйшла ўбок. У незнаёмкі быў дробны, хваравіты твар з вялікімі чорнымі вачыма. Але гэтая прыродная дыспрапорцыя не рабіла яе непрыгожай, хутчэй наадварот. «Няўжо на маім твары напісана, што я беларус?» — раздражнёна падумаў я і інстынктыўна пацягнуўся да торбы за півам. Дзяўчыне ж падалося, што я хаваю кніжку.
    — Пачакайце! Можна паглядзець? — заспяшалася яна.
    Я працягнуў ёй кніжку. Яна пагартала яе некалькі хвілін і вярнула назад.
    — Я за вамі даўно сачу. Рускіх здалёк відна.
    — Я беларус, — удакладніў я. I адчуўшы сваю беспадстаўную агрэсіўнасць, папрасіў прабачэння.
    — Падумаеш! — хмыкнула дзяўчына.
    Памаўчалі.
    — А вы, значыць, Тэрэза! — іранічна ўсміхнуўся я, наўмысна ўзгадаўшы адну з каханак Томаша.
    — Што вы! Я Сабіна! — смела адрэагавала на маю іронію такой жа іроніяй дзяўчына.
    — Тады нам ёсць аб чым з вамі пагаварыць, — нахабна сказаў я.
    — Вы так лічыце?
    — Безумоўна.
    Яна зрабіла некалькі крокаў і азірнулася:
    — Як вам сабор Святога Віта?
    Я пайшоў за ёй следам.
    — Такую прыгажосць бачу ўпершыню ў сваім жыцці.
    Змяркалася. Накрапваў дождж. Карлаў мост, праз які мы ішлі, пачынаў набываць нерэальныя, містычныя абрысы. Жоўтыя ліхтары выхоплівалі з цемры задуменныя твары святых на скульптурах. Я пазіраў скоса на сваю новую знаёмую. Яе твар быў таксама жоўты, нібыта ў нябожчыка. Дзяўчыну звалі Ленай. А яшчэ яна была масквічкай. I гэта ўсё, што я пра яе пакуль ведаў. Размова не клеілася і мы пераважна маўчалі. Колькі я не імкнуўся распачаць гутарку, яна абавязкова не мела працягу. Гэта пачынала раздражняць мяне. Нечакана дзяўчына прапанавала мне схадзіць на канцэрт арганнай музыкі ў сабор Святога Іллі. Я мімаволі пацягнуўся да кішэні за гаманцом, у якім амаль нічога ўжо не засталося і падумаў, што не магу дазволіць сабе такой раскошы. Яна ўгадала мае думкі і заспяшалася:
    — У мяне ёсць два квіткі. Сябар мой заняты іншымі справамі, так што, калі вы не супраць...
    Касцёл быў фантастычна прыгожы. I звонку, і знутры. Нейкая маладая дзяўчына правяла нас у сярэдзіну. Я аглядзеўся. Лаўкі былі занятыя слухачамі. Лена выглядзела некалькі вольных месцаў і, як маленькага хлопчыка, пацягнула мяне за руку некуды ўглыб залы. Мы занялі вольныя месцы прама ля імправізаванай сцэны і прыціхлі ў чаканні. Пачулася музыка, як свежы павеў ветру. Прызнацца, я не ўпершыню слухаў у касцёле Баха, але гэты арганны канцэрт быў нечым неапісальным і фантастычным, тым, што не адпавядала маім ранейшым эмоцыям і ўяўленням. Гэта было захапленне, змешанае з жахам. Пасля Баха гучалі яшчэ Моцарт, Вэрдзі і Вівальдзі. Мы, як малыя дзеці, трымалі адно аднаго за рукі і патаналі ў замілаванні. Пасля канцэрта доўга гулялі па Старамесцкай плошчы. Захапляліся Пражскім
    гадзіннікам, на верхнім цыферблаце якога пад містычную музыку, што надавала яшчэ большую верагоднасць і пэўнасць таму, што там адбывалася, ажывалі розныя міфічныя фігуры: узнікалі шыбеніцы, скакалі конніцы, ваявалі рыцары, званілі ў званіцы шкілеты, з’яўляліся апосталы. Потым гулялі па начных цесных пражскіх вулачках. Лена захоплена расказвала мне пра містычную здань Смерці, якая нібыта ходзіць недзе побач і, як марыянетак, цягае за нітачку за сабою людзей. Я сціскаў халодную далонь дзяўчыны і мне было страшна. Я баяўся ёй у гэтым прызнацца. «Усе мы ідзем да смерці! — суцяшала мяне дзяўчына і шчыра дадавала: — Толькі ёй адной пад сілу аднолькавасць танца з каралём і жабраком, вучоным і селянінам...». Я слухаў яе і пакорліва плёўся следам. Мне было пляваць на ўсе цяжкасці гэтага жыцця. Я спытваў у гэтыя хвіліны неверагодную і невыносную лёгкасць быцця, як і некалі малады Томаш. Верагодна, інакш было нельга ў гэтым прыгожым і містычным горадзе. Я не здагадваўся нават, што дзяўчыне, якой я так захапіўся, за якой пакорліва хадзіў следам, жыць засталося лічаныя дні.
    Мы спусціліся з маста ўніз і пайшлі ўздоўж Влтавы. Потым крыху збочылі і выйшлі на шырокі светлы прагал. Вузкая рачулка, якая цягнулася па правы ад нас бок, мела містычную назву — Чартоўка. Яна ўтварала гэтую выспу, якую турысты называлі пражскай Венецыяй. Мы выбралі больш-менш высокае сухое месца на беразе і селі на траву. Шапацелі лістотай векавыя дрэвы. Чуўся ціхі плёскат вады ля калёс старога млына. А на мосціку, што вёў да кавярні «Млыньска», нехта гучна кашляў. Потым усё сціхла. Цішыня гэтая была працяглай і невыноснай. Мы не прамовілі больш ні аднаго слова. Праз пэўны час падняліся з травы і рушылі да кавярні. Перад мастком дзяўчына спынілася і рэзка азірнулася.
    — Бывай!
    — Як так?.. Я не хачу з табой развітвацца.
    — He шукай мяне больш ніколі, чуеш! — катэгарычна сказала яна і рушыла ў цемру. I я зразумеў, што мне ніколі ў жыцці не знайсці тыя патрэбныя, выратавальныя словы, якія маглі б спыніць яе. Я стаяў і не ведаў, што мне рабіць. Рыпеў здрадліва коламі вадзяны млын. А мне здавалася, што гэта нехта нябачны скрабецца ля майго сэрца. Магчыма, гэта былі мае сум і адзінота.
    9
    Мяне не б’юць, не катуюць, са мной праводзяць выхаваўчыя прафілактычныя гутаркі. Пра тое сказаў мне сам следчы. Трое мардаваротаў у чорных масках уладкоўваюцца ў крэслах насупраць і моўчкі назіраюць. У размову яны не ўмешваюцца. Іх задача — прысутнічаць. Са слоў таго ж следчага, гэтыя людзі — панятыя. Безумоўна, ён гэтак жартуе. Бо хіба могуць быць панятымі глуханямыя? Кашулі ў амбалаў закасаныя да локцяў. Рукі ляжаць на каленях. Яны сціснутыя ў кулакі і, нібыта цяжкія малаткі, застыглі ў чаканні чыйгося таемнага загаду. Неаднойчы думаю сабе: «Гэтыя рукі павінны былі б ствараць прыгажосць!..» Разумею абсурднасць гэтай жахлівай думкі і ганю яе прэч. Пераводжу позірк на следчага і пачынаю думаць аб несправядлівасці — той, што існуе ў свеце даўно, з часін стварэння самога чалавека. Допыты цягнуцца ўжо некалькі тыдняў і сённяшні, як я разумею, не апошні. Згодна пратаколу, мяне абвінавачваюць у датычнасці да несанкцыяваных палітычных акцый, якія нібыта справакавалі масавыя беспарадкі, хаця гэта такая ж лухта, як і сам факт таго, што я тут знаходжуся. Допыты — нечы чужы, непрабудны сон, які сніцца чамусьці мне. Чаму? Я так ніколі, верагодна, і не зразумею. Ніякіх іншых абвінавачванняў мне пакуль што не прад’яўляюць, а аб сапраўдных мэтах такой узмоцненай зацікаўленасці да маёй сціплай асобы з боку спецслужбаў я магу толькі здагадвацца. Са мной размаўля-
    юць на мове намёкаў, якой я не разумею і разумець не хачу. Адзінае, што не выклікае ніякага сумнення, гэта тое, што я — ахвяра нечай жахлівай гульні, пешка, ад якой залежыць сыход усёй партыі. А таму справы мае дрэнь. «Але чаму я? Чаму?.. — думаю я неаднойчы і не знаходжу на гэтыя пытанні лагічнага адказу. Суцяшае адно, калі яны такія дасведчаныя ў маёй біяграфіі, калі адсочваюць кожны мой крок на працягу некалькіх тыдняў, то не могуць жа яны не ведаць, што палітыкай я не цікаўлюся, што ў сувязях з апазіцыяй западозрыць мяне нельга. Безумоўна, калі капнуць больш глыбока, калі вывернуць нутро навыварат, там, пры жаданні, можна шмат чаго накапаць небяспечнага і варожага. Бо я, як і пераканаўчая большасць людзей у маёй краіне, ціха ненавіджу гэтую ўладу, як ненавіджу і тую сямейную кланавасць, якую яна спарадзіла, з неймаверна высокімі заробкамі і хранічным невылечным гультайствам. Ненавіджу я таксама і той страх, тую зайздрасць і нянавісць, якія яна здолела пасяліць ува мне і якіх цяпер, верагодна, ужо ніколі не выкурыць са свядомасці, з якімі давядзецца жыць і мірыцца на працягу многіх гадоў. Але гэтая нянавісць мая толькі ў думках. Знешне яна нічым не праяўляецца. Я з ліку маўклівай большасці, якая выдатна разумее, што адбываецца вакол, але мяняць нешта ў іншы бок не здольная. Змагацца з ветракамі — справа вар’ятаў, перакананы я. Некаторыя ж з маіх сяброў схільныя лічыць, што ўсё, што адбываецца, адбываецца з маўклівай згоды такіх, як я, што мы тыя, якія збіраюцца адсядзецца і адмаўчацца, але таго нам зрабіць не ўдасца. За намі таксама прыйдуць. Няхай сабе і не ў першую чаргу, але абавязкова прыйдуць. Я не згодны з імі. Мне хочацца верыць, што мая цярплівасць і асцярожнасць — генетычна-гістарычныя. He заўжды трэба гаварыць дурням, што яны дурні!