Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
— Ну, дык што, адтапырымся, Білі? — настырна перапытаў Буся.
— Адтапырымся, — адказаў ён нехаця.
— Што ты такі кволы, нешматслоўны? — здзівіўся Буся.
— Ёсць праблемы, — схлусіў ён.
— А ў каго іх няма? Хочаш шчыра?
У паветры павісла паўза.
— Ты думаеш, мне гэтая вучоба патрэбна? — нечакана прызнаўся Буся. — Ды пляваць я хацеў на ўсё. Глядзі, — ён дастаў з ранца невялічкую сінюю кніжку і працягнуў яму. — Глядзі, глядзі...
— Што гэта? — недаверліва спытаў ён.
— Дыплом.
— Дыплом? — здзівіўся ён. — Чый дыплом?
— Мой. Мне толькі засталося дачакацца, калі ён стане сапраўдным. Вось і ўсё.
— Дзе ты яго ўзяў?
— Дзе ўзяў, дзе ўзяў, — іранічна ўсміхнуўся Буся. — Хіба гэта праблема? Былі б грошы. Хочаш — і Ta66 купім. Папрашу бацьку. У яго сувязі. Хочаш?..
Ён прамаўчаў.
— А ты гаворыш «праблемы». Няма ніякіх праблем, Білі. Грошы — вось асноўная праблема. Ну дык што, да панядзелка?
— Чаму да панядзелка? — не зразумеў ён.
— Сямён Сямёнавіч! — абразліва зморшчыўся Буся. — А ўстановачная лекцыя калі, па-твойму?
— А-а, — сумна ўсміхнуўся ён. — Дакладна.
— Ну, а наконт дыплома ты ўсё ж падумай. He так гэта дорага каштуе...
Менавіта ў той самы дзень на падыходзе да свайго дома ён і сустрэў Яе ўпершыню.
— Усё роўна цябе пацалую! Ляля!..
Вар’ятка падалася яму не толькі дзіўнай і смешнай, але і прыгожай. Ён нават пажартаваў:
— He, любая, не, я не ляля... Я ліха. Я — дух зла і няшчасця. Я ўвасабленне гора. Сцеражыся мяне. У-ух!..
Вар’ятка задаволена зарагатала. Ён таксама засмяяўся, верагодна, не ўяўляючы сабе, наколькі праўдзівымі і прарочымі былі гэтыя яго словы.
— Ты добры... Ты ляля!
— Наталля, марш дахаты! — спыніў яе жаночы патрабавальны голас. Ён азірнуўся, і яго позірк сустрэўся з позіркам незнаёмай жанчыны.
— Ты добры, — усміхнулася яму напаследак вар’ятка і подбегам кінулася да пад’езда.
— Хто гэта? — пацікавіўся ён у суседкі.
— Нашы суседзі. Грынічы, — ціха адказала тая. — Тыдзень як засяліліся...
11
Дні няма чым запоўніць. Божа! He адымай у мяне майго няшчасця! Я тоненькая сухая галінка на магутным векавым дрэве Жыцця. Я — рэха хвіліннай жывёльнай жарсці. Я — адгалосак няспраўджаных нечых мар. Я выпала даўно з гэтай будзённай сапраўднасці, і няма альтэрнатывы майму змушанаму пустэльніцтву. Чапляйце на мяне ўсе свае зямныя заганы. Чапляйце на мяне ўсе свае спрадвечныя грахі. Я вытрываю ўсё. Я сцярплю. Я змаўчу. Я адужаю ўсё, бо мне хочацца жыць. Я такая, якая ёсць. Я такая, якой мяне нарадзілі. I я не вінаватая, што мне наканавана пакутаваць за чужыя грахі. Здагадваюся, дзеля гэтага Бог мне даў усё: моц, вытрымку, пакору... Вы лічыце мяне душэўна хворай, але ў чым маё вар’яцтва, не тлумачыце. Смешныя вы нейкія, людзі! Вы займаецеся маёй душой, каб нічога не ведаць пра сваю. Паслухаць вас, дык такім, як я, не месца сярод вас, што мяне нічога не чакае станоўчага ні тут, на зямлі, ні ў іншы^ вымярэннях, нідзе. I гэта ваша ісціна? Ісціна сфабрыкаваная са слоў, якіх вы ніколі не казалі. Ды вашы вочы — самыя лепшыя словы. Яны і выкрываюць вашу лжывую сутнасць, вашу надуманую спагаду. Чым вы лепшыя за мяне? Чым? Мая незаўважнасць — усяго толькі абярэг ад вашай хлусні...
— Усе людзі грэшныя! Усе людзі саўдзельнікі Вялікіх выпрабаванняў! — не забывае нагадваць мне мама штодня. — Людзі бяскрылыя, а таму асу-
джаныя рабіць тое, што ім не падыходзіць. А ты незаўважаная Ім!
Кім?..
Пытанне застаецца без адказу. Пытанне завісае ў паветры, нібы сякера. Звісае нада мной... Скуль набрацца на ўсіх нас тых чыстых пастыраў?..
Я шукаю Твае вочы. Паўсюль. I не знаходжу. Відавочна, яны захапляюцца не мной. Але я ўсё роўна шукаю. Я пераканана, што, калі сапраўднасць робіцца невыноснай, калі табе ў ёй няма месца, менавіта тады адчыняюцца іншыя, новыя далягляды. Хто дасць мне прытулак у сваёй памяці?.. Хто?..
12
Буся зблытаў усе яго планы. Быць студэнтам яму нечакана перахацелася. Некалькі дзён ён хадзіў сам не свой. «Не, толькі падумаць, пяць гадоў з дня ў дзень цяпер я павінен буду сустракацца з гэтым абізгалам, — абураўся ён. — Слухаць яго лухту, пакорліва ўсміхацца і маўкліва выцірацца пасля яго чарговых зняваг. Навошта мне гэта? Хіба на такую перспектыву я разлічваў?» I яму захацелася забраць дакументы. Ён так і зрабіў бы, калі б не мама. Яна завітала са сваім Ігарам днямі, каб павіншаваць яго з новым навучальным годам. Айчым, як заўжды, паводзіў сябе пры ім сціпла. Ён больш маўчаў, чым гаварыў. Мама ж, наадварот, была ў добрым гуморы. Смяялася без прычыны, лезла з парадамі. Але варта было яму толькі заікнуцца аб тым, што ён забірае з універсітэта дакументы, як яна адразу ж знікла і паспешліва пацягнулася да сумкі па валяр’янку. Вечар быў сапсаваны. Давялося зноў выслухаць цэлую лекцыю на тэму «У людзей дзеці як дзеці...». Ён паспрабаваў абгрунтаваць сваё рашэнне, але ў спрэчку ўмяшаўся айчым:
— Дыплом не камень. Яго не цяжка цягаць за плячыма. Займай чаргу і чакай. He паспееш азірнуцца — а ўжо дзяржы...
Ён ужо чуў гэта ўсё. Ад Бусі. Довады былі неаспрэчныя. Мама слёзна вымусіла яго паабяцаць, што ні пры якіх умовах ён не кіне інстытут, і перад тым, як развітацца, падала яму невялічкую каляровую паперку:
— А гэта табе падарунак ад нас, — сказала яна лагодна. — Твой любімы Пярт.
Ад хвалявання ў яго перахапіла дыханне. Паперка выслізнула на падлогу. Ён хуценька падхапіў яе.
— Ён прыязджае да нас з канцэртам?
— He, яго творы будуць выконваць іншыя музыкі. Квіток дастаўся мне па знаёмстве. Хацелася дагадзіць Ta66. Наколькі памятаю, ты некалі фанацеў ад яго музыкі.
Скарыстаўшыся момантам, мама абняла яго і прытуліла да сябе. Мо ўпершыню ён не стаў ухіляцца. Тады яна пацалавала яго, і ён адчуў на сваёй шчацэ вільгаць. Мама плакала.
— Такі падарунак! — паглядзеў ён на яе падазрона. — 3 якой нагоды?
— Як жа, сёння ты стаў студэнтам.
— А-а-а, — расчаравана ўсміхнуўся ён.
Мама ўсё пралічыла. Сустрэча з музыкай куміра адбылася 13 верасня, у дзень яго нараджэння. Гэты хвалюючы момант ён запомніць на ўсё астатняе жыццё: вялізны зал, мяккія крэслы, злева і справа незнаёмыя жанчыны — гняздо з чысціні і парфумы — і яго любімы «ТЕ DEUM». А яшчэ слёзы... Яго слёзы. Слёзы жалю і спачування да самога сябе...
— А, гэта ты! — сустрэў яго здзеклівым прывітаннем Буся. Ён чакаў ля ўніверсітэта. — Ты ўсе яшчэ той самы?
— He зразумеў...
— Аматар распускаць нюні? — удакладніў Буся.
— He зразумеў, — паўтарыў ён і недаўменна зірнуў на Бусю.
— Ну ты і Чуча! — адмахнуўся той. — Варушы паршнямі. На пару спознімся.
— Пайшоў ты! Нікуды я з табой не пайду, — заўпарціўся ён.
— Трындзец! Ты што, пакрыўдзіўся? Пайшлі. Раскажу нешта цікавае па дарозе.
Як выявілася, ён таксама быў учора на канцэрце. 3 мамай. Болей таго, бачыў яго заплаканага ў антракце.
— Хацеў падысці да цябе. Але я быў не адзін, на жаль. А так...
— Што «а так»? Што? — узмацніў ён да непазнавальнасці голас. — Ну плакаў... Што далей?
— Нічога, — паціснуў плячыма Буся. — Проста падумалася, што ты так і застаўся размазнёй!
«Не разумее ён! — абурыўся ён у думках. — He дарос ты яшчэ да гэтага...»
I ўсе ж ён пакрыўдзіўся на Бусю не на жарт. Усю першую пару яны амаль не размаўлялі. Буся падазрона круціўся, страляў вачыма па баках, лез з недарэчнымі пытаннямі, а ён рабіў выгляд, што не звяртае ўвагі. Наступная па раскладзе пара была прысвечана сусветнай літаратуры. Пра выкладчыка гэтага прадмета хадзілі розныя чуткі: што ён нібыта чалавек строгі і патрабавальны да сваіх падапечных, што ён употай спіць са сваімі студэнткамі, што пры магчымасці не супраць хабару і што залікі яму здаюць толькі з трэцяга разу. Таму, наслухаўшыся гэтых жахаў, на заняткі прыйшла амаль уся група.
У аўдыторыю ўвайшоў сярэдніх гадоў мужчына з партфелем, і ўсе ўсталі. Ён ветліва павітаўся і запрасіў усіх сесці. Ледзь заўважным жэстам, нібыта сапраўдны рэжысёр. Першае, што яму кінулася ў вочы, гэта незалежнасць паводзін гэтага чалавека. Ён нават падумаў: «Быў бы ён маім бацькам, глядзіш, і ў мяне ўсё было па-іншаму!..»
— Ну што, — зірнуў ён на аўдыторыю з выклікам, — будзем знаёміцца?.. Завуць мяне Мікалаем Мікалаевічам. Прозвішча маё — Хініч.
Мінула хвіліна. Нечакана яму падалося, што выкладчык чамусьці часта спыняе свой позірк на ім, чым надае яму больш увагі, чым астатнім студэнтам. Ад гэтай думкі і хвалявання ён ледзь было не зняў акуляры.
— Студэнты за вочы мяне называюць яшчэ Сартрам, — дадаў выкладчык і павольным крокам рушыў да свайго стала.
— Сартрам? — здзіўлена прашаптаў ён. Яму падалося, што ён ачуўся. Яго голас насамрэч ускалыхнуў цішыню, і ўсе рэзка павярнулі галовы ў яго бок. Выкладчык спыніўся і таксама зірнуў на яго.
— Так, Сартрам, — удакладніў ён, гледзячы яму ў вочы. — I я не пакрыўджуся, калі мяне нехта з вас стане называць менавіта так.
Ён хвілінку счакаў, пагартаў для выгляду журнал і зноў выйшаў з-за стала.
— Ну а зараз мая чарга задаваць пытанні, — выціснуў ён іранічную ўсмешку, звяртаючыся да аўдыторыі. — Скажам, вось вы, малады чалавек, — зірнуў выкладчык на яго, — як вас зваць?
— Сяргей, — адказаў ён дрыготкім ад хвалявання голасам.
— Сяргей... — пасмакаваў выкладчык. — А назавіце мне, Сяргей, прозвішча пісьменніка, твор якога вы прачыталі апошнім часам.
— Музіль, «Чалавек без уласцівасцей», — схлусіў ён. He называць жа яму Сартра. Пасля таго, што адбылося, гэта падалося б сапраўдным цынізмам.
— Што ж, вельмі выдатны выбар. А вы? — звярнуўся ён з тым жа пытаннем да Бусі. Буся заўважна захваляваўся. Было відно, як ён сіліцца нешта ўспомніць, але штучнасць было цяжка схаваць. Зразумеў гэта і выкладчык. — 3 вамі ўсё зразумела, — сказаў ён і рушыў да століка насупраць. — А вас як завуць? — звярнуўся ён да дзяўчыны.
— Марына, — выціснула тая і чамусьці заружавелася.
— А скажыце нам, Марына, — у паўздзеклівай форме звярнуўся ён да дзяўчыны. — Які твор чыталі вы?
— Дзіна Буцаці, «Татарская пустэльня».
— А вы? — звярнуўся ён да яе суседкі.
— Вікторыя! — назвалася яна. — Стэндаль, «Чырвонае і чорнае».
— Выдатна, таксама някепскі выбар, — падсумаваў выкладчык і зноў накіраваўся да свайго століка. — Мне здаецца, нам знойдзецца пра што пагаварыць.
— Значыць, Жульен Сарэль? — сказаў ён і рэзка павярнуўся да аўдыторыі. — Ці Ульрых?..