Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
— Ну, пачалося!.. — нахабна спыніць ён яе. — Заладзіла!
— Нічога я не заладзіла. Проста людзі, сынок... — яна на хвілінку задумаецца і дадасць пасля кароткай паўзы: — Людзі — яны як людзі. Жывуць і не хочуць ведаць, што побач з імі жывуць іншыя людзі. He такія, як яны. Людзям, сынок, пра сябе нагадваць трэба.
— Пры чым тут людзі, мама?
Яго позірк так і застанецца прыкаваным да невялічкага скрутка на маміным прыполе.
— Ты пакажаш падарунак ці не?
— Ладна, угаварыў, — усміхнецца яна паблажліва і падасць перавязаны сіняй стужкай пакунак. — Думаеш, лёгка мне было набыць гэта?.. Куды ні кінься — чэргі. Вэрхал, анархія... Гэты Гарбаты нас хутка да жабрацтва давядзе. Здохнем усе ад голаду.
— Што тут? — не зважаючы, пацікавіцца ён.
— Бінокль, — усміхнецца яна лагодна.
— Бінокль? — здзіўлена перапытае ён. — Навошта ён мне?
— Як?.. Хіба не ты яго ў мяне клянчыў? — ледзь стрымліваючы слёзы, спытае мама. I ён адчуе, як здрадліва ўздрыгне ад крыўды яе голас.
— Я клянчыў? Што, я клянчыў? — зрываючыся на крык, спытаецца ён. — Я прасіў у цябе фотаапарат.... Разумееш, фотаапарат, а не бінокль!
Фотаапарат яму купіць дзядзька. У той жа дзень. Мама слёзна папросіць яго аб гэтым, а ён падслухае іх размову па тэлефоне. Але ні фотаапарат, ні бінокль не затрымаюцца ў яго доўга. Бінокль стыраць праз некалькі тыдняў у бальніцы, куды ён пападзе з траўмай вока, а ўзамен на фотаапарат ён выменяе ў Бусі акуляры з цёмнымі шкельцамі. Тыя, якія носіць цяпер.
— Усё!.. Досыць пустых размоў, — абыякава махне рукой мама. Вытра рукавом вочы і загадае: — Выне-
сі смецце i збегай y краму. Вечарам прыйдуць госці, чым частаваць будзеш?..
Я?
— А хто па-твойму, я? Чый дзень нараджэння?..
Вось так і пачнецца той лёсавырашальны для яго дзень. Дзень, у які Бог некалі стварыў Еву, якая ў сваю чаргу народзіць яго... А задаволены працай, Бог будзе ўпотай радавацца жыццю на нябёсах... А ён...
А ён праз некалькі хвілін перасячэ дворык. Ледзь не саб’е ля суседняга пад’езда з ног маладую кабету з дзіцем — квадратную і ружовашчокую, падобную, як дзве кроплі вады, да Пышкі, жанчыны з карціны, якая ўжо доўгі час вісіць над маміным ложкам. Азірнецца.
— He еш з Яго рук! — нечакана пачуе ён. Словы будуць адрасаваны малому хлапчуку, а яму падасца, што жанчына звяртаецца да яго. — Чуеш, прашу Цябе, не еш з Яго рук!
«3 чыіх рук?» — захоча спытаць ён у жанчыны, але так і не адважыцца. «Як лёгка цябе збіць з панталыку, сынок!..» — спыніць яго здзеклівы мамін голас.
— Ева, у цябе дарослы сын! — лагодна ўсміхнецца яму дзядзька, мамін брат, і памкнецца дакрануцца да яго чупрыны.
— Ева, як хутка растуць чужыя дзеці! — замітусіцца вакол яго маміна сяброўка і голасна засмяецца. Яму ж падасца, што зробіць яна тое наўмысна, каб агаліць перад прысутнымі свае рэдкія, гнілыя зубы. Ён нават адчуе непрыемны пах з яе рота. Але ўсе гэтыя «охі» і «ахі» яму давядзецца выслухоўваць нашмат пазней, вечарам. Госці, якія прыйдуць павіншаваць яго з днём нараджэння, заваляць пакой падарункамі і праз гадзіну забудуць пра яго. Яны стануць абмяркоўваць што заўгодна: Белы дом, путч, Растраповіча з аўтаматам у руках, Руцкога, але толькі не яго. Ён жа зачыніцца ў мамінай спальні і, пакуль дарослыя ў за-
ле будуць піць за яго здароўе гарэлку, правядзе рэшткі вечара ў эратычных фантазіях з Монікай Велюр. Часопіс з аголенай порна-зоркай ён вывудзіць са скрыні са смеццем, старанна ачысціць яго ад бруду і схавае за пазуху. А назаўтра здымкамі будуць захапляцца амаль усе вучні ягонага класа, а дыягназ, які вынесе прыгожай жанчыне аўтарытэтны ў такіх пытаннях Буся, стане сапраўдным шокам.
— Гаўно! — выцадзіць коратка праз зубы Буся. — Хочаш, я пакажу табе такое!.. Ахнеш!
«Сабярыся і заедзь яму ў пашчу! — падумае ён упершыню, ледзь стрымліваючы сябе. — Чуеш, заедзь яму ў пашчу!» Але жаданне так і застанецца жаданнем. Хіба здольны ён быў тады на такі дзёрзкі ўчынак?..
— Чуча! — абразліва ўсміхнецца Буся і паспрабуе схаваць часопіс у сваю сумку.
— Аддай! — кінецца да яго з кулакамі ён.
— Настаўніца! Настаўніца! — закрычаць з усіх бакоў вучні, папярэджваючы іх. Але будзе ўжо позна. Класная адбярэ ў Бусі часопіс і адвядзе іх абодвух у кабінет да дырэктаркі. Тая бесцырымонна абшарыць кішэні і знойдзе ў Бусі пачак з цыгарэтамі. Калі пачне адкрываць яго, на падлогу выпадзе прэзерватыў. Яна ахне ад здзіўлення, распакуе яго. Потым дэманстратыўна начэпіць на кончык указкі.
— Што гэта? — заікаючыся, спытае яна.
— Шарык, — нахабна ўсміхнецца Буся.
Але ўсё гэта будзе заўтра...
5
Шукаць для сябе забаўкі — занятак не з лёгкіх, асабліва калі ты дзяўчынка і калі з цацак у цябе толькі лялька, і тая з адарванымі нагамі. Пра лялек я магла б вам расказваць і расказваць. I пра самаробных лялек-фей, і пра кітайскіх фарфоравых. Чамусьці больш мне запомніліся з дзяцінства апошнія, з шэрымі аднолькавымі тварамі. Жудаснае відовішча, шчыра прызнаюся вам. Асабліва калі доўга глядзець ім у вочы. У прыцемку іх нібыта знарок нехта падмяняе, яны ажываюць, напаўняючы пакой нейкім містычным, казачным сэнсам. He разумею цяпер, чаму я любіла падоўгу ўзірацца ў іх маўклівыя васковыя твары. Мо таму, што яны мне заўжды ўсміхаліся? Але я баялася гэтай іх усмешкі. Я плакала і не магла потым доўга заснуць. Я заплюшчвала вочы і ўсё яшчэ бачыла, як лялькі рухаюцца па пакоі. Рухаюцца і ўсміхаюцца, загадкава і пачварна. Я пачынала зваць маму, і той не заставалася нічога іншага, акрамя як прыбіраць іх на нейкі час у шафу. Ранкам, калі я прачыналася, яны, як ні ў чым не бывала, стаялі на сваіх месцах. Я абыходзіла іх бокам. I яны суправаджалі мяне сваімі здзіўленымі шклянымі позіркамі. Я не ведала тады яшчэ, што гульня ў лялькі — таксама мастацтва, што лялькі і людзі маюць шмат чаго агульнага. Ва ўсякім разе, адны і другія мелі талент здзіўляць нас. I ўсё ж маёй любімай гульнёй была гульня ў дзень і ноч. Простая і наіўная. Як і ўсё, у прынцыпе, у гэтым жыцці. Я зачынялася ў шафе на нявызначаны час, употай
ад мамы, і, седзячы там сярод маміных убораў, услухоўвалася ў цішыню. Апраметная цемра надавала рэчам таемнасць і загадкавасць. I тады я пачынала часта і перарывіста дыхаць. Я імкнулася такім чынам напаўняць цішыню рухамі. Я ўдыхала на поўныя грудзі паветра, насычанае пахамі парфумы, а потым выдыхала яго. Калі вочы цалкам прызвычайваліся да цемры, калі яна пераставала быць жахлівай і загадкавай, якой напачатку здавалася, я пачынала бачыць святло. Яно сачылася звонку, праз усе шчыліны. Мне здавалася, што яго я не толькі бачу, але і чую. Чую ягонае асцярожнае, ледзь улоўнае шамаценне. Святло наліпала на тканіну, і да яго можна было дакрануцца кончыкам пальца. Мяне перапаўняла нейкая не вядомая мне дасюль радасць. Верагодна, гэта было нешта большае, чым звычайная радасць. Я лавіла сябе на думцы, што зазіраю за межы нечага недазволенага, за межы нябачнага для іншых. «А можа, гэта і ёсць тое месца, скуль прыйшла я сюды, у гэты свет?» — думала я ў такія хвіліны, трацячы адчуванне часу. I тады, на мяжы свядомасці і сну, узнікала нешта іншае, нешта містычнае, якое цяжка было назваць святлом. Мне здавалася, што маё жыццё плаўна перацякае з адной бясконцасці ў іншую. Гэта былі своеасаблівыя падарожжы з нашага свету туды, дзе не існуе адлегласці.
3 цягам часу гульні ў дзень і ноч сталі для мяне звычкай, неабходнасцю. Без іх я ўжо не ўяўляла сваё далейшае жыццё. I вось аднойчы са мной здарылася нешта непрадказальнае. Гульня зацягнулася, і я страціла кантроль над сапраўднасцю. Я заснула, не памятаючы, калі тое са мной здарылася, зачараваная сваімі незямнымі відзежамі. Колькі часу я праспала, не памятаю. Але калі расплюшчыла вочы і прыадчыніла дзверцы, каб выбрацца з шафы, то мой позірк наткнуўся адразу ж на сапраўдную цемру, больш рэ-
альную і халодную, не такую, якая панавала ў шафе. Тое была не цемра, а сапраўдная ноч. I я не ведала, што мне рабіць з гэтым. Уразіў мяне не столькі змрок, колькі маміна абыякавасць. Мая працяглая адсутнасць засталася нікім не заўважанай. Пра мяне забылі. Усе. Нават мама. Мяне быццам бы ніколі і не існавала ў гэтым свеце. Я адчула сябе адзінотнай і непатрэбнай, мне стала страшна. Ад адчаю я нават закрычала. Але мяне не пачулі. Я падумала, што гэтага мала, і, каб нагадаць пра сябе, пачала тупацець нагамі, чым і разбудзіла маму. Яна вызірнула са спальні і запаліла святло. Яе твар быў незадаволены і халодна мармуровы. Гэта здзівіла мяне яшчэ больш. Мы стаялі ў эпіцэнтры неабсяжнай Пустаты і глядзелі адна адной у вочы. Мы маўчалі.
— Ідыётка!.. — выціснула нарэшце мама і строга загадала: — Марш спаць!..
Я праігнаравала гэты яе загад і яшчэ мацней упілася вачыма ў яе вочы. Я шукала ў яе позірку сябе... I не знаходзіла... Узіралася і нічога не бачыла ў ім. Потым я перавяла позірк на акно. Мне хацелася зачапіцца хоць за нешта жывое ў гэтым бязлікім згустку нямой прасторы. Вецер церабіў край фіранкі. I па столі паўзлі мітуслівыя шэрыя цені. Я ўздрыгнула ад нечаканай высновы. Я зразумела незразуметае. Выхапленая святлом з цемры, я, як ніколі ў сваім жыцці, адчувала сябе безабароннай. I мне зноў захацелася ў шафу...
6
Нечаканае скавытанне клаксана адарвала яго ад успамінаў. Ён азірнуўся і інстынктыўна адскочыў убок. Бус на невялікай хуткасці абмінуў яго і прыпаркаваўся ля суседняга пад’езда, перагарадзіўшы дарогу астатняму транспарту. «Хуткая дапамога», — паспеў прачытаць надпіс ён на бакавой панэлі аўтамабіля. Счакаў хвілінку і накіраваўся няспешна да машыны... Праз некалькі крокаў спыніўся і азірнуўся. Памяць!.. Памяць — бяздонны калодзеж, чэрпай і чэрпай, не вычарпаць. Бывае вось так, нахлыне нешта — і хоць ты плач: навошта табе ўсё гэта? Навошта варушыць тое, што сышло незваротна?.. Навошта? Ды не сышло яно нікуды. Яно з табою заўжды. Яно і ёсць ты... Яно і ёсць тое падарожжа ўглыб сябе, да сваіх вытокаў, да свайго сапраўднага Я...
Буся сваё слова стрымаў. Хаця для яго лепей было б адваротнае. Менавіта з гэтага дня ўсё і пайшло ў ягоным жыцці наперакасяк. Ацэньваючы той учынак, ацэньваючы неразумныя, дзіцячыя паводзіны з пазіцыі пэўнага жыццёвага вопыту, ён не аднойчы будзе лавіць сябе на жахлівай, вар’яцкай думцы, што жыццё насамрэч справядлівае, што немагчыма схавацца ад лёсу, тым болып што ты не шэрая зязюлька з гадзінніка, і жыццё тваё не старэнькія насценныя ходзікі. Але сонечныя промні рассейваюць цені і разбураюць штучную шчыльнасць. Міне час, і ён абзавядзецца новымі сябрамі, нешматлікімі, аднак больш аўтарытэтнымі,