Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
на яго думку, чым Буся, і ўсе ж Буся так і застанецца для яго Бусям — сябрам, якім ён яму ніколі не быў. Але пра ўсё гэта па парадку...
У пятніцу пасля заняткаў Буся спыніў яго на калідоры ля прыбіральні.
— Салют, мамчын сынок! — здзекліва павітаўся ён і цынічна пацікавіўся: — Ну, як пажывае твая славутая Моніка Велюр?
— Па-першае, я табе не мамчын сынок, — незадаволена буркнуў ён і паспрабаваў абмінуць хлопца. Але Буся перагарадзіў яму дарогу.
— I хто ты тады? — з’едліва ўсміхнуўся ён. Схапіў за кашулю і ўсім сваім целам прыціснуў да сцяны.
— Ніхто, — пакрыўджана зморшчыўся ён і ціха папрасіў: — Адпусці.
— Ну вось, бачыш, сам прызнаешся: ты — ніхто, — нахабна падсумаваў Буся. — А цяпер пакажы мне свае рукі.
Ён крутануўся, спрабуючы вызваліцца. Аднак Буся яшчэ шчыльней прыціснуў яго да халоднай атынкоўкі. Адступаць не было куды.
— Рукі свае пакажы, Чуча! — дыхнуў ён узбуджана недзе амаль ля вуха.
— Навошта?
— Кажуць, што ў цябе паміж пальцаў растуць валасы. Гэта праўда?
— Няпраўда, — пакрыўджана адтапырыў ён верхнюю губу.
— Ага, як жа! Ва ўсіх растуць, а ў цябе, значыць, не.
— У каго гэта — ва ўсіх?
— У тых, хто займаецца ананізмам, — здзекліва ўдакладніў Буся.
— Я не займаюся ананізмам, — заружавеўся ён і нехаця паглядзеў на свае рукі. Вядома, ніякіх валасоў там і блізка не было, гэта быў чарговы Бусеў выкрут, і ён на яго купіўся.
— Ха!.. А вось і займаешся! — зарагатаў задаволены Буся і, звяртаючыся ўжо да аднакласнікаў, якія цесна абступілі іх з усіх бакоў, крыкнуў: — Увага! Увага! Глядзіце, гэты прыдурак займаецца ананізмам! У яго паміж пальцаў растуць валасы!..
Паветра страсянулася ад моцнага дзіцячага рогату. Ён паспрабаваў вызваліцца з утворанага вучнямі жывога кола, але ў яго нічога не атрымалася. Нехта з натоўпу абразліва выціснуў: «Фу!.. Ананіст!..» Цяпер яго зневажаў увесь клас.
— Ладна, хопіць. Фініта ля камедыя! — спыніў нечакана дзіцячы смех Буся. Абвёў прысутных пагрозлівым позіркам і загадаў: — Псік адсюль! Усе!.. Я каму сказаў!
Зборышча імгненна пачало распаўзацца.
— Ну дык што, едзеш са мной?.. — спытаў Буся, як ні ў чым не бывала. Яго голас цяпер гучаў па-іншаму, не быў такім рэзкім і ваяўнічым, як хвіліну таму, і выклікаў нават нейкі давер.
— Куды? — спытаў ён, не хаваючы сваёй крыўды.
— Блін!.. Чуча! He будзь ты такой размазнёй!.. — абразліва зморшчыўся Буся. — Глядзі, вусначкі ён надзьмуў, пакрыўдзіўся. Ты што, краля?! Апошні раз паўтараю, цяпер ужо для дэбілаў: едзеш?
Аслухацца Бусю ён не мог, ведаў, чым гэта ўсё скончыцца. Але і ехаць з Бусем таксама яму не хацелася. Ён павагаўся. Паўтараць двойчы Буся не стане. I ён гэта ведаў, як ніхто іншы. He той Буся чалавек, каб доўга ўгаворваць.
— От жа сцыкло! Здрэйфіў? — не хаваючы свайго абурэння, цынічна сплюнуў праз зубы Буся. — Што ж, не дурань, зразумеў... Бывай здароў, мастурбатар!..
— Я еду... — заспяшаўся ён.
Буся акінуў яго недаверлівым позіркам і прамаўчаў. Але гэтае яго маўчанне было нашмат красамоўнейшым за любыя яго словы. Усё пачынаецца з дробязей.
А потым пераходзіць у звычку. Яму захацелася плакаць. Проста. Ад жалю.
Праз некалькі хвілін яны трэсліся ў бітком набітай «шасцёрцы». Куды?.. Ведаў пра гэта хіба толькі адзін Бог. А яшчэ Буся. Апошні і быў для яго ў гэты момант Богам. Бо калі гаварыць пра сяброў, якіх у яго ніколі не было, але якіх ён марыў мець, то лепшага сябра, чым Буся, ён і ўявіць сабе не мог. Менавіта на яго сілу, менавіта на яго нахабства ён і разлічваў. «Чым ярчэй святло, — сцвярджала мама, — тым гусцей цені!» Гэтую ісціну ён засвоіў на ўсё жыццё. Яму не хацелася быць размазнёй. Ён сніў і бачыў сябе гэтакім жа аўтарытэтным, незалежным і дужым, як Буся. Ён марыў займацца чым уздумаецца, рабіць усё, што ўзбрыдзе ў галаву, не азіраючыся. Але, каб быць такім, неабходна было мець сілу, нахабства і неаспрэчны аўтарытэт сярод аднакласнікаў. Адным словам, тое, чаго ў яго ніколі не было. Для яго ўжо адзін толькі той факт, што Буся паклікаў з сабой, гаварыў шмат аб чым. Яму было пляваць, куды яны едуць. Перад яго вачыма несліся зайздрослівыя позіркі аднакласнікаў, гэтых нікчэмных задавак, якія яшчэ хвіліну таму лезлі да яго з абразамі, і ён адчуваў, як яны яму зайздросцяць. Усё астатняе пакрыху аддалялася, як нешта непатрэбнае і не вартае yeari. «Сябраваць абы з кім Буся не стане», — суцяшаў ён сябе, скоса пазіраючы па баках...
Аўтобус завярнуў за рог прадуктовай крамы і выруліў на шырокую прывакзальную плошчу. Павольна прадэфіліраваў уздоўж аднолькавых прывакзальных будынкаў і спыніўся ля газетнага шапіка.
— Прыгарадны вакзал. Канцавы прыпынак, — прахрыпеў прастуджаным голасам дынамік.
Дзверы адчыніліся, і натоўп ламануўся да выхаду. Сталая кабета з дзвюма гаспадарчымі сумкамі завошкалася на хвілінку ў праходзе, замінаючы астатнім
пасажырам. Буся спрытна праслізнуў між яе сумак і выскачыў на вуліцу. Ён кінуўся за ім следам, але зачапіўся нагой за жалезны выступ і ледзь не расцягнуўся на брудным асфальце. Нейкі вусаты тып з перакошаным хударлявым тварам спрытна падхапіў яго амаль з падлогі і падштурхнуў да дзвярэй. Праз хвіліну ён быў ужо на волі. На яго недаўменны позірк Буся моўчкі кіўнуў галавой у напрамку нейкіх сумнеўных забудоў на даляглядзе, і яны моўчкі рушылі да іх праз шырокую прывакзальную плошчу. За шапікамі абмінулі купку дэманстрантаў. Голас аратара зліваўся з гукамі машын, і разабраць, што ён выкрыквае, было немагчыма. «ХАЙ ЖЫВЕ КПСС НА ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ АЭС!» — прачытаў ён на адным з плакатаў, што луналі над галовамі невялічкага натоўпу, і сцішыў хаду.
— Так жыць далей нельга! — данеслася да яго. — Калі я гавару: «камуністы», вы павінны разумець, што размова ідзе пра катаў і турэмшчыкаў, пра сэксотаў і гэбістаў, — выкрыкнуў малады мужчына. — Гэта яны гнаілі ў лагерах сумленне нашай нацыі...
— Дзермакраты херавы! — абразліва, з разуменнем справы, выцадзіў з сябе Буся і штурхнуў яго пад бок. — Пайшлі... Сукі! Пры чым тут камуністы?..
У школе пляткарылі, быццам бы яго бацька займае высокую пасаду ў аблвыканкаме. Ніхто насамрэч не ведаў якую, але гэта было і не так важна. Відаць, з гэтай прычыны шмат што сходзіла яму з рук. Аднойчы, калі класная абазвала яго цяпам за тое, што ён ледзь не скінуў са стала акварыум у кабінеце біялогіі, Буся адкрыта пры ўсім класе абразліва кінуў ёй: «Вось раскажу бацьку — і вас, Галіна Паўлаўна, заўтра з працы звольняць». «Таму ты, верагодна, і адстойваеш інтарэсы камуністаў, што бацька твой камуніст, — падумалася яму. — Нарадзіўся б ты ў іншай сям’і — былі б і песні твае іншымі...» Напрыклад, мамін брат іншых
поглядаў. Ён лічыць, што калі б «шараговыя» камуністы, за якіх заступаецца Буся, выйшлі адначасова ўсе з партыі, то з яе б адразу ж асыпаўся і ўвесь той ілжывы партыйны грым. Яму захацелася нават агучыць гэтую думку, каб яе пачуў Буся, але ён стрымаў сябе, пабаяўся.
Яны перасеклі па дыяганалі плошчу і рушылі ўздоўж чыгункі. У аддаленні віднеліся некалькі жылых забудоў, хутчэй за ўсё гэта былі службовыя памяшканні. Да іх яны крыху не дайшлі, за рампай сцяжынка крута павярнула ўбок, да невялічкага хмызняку. Яны моўчкі прайшлі па ёй некалькі метраў і наткнуліся на звычайную, збітую з дошак прыбіральню.
— Вось мы і прыйшлі, — задаволена ўсміхнуўся Буся.
— Куды?.. — разгублена спытаў ён.
Неяк напрыканцы мінулага года Буся доўга хварэў і не хадзіў у школу. Дакладную гісторыю яго хваробы ніхто з вучняў не ведаў. Магчыма, усё так і засталося б на ўзроўні здагадак, калі б не Вадзік. Ён, як высветлілася, быў з ім у адной кампаніі, а што ведаюць двое, ведаюць з цягам часу ўсе. Менавіта Вадзік разнёс па школе плётку, як яны з Бусем падглядвалі ў гарадской лазні за голымі жанчынамі. Вадзікаў бацька працаваў у лазні электрыкам, і Буся, карыстаючыся момантам, навучыў Вадзіка праскрэбці цвіком некалькі драпін на зафарбаваных шыбінах, і калі сцямнела, яны ўдвух палезлі на старую таполю, галлё якой упіралася ў шыбіны лазні. Адна з галін не вытрымала іх цяжару і абламалася.
— Цягнік прыбывае праз некалькі хвілін, — адарваў яго ад успамінаў Буся. — Праверана, усе яны папруцца спачатку сюды. Глядзі не прамаргай...
Ён не дагаварыў. Усміхнуўся і па-змоўніцку падміргнуў. У паветры павісла маўчанне. Ніколі не ведаеш, што гаварыць у такіх выпадках.
— Гэта табе не Моніка Велюр, — зноў падміргнуў яму Буся.
— I што мне рабіць? — спытаў ён няўпэўнена.
— Дурань, ты што, насамрэч не ведаеш ці прыкідваешся?.. Арыентуйся сам, на месцы. Галоўнае, не выдай сябе.
Ён выцягнуў з пачка некалькі запалак і адламаў у адной з іх кончык.
— Выцягваеш кароткую — ідзеш першым. He — іду я, — сказаў ён і схаваў рукі за спіну. Праз хвіліну выцягнуў іх зноў: — Давай, цягні.
Выпала кароткая.
— Пашанцавала, — пашкадаваў Буся. — Першаму шанцуе больш. Лады, чакаю цябе за рампай. Глядзі, толькі доўга не баўся там.
Што было далей, ён ужо памятае цьмяна. Hi за кім ён, вядома, падглядваць не збіраўся. Што ён, маленькі — жанчын голых ніколі не бачыў? Ён разумеў, што ўсё, да чаго штурхае яго Буся, ганебна і абразліва з самага пачатку, што рабіць ён гэтага не павінен. Але адмаўляцца было таксама позна ўжо. I ён пайшоў...
Усё, што з ім потым здарылася, адбылося імгненна і было настолькі абразлівым і зневажальным, што яму ад адчаю захацелася памерці. Болю ён не адчуваў. Заціскаючы даланёю параненае вока, ён нёсся некуды ў бок рампы. Праз хвіліну ён перасек чыгунку і завярнуў за службовае памяшканне. Спыніўся і перавёў дыханне. Адняў ад вока руку. Пальцы былі ў крыві. Твар палаў агнём. Ён зноў прыкрыў вока той жа даланёй і ад безвыходнасці лёг на траву. Cappa трывожна калацілася. У галаву лезлі розныя думкі. Яму здавалася, што ён памірае. Праз хвіліну прыбег Буся. Ён цяжка соп.
— Што здарылася? — усхвалявана спытаў ён.
— Вока, — вымавіў ён коратка.
— Што — вока?
— Яна пакалечыла мне вока! — залямантаваў ён.
— Ты чаго лямантуеш, дэбіл? Блін, ну ты і Чуча!.. — замітусіўся ад безвыходнасці Буся. — Хто цябе прасіў падстаўляцца? Хто? Што мне цяпер з табой рабіць, га?
— Пайшоў ты! — выціснуў ён праз вусны.
Буся вырваў з яго рук аловак і зламаў са злосці папалам.
— Аддай аловак, — загадаў ён рашуча. Падхапіўся з зямлі і кінуўся да Бусі з кулакамі. — Аддай аловак!