Гульні з нулявымі сумамі
Алесь Паплаўскі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2020
— Думаю, што сваім цынізмам, сваёй пагардай да ўсяго і ўсіх, акрамя сябе, безумоўна, Жульен нечым падобны да драйзераўскага Клайда Грыфітса, — выкрыкнуў нехта з аўдыторыі, выхваляючыся сваёй эрудыцыяй. Выкладчык павярнуўся ў бок, адкуль прагучаў голас. 3-за стала падняўся малады чалавек.
— Віктар, — назваў ён сябе.
— I?.. — зірнуў на яго выкладчык.
— I адзін, і другі скончылі сваё жыццё ў турме.
— He разумею, чым людзям не дагадзіў Жульен Сарэль?
— Ён любіў толькі самога сябе. Самым страшным для яго было паказацца слабым ці то перад ворагам, ці то ў каханні, — рэзка парыраваў малады чалавек.
— О, у нас дасведчаная аўдыторыя! I гэта выдатна, — сказаў Мікалай Мікалаевіч. — Мне прыемна размаўляць з вамі, маладыя людзі. Але як жа тады «Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе?» Хіба гэта так кепска, што чалавек любіць самога сябе?
Аўдыторыя маўчала.
— А скажыце мне тады, шаноўныя мае, а тут большая палова аўдыторыі — жаночая, за што яго тады кахалі жанчыны? Помніце разважанні Мацільды? «Ён варты быць маім гаспадаром, бо ён здольны быў забіць мяне». Як вы ставіцеся да такой думкі? Ці даспадобы вам такія разважанні?
— Любяць не за нешта, любяць проста таму, што любяць, — паспяшалася адказаць Марына.
— Эх, спадарыня вы мая! Раман — як люстэрка, з якім ідзеш па вялікай дарозе. To яно адлюстроўвае блакіт небасхілу, то брудныя лужыны і выбоіны. Ідзе чалавек, узваліўшы на сябе ўсё гэта, а вы яго вінаваціце ў амаральнасці! Вы вінаваціце люстэрка. Вінавацьце хутчэй ужо вялікую дарогу з яе лужынамі. А лепш — дарожнага наглядчыка, які дазваляе, каб на дарозе стаялі лужыны і запасаўся бруд. Як вы лічыце, Марына, гэты чалавек усведамляў сабе, што ён робіць, чым рызыкуе? Маю на ўвазе Жульена.
— Жульен — так, Мацільда — не.
Павісла працяглая паўза.
— А мне здаецца, што і Жульен, і Мацільда нічога падобнага не ўсведамлялі, — парушыў маўчанне выкладчык. — Розум палахлівы па сваёй сутнасці, ён замінае людзям быць шчаслівымі, ён змушае нас сумнявацца. I страта ўсяго таго, што мы маем, што некалі мелі — не ёсць няшчасце. Праўда, да гэтага дадумаліся пазней... I дадумаўся да гэтага Сартр... Але далёка да яго пра гэта думаў і Стэндаль. Жульен як герой таго часу... — Мікалай Мікалаевіч памаўчаў хвілінку і паправіўся: — Як герой нашага часу, ёсць таму яскравы прыклад. Чалавек сам адказны за свае ўчынкі. Па вялікім рахунку, важна не тое, да чаго ты імкнешся, а тое, што ты ўяўляеш з сябе на самой справе. Нам неабходна высветліць і яшчэ адну дэталь: у чым падабенства гэтых двух герояў: музілеўскага Ульрыха і стэндалеўскага Жульена? — звярнуўся ён з пытаннем да аўдыторыі. — Ну, хто дапаможа нам у гэтым разабрацца? Можа, вы, Сяргей?
— У тым, што абодва яны — людзі без уласцівасцей, — знайшоўся ён. Мікалай Мікалаевіч скептычна ўсміхнуўся.
Празвінеў званок.
— Аб’яўляецца перапынак, — абвесціў выкладчык. — Усе свабодныя.
Аўдыторыя з палёгкай уздыхнула. Некаторыя пачалі прыбіраць са сталоў свае сшыткі, некаторыя заспяшаліся да дзвярэй. Ён таксама падхапіўся з месца, кінуўся да выхаду.
— А вас, малады чалавек, я папрашу на хвілінку затрымацца, — нечакана спыніў яго ля дзвярэй Хініч. — Усяго на хвілінку.
— Слухаю вас.
— Вы схлусілі мне, малады чалавек. Навошта? — спытаў ён, не хаваючы сваёй іроніі. — Ніякага Музіля вы не чыталі. Ці я памыляюся?..
— Чаму вы так вырашылі? — здзівіўся ён.
— На гэтае пытанне я паспрабую даць адказ вам крыху пазней, — сказаў ён і накіраваўся да дзвярэй. Праз некалькі крокаў азірнуўся і дадаў:
— Дарэчы, вам гэтыя акуляры не да твару. Чаму вы іх не знімеце? Вы блізарукі?
— Гэта вас не тычыцца, — рэзка сказаў ён.
Выкладчык спахмурнеў.
— О! А вы, Сяргей, не такі ўжо і ціхоня. А я падумаў спачатку... Хаця ўсё правільна, без канфліктаў няма развіцця... Да пабачэння.
— Да пабачэння.
Буся чакаў яго на калідоры.
— Што хацеў ад цябе гэты Хініч?
— Нічога, — буркнуў ён незадаволена.
— Iўсё ж?
— Хацеў памерацца членамі...
13
Мама сцвярджае, што я ніколі не стану дарослай. Я не веру ёй. Нават калі гэта так — тое не прычына, каб мяне ненавідзець. Насамрэч яна добрая, я ведаю. Яна нават пацалавала мяне аднойчы. Тыдзень таму. Здарылася так, што я па сваёй няспрытнасці ледзь не папала пад машыну. Адбылося ўсё незнарок, нечакана. Мне запомніўся толькі шкляны бляск вуліцы — накропваў дождж — і скрыгат жалеза. Яшчэ я пачула нечыя галасы. Як праз сон, у аддаленні. I я патанула ў цемры, цягучай і смуроднай, як у скляпенні. Туды, куды мяне аднойчы завалок Ляля. Насуперак майму жаданню. Ачомаўшыся, адразу ж успомніла пра Цябе, Ляля. Ты такі ўразлівы, ты такі датклівы, такі непадрыхтаваны да жыцця, што мне захацелася пашкадаваць Цябе. Мама глядзела на мяне і плакала. Нічога трагічнага са мной насамрэч не здарылася. Я проста злякалася. I, калі б не яе пацалунак, я б падумала, што гэты плач яе — плач па сабе. Мама занадта добрая, каб любіць некага іншага. Ну вось, зноў я за сваё! He звяртайце ўвагі! Проста, калі чалавеку добра, хочацца, каб было яшчэ лепш. Я глядзела на яе рукі. I рукі ў базіліцы жыл крануліся маіх. Белых і нежывых. I я падумала, што я іншая, не такая, як яна. Што гэта сустрэча насамрэч сустрэча двух нямых.
— Ты чакала мяне?.. Скажы, ты чакала мяне? — дапытвалася яна.
— Я чакала таго, хто ніколі да мяне не прыйдзе, — сказала я ёй тады.
14
Ён паспяхова здаў першую сесію і некалькі дзён ужо лайдачыў. Канікулы толькі пачаліся, і наперадзе была процьма вольнага часу. Буся яму не надакучаў. Калі верыць плёткам, то ён тыдзень ужо як з’ехаў з бацькамі на нейкі паўднёвы курорт. Мама таксама наведвала яго апошнім часам вельмі рэдка. Прызналася неяк, што цяжарная і што дактары раяць ёй зрабіць аборт, папярэджваюць, што роды ў яе ўзросце будуць цяжкімі, што ўсё ў рэшце рэшт можа скончыцца непрадказальна як для яе, так і для немаўляці. Ад аборту яна адмаўляецца, вырашыла, будзь што будзе. Яна часта ляжала ў бальніцы, пад наглядам дактароў. Унутрана ён быў незадаволены тым, што мама надумала завесці дзіця, але адкрыта сваю незадаволенасць ёй не выказваў.
Аднойчы ён атрымаў ліст ад сваёй незнаёмкі з наступным зместам: «Сяргей, мне вельмі хацелася б убачыць цябе. Прыходзь, калі ласка, у гандлёвы цэнтр, у нядзелю, каля дванаццаці. Ад цябе нічога не патрабуецца. Гуляй сабе па зале. Можаш выпіць кубачак кавы ў кавярні. Шукаць мяне не трэба. Я сама цябе знайду. Калі хопіць рашучасці, падыду. Калі не — прабач! Верагодна, яшчэ не час нам спавядацца. Прыйдзі, калі ласка. Я вельмі цябе прашу. Н.»
I ён пайшоў, купіўшыся на яе просьбы. Швэндаўся гадзіну, а мо і больш, па ўсіх аддзелах. Узіраўся ў твары мінакоў. Сядзеў у бары. Піў каву. Але ніхто да яго
так і не падышоў, ніхто не паклікаў. Кожны з пакупнікоў быў заняты сабой, адным словам, ні літасці, ні спагады. Ён падняўся на эскалатары на трэці паверх — тое ж самае, тыя ж аднолькавыя заклапочаныя твары і ніякай цікавасці да яго асобы. «Гэта здзек! — вырашыў ён нечакана. — Гэта самы натуральны здзек. Чуеш, ты!..» I без таго кепскі настрой сапсаваўся цалкам. Нехта зачапіў выпадкова яго плячом, калі ён спускаўся на першы паверх, і папрасіў прабачэння. Ён не адрэагаваў. Нейкая маладая жанчына з маленькім хлопчыкам на руках пацікавілася ў яго, як прайсці да абменнага пункту валют. Ён нечакана для сябе раздражніўся і нахаміў ёй. Жанчына зірнула на яго недаўменна і, паціснуўшы плячыма, моўчкі абышла яго бокам.
— Хто ты? Дзе ты? Пакажыся! — залямантаваў ён, не стрымаўшы сябе. Эмоцыі перапаўнялі яго. — Я прашу цябе, чуеш, ты, пакажыся! 3 якой мэтай ты сочыш за мной, чаго прычапілася да мяне? Табе мала таго, што ты зрабіла са мной? На, паглядзі, палюбуйся... Шлюха!..
Прахожыя здзіўлена азіраліся і абыходзілі яго бокам. Ён не звяртаў увагі. Сарваў з сябе акуляры.
— Ну што, падабаюся я табе такі? — крыкнуў ён некуды ў пустату. — Скажы, падабаюся?..
Ад безвыходнасці ён заплакаў. Нехта паспрабаваў яго супакоіць і вывесці з залы на вуліцу. Ён вырваўся і кінуўся да выхаду.
— Адстаньце!.. Пакіньце мяне ўсе ў спакоі!..
— Сяргей, што здарылася?
Нехта моцна сціснуў яго за плячо.
— Я да вас звяртаюся, малады чалавек.
Ён узняў вочы. Твар Хініча свяціўся перабольшана ветлівай усмешкай:
— Калі мне нясцерпна кепска, калі мне не хочацца жыць, я іду ў цір і страляю. Гэты занятак здымае стрэс. Раю... Калі жадаеш, пайшлі са мной...
Яны моўчкі выбраліся з памяшкання. Абмінулі гарадскую ратушу і выйшлі на пешаходную вуліцу.
— Ну а цяпер расказвай, — зірнуў на яго патрабавальна Хініч. — Усё і па парадку...
I ён расказаў гэтаму чалавеку ўсё. Амаль усё. Як роднаму бацьку, якога ніколі не бачыў у сваім жыцці. Нешта даверлівае згледзеў ён у гэтых незнаёмых, чужых вачах. Тое, чаго так і не здолеў спазнаць у маміных. Хініч у сваю чаргу расказаў яму пра сябе.
— Розныя людзі трапляліся мне на жыццёвым шляху. Былі і такія, якія адкрыта, не хаваючы сапраўдных мэт, спрабавалі «ламаць» мяне праз калена. He заўжды разумеў я іх. Злаваўся. Уражвала настырнасць гэтых людзей, уражвалі фантазіі, з дапамогай якіх яны імкнуліся дасягнуць сваіх мэт. Чаго толькі не прыпісвалі мне яны падчас сваіх «выхаваўчых лекцый»: і невуцтва, і несумленнасць, і ганарлівасць. А калі гэта ўсё не спрацоўвала, тады яны пачыналі мяне ігнараваць. Стваралі невыносныя ўмовы, і я сам, па ўласным жаданні, сыходзіў ад іх. Што мне яшчэ заставалася? Звальняўся з працы, разбураў наладжаныя сяброўскія сувязі. Вось толькі ці былі яны сяброўскімі, гэтыя сувязі, гэта яшчэ пытанне. Пакрыху абрастаў міфамі. Іншыя ківалі ў мой бок, паказвалі на мяне пальцамі: «Гэта не мы, гэта ён ва ўсім вінаваты... Ганарлівы...» Астатняе, як гаворыцца, было справай тэхнікі. Распаўсюджваліся плёткі, розныя чуткі, ствараўся вобраз маёй нікчэмнасці. Я глядзеў недаўменна на гэтых дзіўных людзей і не мог зразумець: дзеля чаго яны трацяць на мяне столькі сваёй энергіі, столькі часу, калі ў іх саміх процьма праблем? Ім бы са~ мы час заняцца выхаваннем сваіх распусных дзяцей, паклапаціцца пра сябе. He, ім патрэбны быў я...
Ён замаўчаў, палез у кішэню па цыгарэты. Закурыў.
— Насамрэч іх сапраўдныя мэты былі да прымітыўнасці простыя. Людзям было няважна, прымаеш