Гульня шкляных перлаў
Спроба жыццёпісу Магістра Гульні Езэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў
Герман Гесэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 476с.
Мінск 1991
Стары па-сяброўску супакоіў яго:
— Маёй адзінай мэтай было памагчы нам абодвум выйсці з цяжкага становішча. Чысціня вашых намераў не патрабуе доказаў. Калі я апярэдзіў вас і не зрабіў нічога такога, што не было б пажаданым для вас, дык, значыцца, усё ў парадку.
Пра характар дадзенага Кнэхту даручэння, якое цяпер ужо было выкрыта, айцец Якаў сказаў:
— Вашы кастальскія паны хоць і не занадта геніяльныя, але даволі-такі прыстойныя дыпламаты, і прытым удача на іх баку. Пра ваша даручэнне я павінен без спеху падумаць, і мой выбар будзе часткова залежаць ад таго, у якой меры вам удасца ўвесці мяне ў свет кастальскіх устанаўленняў і ідэй, ды яшчэ і зрабіць іх прымальнымі мне. Спяшацца мы не будзем.
Бачачы, што Кнэхт яшчэ не зусім апамятаўся, ён з рэзкім кпілам дадаў:
— Калі хочаце, можаце ўбачыць у маіх паводзінах і своеасаблівы ўрок. Мы з вамі два дыпламаты, і кожная сустрэча такіх людзей ёсць барацьба, хай сабе і ў якіх хочаце сяброўска-прыязных формах. I ў гэтай нашай барацьбе я часам быў слабейшы, ініцыятыва ўцякала з маіх рук, вы ведалі болей, чым я. Цяпер становішча выраўнялася. Мой шахматны ход быў удалы, a значыцца, правільны.
Калі Кнэхту здавалася важным і каштоўным заваяваць айца Якава для мэт кастальскай Калегіі, дык усёж істотна важнейшым было магчыма больш навучыцца ў патэра і, са свайго боку, стаць гэтаму вучонаму і ўплывоваму чалавеку ўмелым правадніком у кастальскі свет. Кнэхт быў у многіх адносінах прадметам зайздрасці многім сваім сябрам і вучням, як заўсёды разумныя людзі выклікаюць зайздрасць не толькі сваёй унутранай веліччу, але і сваёй уяўнай удачлівасцю, сваім, на першы погляд, шчаслівым лёсам. Мсншы бачыць у большым тое, што ён здольны бачыць, а ўжо Кнэхтава дарога да вяршынь кожнаму назіральніку на самай справе здаецца незвычайна бліскучай, імклівай і як быццам бесперашкоднай; пра той час у яго жыцці так і хочацца сказаць: праўда, шчасце ўсміхалася яму! He будзем спрабавань вытлумачыць гэтае «шчасцс» ў аспекце рацыі і маралі, як каўзальны вынік вонкавых акалічнасцяў або як нейкую ўзнагароду за адмысловыя дабрачыннасці. Шчасце не мае нічога агульнага ні з розумам, ні з этыкай, яно ў самой сутнасці сваёй — нешта магічнае, яно належыць архаічным, юнацкім ступеням чалавецтва. Наіўны шчаснж, адораны феямі, пястун багоў — не прадмет рацыянальнага разгляду, у тым ліку і біяграфічнага, ён — свайго роду сімвал і знаходзіцца за межамі асабістага і гістарычнага. I ўсё ж сустракаюцца выбітныя людзі, з жыцця якіх ніяк не выкрасліш «шчасця», хай усё яно толькі ў тым, што яны і пасільная ім задача сустракаюцца гістарычна і біяграфічна, што яны нарадзіліся не надта рана і не надта позна; менавіта да такіх, бадай што. і трэба залічыць Езэфа Кнэхта. Жыццё яго, ва ўсякім разе, на пэўным адрэзку, робіць уражанне, быццам усё ім жаданае сышло на яго як манна нябесная. He будзем адмаўляць і замоўчваць гэты аспект, хоць мы маглі б рацыянальна растлума-
чыць яго толькі праз такі біяграфічны метад, які чужы нам і наогул непажаданы і недазволены ў Касталіі, гэта значыцца, дазваляючы сабе бясконцыя экскурсы пра самае-ісамае асабістае і прыватнае — пра здароўе і немачы, пра хістанні і хвалі ў жыццёвым адчуванні і самаўсталяванні. Мы перакананыя, што такі, непамысны нам від біяграфіі прывёў бы нас да таго, што мы ўгледзслі б поўную раўнавагу паміж шчасцем і пакутамі Езэфа Кнэхта і ўсё-такі сказілі б ягоны воблік і ягонае жыццё.
Даволі адхіленняў. Мы гаварылі пра тое, што Кнэхт паслужыўся прадметам зайздрасці многім, хто ведаў яго альбо хто толькі чуў пра яго. Аднак, бадай, нішто ў яго жыцці не выклікала ў людзей меншага маштабу такой зайздрасці, як яго адносіны з старым бенедыктынскім вучоным, дзе ён быў адначасова і вучнем і настаўнікам, дзе ён і браў і даваў, заваёўваў і заваёўваўся, дзе шчасліва спалучаліся дружба і інтымная працоўная садружнасць. Ды і самога Кнэхта ніводнас ягонае заваяванне з часоў Старэйшага Брата ў Бамбукавым гаі не напаўняла большым шчасцем, ніводнае не нараджала такога адчування вылучанасці і, замест сораму, узнагароды і закліку да новых спраў. Бадай, ці не ўсе яго бл:зкія вучні засведчылі, з якой радасцю, як часта і ахвотна ён расказваў пазней пра айца Якава. У яго Кнэхт навучыўся таму, чаму ў тагачаснай Касталіі наўрад ці мог бы. ён набыў не толькі пэўнае ўяўленне пра метады і сродкі гістарычнага пазнання і даследавання і першы свой вопыт ва ўжыванні іх, але і намнога большае: ён зразумеў і перажыў гісторыю не як галіну ведаў, а як рэальнасць, як жыццё, што з неабходнасцю пацягнула за сабою ператварэнне і яго асабістага жыцця ў субстанцыю гісторыі. У звычайнага вучонага ён гэтаму нс навучыўся б. Айцец Якаў, у дадатак да сваёй саліднай вучонасці, быў не толькі мудры сузіральнік; ён выкарыстоўваў месца, на якое яго паставіў лёс, не на тое, каб цешыцца ўтульнасцю сузіральніцкага існавання, але адчыніў сваю вучоную келлю ўсім вятрам свету і расхінуў сваё сэрца нягодам і спадзяванням сваёй эпохі, ён сам быў удзельнікам падзей свайго часу, ён нёс сваю долю віны і адказнасці за іх; ён не толькі працаваў над аглядам, упарадкаваннем, асэнсаваннем даўно мінулага і меў справу не толькі з ідэямі, але і адольваў наравістае супраціўленне матэрыі і лю-
дзей. Айца Якава разам з яго паплечнікам і супернікам, нядаўна памерлым езуітам, не без прычыны лічылі тымі, хто заклаў асновы дыпламатычнай і маральнай моцы, высокага палітычнага аўтарытэту, якія зноў набыла пасля перыяду бяздзейнасці і вялікай нэндзы Рымская царква.
Калі ў гутарках настаўніка з вучнем мала калі заходзіла гаворка пра палітычную сучаснасць ■— гэтаму перашкаджалі не толькі ўменне айца Якава маўчаць і стрымлівацца ад заўваг, але не ў меншай меры страх маладзейшага субяседніка ўцягнуцца ў сферу дыпламатыі і палітыкі, — дык усё ж такі палітычная вага і дзейнасць бенедыктынца настолькі адбівалася наягоных экскурсах у сусветную гісторыю, што кожная яго думка, кожны погляд, які пранізваў перапляценне сусветных сіл, выдаваў практычнага палітыка, аднак не славалюбнага інтрыгана ад палітыкі, не дзяржаўніка і правадыра, гэтаксама і нс ўладалюбца, а дарадцу і прыміральніка, дзяржаўнага чалавека, чыя актыўнасць і імкненне наперад змякчаліся мудрасцю і глыбокім пранікненнем у недасканаласць і скамплікаванасць чалавечай прыроды, якому яго вялікая слава, яго вопытнасць, яго веданне людзей і абставін і, не ў апошнюю чаргу, яго бескарыслівасць і асабістая бездакорнасць давалі не абы-якую ўладу. Пра гэта ўсё Кнэхт, прыехаўшы ўпершыню ў Марыяфельс, не меў ніякага ўяўлення, ён не ведаў нават імя святога айца. Большасць кастальцаў жылі ў такой палітычнай нявіннасці і слепаце, як, бадай што, некаторыя прадстаўнікі вучонага саслоўя ранейшых эпох; актыўных палітычных правоў і абавязкаў яны не мелі, газеты рэдка хто чытаў, і калі такая была пазіцыя і такія звычкі ў сярэдняга кастальца, дык яшчэ большы страх перад актуальнасцю, палітыкай, газетай адчувалі адэпты Гульні, якія любілі глядзець на сябе як на сапраўдную эліту, вяршкі Педагагічнай правінцыі, якія вельмі ўжо дбалі пра тое, каб навакольная надта разрэджаная і празрыстая атмасфера інтэлектуальна-артыстычнага існавання нікім не была запамрочана. Бо пры сваім першым з’яўленні ў кляштары Кнэхт не меў дыпламатычнага даручэння, ён прыехаў туды як настаўнік Гульні і не меў іншых палітычных звестак, апрача тых, што паведаміў яму пан Дзюбуа за два-тры тыдні да ад’езду з Вальдцэля. У параўнанні з тым часам ён ведаў цяпер куды больш, аднак ні ў якай меры
не змяніў непрыязнасці вальдцэльца да заняткаў палітыкай. I хоць у гэтых адносінах ён шмат чаго пачэрпнуў з таварышавання з айцом Якавам, але не таму, што адчуваў якую-небудзь патрэбу (як гэта было з гісторыяй, да якой ён быў проста прагны), не, гэта здарылася само па сабе, непрыкметна і непазбежна.
Каб папоўніць свой арсенал і паспяхова рашыць пачэсную задачу, чытаючы святому айцу лекцыі de rebus Castaliensibus \ Кнэхт прыхапіў з Вальдцэля кнігі пра лад і гісторыю Педагагічнай правінцыі, пра сістэму школ эліты і пра станаўленне Гульні шкляных перлаў. Некаторыя з гэтых кніг добра паслужыліся яму дваццаць гадоў таму назад у спрэчках з Плініё Дэсіньёры (з тато чз'су ён іх у рукі «е браў); іншыя, у той час яму недаступныя, бо былі прызначаныя афіцыйным асобам Касталіі, ён і сам прачытаў толькі цяпер. Вось і выйшла, што ў той самы час, як абсяг ведаў і інтарэсаў яго так пашырыўся, ён быў вымушаны перагледзець і свой духоўны і гістарычны багаж, бо меў патрэбу ва ўсведамленні і ўмацаванні яго. Стараючыся як мага ясней і прасцей падаць айцу Якаву самую сутнасць Ордэна і ўсёй кастальскай сістэмы, ён, як гэтага і трэба было чакаць, неўзабаве выявіў слабы бок сваёй уласнай, a таму і ўсёй кастальскай адукацыі; высветлілася, што ўяўленне пра гістарычнае становішча, якое ў свой час стварыла падставы для ўзнікнення Ордэна і ўсяго, што за гэтым настала, нават больш, якое зрабіла гэтае ўзнікненне неабходным, было даволі бледным і схематычным і пакідала шмат прарэх і прагалаў у сэнсе нагляднасці і стройнасці. Айца Якава можна было назваць кім хочаце, толькі не пасіўным вучнем, што і прывяло да даволі плённых калегіяльных заняткаў, да жывой гутарковасці: у той час як Езэф выкладаў святому айцу гісторыю кастальскага Ордэна, стары вучоны ў пэўным сэнсе дапамагаў яму самому ўпершыню ўбачыць і перажыць гэту гісторыю ў правільным асвятленні, прасочваючы яе карані ў агульнай гісторыі свету і дзяржаў. Ніжэй мы пераканаемся ў тым, як гэты інтэнсіўны, а часам дзякуючы тэмпераменту святога айца абернуты ў бурлівыя спрэчкі абмен думкамі рабіў уплыў на Кнэхта і праз многа гадоў, аж да яго авошніх дзён.
! пра справы кастальскія (лац.).
3 другога боку, далейшыя паводзіны айца Якава сведчаць пра тое, як уважліва ён слухаў Кнэхтавы лекцыі і ў якой меры ён сам, у выніку гэтых супольных заняткаў, пазнаваў, а потым і прызнаў Касталію. Гэтым двум людзям мы абавязаныя згодай паміж Рымам і Касталіяй, якая захавалася да сённяшняга дня, яна пачалася з дабрамыснага нейтралітэту і абмену ад выпадку да выпадку вынікамі навуковых даследаванняў, а часам даходзіла да супрацоўніцтва і саюзу. Урэшце айцсц Якаў пажадаў — а спачатку ж ён з усмешкай адмовіўся 'быў ад гэтага, — каб яго пазнаёмілі з тэорыяй Гульні; мабыць, ён адчуў, што менавіта ў гульні схавана таямніца Ордэна, так сказаць, вера яго і рэлігія, і калі ўжо ён наважыўся пранікнуць у гэты, датуль толькі па чутках знаёмы яму і мала прывабны свет, ён з усёй уласцівай яму энергіяй і хітрасцю рушыў у самы яго цэнтр, і калі так і не зрабіўся майстрам Гульні — на гэта ён быў занадта стары, — дык гсній Гульні і Ордэна наўрад ці набываў дзе-нсбудзь па-за Касталіяй больш сур’ёзнага і каштоўнага сябра, чым вялікі бенедыктынец.