• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гульня шкляных перлаў Спроба жыццёпісу Магістра Гульні Езэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў Герман Гесэ

    Гульня шкляных перлаў

    Спроба жыццёпісу Магістра Гульні Езэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў
    Герман Гесэ

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 476с.
    Мінск 1991
    151.07 МБ
    Дэсіньёры ўсміхнуўся вымушанай усмешкай.
    — Які ты праніклівы, domine. Даўно, кажаш? Ужо шмат, шмат гадоў я не карыстаюся чарамі медытацыі. Але які ж ты стаў клапатлівы! Апошні раз, калі я быў у Вальдцэлі на вакацыйных курсах і прыняў ад вас столькі ветлівасці і пагарды, калі вы так пыхліва адхілілі мае сяброўскія пачуцці, я вярнуўся дамоў з цвёрдым намерам раз і назаўсёды вытруціць з сябе ўсё кастальскае. 3 таго часу я адмовіўся ад Гульні, ад медытацыі, нават музыка надоўга мне спрыкрала. Замест гэтага я знайшоў сабе новых таварышаў, якія выклалі мне поўны курс свецкіх асалод. Мы пілі і юрылі, мы выпрабавалі ўсе даступныя спосабы самааЧіМурэння, мы аплёўвалі і асмейвалі ўсё прыстойнае, дабраяўнае, усё, што мела дачыненне да ідэалаў. Такая апантанасць была, вядома, нядоўгая, але дастатковая, каб сцерці з мяне апошні налёт кастальскага духу. I калі я праз шмат гадоў у сувязі з адным выпадкам зразумеў, нарэшце, што перабраў меру і што сякія-такія прыёмы медытацыі мне б вельмі-такі прыдаліся, я меў зашмат гонару, каб пачынаць спачатку.
    — Зашмат гонару? — ціха спытаўся Кнэхт.
    — Ну, але, зашмат. Я за гэты час паспеў нырнуць у свецкае жыццё і стаць свецкім чалавекам. Я ўжо не хацеў нічым адрознівацца ад людзей свету, не хацеў інакшага жыцця, як іх жыццё, поўнае страсці, дзіцячае, жорсткае, неакілзанае, жыццё паміж шчасцем і страхам; я пагардліва адкінуў магчымасць стварыць сабе палегчанае, прывілеяванае жыццё з дапамогаю вашых сродкаў.
    Магістр кінуў на яго пранізлівы позірк:
    — I ты мог вытрымаць такое жыццё шмат гадоў запар? I не знайшоў ніякіх іншых сродкаў, каб адолець яго?
    — Чаму не, — прызнаўся Плініё, — я спрабаваў і спрабую ўжыць гэтыя сродкі і сёння. Бываюць дні, калі я зноў напіваюся і не магу заснуць без парашкоў.
    На імгненне Кнэхт, быццам раптам стаміўшыся, заплюшчыў вочы, потым зноў уеўся вачыма ў сябраў твар. Моўчкі глядзеў ён яму ў твар спачатку выпрабавальна і сур’ёзна, потым усё больш прыязна і весялей. Дэсіньёры заўважыў, што яшчэ ніколі не бачыў чалавечых вачэй, якія былі б адначасова такія праніклівыя і такія поўныя дабрыні, такія нявінныя і патрабавальныя, такія
    ясна зычлівыя і ўсёведныя. Ен прызнаваўся, што позірк гэты спачатку бянтэжыў і раздражняў яго, але спакваля супакоіў і нарэшце скарыў сваёй мяккай сілай. Усёж ён яшчэ памкнуўся абараніцца.
    — Ты сказаў, — прамовіў ён, — што ведаеш сродак, як зрабіць мяне больш шчаслівым і радасным. Але табе і ў галаву не прыйшло спытацца ў мяне, ці хачу я гэтага.
    — Ну, — засмяяўся Кнэхт, — калі мы можам зрабіць чалавека больш шчаслівым і радасным, мы ў кожным разе абавязаны дабіцца гэтага, не чакаючы, калі нас пра гэта папросяць. Ды і як ты можаш не імкнуцца да гэтага, не хацець гэтага! На тое ты і тут, на тое і сядзім мы зноў адзін перад адным, на тое ты і вярнуўся да нас. Ты ненавідзіш Касталію, ты пагарджаеш ёю, ты надта ганарышся сваёй заземленасцю і сваёй скрухай, каб палегчыць сваё становішча розумам і медытацыяй — і ўсё-такі тайнае і неадольнае імкненне да нас і да нашай яснасці вяло і цягнула цябе ўсе гэтыя гады, пакуль нарэшце не прымусіла вярнуцца і яшчэ раз пашукаць шчасця ў нас. I я запэўніваю цябе: ты прыйшоў у самы раз, у такі час, калі я і сам вельмі таміўся, чакаючы, што мяне паклічуць з вашага свету, што адчыняцца перада мною дзверы з яго. Але пра гэта другім разам! Ты мне сёе-тое даверыў, дружа, і я дзякую табе за гэта; ты ўбачыш, што і я мушу табе паспавядацца. Ужо позна, заўтра раніцай ты едзеш, мяне зноў чакае цяжкі дзень, пам пара спаць. Але падары мне яшчэ чвэрць гадзіны.
    ён устаў, падышоў да акна і падняў вочы ўгору, туды, дзе паміж хмарамі цягнуліся п.расветліны чыстага начнога неба, усыпанага зоркамі. Ен не адразу павярнуўся, і госць таксама ўстаў і падышоў да акна. Магістр стаяў, гледзячы ўгору, рытмічнымі глыткамі ўдыхаючы халоднае асенняе паветра. Ен паказаў рукой на неба.
    — Зірні, — сказаў ён, — на гэтыя аблокі з прасветлінамі неба! Спачатку здаецца, што глыбіня там, дзе цямней, але адразу ж пачынаеш разумець, што гэты морак і рыхласць — усяго толькі аблокі, а сусветная прастора са сваімі глыбінямі пачынаецца каля берагоў і фіёрдаў гэтых хмарных гор, сыходзячы ў бясконцасць, дзе ўрачыста ззяюць зоркі, для нас, людзей, гэта — найвышэйшы сімвал яснасці і парадку. Глыбіня сусвету і яе таямніцы не там, дзе хмары і морак, глыбіня ў пра-
    зрыстасці і радаснасці. Прашу цябе, перад сном паглядзі крыху на гэтыя бухты і пралівы з мноствам зорак і не адганяй думак або летуценняў, якія пры гэтым наведаюць цябе.
    Дзіўнае, трапятлівае пачуццё, незразумела — пакуты ці шчасця, варухнулася ў сэрцы ў Плініё. Такімі ж словамі, успомніў ён, яго калісьці, у непрыпомныя часы, на цудоўным, светлым заранку яго маладосці, у першыя гады вучобы ў Вальдцэлі, заклікалі да пачатковых медытацыйных практыкаванняў.
    — I дазволь яшчэ адно, — ціхім голасам зноў загаварыў Магістр Гульні. — Я хацеў бы сказаць табе некалькі слоў пра яснасць, пра яснасць зорак і духу, a адначасова і пра нашу кастальскую яснасць. У цябе нядобрыя адносіны да яснасці, трэба думаць таму, што табе наканавана было ісці дарогай скрухі, і цяпер уся-. кая бадзёрасць і добры гумор, асабліва ў нас, кастальцаў, здаюцца табе праявай немачы і блазнюкаватасці, а таксама баязлівасці, уцёкамі ад жахаў і безданяў жыцця ў ясны, уладкаваны свет пустых формаў і формул, голых абстракцый і дзівосаў. Але, дружа мой маркотны, хай і праўда ёсць у нас гэтыя ўцёкі ад жыцця, хай шмат у нас баязлівых жанглёраў пустымі формуламі, хай іх нават у нас большасць — у сапраўднай яснасці, хай гэта яснасць неба або яснасць духу, гэта не забярэ ні каштоўнасці, ні бляску. Рыцарам павярхоўнай мяккадушнасці і фальшывай яснасці супрацьстаяць людзі і генерацыі людзей, чыя яснасць — не гульня ў блізір, а сур’ёзная для іх і глыбокая. Аднаго такога я ведаў: гэта наш былы Магістр .музыкі, ты яго час ад часу сустракаў у Вальдцэлі; гэты чалавек у апошнія гады свайго жыцця ў такой меры валодаў даброццю яснасці, што ўвесь аж прамяніўся ёю, як сонца прамяніцца святлом, ён адараў кожнага сваёй зычлівасцю і жыццярадаснасцю, сваім гуморам, верай і давера.м; і кожны, хто пранікнёна прымаў гэтае ззяннс і ўбіраў яго ў сябе, выпраменьваў яго далей на іншых людзей. I мяне таксама апраменіла гэта святло, і мне ён узычыў часцінку сваёй яснасці і ўнутранага ззяння, гэтаксама як нашаму Фэрамонтэ і некаторым іншым. Дасягнуць такой яснасці было б мне, а са мною і многім іншым, найвышэйшай і найвысакароднейшай мэтай. Ты можаш убачыць яе і ў многіх айцах нашага Ордэна. Гэта яснасць — не выдумка і не самазадавальненне, яна най-
    вышэйшае пазнанне і любоў, прыманне любой рэчаіснасці, чуванне на краі ўсіх безданяў і прорваў, дабрачыннасць святых і рыцараў, яна неразбуральная, і з гадамі, з набліжэннем смерці толькі павялічваецца. У ёй ■— таямніца прыгажосці і сапраўдная субстанцыя ўсіх мастацтваў. Паэт, які славіць у танцавальным рытме сваіх вершаў веліч і вусцішнасць жыцця, альбо музыкант, які прымушае гучаць чыстую існасць, — гэта светланосец, які робіць жыццё больш радасны.м і больш празрыстым, нават калі ён вядзе нас праз слёзы і пакутлівую напружанасць. Магчыма, паэт, чые вершы нас гэтак захапляюць, быў журботны і самотны, магчыма, музыкант быў пануры летуценнік, але яго твор усё ррўна саўдзельны з яснасцю багоў і зорак. Дорыць ён нам ужо не свой морак, не свой боль, не сваю боязь, a кроплю чыстага святла, вечнай яснасці. I калі цэлыя народы ў міфах, касмагоніях, рэлігіях сіляцца вымераць глыбіню светаявы, апошняе і найвышэйшае, да чаго яны даходзяць, ёсць усё тая самая яснасць. Узгадай старажытных індусаў, пра якіх так добра расказваў колісь наш вальдцэльскі настаўнік: гэта ж быў народ пакутаў, роздуму, самазнясілення, аскезы, але апошнія ўзлёты яго духу былі поўныя святла і яснасці, ясная была ўсмешка ў тых, што пераадолелі свет будаў, яснасць пазначала вобразы яго бяздоннай міфалогіі. Свет, як яго выяўляюць гэтыя міфы, паўстае ў сваім пачатку боскім, шчасным, прамяністым, першатворнапрыгожым, як залаты век; потым ён захворвае і псуецца, усё болып і больш упадае ў грубасць і ўбоства і пад канец чатырох сусветных вякоў, што спускаюцца ўсё ніжэй і ніжэй, ён гатовы распасціся і загінуць пад нагамі смяшлівага танцора Шывы; але гэта не канец, усё пачынаецца нанава з усмешкай снобачлівага Вішну, які галузлівай рукой творыць новы, малады, цудоўны, зіхатлівы свет. Ты толькі падумай: гэты народ, праніклівы, здольны пакутаваць як ніякі ініпы, з жахам і сорамам глядзіць на жорсткую гульню сусветнай гісторыі, на вечна рухомае кола жадання і пакуты, ён разгледзеў і зразумеў усю крохкасць рэчаў, усю сатані'нскую ненажэрнасць чалавека, але таксама і яго тугу па чысціні і гармоніі, і ён знайшоў выяўленню сусветнай прыгажосці і сусветнага трагізму гэтыя непараўнаныя прыпавесці пра сусветныя вякі і распад светаявы, пра грознага Шыву, які ў танцы руйнуе стары свет, і пра ўсмешку
    Вішну, які кволіцца ў дрымоце і з залатых божых сноў, іграючы, творыць новы свет.
    Што да нашай кастальскай яснасці, дык яе можна разглядаць як познюю і малую разнавіднасць той вялікай яснасці, але і гэтая разнавіднасць несумненна мае права на існаванне. Вучонасць не заўсёды і не ўсюды была святочная, хоць і павінна быць такою. У нас яна ў якасці культа ісціны цесна звязана з культам прыгажосці і, звыш таго, з медытатыўным выхаваннем душы і з гэтай прычыны не можа канчаткова страціць святочнай яснасці. Але гулыія аб’ядноўвае ўсе тры пачаткі: навуку, пакланенне прыгажосці і медытацыю, а таму сапраўдны адэпт Гульні павінен быць увесь прасякнуты яснасцю, як спелы плод салодкім сокам, і, найперш, ён павінен насіць у сабе яснасць музыкі, якая не што іншае, як смеласць, як бадзёрае, усмешлівае, скочнае шэсце праз жахі і агні свету, як ахвяраванне. Гэтая яснасць была маёй мэтай з тых часоў, калі я школьнікам і студэнтам толькі пачаў пра яе здагадвацца, і я ніколі ёй не здраджу, хай то ў няшчасці і пакутах.
    Цяпер пара спаць, а заўтра раніцай ты едзеш. Вяртайся хутчэй, раскажаш мне больш падрабязна, раскажаш мне болей пра сябе, і мне таксама будзе што расказаць, ты ўбачыш, што і ў Вальдцэлі, і ў жыцці Магістра ёсць свае дысанансы і расчараванні, што і яму вядомыя роспач і бездані. Але зараз ты яшчэ павінен насыціць слых музыкай, вазьмі яе ў свой сон. Позірк на зорнае неба і слых, які ўвабраў у сябе музыку перад сном, не раўнуючы лепш, чым твае снатворныя.