Гульня шкляных перлаў
Спроба жыццёпісу Магістра Гульні Езэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў
Герман Гесэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 476с.
Мінск 1991
1 Пераступаць межы! (лац.)
бы адным з вашых найлепшых вершаў, цяпер я гэта бачу. Яго сапраўдны змест няблага вык.азаны ў загалоўку «Прыступкі», але з такім самым ці нават большым поспехам вы маглі б назваць яго «Музыка» або «Сутнасць музыкі». Бо, калі адкінуць маралізатарскую або прапаведніцкую ноту, ён, шчыра кажучы, ёсць медытацыя пра сутнасць музыкі або, скажам, хвалебная песня музыцы, яе злітнасці з цяперашнім момантам, яе яснасці і рашучасці, яе імкліваму бегу, яе нястомнаму жаданню і гатоўнасці заўсёды спяшацца наперад, пакідаючы ззаду толькі што занятую прастору ці частку яе. Калі б вы тады абмежаваліся гэтымі разважаннямі або пахвалой духу музыкі, калі б вы, падбухторваны ўжо тады славай выхавальніка, не зрабіліз яго нейкага ўмаўлення і казані, верш гэты мог бы стаць сапраўднай жамчужынай. Але ў тым выглядзе, у якім ён цяпер перад намі, ён, на мой густ, носіць характар не толькі не ў меру «настаўленчы», не ў меру «настаўніцкі», ён хворы, апрача таго, на нейкую недамыснасць. У ім, дзеля дасягнення маральнага ўздзеяння, музыка і жыццё прыроўненыя адно да аднаго, што сама мала неверагодна і спрэчна; гэта ператварае натуральную, свабодную ад маралі рухальную сілу або асноўную пружыну музыкі ў «жыццё», якое імкнецца выхоўваць і развіваць нас з дапамогай заклікаў, загадаў, добрых настаўленняў. Карацей, тут нейкая візія, нешта непаўторнае, прыгожае і велічнае, фальсіфікуецца і эксплуатуецца з мэтай павучання, і якраз гэта заўсёды выклікала ўва мне супор.
Магістр слухаў яго з прыемнасцю, назіраючы, як нарастала ў сябры гнеўная гарачнасць, якую ён так у ім любіў.
— А бадай што, твая праўда! — сказаўен не то жартам, не то сур’ёзна. — Ва ўсякім разе, у тым, што ты сказаў пра адносіны майго верша да музыкі. Ідэя «перасячэння адной прасторы за другою» і асноўная думка маіх вершаў сапраўды ідуць ад музыкі, хоць я сам гэтага не ведаў і не заўважаў. He знаю, ці сказіў я думку і фальсіфікаваў візію; магчыма, праўда твая. Калі я пісаў гэтыя радкі, у іх гавсрка ішла ўжо не пра музыку, а лра іншае перажыванне, бо цудоўная алегорыя музыкі павярнулася да мяне сваім этычным бокам, прагучаўшы ўшчуваннем і заклікам, нагадаўшы мке пра маё прызванне. Імператыўная форма верша, якая цябе
асабліва гідзіць, зус'ім нс мае на мэце загадваць або ўмаўляць, бо загад і ўшчуванне звернутыя толькі да мяне самога. Калі б ты нават не ведаў гэтага, дарагі мой, ты мог бы гэта вычытаць з апошняга радка верша. Такім чынам, да мяне прыйшло разуменне, я нешта ўсвядоміў, на мяне сышла мілата, і я спрабаваў прыкласці сэнс і этычную выснову гэтай мілаты да самога сябе, прымусіў сябе запомніць яго назаўсёды. Таму верш так і засеў у маёй памяці, хоць я сам пра гэта не здагадваўся. Такім чынам, добрыя мае вершы або дрэнныя, але мэты сваёй яны дасягнулі, ушчуванне не пераставала жыць ува мне, яно не заглухла. Сёння яно зноў гучыць мне па-новаму, гэта — цудоўнае перажыванне, і твае кпіны не могуць яго прытруціць. Аднак мне пара. Якія выдатныя былі тыя часіны, дружа, калі мы абодва, студэнты, часта дазвалялі сабе парушаць распарадак і да позняга заседжваліся за гутаркамі. Але Магістру гэта болей не лічыць. А шкада!
— Ах, — сказаў Тэгулярыус, — лічыць яно лічыць, ды адвагі не стае.
Кнэхт з усмешкай апусціў яму руку на плячо...
— Што да адвагі, дарагі мой, дык я гатовы і не на такія штукі. Дабранач, стары буркала!
Вясёлы, выйшаў ён з келлі, але паступова, у пустых начных калідорах і дварах Селішча, да яго вярталася сур’ёзнасць, сур’ёзнасць развітання. Скорае развітанне ў нас заўсёды абуджае малюнкі мінулага, і Кнэхту ў гэты.м калідоры ўсломніўся той дзснь, калі ён, хлопчык, толькі што прыняты ў Вальдцэль вучань, зрабіў свой першы шпацыр па Вальдцэлі і Vicus lusorum, поўны надзей і прадчуванняў, і вось цяпер, сярод паснулых маўклівых дрэў і будынкаў, сэрца ягонае сціснулася ад пранізлівага, пакутлівага чуцця, што ён бачыць усё гэта апошні раз; апошні раз прыслухоўваецца, як замірае і атульваецца сном такое бурхлівае ўдзень Селішча, апошні раз бачыць, як адбіваецца ў вадзе басейна слабы агеньчык з дамка вартаўніка, як бягуць над дрэвамі магістарскага саду начныя аблокі. Ен няспешна абышоў усе дарогі і закуткі Селішча Гульні, яму захацелася яшчэ раз адчыніць весніцы і ўвайсці ў сад, але не аказалася пры сабе ключа, і гэта хутка працвярэзіла яго і прымусіла апамятацца. ён вярнуўся ў сваю кватэру, напісаў некалькі пісьмаў, у тым ліку Дэсіньёры, якому паведаміў, што неўзабаве прыедзе ў сталіцу, no-
тым у глыбокай медытацыі вызваліўся ад душэўных хваляванняў гэтай гадзіны, каб раніцай прачнуцца дужым на выкананне сваёй апошняй задачы ў Касталіі — размовы са старшынёй Ордэна.
На раніцу Магістр устаў у звычайны час, выклікаў экіпаж і паехаў; мала. хто заўважыў яго ад’езд, і ніхто не надаў яму значэння. У напоеную восеньскім туманам раніцу ён паехаў у Хірсланд, прыехаў туды апоўдні і тут жа папрасіў далажыць пра сябе Магістру Аляксандру, старшыні Ордэна. У руках ён трымаў загорнутую ў сукно прыгожую металічную скрыначку, якую ён узяў з патаемнай шуфляды свайго бюро і дзе захоўваліся кляйноды яго сана, а таксама пячатка і ключы.
У «галоўнай канцылярыі» кіраўніка Ордэна яго сустрэлі са здзіўленнем: яшчэ не было, бадай, выпадку, каб хто-нсбудзь з Магістраў паяўляўся тут без папярэджання або без запросін. Па распарадцы старшыні, яго накармілі абедам, потым правялі на адпачынак у келлю ў старой крытай галерэі і паведамілі, што Велешаноўны спадзяецца вызваліцца і прыняць яго праз дзве-тры гадзіны. Ен папрасіў прынесці яму статут Ордэна, сеў, прачытаў яго з пачатку да канца і апошні раз пераканаўся, які просты і законны яго намер, аднак растлумачыць словамі гэты намер і ўнутрана яго апраўдаць эдавалася яму нават у гэты час немагчымым. Ен прыгадаў адзін пункт статута, якому яго прымусілі калісьці прысвяціць цэлую гадзіну мсдытацыі — у апошнія дні яго хлапцоўскай і студэнцкай свабоды, у момант яго прыняцця ў Ордэн. Цяпер ён перачытаў гэты пункт, пачаў разважаць над ім і пры гэтым адчуў, наколькі сам ён перамяніўся, наколькі непадобны на маладога сарамяжлівага рэпетытара, якім ён быў у той час «Калі Калегія, — гаварыў пункт статута, — заклікае цябе заняць пэўную пасаду, дык ведай: кожная вышэйшая прыступка — гэта не крок да свабоды, a новы абавязак. Чым болей улады дае пасада, тым суровейшае служэнне. Чым мацнейшая асоба, тым больш асуджальная сваволя». Як усё гэта некалі гучала неаспрэчна, адназначна і як моцна змянілася для яго значэнне некаторых слоў, асабліва такіх шматзначных, як «абавязак», «асоба», «сваволя», якія цяпер набылі новы, бадай што, цалкам іншы сэнс! I якія ж яны ўсётакі былі цудоўныя тады, ясныя, моцна злітыя і дзівосна паслядоўныя, гэтыя правілы статута, якія абса-
лютныя, вечныя і непарушна слушныя былі яны ва ўяўленні юначага духу! О, такімі яны і засталіся б, калі б Касталія была ўсім свстам, сукупным, цэласным, разнастайным, непадзельным, а не толькі адасобленым свецікам усярэдзіне вялікага свету або ж смела і гвалтоўна вынятай з яго сарцавінай! Будзь увесь гэты свет элітарнай школай, будзь Ордэн грамадствам усіх людзей на Зямлі, а старшыня Ордэна — Госпадам Богам, якія б дасканалыя былі тыя словы і ўвесь статут! О, каб гэта было так, якое светлае, квітнючае і шчасна-нявіннае было б жыццё! А калісьці ж яно ўсё так і было на самай справе, калісьці ён усё гэта бачыў і перажыў якраз так: бачыў у Ордэне і ў кастальскім духу боскі і абсалютны пачатак, у Правінцыі — увесь свет, у жыхарах Касталіі — усё чалавецтва. А пазакастальскія абсягі былі для яго толькі часткаю цэлага, нейкім падабенствам дзіцячага свету, падрыхтоўчай прыступкай да Правінцыі, цаліком, які яшчэ чакае высачынь культуры і вызвалення, з трапятаннем пазірае на Касталію і час ад часу пасылае ёй ласкавых гасцей накшталт маладога Плініё.
А як дзіўна атрымалася з ім самім, з Езэфам Кнэхтам і яго душой! Ці ж не разглядаў ён раней, ну, хоць бы ўчора, тое ўласцівае яму ўменне адкрываць, усведамляць і ўспрымаць рэчаіснасць, што ён называў «абуджэннем», як паступовае пранікненне ў самае сэрца свету, у асяродак ісціны, як нешта абсалютнае, як паступальны рух або дарогу, якую можна адольваць толькі паступова, крок за крокам, але якая, згодна з ідэяй, бесперапынная і простая? Хіба колісь, у маладосці, яму не здавалася абуджэннем, крокам наперад, неабвержна каштоўным і адзіна слушным, што ён, хоць і прызнаваў знешні свет у асобе Плініё, тым часам як касталец свядома і прадумана адмяжоўваўся ад гэтага свету? I наступным крокам наперад, да ісціны, ён лічыў тое, што пасля шматгадовых сумненняў адважыўся прысвяціць сябе Гульні і Вальдцэлю. I яшчэ адзін крок, калі, з яго згоды, Магістр Томас падаў яго кандыдатуру на пасаду ў іерархію, а стары Магістр музыкі рэкамендаваў яго ў Ордэн; і пазней, калі яму прысвоілі званне Магістра. Ўсё гэта былі малыя і вялікія крокі на простай, здавалася б, дарозе, — і ўсё ж сёння, у канцы гэтай дарогі, ён зусім не апынуўся ў сэрцы свету і асяродку ісціны, сённяшняс абуджэнне азначала адно
толькі, што ён як бы толькі-толькі расплюшчыў вочы і ўбачыў сябе зноў у новым становішчы пры засваенні новай канстэляцыі. Тая самая строгая, ясная, выразна азначаная сцежка, простая сцежка, якая прывяла яго ў Вальдцэль, у Марыяфельс, у Ордэн, на пост Магістра, цяпер зноў вывела яго назад, вонкі. Паслядоўны шэраг этапаў абуджэння адначасова стаўся шэрагам развітанняў. Касталія, Гульня, сан Магістра — усё гэта былі асобныя тэмы, якія чакалі свайго раскрыцця і завяршэння, усё гэта былі прасторы, абсягі, якія трэба было прайсці, адолець. I вось яны ўжо ззаду. А і ў былы ж час, калі ён думаў і рабіў не так, як думае і робіць сёння, а зусім наадварот, ён ужо, відавочна, нешта ведаў або здагадваўся пра спрэчнасць гэтага ўсяго; нездарма ж загалоўкам верша, у якім гаворыцца пра ступені і развітанні, ён паставіў гэты дэвіз — «Transcendere!».
Такім чынам, аказваецца, дарога яго ішла кругам, альбо эліпсам, альбо спіраллю. як бы там яно ні было, толькі не напрасткі, бо прасткі існуюць толькі ў геаметрыі, a не ў прыродзе і не ў жыцці. Але ён няўхільна слухаўся самаўгавору і самападбадзёрцы, якія ўклаў у свой верш, нават пасля таго, як радкі яго і тагачаснае абуджэнне даўно адышлі ў мінулае, — праўда, слухаўся не без агаворак, не без хістанняў, паняверкі і прыступаў слабасці, не без барацьбы. Але ён адольваў ступень па ступені, прастору па прасторы, смела, спакойна, з яснай душою, хай не такой прамяністай, як у старога Магістра музыкі, але без стомы або журбы, нічога нс выракаючыся, нічому не здраджваючы. I калі ён цяпер паводле кастальскіх правілаў выракся і здрадзіў, калі ён, насуперак законам ордэнскай маралі, дзейнічае як бы толькі паслугуючы сваёй асобе, гэта значыць — самаволі, дык жа і гэта авеяна духам адвагі, духам музыкі, значыцца, адбываецца ў строгай адпаведнасц’і з яе рытмам і яснасцю, а ў астатнім -— хай будізе што будзе! О, калі б ён мог растлумачыдь і даказаць іншым тое, шго яму здавалася такім ясным: сваволя яго дзеянняў ёсць на самай справе не што якое, а служэнне і пакора, і ён ідзе насустрач не свабодзе. a новым, невядомым і трывожным абавязкам, не як уцякач, а як закліканы, не сваволяй. а паслухмяна, не ўладар, а ахвяра! Ну а як жа тады з даброцямі, з яснасцю, з рытмам, з адвагаю? Яны здрабнелі, але заха-