Гульня шкляных перлаў
Спроба жыццёпісу Магістра Гульні Езэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў
Герман Гесэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 476с.
Мінск 1991
масць пераадолення смерці і перамогі над ёю — больш непарушная; глыбейшая была і яго самааддача: ён гатовы быў прыняць і на сябе долю свяціла аж да пагібелі і новага нараджэння, часам ён нават чуў у сабе нейкую дзёрзкасць, нейкую рашучую смеласць і парыў кінуць смерці выклік, супрацьпаставіць ёй дух, сцвердзіць сваё «я» і гэтым самым даказаць сваю адданасць звышчалавечаму лёсу. Часам гэта выяўлялася ў яго паводзінах і кідалася ў вочы нават староннім людзям: ён быў вядомы як чалавек мудры і дабрамысны, чалавек вялікага спакою і раўнавагі, які мала баяўся смерці і быў у дружбе з высокімі сіламі.
ён часам сурова выпрабоўваў гэтыя здольнасці і даброці. Аднойчы яму выпала змагацца з няўродам і непагодай два гады запар, гэта было самае цяжкае выпрабаванне за ўсё яго жыццё. Няўгодзіцы і ліхія азнакі пачаліся ўжо пад час сяўбы, сеялі з адкладам трыразы, а потым ужо на рунь зваліліся ўсякія ліхоты і нягоды, якія ўрэшце амаль спляжылі ўсё, што было пасеяна; абшчына галадала, і Слуга разам з усімі; і тое, што ён перажыў гэты страшны год, што ён, заклінальнік дажджу, не страціў даверу і ўплыву, а здолеў памагчы племю ператрываць гэтае няшчасце пакорліва і спакойна — гэта ўжо было нешта. Калі ж налета, пасля суровай зімы, якая забрала шмат жыццяў, зноў пачаліся леташнія гароты і ліхоты. калі абшчынная зямля высахла і патрэскалася ад летняй сушы, калі распладзіліся процьмы мышэй, а самотлівыя модлішчы і ахвяраванні заклінальніка дажджу пайшлі пропадам і не далі плёну, як і маленні ўсім агулам, барабанны бой, малітоўныя шэсці ўсёй абшчыны, калі выявілася жудасная праўда, што заклінальнік дажджу і гэтым разам не дастане дажджу, — гэта ўжо была не дробязь, і толькі такі чалавек, як ён, мог узяць на сябе ўсю адказнасць і не спахібіць перад напалоханым і ўзбураным людам. Два-тры тыдні Слуга заставаўся зусім адзін, на яго паўстала ўся абшчына, паўсталі голад і роспач, і ўсе ўспомнілі старую погадку, быццам улагодзіць гнеў высокіх сіл можна толькі ахвяраваннем самога заклінальніка. Ен перамог толькі сваёй гатоўнасцю. Ен не супраціўляўся, ён сам падаў гэтую думку. Да таго ж ён з нечуванай настойлівасцю і самаахвярнасцю стараўся аблегчыць гароту племя, не пераставаў вышукваць новыя крыніцы вады: то струмок, то яміна з вадою, не даў
у самыя цяжкія дні зарэзаць усё быдла, а галоўнае — сваёй падтрымкай, парадамі, просьбамі-грозьбамі, чарамі і малітвамі, сваім прыкладам — не дазволіў тагачаснай родапачынальніцы селішча, зусім старой жанчыне, якая ўжо ўпала ў пахібную роспач і душэўную немач, зламацца духам і пусціць усё на плынь часу і падзей. Вось тады і стала ясна, што ў дні смуты і вялікай ліхтугі чалавек можа прынесці тым больш карысці, чым больш ягонае жыццё і розум скіраваныя на духоўныя мэты, мэты звышасабістыя, чым лепш ён умее падпарадкоўвацца, сузіраць, маліцца, служыць і ахвяраваць сабою. Гэтыя два страшэнныя гады, якія ледзь не зрабілі яго ахвярай, ледзь не ўвялі яго ў пагібель, прынеслі яму ўрэшце самае вялікае прызнанне і давер нс толькі сярод тлуму цёмных і безадказных людзей, але і сярод нямногіх, на якіх ляжала адказнасць, сярод тых, хто здольны быў ацаніць чалавека такога складу, як Слуга.
Так праз гэтыя і розныя іншыя выпрабаванні цякло жыццё Слугі. I вось ён дастаўся сталасці і вяршыні жыцця. Ён пахаваў на сваім вяку дзвюх родапачынальніц племя, страціў цудоўнага шасцігадовага сынка, якога схапіў воўк, адужаў без нічыёй дапамогі цяжкую хваробу, сам сябе вылечыўшы. He раз і не два цярпеў голад і холад. Усё гэта прыкметна наслядзіла на твары і глыбока ў душы. Ен зведаў на сабе, што людзей духу ўсе астатнія родзічы непрыязняць і гідзяць імі, што іх шануюць, праўда, зводдаль, а як выпадзе патрэба, просяць у іх рады, але зусім яе любяць, не лічаць сабе роўнымі і як мага пазбягаюць іх. Ён пераканаўся, што хворыя і зганьбаваныя з куды болыпай ахвотай скарыстаюцца спадчыннымі альбо нанава прыдуманымі замовамі і заклёнамі, абы каб не прыняць разумнай парады, што чалавек згодзіцца хутчэй бедаваць і фалыпыва каяцца, чым змяніцца ўнутрана, а тым больш спрабаваць перарабіцца, што ён хутчэй дасць веры чарадзейству, чым розуму, заклёнам, чым жывому вопыту: усё гэта рэчы, якія пазней за тысячы гадоў, бадай што, змяніліся не настолькі, як гэта сцвярджаюць некаторыя гістарычныя працы. Але Слуга зразумеў таксама, што дапытлівы чалавек, чалавек духоўны не павінен траціць пачуцця любові, ён павінен абыходзіцца з людскімі жаданнямі і слабінамі без пагарды і пыхі, хоць і не прыстасоўвацца да іх, што ад мудраца да прайдзісвета, ад свя-
тара да штукара, ад чалавека, які па-орацку дапамагае, да карысліўца-гультая — адзін крок, што людзі больш ахвотна плацяць шарлатану, даюцца на падман базарнаму крыкуну, чым прымаюць шчырую дапамогу, за якую не просяць платы. Яны не любяць плаціць даверам і любоўю, яны ахвотней плацяць грашмі. Яны ашукваюць і самі разлічваюць на падман. Трэба было навучыцца бачыць у чалавеку слабую істоту, сябелюбную і баязлівую, але тым жа часам трэба было і прызнаць, што і ў табе гняздуюцца дрэннасць і благія інстынкты, а таксама верыць, верыць усім сэрцам, што ў чалавеку жывуць таксама дух і любоў, нешта, што змагаецца з інстынктамі і імкнецца іх увысакародніць. Гэтыя думкі выкладзеныя тут, вядома, больш ясна, сфармуляваныя больш акрэслена, чым здольны быў гэта зрабіць Слуга. Скажам адно: ён ішоў да гэтых думак, яго дарога вяла якраз да іх і далей — праз іх.
Ідучы па гэтым шляху, сумуючы па думцы, але жывучы болып у свсце пачуццёвым, зачараваны месяцам, водарам кветкі, сокам кораня, смакам кары, збіраючы гойныя зёлкі, гатуючы мазі, падпарадкоўваючыся надвор'ю і атмасферным з’явам, ён выпрацаваў у сабе некаторыя здольнасці, такія, напрыклад, якіх мы, наступнікі, ужо не маем і якіх сёння нават напалавіну не разумеем. Самая важная з гэтых здольнасцяў, вядома, была здольнасць заклінаць дождж. Хоць бывалі асобныя выпадкі, калі неба было з ім жорсткае і бязлітаена здзекавалася з яго патугаў, Слуга ўсё ж сотні разоў выклікаў дождж і амаль кожны раз крыху іншым спосабам. Праўда, у цырымонію ахвяраванняў, у рытуал малітоўных шэсцяў, заклінанняў, у барабанную музыку ён не адважваўся ўносіць ніякіх змен альбо што-колечы з іх выпускаць. Але гэта была толькі афіцыйная, усім бачная часціна яго дзейнасці, яе службовы і жрацоўскапаказны бок; і вядома ж, гэта было дзівоснае відовішча, якое давала прыгожыя, узнёслыя пачуцці, калі ўвечары пасля дзённых ахвяраванняў і працэсій нябёсы здаваліся і небакрай зацягваўся хмарамі, вецер даносіў пах вільгаці і падалі першыя кроплі дажджу. Але менавіта тут і патрабавалася майстэрства заклінальніка, трэба было правільна выбраць дзень, а не лезці напрагал да недасягальнага; прыходзілася ўпрошваць нябесныя сілы, нават дакучаць ім, але ўсё гэта з адчуваннем меры, паказваючы пакорлівасць іх волі. I намнога даражэйшыя
за гэтыя выдатныя, святочныя сведчанні поспеху і літасці багоў былі яму іншыя перажыванні, пра якія ніхто, акрамя яго самога, не ведаў, ды, зрэшты, і ён успрымаў іх баючыся і не так розумам, як душою, пачуццямі. Часам бывалі такія станы надвор’я, такая напружлівасць паветра і цяпла, воблачнасці і ветру, такія пахі вады, зямлі і пылу, такія пагрозы і прадвесці, капрызы і вычуды дэманаў надвор’я, якія Слуга прадчуваў і адчуваў усёй сваёй скурай, валасамі, усімі сваімі пачуццямі, і таму нішто не магло ні здзівіць яго, ні расчараваць, ён убіраў у сябе надвор’е і насіў яго ў сабе так глыбока, што ўжо не меў сілы загадваць хмарам і вятрам: вядома, не па сваёй волі, а менавіта ў выніку гэтага саюзу з прыродай і лучнасці з ёю, якая сцірала мяжу паміж ім і ўсім светам, паміж унутраным і вонкавым. У такія хвіліны ён мог, забыўшыся на самога сябе, стаяць на месцы і слухаць, заміраць і не толькі адчуваць усімі порамі цела кожны рух паветра і воблакаў, але і кіраваць імі і ўзнаўляць іх, як мы ўмеем абудзіць у сабе і ўзнавіць добра знаёмую музычную фразу. I тады даволі было яму затрымаць дыханне, як вецер або гром сціхалі, даволі было толькі схіліць галаву або паківаць ёю, як пачынаў сыпацца або пераставаў град, варта было ўсмешкай ухваліць у сваёй душы замір’е супраціўных сіл, як угары разгладжваліся складкі воблакаў і адкрывалі празрыстую, чыстую сінечу. Часам у стане асабліва яснай прасветленасці і душэўнай раўнавагі ён адчуваў у сабе надвор’е наступных дзён, прадбачыў яго дакладна і беспамылкова, быццам у крыві ў яго была адбіта ўся партытура, паводле якой яно павінна было разгортвацца. Гэта былі самыя лепшыя дні яго жыцця, у іх была ягоная ўзнагарода, ягонае шчасце.
Калі гэтая інтымная лучнасць з вонкавым светам парушалася, калі надвор’е і свет рабіліся яму несамавітымі, незразумелымі і непрадказальнымі, тады і ў яго душы парушаўся парадак і перапыняліся токі, тады ён адчуваў, што ён не сапраўдны заклінальнік дажджу, a сваю службу і адказнасць за надвор’е і ўраджай успрымаў як цяжар і несправядлівасць. У такі час ён днямі сядзеў дома, слухаўся Ады і пасабляў ёй, спраўна займаўся гаспадаркай, рабіў дзецям прылады і цацкі, уходжваўся са сваім зельным варывам, цягнуўся да кахання і хацеў як мага менш адрознівацца ад людзей, цалкам падпарадкоўвацца звычаям і норавам, нават
выслухоўваў звычайна такія непрыемныя яму жончыны і суседскія расказы пра жыццё, здароўе і паводзіны людзей. У добрыя часіны яго мала калі заставалі дома, ён доўга бадзяўся, лавіў рыбу, паляваў, шукаў зёлкі, ляжаў у траве або залазіў на дрэва і сядзеў там, прынюхваўся, прыслухоўваўся, пераймаў галасы звяроў, раскладваў цяпельцы, каб параўнаць клубы дыму з воблакамі ў небе, расіў валасы і скуру дажджом, туманам, паветрам, сонцам або месячным святлом, а заадно збіраў, як гэта ўсё жыццё рабіў яго папярэднік і настаўнік Туру, такія прадметы, у якіх сутнасць і форма на першы погляд належалі да розных сфераў, у якіх мудрасць альбо капрыз прыроды быццам бы лёгенька падказвалі воку правілы гульні і тайны стварэння, прадметы, у якіх самае далёкае злівалася ў адно, напрыклад: свілі на суках, падобныя на людскія твары і морды жывёлін, вышараваныя вадой крамушкі з узорам, які нагадваў разрэз дрэва, скамянелыя фігуры жывёл, якія даўно аджылі, выродлівыя або парныя костачкі пладоў, камякі ў форме ныркі або сэрца. Ен умеў вычытаць з жылінак на лісце, сеткі ліній на зморшчанай шапачцы смарчка нешта таямнічае, духоўнае, будучае, магчымае: магію знакаў, вырак лічбаў і пісьмёнаў, ператварэнне бясконцага, тысячакротнага ў простае, у сістэму, у паняцце. Бо ў ім былі закладзены ўсе гэтыя магчымасці спасцігнення свету з дапамогай духу, пакуль што яшчэ безназоўныя магчымасці, але іх можна было здзейсніць, не непамысныя, пакуль што яшчэ схаваныя ў зародку, у пупышцы, але ўласцівыя яму сваім арганічным ростам. I калі б мы маглі перанесціся яшчэ на некалькі тысячагоддзяў назад, да таго, як жыў гэты заклінальнік дажджу, часы якога нам сёння здаюцца раннімі і першабытнымі, мы б і тады — у гэтым мы пераканаліся — ужо ў першым чалавеку сустрэлі б дух, той самы, што не мае пачатку і вечна заключаў у сабе тое, што ён здолеў стварыць пазней.