Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1795-1939 гг.)
Сяргей Марозаў
Выдавец: ЮрСаПрынт
Памер: 446с.
Мінск 2019
Таму літоўскія палітыкі, не парываючы з беларусамі канчаткова, усё болып дыстанцыяваліся ад іх прапаноў аб сумеснай дзяржаве. Такая тактыка дазваляла ім пры неабходнасці атрымаць падтрымку беларусаў, асабліва на міжнародным узроўні, і ў той жа час прад’яўляць да іх тэрытарыяльныя прэтэнзіі. БНК, разумеючы гэту двухсэнсоўнасць, тым не менш, кантактаў з Літоўскім камітэтам не парываў і на працягу 1916 г. і амаль усяго 1917 г.
867 Ціхаміраў А. Беларуска-літоўскія дачыненні ў 1914-1920 гг. П Спадчына. 2000. № 5-6. С. 6.
868 Пратаколы беларускіх арганізацый. 1916 г. И БАНД. Ф. 21. Спр. 276. Арк. 6-7.
намагаўся пераканаць яго разам вызначыць асновы сумеснага дзяржаўнага жыцця869.
Намер Германіі і Аўстра-Венгрыі аднавіць пад сваім пратэктаратам Каралеўства Польскае з канстытуцыйнаманархічным ладам ўзмацніў у віленскім беларускім актыве надзею, што аналагічныя крокі будуць зроблены і ў напрамку рэанімацыі ВКЛ. Гэта тэма горача абмяркоўвалася на парадах і сходах, у газеце «Гоман». У нумары за 10 лістапада 1916 г. газета пісала, што ў гэтым «мы, беларусы, грамадзяне колішняга незалежнага Вялікага Княства Літоўскага, знаходзім запаведзь новай долі і для нашага Краю»870. Але ажыццявімасць гэтай ідэі станавілася ўсё больш сумніўнай.
Трывога краёўцаў, арыентаваных на захаванне асобнасці і цэласнасці гістарычнай Літвы і аднаўленне яе дзяржаўнай сувязі з Полыпчай, анэксіянісцкімі намерамі Германіі знайшла адлюстраванне ў іх «Мемарыяле», датаваным 1917 г. У ім гаварылася аб з’яўленні канцэпцыі, згодна якой ВКЛ «уяўляе самастойную цэласнасць і павінна быць асобнай дзяржавай», якраз тады, калі ў Германіі выспяваў «праект стварэння ўяўна самастойнага Княства Літоўскага, як форма замаскіраванай анэксіі»871. Такога Княства, звязанага з Рэйхам, жадалі галоўнакамандуючы Усходнім фронтам, начальнік Генеральнага штаба, генерал-фельдмаршал Паўль Гіндэнбург і Эрых Людэндорф, намеснік начальніка штаба. Аўтары «Мемарыяла» выказвалі занепакоенасць, што ажыццяўленне гэтых намераў прывядзе да германізацыі ліцвінаў і нямецкай каланізацыі. I тады толькі палітычная катастрофа Германіі дазволіць адарваць ад яе Літву, звязаную з ёй уніяй (дадатак 34).
Краёвец Л. Абрамовіч, каб не дапусціць падзелу гістарычнай Літвы дзяржаўнымі межамі, лічыў неабходным аднаўленне «заміраючых традыцый Вялікага Княства Літоўскага», «як наймацней падтрымаць выказаныя ва Універсале Рады
869 Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII пачатку XXI ст.: у 2 кн. Кн. 1 / А. А. Каваленя [і інш.]; рэдкал.: А. А. Каваленя [і ініп.]; Нац. акад, навук Беларусі, Ін-т гісторыі. Мінск: Беларус. навука, 2011. С. 310; Хомич С. Территория и государственные границы Беларуси в XX веке. От незавершенной этнической самоидентификации и внешнеполитического произвола к современному status quo. Минск: Экономпресс, 2011. С. 50.
870 Z aposznich dzion И Homan. 1916. 10 listapada. С. 2.
871 Memorial, zlozony przez grupa dzialaczy litewskich J. E. Panu Prezesowi Ministrow [1917] // БАНД. Ф. 79. Cnp. 828. Арк. 1.
Канфедэрацыі ВКЛ жаданні ліцвінаў і беларусаў, якія нягледзячы на сто гадоў расійскага панавання захавалі пачуццё нацыянальнай і дзяржаўнай адметнасці»872. «Для нас ёсць толькі адзін шлях: прызнанне і гучнае абвяшчэнне В. Кс. Літоўскага, як гістарычнага дзяржаўнага фарміравання. Праўда, ужо слабыя традыцыі гэтай дзяржаўнасці, але цалкам не згаслі», пісаў Л. Абрамовіч у 1916 г.873. Дзеля гэтага найперш трэба, каб пагадзіліся паміж сабой літоўцы, беларусы і латышы (дадатак 37).
Але да ідэі стварэння магутнай сілы аб’яднаных народаў варожа паставіліся тагачасныя «гаспадары палажэння» берлінскія палітыкі. Яны пайшлі на адасабленне гэтых народаў874.
У пачатку 1917 г., калі Берлін, не зацікаўлены ва ўзнікненні ва Усходняй Еўропе буйнай дзяржавы, хоць і ўключанай першапачаткова ў сферу германскага ўплыву, схіліўся да стварэння монанацыянальнай літоўскай дзяржавы, літоўскія палітыкі заўважна ахаладзелі да праекта адраджэння ВКЛ. Аднак прэтэнзіі адноўленай польскай дзяржавы на гістарычную Літву зноў прымусілі літоўцаў і беларусаў да ўзаемаўзгодненых дзеянняў. Нямецкаму эмісару Ф. Pony, які ў сярэдзіне студзеня 1917 г. прыбыў у Вільню, была прадстаўлена палітычная платформа, падрыхтаваная сумесна А. Смятонам, Ю. Шаўлісам, С. Кайрысам, А. Дарашэвічусам, A. і I. Луцкевічамі, В. Ластоўскім. Іх асноўныя палажэнні наступныя: незалежнасць ВКЛ і Курляндыі, аддзеленых ад Расіі; адмоўнае стаўленне да злучэння з Польшчай; падзел ВКЛ на тры аўтаномныя нацыянальныя часткі (літоўскую, беларускую і латышскую); ста ліца Вільня з дзвюма афіцыйнымі мовамі (літоўскай і беларускай) належыць да літоўскай часткі875. Гэта быў другі і апошні сумесны беларуска-літоўскі праект адраджэння ВКЛ.
Хоць супольныя палітычныя дзеянні дава ліся ўсё цяжэй, у
872 Abramowicz Ludwik. Polska a Litwa [1917] И БАНД. Ф. 79. Cnp. 767. Арк. 1 адв., 3-4.
873 Тамсама. Арк. 2, 3-3 адв.
874 Луцкевіч А. Уваскросшы праект (аб беларуска-ўкраінска-літоўскім саюзе) И А. Луцкевіч. Варацьба за вызваленне / уклад., навук. рэд., пераклады, каментары і прадмова А. Сідарэвіча. Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. С. 319.
875 Гімжаўскас Э. Беларускі фактар утварэння сучаснай літоўскай дзяржавы. 1915-1917 гг. // Гістарычны альманах. Гародня; Беласток, 2005. Т. 11. С. 61-62.
мемарандуме канцлеру Германіі ў сакавіку 1917 г. А. Луцкевіч гаварыў пра агульнае жаданне беларусаў і літоўцаў мець «хоць бы часткова рэстытуяванае Вялікае Княства Літоўскае»876 (дадатак 35). Згодна дакументаў беларускіх арганізацый 1917 г., менавіта адсутнасць паразумення з літоўцамі перашкодзіла рэалізацыі праекта Канфедэрацыі ВКЛ877. Іх нежаданне адраджаць ВКЛ было выказана вуснамі кіраўніка Тарыбы А. Смятоны: «Літва не хоча апусціцца да ўзроўню правінцыі якойсьці дзяржавы, бо тады будзе падпарадкавана чужым інтарэсам»878. У мемарандуме да нямецкіх уладаў, абвешчаным літоўскімі палітыкамі у ліпені 1917 г., Літва выстаўлялася манапольнай пераемніцай гістарычнай спадчыны ВКЛ і ўтрымліваліся яе прэтэнзіі на беларускія землі. У сувязі з гэтым 22 ліпеня 1917 г. А. Луцкевіч заявіў, што літоўцы сталі для беларусаў нават большымі ворагамі, чым палякі879.
Адданыя краёвай ідэі дзеячы марылі аб адраджэнні гістарычнай Літвы як шматнацыянальнай дзяржавы літоўцаў, беларусаў, яўрэяў і палякаў, асуджалі выстаўленую літоўскім нацыянальным рухам праграму аўтаноміі, а потым і незалежнасці этнічнай Літвы, бо яна надрывала і ламала старую дзяржаўную канцэпцыю гістарычнай Літвы, якой супрацьпаставіла падзел зямель былога ВКЛ880. Уладзіслаў Завадскі пісаў у «Мемарыяле па літоўскаму пытанню» 7 лістапада 1917 г., што «літоўскі рух ... зусім не вынікае з дзяржаўнай традыцыі В. Княства». Прэтэндуючы на Вільню, як сталіцу гістарычнай Літвы, ён разрывае з гэтай традыцыяй, «на другі план ставіць патрэбы краю, ігнаруе інтарэсы іншых нацыянальнасцяў краю», у сваім імкненні
876 Его Эксцеллянции господину Имперскому Канцеляру. 1917 г. И БАНЛ. Ф. 21. Арк. 11-12.
877 Гімжаўскас Э. Беларускі фактар утварэння сучаснай літоўскай дзяржавы. 1915-1917 гг. И Гістарычны альманах. Гародня; Беласток, 2005. Т. 11. С. 62.
878 Smetona A. Geneza litewskiej rady krajowej. XI.1917 И БАНЛ. Ф. 79. Спр. 784. Арк. 2.
879 Шыбека 3. Чаму Вільня не стала сталіцай ВНР? [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://old.belcollegium.org/lekcyji/historyja/szybeka_01.htm. Дата доступу: 24.01.2019.
880 Цуба М. В. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі з пачатку Першай сусветнай вайны да Лютаўскай рэвалюцыі (жнівень 1914 люты 1917 гг.): Матэрыялы да курса «Гісторыя Беларусі». Пінск: Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, 2006. С. 83, 96.
сканструяваць дзяржаву ён усвядомлена ідзе «на змяшанне гістарычнай Літвы з этнаграфічнай»881.
На нямецка-літоўскай сустрэчы, якая адбылася 13 лістапада 1917 г. у Берліне пад старшынствам Ф. Ропа, абмяркоўвалася пытанне аб палітычнай будучыні Літвы. Адзін з удзельнікаў таго сходу, прафесар Берлінскага ўніверсітэта Ганс Дэлбрук, звярнуў увагу на складанасць гэтага пытання і выказаў занепакоенасць лёсам Вільні «самага незвычайнага горада на свеце, які размешчаны на беларускай зямлі, заселены палякамі і яўрэямі (ліцвіны складаюць хіба тры чалавекі са ста), а мае стаць сталіцай Літвы»882. Падтрымка Германіі дазволіла літоўскім палітыкам цвёрда ўзяць курс на ўтварэнне монанацыянальнай дзяржавы ў межах «этнаграфічнай Літвы з прылеглымі тэрыторыямі» і са сталіцай у Вільні.
У1917-1918 гг. інтарэсы былых саюзнікаў па ВКЛ усё болып разыходзяцца. У іх змаганні за дзяржаўнае самасцвярджэнне спадчына Княства становяцца аб’ектам палітычнай канкурэнцыі, узаемных тэрытарыяльных і нацыянальных прэтэнзій.
У адказ на літоўскія прэтэнзіі на беларускія землі ў Вільні летам 1917 г. заявіла аб сабе заканспіраваная арганізацыя на чале з В. Ластоўскім «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі». Яна выказала пратэст супраць «анэксыйных прэтэнсій літвіноў да беларускіх зямель, знаходзячыся па гэтай старане фронту, абапертых на тым, што землі гэтыя ўхадзілі колісь у склад В.Князьства Літоўскага»883. Група В. Ластоўскага была першай беларускай арганізацыяй, якая паставіла пытанне аб незалежнасці Беларусі і арыентавала суайчыннікаў на пабудову сваёй дзяржавы з апорай на ўласныя сілы.
Праблематычнасць аднаўлення ВКЛ станавілася яшчэ большай на фоне падзей ва Усходняй Беларусі. Там пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. нацыянальны рух разгортваўся на платформе аўтаноміі Беларусі ў этнічных межах у расійскай федэрацыі і не стасоўваўся з арыентацыяй віленскага
881 Zawadski Wt. Memorial о sprawie litewskiej. 7.11.1917 II БАНД. Ф. 79. Спр. 787. Арк. 2, 5.
882 Літоўскі вечар у Берліне. 1917 г. Артикул И БАНД. Ф. 79. Спр. 822. Арк. 3-5.
883 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (19171922 гг.). Мінск: БелНДІДАС, 1997. С. 17.
беларускага цэнтра на супольную з літоўцамі дзяржаву ў межах былога ВКЛ884.
У кастрычніку-лістападзе 1917 г., пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі, адзін з буйнейшых землеўласнікаў Ашмянскага навета Казімір Шафнагель заклікаў інтэлігенцыю краю не ўпусціць спрыяльны гістарычны момант, які можа ніколі болып не паўторыцца, для нацыяна льнага і палітычнага адраджэння беларускага народа, пазбаўленага сваёй дзяржаўнасці, кінутага сваімі кіраўнікамі духавенствам і свецкай інтэлігенцыяй, «баламучанага» палітычна, эканамічна і культурна пануючымі над ім нацыянальнасцямі. «Няма даўнасці для правоў народу, пісаў К. Шафнагель, і гасударственасць, трываўшая цэлыя сталецці пад іменем Беларуска-Літоўскай дзяржавы і загубленая сто лет таму назад, мусіць быць вернута паўстаўшым да новага жыцця беларусам і літвінам, адвечным гаспадарам гэтага краю...»885. Ён асуджаў апалячанае панства і інтэлігенцыю краю, якія хочуць беларускаму народу «навязаць ... чужую гасударственасць замест памагчы яму стварыць уласную». Краёвец павучаў іх не «шукаць сабе ідэалаў у Варшаве або Кракаве», а «свае палітычныя аспірацыі, ідэалы, вашы патрыятычныя абавязкі» чэрпаць са свайго краю, з Бацькаўшчыны. «Не Польшчу трэба тут цяпер будаваць, а нашу ўласную дзяржаву; не арла, а нагоню насіць»886.