Індыйскія казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 191с.
Мінск 1998
Гэтага было занадта нават для мудраца. За ўсё сваё жыццё ён не бачыў такі цуд. Ён аслупянеў. Ён не мог сказаць ніводнага слова, ён толькі адкрываў і закрываў рот, як рыба. Але ён напужаўся яшчэ больш, калі ўбачыў, што Сударшан Чакра накіроўваецца да яго.
— He забівай мяне,— закрычаў ён у паніцы і пабег так хутка, як толькі мог, а Чакра кружачыся лётаў за ім.
Ён паварочваўся і бачыў, што Чакра амаль што дагнаў яго. Тады ён пабег яшчэ хутчэй, і маліў усіх, каб яму дапамаглі. Але ў Чакры не было намеру забіваць яго, ён толькі хацеў даць яму ўрок. Тады мудрэц быў вымушаны звярнуцца да Вішны і маліць яго, каб ён забраў Чакру. Але Вялікі Вішну сказаў, што Дурваза паводзіў сябе вельмі подла ў адносінах да караля Амбарыша, і што Чакра пакіне яго ў спакоі, калі толькі кароль даруе яму.
Тады Дурваза зноў паімчаўся на зямлю і ўпаў ля ног караля, папрасіў у яго прабачэння. Добры кароль адчуваў сябе неяк няёмка, таму што ў мудраца быў вялікі клопат праз яго. Амбарыша папрасіў сваю варту дараваць мудрацу. Чакра пачуў гэтую малітву і пайшоў прэч.
Такім чынам Дурваза зразумеў, што Бог заўсёды клапоціцца аб тых, хто яго любіць.
Пуран’яя: кароль, які ездзіў вярхом на Індры
Вуран’яя быў адным з праўнукаў Ікшваку. Ён быў магутны правіцель і па сваёй доблесці перавышаў нават дэўтаў. Была калісьці вайна паміж дэўтамі і данавасамі, або дэманамі. Вайна працягвалася многа дзён, і дэўты ўсё больш і больш уступалі дэманам.
— Дык яны ж вельмі хутка прагоняць мяне з нябёсаў і зоймуць мой трон,— занепакоіўся Індра.— Нам патрэбна дапамога з Зямлі. Давайце пойдзем да Пуран’яі; адно толькі імя Пуран’яі выклікае жах у сэрцах ворагаў.
Але дэўты сумняваліся, ці дапаможа ім Пуран’яя, таму што вельмі часта зайздросцілі магутнасці караля і не заўсёды абыходзіліся з ім добра. Нават Індра аднойчы зняважыў караля, вось чаму зараз яны з неахвотай думалі пра караля. Але ў гэты час дэманы працягвалі сваё буйства. Яны будуць ляжаць, чакаючы, каб накінуцца на неасцярожных дэўтаў, яны будуць рабіць раптоўныя атакі ў любы час — ноччу, ці днём. Карацей кажучы, яны зрабілі жыццё дэўтаў невыносным.
Нарэшце Індра стрымаў сваё слова, спусціўся на зямлю і папрасіў караля аб дапамозе. Кароль усміхнуўся пра сябе, таму што Індра, які паводзіў сябе заўсёды вельмі кепска, папрасіў дапамогі.
— Я павінен даць ганарлівым дэўтам урок,— падумаў ён і адказаў Індру, што гатовы дапамагчы, але толькі пры адной умове.
— Я так і ведаў, што ты не згадзішся дапамагчы нам без якой-небудзь умовы,— сказаў
Індра нецярпліва.— Ты будзеш мець усё, што толькі захочаш, толькі паспяшайся і дапамажы нам.
— Я гатовы,— сказаў кароль і штурхнуў Індру, і калі той стаў абапіраючыся на рукі і ногі, асядлаў яго.— Паехалі!
— Як ты пасмеў! — закрычаў Індра. Ён быў на сваіх чатырох і ніяк не мог устаць.— Ніхто з смяротных не пасмее гэтак абразіць мяне!
— Прабач,— адказаў Пуран’яя, падымаючыся.— Відаць тут ёсць нейкая памылка. Як я разумею, я магу атрымаць тое, што захацеў.
— Канешне, я абяцаў, што ты можаш мець тое, што хочаш. Але ж гэта не азначае, што ты можаш штурхануць мяне, каб я паляцеў на зямлю, а ты сеў мне на спіну, як маленькі хлопчык! — сказаў Індра яшчэ ў гневе.
— Так? — спытаў кароль.— Але ж гэта як раз тое, што я і хачу зрабіць.
— Што ты хочаш зрабіць? — запытаў Індра зласліва.— Чаму ты не хочаш сказаць мне дакладна, што табе трэба!
На гэта кароль адказаў:
— Ты павінен данесці мяне да поля бітвы на сваёй спіне, і толькі тады я буду біцца за цябе, — гэта і ёсць мая ўмова. А ты як сабе хочаш: прымай ці не.
Індра зразумеў, што яго загналі ў кут, але ж яму нічога не заставалася рабіць, як згадзіцца на ўмову караля. Тады ён ператварыў сябе ў быка, і кароль ускочыў на яго. Так Індра паскакаў з ім насустрач з азурамі. Пуран’яя ляцеў, як маланка, ствараючы паніку ў стане ворага, Неўзабаве азуры кінуліся бегчы. Пасля перамогі над дэманамі Пуран’яя вярнуўся на зямлю і працягваў правіць у сваім каралеўстве яшчэ многія гады.
Кубалашва: забойца Дхундху
пачатку стварэння, калі Брахма нарадзіўся з пупа Вішну, зло на^9 радзілася таксама. Яно прыняло аблічча двух дэманаў. Яны выйшлі з вушэй Вішну. Хаця Вішну забіў іх, зло выжыла ў выглядзе іх дзяцей. Адзін з сыноў стаў вельмі магутным. Яго звалі Дхундху. Але Дхундху хацеў быць непераможным, таму ён пайшоў у лес і пачаў медытыраваць. Ён стаяў на адной назе і маліўся шмат гадоў, пакуль сам Брахма не з’явіўся перад ім і не спытаў яго, чаго ён жадае.
Дхундху адказаў:
— О Божа, я не баюся чалавека, але ўвесь час жыву ў страху, што аднойчы другі дэман ці дэўт можа загубіць мяне. Падары мне, калі ласка, такое сваяцтва, каб ні бог, ні дэман не здолелі б забіць мяне.
Брахма падарыў яму гэтае сваяцтва і знік. Але як толькі ён атрымаў гэтае сваяцтва, то пачаў турбаваць кожнага. Ён прыносіў смерць і разбурэнне паўсюль, дзе толькі ні з’яўляўся. I адно толькі прыгадванне яго імя наводзіла жах на людзей. Яны малілі Бога аб дапамозе, але паколькі сам Брахма блаславіў дэмана, яго было нялёгка знішчыць. У адчаі людзі звярнуліся да караля гэтай краіны. У той час краінай правіў адзін з праўнукаў Пуран’яі. Сталіцай гэтай краіны была Айодх’я. Дык вось людзі пайшлі ў Айодх’ю, каб папрасіць дапамогі ў караля. Але калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў, што стаў вельмі стары і хоча пайсці ў лес, каб маліцца і правесці гэтак рэштку сваіх дзён. Між тым ён паклікаў свайго сына Кубалашву, перш чым пайсці, і расказаў яму пра жудаснага дэмана.
— Я ўпэўнены, што ты зможаш адолець Дхундху,— сказаў ён Кубалашву, таму што сам Брахма блаславіў яго, калі ён нарадзіўся, падарыў яму чароўную зброю, Брахмастру, якую можна было скарыстаць толькі аднойчы.
I вось паклікаў Кубалашва ўсіх сваіх воінаў і адразу ж адправіўся на пошукі дэмана. Яны блукалі шмат дзён, калі кароль і яго дваццаць адна тысяча воінаў дайшлі да краю пустыні. Там спыніліся, зачараваныя карцінай, якая ім адкрылася. Уся пустыня гарэла. Языкі полымя вышэй за дрэвы ўздымаліся дагары. I раптам зямля задрыжэла, пясок таксама пачаў уздымацца ўвышыню: пачалася пясчаная бура. Усё было пакрыта пяском, і некаторы час нічога не было бачна.
Кароль не ведаў, што гэта ўсё азначала, таму ён запытаў у мудраца, што было прычынай гэтай з’явы. Мудрэц растлумачыў, што пустыня — гэта месца, дзе хаваўся страшны Дхундху. У той момант дэман моцна спаў пад пустыняй. Пясочная бура выклікана яго дыханнем. Кожны раз, калі ён уздыхае, пачынаецца землятрус і полымя вырываецца з яго носу.
Тады кароль і яго войска пачалі капаць пясок і знайшлі спячага гіганта. Калі Дхундху сеў, воіны нацэлілі на яго сваю зброю, але дэман праглынуў яе. Потым ён адкрыў рот і накіраваў на воінаў моцнае полымя. Толькі некаторым удалося выратавацца. Кубалашва, аднак, не пакутваў ад полымя. Убачыўшы гэта, дэман адкрыў рот зноў, і з яго пацёк паток вады. Кароль заплюшчыў вочы, і папрасіў Бога дапамагчы. Перш чым вада дакранулася да яго, кароль адчуў, што хоча піць. Ён адкрыў рот, пачаў піць ваду, пакуль не выпіў яе ўсю. Дэман убачыў гэта, і, моцна ўскрыкнуўшы, кінуўся на караля.
Тут Кубалашва зразумеў, што надышоў час скарыстаць сваю моцную зброю, якую даў яму Брахма. Ён стрэліў па дэману, і той зваліўся на зямлю з вялікім грукатам і памёр. I адразу з нябёсаў пасыпаліся кветкі: гэта дэўты славілі таго, хто перамог Дхундху.
Вось чаму сёння Кубалашва больш вядомы як Дхундхумара альбо той, хто перамог Дхундху.
Рай для Трышанку
караля, які правіў пасля Кубалашвы, быў сын, якога звалі Сацьябрата. Сацьябрата — азначае праўдзівы, і кароль спадзяваўся, што яго сын вырасце дабрадзейным, добрым чалавекам. Але разгубіўся, калі зразумеў, што хаця ў ягонага сына было багата вартасцей, было таксама і многа недахопаў. Адначасова прынц быў добрым і шчодрым, а ў другі час ён рабіўся жорсткім і распусным. Зразумела, што ў яго з’явілася багата ворагаў. Усё гэта засмучала яго бацьку.
— Ты трапіш у бяду, калі не зменіш сябе,— часта гаварыў бацька Сацьбрату.
I даволі хутка Сацьябрат трапіў у бяду.
Аднойчы Сацьябрат убачыў маладую жанчыну, якую неслі ў паланкіне. Вельмі мала слуг суправаджала яе. Сацьябрат вырашыў жаніцца на ёй, але яму сказалі, што яна ўжо замужам і што яе муж — суседні кароль. Аднак, пачуўшы гэта, прынц сілай забраў каралеву. Калі яго бацька пачуў пра гэта, ён раззлаваўся. Ён паклікаў свайго свяшчэнніка і дарадчыка, мудраца Васішту і сказаў:
— Мой сын заслугоўвае самае вялікае, якое толькі магчыма, пакаранне за тое, што ён зрабіў.
Такім чынам, па парадзе Васішчы, ён паслаў Сацьябрата ў ссылку на дванаццаць гадоў, каб ён жыў як чандала. Чандала — гэта людзі самай нізкай касты, якія зараблялі на жыццё тым, што спальвалі мёртвыя целы.
У час ссылкі Сацьябрат жыў у лесе, у тых мясцінах, дзе быў страшэнны голад. Паколькі не было дажджу, уся расліннасць загінула. Мноства людзей і жывёл памёрла ад голаду і смагі, таму што нават азёры і рэкі высахлі.
Вялікі мудрэц Вішвамітра жыў са сваёй сям’ёй у тым лесе, дзе жыў прынц, як чандала, але ў той час, калі пачаўся голад, мудраца-дома не было. Ён пайшоў у іншыя мясціны, каб зрабіць епітым’ю. Яго жонка і дзеці паміралі з голаду. Сацьябрат пашкадаваў іх. Ён сабраў усю ежу, якую толькі мог сабраць, і пакінуў яе ля парога дома Вішвамітры. Ён пакідаў ежу для гэтай сям’і кожны дзень на працягу дванаццаці доўгіх гадоў. Аднойчы, бліжэй да заканчэння ягонай ссылкі, ён не знайшоў ніякай ежы. Ён блукаў амаль два дні, каб знайсці штосьці паесці, але не змог знайсці ні жывёліны, ні фруктаў. Ён ужо амаль што паміраў ад голаду, як раптам убачыў карову, якая, як ён зразумеў, была каровай Васішты. Сацьябрат украў гэтую карову, забіў яе і наталіў голад мясам. I як заўсёды, ён пакінуў крыху ежы для сям’і Вішвамітры. Такім чынам грэх крадзяжу і грэх забойства каровы дадаліся да яго першага граху, і ён атрымаў імя Трышанку, што азначае тры грахі.
Трышанку стаў каралём Айёдх’і пасля таго, як ён вярнуўся са ссылкі. Пасля кіравання на працягу некалькіх гадоў Трышанку паклікаў мудрага Васішту, таму што хацеў ведаць, як
можна трапіць у рай. Мудрэйшы растлумачыў, што той, хто жыве набожна і дабрадзейна, трапляе ў рай пасля смерці.
— Каралі вельмі часта трапляюць у рай, таму што яны робяць ахвярапрынашэнне і абрад Яйну,— сказаў Васішта Трышанку.