Індыйскія казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 191с.
Мінск 1998
А ўвечары і сам ліхвяр да сясцёр з’явіўся — увесь пабіты, змучаны, невядома ў чым душа трымаецца. Прынёс ён ім кашэль, а ў ім — новенькія залатыя. Так вось і разбагацелі бедныя жанчыны, а ўсё з таго, што добра драўляным таўкачом працаваць умелі... 3 таго часу нашых жанчын нават нячыстая сіла не чапае — баіцца!
Гэта — за тое
ылі неяк два сябры — вярблюд і шакал. I вось сказаў шакал
-■ вярблюду:
— На тым баку ракі поле цукровага трыснягу. Пераправімся праз раку, ты паясі салодкага трыснягу, а я палаўлю сабе рыбы, і будзе нам добры абед.
Вярблюд узяў шакала на спіну, таму што шакал плаваць не ўмеў, і пераправіліся яны праз раку. Вярблюд залез на поле і ўзяўся за цукровы трыснёг, а шакал пабег па беразе падбіраць рыбу і косці.
Шакал звер невялікі і таму неўзабаве наеўся, а вярблюд толькі пачаў есці. Скончыў шакал свой абед і надумаў скакаць вакол поля, дзе пасвіўся вярблюд. Скача і вые на ўсю сваю шакаллю моц.
Пачулі людзі ў вёсцы выццё шакала, прыбеглі з кіямі гнаць звяругу. Бачаць, скача вакол поля шакал і вые, а на полі пасвіцца вярблюд. Раззлаваліся людзі, кінуліся на вярблюда, пабілі яго і прагналі з поля, а шакал уцёк.
Пакрысе пачухаў пабіты, ледзьве жывы вярблюд да ракі. Дагнаў яго шакал і кажа:
— Вернемся дадому.
— Добра,— адказаў вярблюд.
Узяў шакала да сябе на спіну і пайшоў праз раку. Зайшлі яны далёка ў ваду, вярблюд і кажа:
— Сябар шакал, дрэнна ты са мной абышоўся. Паабедаў, потым выць пачаў. Чаму гэта ты так? Як быццам ты не ведаў, што на твой голас збяруцца людзі з усёй вёскі. Гэта ж праз цябе мяне да паўсмерці збілі, нават паесці не далі. Навошта ты пачаў выць?
— He ведаю,— сказаў шакал.— Такі ў мяне звычай: люблю паспяваць пасля абеду.
Рушылі яны далей у раку. Спачатку было да калена вярблюду, потым усё вышэй і вышэй, нарэшце паплыў вярблюд. Плыве і кажа шакалу:
— Ведаеш што? Хочацца мне паплюхацца ў вадзе.
— Калі ласка, не рабі гэтага,— умольна правішчэў шакал.— Навошта гэта табе?
— He ведаю,— адказаў вярблюд,— такі ўжо ў мяне звычай: люблю пакуляцца пасля абеду.
I пачаў вярблюд цялёпацца ў вадзе. Зваліўся шакал і ўтапіўся, а вярблюд даплыў да берага і пайшоў дадому.
Певень і кошка
ыў-быў у аднаго чалавека певень. А ў дом часцяком забягала кошка. Падкрадзецца непрыкметна на кухню, схопіць здабычу — і прэч. Убачыць певень кошку — і кукарэча. Людзі збягуцца і прагоняць яе. Раззлавалася кошка на пеўня і аднойчы ледзь не задрала яго, ды выратавала яму жыццё кукарэканне.
Блукаў неяк певень па двары, зярняткі кляваў, раптам бачыць — ідзе яму насустрач кошка. Кінуўся певень уцякаць, а кошка яму і кажа, ды так ласкава:
— Братка пеўнік! Чаму ты мяне баішся? Я ж нічога дрэннага табе не зраблю.
Паверыў певень кошчыным прамовам, застаўся ён — цікава, што далей будзе. А кошка, убачыўшы, што яе словы дайшлі да пеўня, працягвала:
— Давай з табой пасябруем. Ты пры маім з’яўленні на кухні не кукарэкай, а я за гэта буду частаваць цябе чым-небудзь смачненькім. Усё, што здабуду, раздзялю з табой пароўну.
Певень моўчкі выслухаў кошку, падумаў і вырашыў, што, бадай, з ёй сябраваць ёсць сэнс.
I кошка стала не баючыся ўваходзіць на кухню, піць малако, есці сыраквашу. Наесца па горла, а рэшткі аднясе пеўню. Так яны і сябравалі.
Аднойчы гаспадыня пакінула на кухні поўны гаршчок смятаны. Убачыла кошка гаршчок і кажа пеўню:
— Праз некалькі дзён будзе свята, нам трэба зрабіць сякія-такія прыпасы. Калі ты мне дапаможаш, мы схаваем гэты гаршчок са смятанай у такім месцы, дзе яго ніхто не ўбачыць. А надыдзе свята, вось ужо тады мы з табой і паласуемся!
Гэтая думка прыйшлася пеўню па душы. Ён схапіў дзюбай гаршчок з аднаго боку, кошка падхапіла з другога. Яны вынеслі гаршчок, схавалі ў падпечак і паціху збеглі.
Але кошка неўзабаве вярнулася. Калі яна ўбачыла гаршчок са смятанай, у яе слінькі пацяклі. I падумала яна: «Калі я крыху паем, певень усё роўна не даведаецца».
Смятана выдалася на рэдкасць смачнай. Кошка некалькі разоў апускала пысу ў гаршчок. 3 вялікай цяжкасцю адарвалася яна ад гаршчка і пайшла дадому. Але думка пра смятану не пакідала яе, і на дні яна тры разы бегала ў прыбудову. Тое ж было і на наступны дзень. He супакоілася яна да таго часу, пакуль не вычысціла ўвесь гаршчок.
Прайшло некалькі дзён. Надыйшло свята. У дамах рыхтавалі смачныя блюды, пах смажанага мяса казытаў у кошчыным носе, але ў яе не было ніякай надзеі атрымаць хаця б кавалачак. Падумала яна ды і кажа пеўню:
— Сёння свята. Пойдзем з табой павесялімся, паядзім смятанкі!
Певень пайшоў за ёй у прыбудову. Кошка выцягнула гаршчок, зазірнула ў яго і кажа:
— Ах, што я бачу! Гэта ты з’еў усю смятану — нашай дружбе здрадзіў!
— Ды я з таго часу першы раз сюды зайшоў! Гэта, відаць, ты зрабіла!
— Ах ты злодзей! Ах ты хітрэц! — раззлавалася кошка.— Такім нахабным, як ты, на зямлі няма месца! — I кінулася на пеўня.
Голасна закрычаў певень. Але кошка скруціла яму шыю і пачала ласавацца курацінай.
Тры царэвічы
даўнія часы жыў цар. Было ў яго тры сыны, адзін аднаго лепш: і смелыя, і разумныя, і разважлівыя. Калі цар састарэў, вырашыў ён пакінуць сваё царства і рэшту дзён пражыць пустэльнікам у святой абіцелі. Пачаў цар думаць, каго ж з сыноў пасадзіць на трон. Думаў, думаў, ды так і не
здолеў выбраць: усе трое аднолькава добрыя і вартыя царскага трону.
Тады цар сабраў дарадцаў і падзяліўся з імі сваім клопатам.
— Вам добра вядома, як шчасліва жывуць падданыя ў маім царстве,— сказаў ён.— Я вырашыў адысці ад дзяржаўных спраў, але не магу вырашыць, каго з трох сыноў пасадзіць на царства, хто з іх будзе гэтак жа клапаціцца пра народ, як я. Вось вам мой загад: зрабіце царэвічам выпрабаванне і пасля скажыце мне, каго з іх вы жадаеце бачыць на маім месцы.
Доўга думалі прыдворныя саветнікі і вяльможы і нарэшце знайшлі спосаб выпрабаваць царэвічаў. Далі яны царовым сынам грошай, кожнаму пароўну і загадалі выправіцца на чужыну. Хто здолее лепш за ўсіх распарадзіцца сваімі грашыма, таму і быць на бацькоўскім троне. Цар пагадзіўся з такім рашэннем.
I вось праз некалькі дзён царэвічы выправіліся ў далёкі шлях. Селі яны на карабель і паплылі ў мора. Доўга яны плылі, а калі ўбачылі зямлю, сышлі на бераг. Тут царэвічы разышліся ў розныя бакі і дамовіліся роўна праз год сустрэцца на гэтым жа месцы.
Два старэйшыя браты надумалі заняцца гандлем, каб здабыць болей багацця, і пайшлі кожны сваім шляхам шукаць удачы. А меншы царэвіч не ведаў, за што яму ўзяцца,— вось ён і пайшоў спакваля ўздоўж берага. Ішоў ён доўга, па баках паглядваў, а потым стала яму сумна. Сеў царэвіч на камень, згадаў пра бацькоўскі дом і загараваў. Раптам перад ім паўстаў стары ў адзенні пустэльніка.
— Адкуль ты прыйшоў юнак, і куды шлях трымаеш? — спытаў ён.
Царэвіч расказаў старому, што прывяло яго ў гэтыя краі. Пустэльнік выслухаў яго і сказаў:
— Ведаю я, сынок, для цябе адну справу. Але не кожнаму яна прыйдзецца па душы. Возьмецца за яе толькі той, хто не прагны да грошай. Калі ты не пагонішся за карысцю, то пасля атрымаеш усё, што пажадаеш.
— Я зраблю так, як ты скажаш,— адказаў царэвіч.
— Добра. Тады купі на ўсе свае грошы зерня і загадай ссыпаць яго ў бурт на беразе. Потым кожны дзень ранкам і вечарам бяры па мяху зерня з гэтай кучы і высыпай у мора. Калі зерне ў.цябе скончыццца, усё роўна адсюль не ідзі!
Сказаў так стары і адразу ж знік. Паслухаўся царэвіч яго парады, купіў на ўсе грошы зерня, загадаў ссыпаць яго ў кучу на беразе мора, а побач разбіў свой шацёр. Кожны дзень ён кідаў у ваду па два мяхі зерня, ды яшчэ жменю зерня браў сабе на ежу — і куча станавілася ўсё менш і менш. I вось надышоў дзень, калі ўсё зерне скончылася, а ў царэвіча не засталося і медзяка, каб набыць жменю зерня і наталіць голад.
Сеў царэвіч на беразе і загараваў: «Так і трэба мне, неразумнаму! Відаць, у нешчаслівы час пакінуў я дом. Паверыў я манюку і дарэмна страціў свае грошы. He наканавана мне быць царом, калі я нават аб сваім уласным дабрабыце не здольны паклапаціцца».
I вырашыў ён, што больш не трэба заставацца яму на гэтым месцы. Пайшоў царэвіч у свой шацёр і лёг спаць, каб раніцой выправіцца ў зваротны шлях.
У той дзень марскія рыбы дарэмна чакалі звычнага корму. Бо ўжо працяглы час — з той самай пары, калі царэвіч пачаў кідаць зерне
ў ваду,— касякі рыб з усяго мора карміліся ля гэтага берага. Следам за сваімі падданымі прыйшоў у гэтыя мясціны і сам валадар рыб. Але на гэты раз упершыню за шмат дзён рыбы не атрымалі зерня. Тады рыбін цар пачаў распытваць сваіх прыбліжаных:
— Што здарылася? Нас смачна кармілі цэлых паўгода. Чаму ж сёння ўсё раптам скончылася? Ці не вінаватыя ў гэтым мы самі? Адкажыце мне, ці адзначаны за сваю шчодрасць той, хто так доўга карміў нас? Ці атрымаў ён ад нас штонебудзь у дар?
— He, уладар! — у адзін голас усклікнулі прыбліжаныя.— Мы нічым не адарылі яго!
— Цяпер я разумею, у чым справа,— сказаў валадар рыб.— Мы аказаліся няўдзячнымі і разлічваемся за гэта. Трэба выправіць нашу памылку. Вось вам мой загад: няхай усе мае падданыя адшукаюць на дне марскім па каштоўнай жамчужыне і да раніцы прынясуць іх нашаму добраму апекуну.
Усю ноч па загаду свайго валадара рыбы выносілі з мора жамчужыны і складвалі іх каля шатра царэвіча. Усю ноч хвалявалася мора ад незлічонай колькасці рыб, якія прыплывалі з жамчужынамі.
Пад раніцу прачнуўся царэвіч ад плёскату хваль і ўбачыў, што побач з шатром вырасла цэлая гурбіна цудоўных жамчужын. Зразумеў ён, чым заслужыў такое багацце, і падумаў: «Дарэмна я наракаў на свае няшчасці. Застануся я на гэтым месцы і буду чакаць, пакуль не прыйдзе тэрмін сустрэчы з братамі».
Частку жамчужын ён прадаў і на атрыманыя грошы купіў зерня. Цяпер марскія рыбы пачалі атрымліваць корму яшчэ больш, чым раней.
Потым царэвіч накупіў кізякоў і ў кожную кізячую аладку схаваў па жамчужыне.
Год прайшоў, і вярнуліся старэйшыя браты. Адзін з іх увесь гэты год гандляваў тканінамі і нажыў шмат усялякага дабра. Другі трымаў бакалейную лаўку і скалаціў немалыя грошы. Даведаліся яны, што ў малодшага брата няма нічога, акрамя вялізнай кучы кізякоў, паднялі яго на смех.
— Ну і дурань жа ты !— кажуць.— I таго не збярог, што табе далі! Ці вялікае багацце гэтыя твае кізякі?