Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
3 Зак. 1085
65
Катарына, як ашалелая кошка, не зводзіла вачэй з хлопца ў штармоўцы і раптам стукнула яго кошыкам па твары. На яе вейках застылі слёзы. Рут, калі яны біліся, абыякава глядзела перад сабою. Потым яна стала збіраць у кошык ягады.
Вярнуўшыся дадому — Рут упершыню хадзіла па свае харчовыя карткі,— яна скінула ружовую начную кофту і сарочку і падцягнула ўверх чорную спадніцу, якая ссунулася па таліі ўніз. Яе цела было далікатнае і гнуткае. Рут была падобна на дзяўчынку, у якой ужо сталі відаць маленькія грудзі. Памыўшы пад кранам за будкаю сарочку і кофту і разаслаўшы іх сушыцца на сонцы, яна лягла побач на коўдры з вярблюджай шэрсці, якой накрывалася ўночы, кладучыся спаць.
Вымытыя рэчы яшчэ не прасохлі, як на ўзгорак падняўся Марцін. Да вечара ў нядзелю ён быў выхадны. Цяпер была субота, толькі дзве гадзіны дня. Яна ўхуталася ў коўдру і асталася сядзець на месцы. Марцін убачыў на траве сарочку. Ён ведаў, што ў яе толькі адна сарочка, і таму не пайшоў да яе. Ён лёг на траву перад будкаю і праз колькі мінут заснуў.
Тое, што ён убачыў у сне, нельга было назваць ні мараю, ні фантазіяй; яно мучыла яго, як мучыць тое, што папраўдзе адбываецца ў жыцці. Салдат заходзіць у маленькі брудны пакойчык дома і авалодвае Рут. Яна ляжыць голая. Ён бачыць яе твар. Заходзіць наступны і авалодвае ёю. За дзвярыма свае чаргі чакаюць многія. Заходзіць яшчэ адзін. Яна — проста рэч. I ў перапынках паміж наведваннямі твар яе астаецца без выразу, нерухомы, як і тады, калі ў яе госць. Прачынаючыся, Марцін адчувае, што яго поўніць, ліхаманкава пранізвае чырванню нейкае белае святло, і шэпча:
— Гэта не яна.— I ўстаючы, ён глядзіць перад сабою, як чалавек, што ў экстазе перарастае самога сябе, і шэптам паўтарае тыя словы, якія гояць яго параненае сэрца:
— Гэта не яна.
Падышла Рут, з коўдраю на руцэ. Ён зірнуў на яе. Як бы ўбачыў нерухомы, без выразу твар з бруднага пакоя ў публічным доме. Яна прывіталася і пайшла ў будку.
— Гэта не яна, і нельга, каб я быў горшы за яе.
Дагэтуль яны гаварылі толькі пра самае неабходнае, пра што гавораць паміж сабою мужчына і жанчына, якія не вельмі блізка ведаюць адно аднаго і толькі час ад часу абменьваюцца прывітаннямі, сустракаючыся на лесвічнай клетцы. Зайшоўшы ўслед за ёю, ён сказаў, што яму не трэба сёння ісці на работу. Яна паставіла грэцца чай, нарэзала скрылікамі каўбасу — усё з Цвішэнцалевых прыпасаў — і расставіла на нізкім століку перад канапаю кубкі і талеркі.
Калі яна налівала чай, дакранаючыся кончыкам указальнага пальца да накрыўкі чайніка, ён бачыў перад вачыма руку з тонкімі пальцамі, і ў паставе яе выразна адчувалася грацыёзнасць цела. У яго міжвольна вырвалася:
— Усё зноў будзе добра, Рут.
Яго пачуццё знайшло выйсце ў позірку, але наткнулася на шкло.
Спачатку яна напоўніла другі кубак, укінула туды цукар, потым села і спакойна, быццам з самага пачатку раз і назаўсёды хацела растлумачыць яму, чаму яно не будзе болей добра, сказала:
— Іх была тысяча, Марцін.
Але яго ўжо цалкам запаланіла абуджанае пачуццё, і ён настойліва паўтарыў:
— У тваім выпадку, Рут, якраз у тваім, тысяча меней, чым адзін.
Яна глядзела перад сабою ў пустату. Штосьці паказалася на яе твары. Была гэта нейкая дзіўная ўсмешка — ні горкая і ні смутная,— быццам прызначаная чалавеку, які страціў разуменне і не ведае, што пера-
жытага ёю ў публічным доме выкрасліць з жыцця нельга. Яна сказала:
— Другія, мабыць, налажылі б на сябе рукі. А мне ўсё роўна.
Яны не пачулі крокаў, трава была густая. Раптам у дзвярах выраслі фраў Гонер і гадзіннікавы майстар Крумбах. Марцін лячыў іх абаіх, і яны прыходзілі да яго кожную суботу. Рут спаласнула пад кранам два кубкі і згатавала ім свежага чаю. Накроіла хлеба і нарэзала каўбасы.
— Усё ад Ісусавых вучняў,— растлумачыў Марцін і падаў ім талерку. У маладых былі госці.
Палахлівая ўдава папрасіла Крумбаха нікому не расказваць ні пра каву, ні пра чаравікі. Невядома яшчэ, чым усё гэта кончыцца. Яна сказала:
— Пра нас Ісусавы вучні, мабыць, зусім забыліся. Хай бы яны і нам чаго-небудзь прынеслі.
Гадзіннікавы майстар толькі паматаў галавою.
— Што ты тут скажаш! — Але болей не асмеліўся гаварыць. Калі Марцін аглядаў фраў Гонер, Рут і Крумбах сядзелі за будкаю на траве. Ён усё не адважваўся загаварыць з ёю. Нарэшце-такі выціснуў з сябе:
— Вы яшчэ такая маладая. У вас наперадзе ўсё жыццё. Час — найлепшы доктар.
Рут абыякава адказала:
— Другі раз нарадзіцца нельга.
* * *
За горадам, побач з руінамі сярэдневяковага разбойніцкага рыцарскага замка, ад якога ў гушчары цярноўніку асталася стаяць адна толькі вежа, аднаго разу надвячоркам сабралася дваццаць хлопцаў, і сярод іх тыя трое, хто адлупцаваў кладаўшчыка і Вужа. Па камандзе «смірна» яны стаялі перад былым эсэсаўскім унтэр-афіцэрам Крысціянам Шарфам, начапіўшым на грудзі свае ваенныя ўзнагароды.
Крысціян Шарф быў сынам настаўніка адной з вюрцбургскіх народных школ. Яму споўнілася дваццаць чатыры гады, ён меў рыжыя валасы і фігуру антычнага атлета. Нядаўна ён атрымаў інструкцыі з Штутгарта ад былога эсэсаўскага лейтэнанта Зігфрыда Кабуса, а той праз кур’ера атрымаў закадзіраваныя інструкцыі з Мюнхена ад эсэсаўскага маёра Блюма. Інструкцыі прадугледжвалі зноў аднавіць ва ўсіх гарадах і раёнах краіны разагнатыя атрады гітлерюгенда з дапамогаю кур’ераў наладзіць сувязі паміж паасобнымі атрадамі, збіраць зброю і выбуховыя рэчы, чыніць акты сабатажу, распальваць антысемітызм і нянавісць да акупацыйных улад і рыхтавацца да «Дня Ікс».
Крысціян Шарф зноў сабраў вюрцбургскі атрад. Сходку ён пачаў прамоваю (усё, як і раней: далоў яўрэяў! Няхай жыве Германія!). Далей ён даручыў тройцы, якая набіла кладаўшчыка і Вужа, падпаліць сёння ўночы Марцінаву драўляную будку. Потым ён схаваў у кішэню ваенныя ўзнагароды, і ўсе рушылі Ў горад.
Самага малодшага паставілі вартаваць на ўзгорку, і цяпер ён далучыўся да іх. Гэта быў Пётр. Сваю таямніцу ён адкрыў толькі Ёгану, сыну старога сацыяліста. На ўсякі выпадак на сходкі ён браў з сабою фінку.
Гэтае ночы вучні схаваліся ў бярэзніку, на краі якога стаяла Марцінава будка. Яны сядзелі за густымі кустамі. Кожны з іх выразаў сабе па добрым дручку. Паблізу будкі за грушай-дзічкай стаяў Ёган.
Апоўначы на ўзгорак пракраліся тры чалавекі. Ёган падняў руку. Хлапчукі прыўзняліся. Пётр шапнуў:
— Рана яшчэ.
1 Арганізацыя фашысцкай моладзі ў нацысцкай Германіі.
Трое неслі з сабою шэсць моцна звязаных пукоў саломы з трэсачкамі пасярэдзіне. Яны хацелі падпаліць іх і ўкінуць у будку праз вокны без шкла. Успыхнуў чырвоны агеньчьік. Пётр падаў знак. Хлапчукі пачалі красціся з ляска, акружаючы будку з абодвух бакоў. Пётр астаўся ў бярэзніку і пачуў крыкі болю, a ў прамежках — моцныя глухія ўдары дрэвам па галаве. Трое кулём кінуліся ўніз з узгорка. Хлапчукі паспешліва падаліся назад у бярэзнік.
У хатку праз акно без шыб заляцеў толькі адзін пучок саломы. Ён ярка гарэў і ўпаў побач з канапаю, на якой ляжала Рут. Марцін кінуўся да яго і затаптаў агонь нагамі. Потым ён выбег на вуліцу і паглядзеў на бакі. Нікога нідзе не было відаць. Пётр папрацаваў як мае быць.
У Рут не было начной сарочкі. Калі вярнуўся Марцін, яна нацягнула да падбароддзя коўдру. Ён жа захінаў рукамі на грудзях піжаму. Яму здалося, што Рут усміхнулася, звяртаючыся да яго:
— Цяпер мне, мабыць, прыйдзецца выехаць адсюль.
Але яго перш за ўсё зацікавіла лёгенькая ўсмешка. Раптам яму палягчэла на душы. Ахоплены гэтым пачуццём, ён схіліўся над ёю. Яна, абараняючыся, падняла руку. Твар яе зноў знерухомеў.
Ён сеў на крэсла і ўзяў яе руку. Яна заплюшчыла векі. Выглядала яно так, быццам сядзеў ён каля ложка смяртэльна хворага чалавека, якому ўжо нельга памагчы. Праз некалькі мінут па яе дыханню ён адчуў, што яна заснула. Ён усхвалявана глядзеў на яе голыя тонкія рукі, і яе рука ў яго руцэ стала такая ж цёплая, як і ягоная.
Назаўтра раніцаю Рут спусцілася ўніз да Ёганы. Нізка над рэчкаю клубіўся шматкамі ранішні туман, які сям-там прабівалі промні слабага яшчэ сонца. Рыбы выскоквалі з вады. Цягнула свежасцю.
Ёгана нерухома стаяла перад люстэркам. У ім яна бачыла не сябе, а Сціва. Перад гэтым ёй прысніўся сон: яны стаяць каля хлеўчука. Вечарэе. Развітваючыся, ён нахіляецца да яе, і яна гэты раз дае пацалаваць сябе ў вусны.
Пачуўшы крокі, яна рэзка павярнулася і затрымала дыханне. I адразу адчула расчараванне, змяшанае з аблягчэннем. Яшчэ нічога не ясна. Можа, ён прыйдзе зноў. Усё ў яе яшчэ наперадзе.
Рут села на ложак. Ёгана з празмерна дзелавым выглядам хадзіла па хлеўчуку, парадкуючы і адначасова расказваючы пра сваю сустрэчу са Сцівам.
— Раптам ён выйшаў з вербалозу. А я была голая. Бо ў мяне няма сапраўднага купальніка. Ён таксама страшэнна засаромеўся. Вось гэта і выбіла мяне з каляіны. Інакш бы я яму адразу сказала, каб ён пайшоў. Канечне, ён мяне зусім не цікавіць, павер. Я ж яго бачыла ўсяго адзін раз. Ён вышэй за мяне, прынамсі, на галаву. Толькі... сама не ведаю... можа, і таму, што ён такі просты. Ведаеш, такі просты, як, скажам, гэтае дрэва. Хачу табе сказаць — я адразу адчула да яго давер.— Яна павярнулася да Рут.— I ўсё ж такі я баялася. Ты гэта можаш зразумець?
Рут кіўнула галавою, як тады ў крапасным рове, калі Катарына папыталася ў яе, ці не баіцца і яна мужчын. Думкамі яна перанеслася ў мінулае, у той рай, дзе ўсе былі нявінныя,— але ёй не прыходзіла адчуванне бязрукага чалавека, які часам адчувае боль у неіснуючай руцэ. Нічога ў ёй не зварухнулася.
Ёгана села на ложак і прыціснулася шчакою да шчакі сяброўкі дзяцінства. Рут ведала, што гэтая пяшчота прызначалася не ёй. Абняўшы Ёгану, яна сказала:
— Можа, усё і будзе добра.
— Ах, Рут, Рут! Я проста не ведаю, што са мною. I прабач мне, калі ласка. Я такая страшэнная эгаістка.
Калі Рут вярнулася да Марціна, перад будкаю стаяў каталіцкі свяшчэннік. Яна абышла будку і села за ёю на траву.
Свяшчэннік, доўгі і худы, у чорнай сутане, быў не старэйшы за Марціна. Чырвань ягоных запалых шчок рэзка выдзялялася. Ён апусціў векі і сказаў:
— Я магу толькі паўтарыць, што вы жывяце з гэтаю дзяўчынаю і тым самым цяжка парушаеце законы святой царквы. У маральных адносінах вы падаеце людзям вельмі шкодны прыклад.