Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
— А потым ён са старой цэглы пабудаваў сапраўдную грубку.
Ён убачыў Ёганіны вочы, якія ззялі шчасцем, і падумаў: «Вочы Рут старэй на цэлы чалавечы век. Вось такой цяпер магла б быць і Рут. Як гэтая нявінная дзяўчына. Поўная надзей і шчасця. Усё было б цудоўна».
Сяброўкі ўсталі і пад руку пайшлі ўздоўж лясочка. Побач з Ёганаю, таксама тоненькай і невялікага росту, Рут была падобна на дзіця, якое надзела занадта шырокую спадніцу старэйшай сястры.
«А я не магу знайсці дарогі да Рут»,— падумаў Марцін. Бяссілле выклікала ў грудзях фізічны боль.
— Ён хацеў пацалаваць мяне. Ах, Рут, я так спалохалася. Што толькі будзе?
Рут, у якой такія пачуцці асталіся дзесьці па той бок жаданняў, задумана глядзела перад сабою, як ша-
фёр, што спрабуе вызначыць па карце, ці не вядзе дарога, па якой ён едзе, у тупік. Пасля таго як вярнулася, яна пачала адчуваць да Ёганы мацярынскую спагаду. Міжволі яна паціснула сяброўцы руку.
Уніз з горкі спускаліся Катарына і Вуж. Яны былі ў Гёхбергу, дзе Вуж дарэмна спрабаваў украсці ў селяніна з каміна шынку. Катарыніны ногі да каленяў былі запылены і рудыя, як зямля. На сукенцы, злева на грудзях, тырчала іголка з белымі ніткамі, якую яна пазычыла ў свайго сябра Пятра. Яе загарэлы, падобны на яблык твар наліўся цёмнай чырванню, калі яна сказала Рут:
— Калі хочаце, дык я зараз прышыю вам верхні гузік.
Усе трое дзяўчат селі на траву да Марціна. Вуж закасаў рукавы. Рукі ён сунуў у кішэні блакітных баваўняных штаноў, якія цесна аблягалі яго худы азадак, і ўважліва сачыў, як Катарына прышывае гузік. Потым ён пайшоў за ёю да водаправоднай трубы. Падняўшы спадніцу, Катарына падставіла пад ваду нагу і абаперлася пры гэтым на Вужа, які адкручваў латунны кранік. Ногі яе значна пасвятлелі.
Ен сказаў:
— Калі хочаш выцерці іх маёй сарочкай, дык я зніму яе. I табе абавязкова патрэбны чаравікі.
— У цябе іх таксама няма.
— У мяне — другое. Ты ж дзяўчына!..
— Ты думаеш, што чаравікі мне трэба таму, што я дзяўчына? Чаму?
— Ах, проста так. Між іншым, я сам магу зрабіць табе чаравікі. Але спачатку мне трэба зняць мерку.
Вуж хацеў стаць шаўцом. Некалькі дзён таму назад ён папытаўся ў шаўца Лемляйна, ці трэба яму вучань.
— Скуры ў мяне, праўда, няма,— адказаў пан Лемляйн.— Але вучань мне спатрэбіцца. Прыходзь у панядзелак.
Пан Лемляйн ставіў на старыя чаравікі букавыя падэшвы і выразаў новыя драўляныя чаравікі. Іх у яго проста рвалі з рук. У яго ў сутарэнні, над якім не было дома, ляжалі тры тоўстыя букавыя бервяны. Ён паспеў прывезці з лесу матэрыялу на тысячу пар чаравікаў.
Марцін прынёс ім дзве долькі шакаладу і зноў падаўся ў будку. Вуж гукнуў яго:
— Адкуль у вас шакалад?
— Ад Ісусавых вучняў.
— Вось яно што.
Калі яны зноў падымаліся на горку, Катарына папыталася:
— А хто такія Ісусавы вучні?
— О, гэта сацыялісты.
— А іпто, сацыялісты раздаюць шакалад?
— А як жа! — Ён разламаў сваю дольку на дзве часткі і па-геройску абыякава прапанаваў: — Бяры палову і майго шакаладу.
Ёгана і Рут моўчкі сядзелі на траве.
— Толькі што, калі ты была ў хаце, Марцін сказаў мне, што ён хацеў бы пераехаць з табою ў Шпесарт. I ажаніцца з табою.
Рут раз за разам расшпільвала і зашпільвала верхні гузік.
— Мне трэба куды-небудзь з’ехаць. Ён толькі будзе няшчасны са мною. Хай бы яны лепш спалілі мяне ў Аўшвіцу. Нічога тады б не было. Мне трэба куды-небудзь з’ехаць.
— Рут, але ж ён кахае цябе, папраўдзе ён кахае цябе.
— Нават каб я і магла, а такое зусім немагчыма, то нічога б не выйшла. Я табе, Ёгана, не магу растлумачыць. Табе не магу.
— Рут, ты можаш гаварыць мне ўсё, нават калі я... прызнаюся, і мала чаго ведаю пра гэта.
— He, ты папраўдзе ведаеш мала.
— Для мяне ты такая ж, як і раней. Цяпер ты мне нават даражэй. Ах, Рут. Тое ж на сэрцы і ў Марціна. Няўжо ты гэтага не разумееш?
Перш чым адказаць, Рут дапытліва паглядзела на Ёгану:
— Па дзесяць мужчын кожны дзень! Мне ўжо стала ўсё роўна. Усё. Але Марціну яно не можа быць усё роўна. Ніколі! I я — я ўзненавіджу яго, калі стану яму жонкаю. Ён тады зробіцца адным з гэтай тысячы мужчын, я тады, мусіць, заб’ю яго. Або сябе. Калі стану яму жонкаю.
* * *
Ёгана хадзіла па хлебны паёк. Каля гары друзу, дзе раней знаходзіўся бацькоўскі дом, яна па прывычцы спынілася, бо раней у руінах часам знаходзілася сёе-тое патрэбнае. Па вузкай, ачышчанай сярод друзу дарожцы міма яе прайшло некалькі знаёмых. Усе моўчкі прывіталіся, з аднолькаваю таямнічаю ўсмешкаю на твары — як бы пасылаючы яе з пустаты ў пустату.
Пад абвугленаю бэлькаю яна заўважыла нешта пярэстае і пазнала ў ім партрэт Бісмарка, алеаграфію, якая вісела ў бацькавым кабінеце. Нічога ў ёй не зварухнулася. У яе не асталося хвалюючых успамінаў аб бацькоўскім доме. Над кучаю друзу паднялося воблачка пылу. Мусіць, уласная вага зрушыла з месца нейкую цагліну. Законы прыроды не страцілі свае сілы.
Салдаты акупацыйных войск жылі ў ацалелых дамах, пераважна ў асабняках, што дзе-нідзе зберагліся ў гарадскіх прадмесцях. Сціў са сваімі таварышамі ляжаў на траве ў садзе перад маленькім белым асабняком. Ён ужо здалёк убачыў Ёгану і падняўся з месца.
Другія таксама падышлі да агароджы і глядзелі на дзяўчыну, якая паволі набліжалася.
Пасля той цяжкай размовы ў месячную ноч Сціў болей не хадзіў да Ёганы. Яго стрымлівалі нейкія заблытаныя пачуцці. Калі яна наблізілася так, што ён мог ужо распазнаць рысы яе твару, ён падаўся насустрач ёй. Яго жаданне паказацца з прыгожаю дзяўчынаю перад таварышамі цяпер спраўдзілася. Але раптам яно чамусьці прапала. Усе глядзелі ёй услед. Нізенькі таўстун-сяржант зухавата свіснуў.
Ёгана, паглыбленая ў думкі, спалохана адхіснулася ўбок, пачуўшы Сцівава прывітанне:
— Ало, Ёгана.
Ён пайшоў побач. I яшчэ нешта трэцяе, варожае, ішло з імі.
Ён сказаў:
— Добра, калі вы яшчэ не распальвалі агню ў грубцы. Бо гліне трэба спачатку прасохнуць, і першы агонь павінен быць вельмі слабы. Я ахвотна паглядзеў бы на гэта. Калі вы не супраць.
Яна толькі кіўнула галавою, і ўсё ж у яе на сэрцы палягчэла. Побач з рослым Сцівам яна выдавала вельмі маленькаю, хоць ён міжвольна ішоў крыху нагнуўшыся, быццам хацеў быць бліжэй да яе.
Раптам у яго з непасрэднасцю, уласцівай простым людзям, вырвалася:
— Вы не адказваеце за тое, што нарабілі нацысты. Глупства! Вы несправядлівыя да сябе!
Яны падышлі да вербалозу. Ёгана з яе гонарам дзяўчыны, якая беражэ сябе дзеля таго, каго потым пакахае на ўсё жыццё, нізашто не прыняла б яго кахання, як не прыняла б яна і незаслужанай узнагароды. Цяпер, калі для яго канфлікт перастаў існаваць, ёй раптам палягчэла на сэрцы. Яна ішла і пазірала на Сціва, і ўсё яе пачуццё прарвалася ў словах, якіх яна не магла не сказаць:
— Давайце запалім першы агонь у грубцы. Калі хочаце.
Замест адказу ён узяў яе за руку, і гэта здалося ёй само сабою зразумелым. Час ад часу ім прыходзілася разыходзіцца, мінаючы якое-небудзь карэнішча. Але і тады яны трымаліся за рукі. Усмешкай і позіркамі Ёгана спрабавала паказаць, што гэта толькі дзіцячая гульня. Але калі яна, пераходзячы на дыбачках цераз корань, звалілася яму ў рукі, усё стала сур’ёзна. Яна задрыжала, калі Сціў мацней абняў і пацалаваў яе. Але і сама адказала на пацалунак.
Апошнюю сотню крокаў яны болей не трымаліся за рукі. Ёгана ішла з апушчанаю галавою. Яна не саромелася, была сур’ёзная і сабраная. Выглядала ўсё так, быццам толькі што яна пераступіла цераз браму жыцця і цяпер ведала, што рана ці позна за ўсё прыйдзецца плаціць. I за шчасце таксама.
Сціў зверху ўніз паглядзеў на яе валасы, якія толькі што цалаваў, і раптам убачыў перад сабою куст расквітнелага цёрну на ферме ў Пенсільваніі. Міжволі ў яго вырваліся словы:
— Ён расце за хлявом.
Ён збянтэжыўся, калі яна запытальна зірнула на яго, бо і сам не мог растлумачыць сабе, якое дачыненне мела Ёгана і яе валасы да пышнага цёрну.
Сухіх галінак і невялікіх кавалачкаў дрэва, прыбітых да берага, што сталі камяніста шэрымі ад сонца, тут хапала. Сціў расклаў маленькі агеньчык. Ёгана абрадавана ўслухоўвалася ў трэск агню. А печніка болей цікавіла ледзь чутнае ціхенькае пяянне гліны, якая праходзіла тут сваё хрышчэнне агнём.
У хлеўчуку цяпер стаяў нейкі мяшаны пах фарбы, вапны і свежых сцен, як дзе-небудзь на новабудоўлі. Але праз кароткі час ад чырвонага цаглянага кубіка пайшла мяккая цяплынь — у Ёганы была свая грубка.
Паміж канцом трубы і завостраным казырком ад
дажджу клубіўся ў метры над дахам блакітны дымок, падымаўся ўгору ў яснае паветра вераснёвага дня, так родна і ўцешна, што здавалася, быццам еўрапейская цывілізацыя, якая сама сябе зжэрла ў вайну, ператварыўшыся ў кучу руін, зрабіла тут першы крок да новага пачатку.
Егана ўсё-такі спадзявалася, што Сціў калі-небудзь прыйдзе да яе, і таму як магла ўпрыгожыла хляўчук. На аконнай пройме без шкла цяпер вісела невялічкая белая фіранка, энергічна адсунутая ўнізе вяровачкаю ўбок, на стале стаяў букет жоўтых, як труба аркестра, адуванчыкаў у кансервавай бляшанцы, абгорнутай блакітнай упаковачнай паперай, на краях якой яна ўкруг выразала брыжы. Перад ложкам ляжаў палавічок з свежазялёных лазовых пруткоў, шырыні і даўжыні якога якраз хапала, каб на яго маглі стаць дзве босыя нагі. Палавічок упрыгожвала чырвоная стужка, завязаная пасярэдзіне наўкруга.
Яны сядзелі побач на краі ложка. Стала цямнець. Яна запаліла адну з прынесеных ім свечак, святло якой мякка падала на яе твар. Вяночак светла-рудых зорачак ззяў вакол зрэнкаў.
Яна сачыла, як ён пазіраў на яе гаспадыньскія старанні, зноў і зноў па чарзе аглядаў кожную рэч, і збянтэжылася. Ён заўважыў гэта і, калі яна апусціла павекі, здагадаўся, што яна зрабіла гэта дзеля яго.
Тады і ён зрабіў ёй прызнанне ў каханні:
— Вось і вы цяпер можаце тут гатаваць сабе яду.
Яго тон усхваляваў яе. Якое ж харошае ўсё-такі жыццё! Толькі дагэтуль яно праходзіла міма яе. Міжволі яна крышку пасунулася да яго. Было так добра сядзець побач з ім. Нічога на свеце не страшна.
Праз нейкі, важны для іх момант Сціў абняў яе. Ён ніколі не быў спакуснікам. Некалі, перамагаючы сваю нясмеласць, ён пару разоў спрабаваў заляцацца да дзяўчат у Пенсільваніі.
— Ёгана, я вам падабаюся?
Яна толькі кіўнула галавою. Але раптам з вачэй у яе пакаціліся слёзы. Сказаць жа яна нічога не магла.