Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Яны прагаладаліся. Катарына і кладаўшчык разам з Рут спусціліся ў склеп па прадукты. Кладаўшчык здзівіўся. Яго паліцы ў сутарэнні манастырскай царквы былі пустыя, а тут...
Калі яны падымаліся наверх следам за Рут, ён сказаў Катарыне:
— Што тут гаварыць — нам цяпер трэба лазіць толькі ў сялянскія скляпы. Вось дзе ёсць што ўзяць.
Як толькі са стала, быццам па чарадзейным знаку, знікла яечня, Рут прынесла коўдры і старыя бульбяныя мяхі. Хлапчукі ляглі спаць у пакоі на кітайскім дыване. Катарына ўладкавалася ў спальным пакоі Рут на бідэрмайерскай канапе. На ёй быў надзеты той самы жоўты купальны касцюм. Перад сном яна падняла галаву, матнула ёю, нібы пытаючыся, і шмыгнула да Рут на ложак. Рут патушыла лямпу.
— У лесе было страх як цёмна,— расказвала Катарына, соладка ўздыхаючы.— Проста жах! Нядаўна я была адна ў лесе і заблудзілася. I раптам з кустоў выйшаў мужчына.
Ужо засынаючы, яна ямчэй прыціснулася да Рут. Галава дзяўчынкі ляжала на грудзях Рут. Гэтую карціну Рут бачыла аднаго разу ў марах, у крапасным
рове пад шыпшынаю з чырвонымі ягадамі. Яна асцярожна абняла сонную дзяўчынку. Праз некалькі мінут заснула і сама.
Раніцаю Катарына і Вуж пайшлі далёка ў лес. Праз нейкі час яны падняліся на высокую горку, дзе былі высечаны дрэвы, і агледзеліся навокал. Унізе ў далінах і на ўзгорках хвалявалася ўжо восеньская дуброва. Адсюль зверху яна была падобна на патрывожанае бураю зялёнае мора, на якое праліўся залаты дождж. Узяўшыся за рукі, яны спусціліся ўніз і, здзіўленыя, не маглі адвесці вачэй ад дуба — яго не абхапілі б рукамі і трое мужчын.
На палянцы струменіўся крынічны ручаёк. Да яго па дарозе на вадапой падышлі алень і аленіха. Яны былі ў якіх дзесяці кроках. Аленіха адразу ж кінулася прэч. Волат-алень так моцна павярнуў назад шыю і галаву, што рагамі дакрануўся да поўсці. Ён скасіў позірк на дзяцей і патупаў назад у лес.
Катарына спалохана прыціснулася да Вужа.
— А божачка,— выдыхнула яна з аблягчэннем, калі алень знік, і раптам лёгенька дзяўбнула-пацалавала Вужа ў шчаку.— Вось табе пацалунак.— I пабегла.
Вужа не абрадаваў такі пацалунак, бо яна пацалавала яго нарэшце толькі ад аблягчэння пасля перажытага страху. Катарына куляю ляцела па шырокай лясной дарозе.
Калі ён вярнуўся ў дом, яна стаяла ў пакоі побач з Рут. Абедзве схіліліся над маленькаю драўлянаю ваннаю, што стаяла на двух крэслах. Рут усё глядзела на дзіця, трымаючы яго адною рукою за галоўку, a другою паліваючы вадою. Вада збягала па скуры, як па прамасленай тканіне. Катарына, затаіўшы дыханне, папыталася:
— Яно ж, здаецца, спачатку было ў фраў Бах?
Рут узяла дзіця з ванны і ўхутала яго ў махрасты ручнік.
— Гэта маё дзіця.
I прыціснула яго да сябе, як здабычу.
Вуж падаўся да хлапчукоў, што сядзелі паблізу дома каля невялічкага ляснога азярца, і сказаў ім:
— Калі мы хочам вярнуцца ў Вюрцбург яшчэ сёння, то нам трэба выпраўляцца ў дарогу.
Мышка запярэчыў. Чаму б ім не затрымацца яшчэ на адзін дзень? Давідавы пачуцці ў прысутнасці Рут неяк пакутліва замыкаліся ў сабе, цалкам авалодвалі ім, а ў разлуцы імкнуліся да яе. Цяпер ён выціснуў з сябе:
— Я хацеў бы пайсці сёння.
Яны намерыліся пусціцца ў дарогу адразу ж.
Па лясной дарозе ім насустрач ехаў аўтамабіль. Шафёр аглядваўся на бакі, быццам чагосьці шукаў. Гэта быў Сціў. На джыпе сябра ён за дзве гадзіны дабраўся ад Вюрцбурга да Шпесарта, папытаўся ў вёсцы, дзе жыве Марцін, і цяпер паволі ехаў па дарозе міма хлапчукоў да яго дома. На ім быў чырвона-буры гарнітур. Твар яго абвастрыўся і зусім змяніўся, на ім ляжала пячаць пакуты.
Пасля Ёганінай смерці Сціў дабіўся дазволу ўсынавіць дзіця і цяпер прыехаў забраць яго ў Амерыку.
Рут пачула шум матора і з дзіцём на руках падышла да акна. Разам з нечаканаю радасцю прыйшоў і страх, што трэба будзе аддаць дзіця. Яна прыціснула яго галоўку да скроняў і нерухома, як статуя, застыла ў акне.
Зірнуўшы на сваё дзіця першы раз, Сціў гэтак жа моцна, як і тады, калі прачытаў тэлеграму з весткаю пра Ёганіну смерць, яшчэ раз адчуў усю горыч страты. Вусны яго дрыжалі.
Словы прывітання нічога ім не гаварылі і былі або-
ім толькі мастком да знешняга жыцця, якое ішло сваім ходам.
У пакоі Сціў папытаўся, ці пабачыла Ёгана дзіця. Рут матнула галавою.
— Але Ёгана ніколі не думала, што памрэ. Яна яшчэ напісала мне пра ваша апошняе пісьмо, што вы прыедзеце і забярэце яе з сабою. Да апошняй мінуты яна была шчаслівая.
Гэта крыху памагло, але адразу ж яшчэ болей узмацніла боль. Новае жыццё, з-за якога памерла Ёгана, сядзела цяпер на каленях у Рут і нявіннымі блакітнымі вачыма глядзела на Сціва. Рут падала яму дзіця. Яна ўсё яшчэ не магла паверыць, што ён забярэ яго з сабою. Але бачачы ўзрушэнне, з якім ён трымаў дзіця, яна то губляла надзею, то пачынала спадзявацца зноў. Можа, думала яна, ён прыехаў дзеля таго, каб толькі пабачыць Ёганіна дзіця?
Вярнуўся дадому Марцін і паспяшаўся ў пакой. Ён сустрэўся са Сцівам яшчэ ў вёсцы і ведаў усё, і тое, што той мусіць як мага хутчэй вяртацца ў Вюрцбург, a адтуль адразу ж выбірацца ў дарогу ў Амерыку, бо заўтра туды на караблі едзе амерыканская нянька, якая згадзілася прыгледзець за дзіцём у дарозе.
— Мая жонка вельмі палюбіла дзіця,— сказаў Марцін Сціву.— Яна будзе страшэнна няшчасная без яго.
Уваходзячы, ён пачуў, як Сціў пытаўся, ці можна ўжо даваць дзіцяці цвёрдую яду. Папытаць пра гэта яго папрасіла нянька. Бо ў дарозе дзіцяці па магчымасці трэба даваць тую яду, да якой яно прывыкла. Апошняя надзея пакінула Рут.
— Яно ўжо есць манную кашку, а калі-нікалі і яечны жаўток.
Марцін прыгладзіў рукою валасы, паказаўшы ва ўсмешцы доўгія зубы, і сказаў:
— Дзіцяці на ферме будзе добра, Рут. Яно вырасце ў вялікай краіне і навучыцца смяяцца.
За дзесяць мінут Рут на сабе адчула, што любоў і эгаізм — дзве аднолькавыя велічыні. Яна безнадзейна кіўнула галавою і выйшла з пакоя. Складваючы сарочачкі, кофтачкі і пялёнкі, наліваючы на дарогу ў пляшачку паранае малако і цёпла надзяваючы дзіця, яна рабіла ўсё, нібы асуджаная на смерць. Рабілі ўсё адны рукі.
Хлапчукі ўжо стаялі каля дома, гатовыя рушыць у дарогу.
Раптам прыбег вясковы хлапчук і сказаў, што яго бацька параніўся ў лесе. Дрэвам яму прыціснула нагу, і яна страшэнна баліць, апухла і зусім пасінела, і што, можа, цяпер ён ужо мёртвы.
Марцін паспешна развітаўся са Сцівам і хлапчукамі, моўчкі — з Рут, якая, як нежывая, сядзела ў пакоі, трымаючы на руках дзіця. Ён пагладзіў дзіця па галаве, хуценька падаўся на вуліцу і сеў на веласіпед. Медыцынская скрынка была прывязана рэменем да руля. Хлапчук пабег побач.
Вучні ішлі па лясной дарозе. Яны мала што зразумелі з таго, што адбылося ў доме. Яны ж зрабілі цудоўнае падарожжа.
Сціў ужо сядзеў за рулём. Завёў матор. Вуж уладкаваўся побач. Упершыню ў жыцці ён ехаў на аўтамабілі. Ззаду сядзела Катарына, побач з ёю стаяла кашолка з дзіцём. Рут асталася каля агароджы, не пайшла далей. Яна слаба махала рукою, пакуль джып не знік з вачэй.
Яна вярнулася ў дом. Там было пуста. На кухонным стале яшчэ ляжала чайная лыжачка, ёю яна апошні раз карміла дзіця яечным жаўтком. Крыху жаўтка яшчэ асталося ў лыжачцы. Яна ўзяла лыжачку Ў рукі і зноў палажыла яе на стол.
Калі вярнуўся Марцін, Рут стаяла ў садзе побач з пустою дзіцячаю каляскаю. Марцін моўчкі спыніўся побач, палажыў ёй на плечы руку. Яна прыціснулася да яго і горка заплакала. Ён абняў і пацалаваў яе, a потым, нагнуўшыся, пацалаваў яшчэ раз у губы. Яна не працівілася.
XVII
Ёганаў бацька напісаў у сваёй газеце: «Напружанне ў адносінах паміж Амерыкай і Расіяй вырасла за два «мірныя» гады да такіх памераў, што нават самыя асцярожныя замежныя газеты ўжо цяпер пішуць, што вайна не з’яўляецца болей чымсьці немагчымым. Свет, на гэты раз у зусім новай расстаноўцы сіл, зноў раскалоўся на два лагеры, з Германіяй пасярэдзіне. На два лагеры раскалоўся і сам нямецкі народ. Прамыслоўцы Рура, юнкеры і банкіры, якія парадніліся сем’ямі і ўжо даўно выступаюць адзіным фронтам, тыя, хто ў 1933 годзе падняў на шчыт і прывёў да ўлады Гітлера, робяць цяпер стаўку на вайну, разлічваючы зноў захапіць кіруючыя пазіцыі ў эканоміцы і палітыцы, спачатку ў сваёй краіне, дзе кожны другі з’яўляецца нацыстам або спадарожнікам нацыстаў і ўсе свае надзеі ўскладае на вайну. На другім баку знаходзіцца нямецкі рабочы, якому патрэбна не вайна, а сацыялізм і міралюбівая Германія».
У канцы верасня 1947 года Крысціян Шарф атрымаў пісьмо, якое ён тут жа прачытаў атраду. Былы эсэсавец маёр Блюм з Мюнхена цераз кур’ера разаслаў гэты цыркуляр усім кіраўнікам гітлераўскай моладзі.
«Зрух у сусветнай палітыцы на карысць Германіі — гістарычны факт. («Ён мае на ўвазе адзіны фронт супраць Расіі»,— трыумфуючы, растлумачыў Шарф.) У далейшым да новага загаду паводзьце сябе спакой-
на, бо заходнія дзяржавы і самі з усяе сілы працуюць на нацыянал-сацыялісцкі рух, і таму ніякія правакацыі не павінны перашкаджаць ім праводзіць гэтую надзвычай карысную для нас палітыку сілы. Цяпер галоўнае — гартаваць сэрца і мускулы, залучаць у свае рады як найболей новых членаў і наогул рыхтавацца да дня Ікс».
Шарфаў атрад паводзіў сябе спакойна. Пятру болей не пагражала небяспека, ніхто не збіраўся яго забіваць. Такою драбязою яны цяпер не займаліся. Для свайго атрада Шарф стварыў цяжкаатлетычны клуб «САмсон», які яны паміж сабою звалі проста СА — як гэтага і хацелі яго заснавальнікі.
На беразе Майна паміж апошнімі гарадскімі дамамі і лугам знаходзілася агароджанае жэрдкамі месца, дзе раней сяляне з навакольных вёсак прадавалі гандлярам жывёлу. Цяпер Шарфаў атрад выкарыстоўваў яго як вучэбны пляц. Замест ружжаў трэніраваліся з круглымі драўлянымі палкамі. Яны маршыравалі, прысядалі, падалі на зямлю, куляліся цераз галаву, хадзілі ў атаку і знаходзілі зацікаўленых гледачоў, сярод якіх з кожным днём усё большала людзей, гатовых стаць членамі цяжкаатлетычнага клуба «САмсон».
Ісусавы вучні на мнагалюдным сходзе былі прыняты ў Саюз сацыялістычнай моладзі. Сход вёў Ёганаў бацька, ён выступіў з прамоваю, у якой даводзіў, што дэмакратычная і міралюбівая Германія з квітнеючай эканомікай магчыма толькі пры планавай сацыялістычнай гаспадарцы.