Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Старшыня суда адкрыў пасяджэнне і пачаў тлумачыць прысяжным засядацелям палажэнні закона, якія датычыліся гэтай справы. Калі абвінавачаную прызнаць душэўнахвораю, яе судзіць не будуць. Тады яе прыйдзецца накіраваць у дзяржаўную псіхіятрычную
бальніцу, каб абараніць і яе і грамадства, якому яна небяспечна.
Ен хацеў тлумачыць далей, але тут яго перабіў адзін з прысяжных засядацеляў, пераплётчык Амен, сівагаловы нізенькі чалавечак у сурдуце, у якім ён быў яшчэ трыццаць гадоў таму назад на сваім вяселлі. Ен сказаў:
— Але адкуль нам ведаць, душэўнахворая яна ці не, калі нават вучоныя спецыялісты не могуць прыйсці да адзінай думкі.
Калі старшыня суда паўтарыў, што прысяжныя засядацелі мусяць лічыцца толькі з заключэннем афіцыйнага псіхіятра, шкляр Фроліх заўважыў:
— Нядаўна я ўстаўляў 187 новых аконных шыб у псіхіятрычнай бальніцы, у сярэднім флігелі, куды папала бомба. Хто яго ведае, адкуль яны дасталі шкло. Але я хачу сказаць вось што: я быў там два тыдні і цэлымі днямі бачыў вар’ятаў, сапраўдных вар’ятаў. Вы і ўявіць сабе не можаце, што яны там вытвараюць і што толькі гавораць. Калі я ўспамінаю гэта, то мушу вам сказаць: фройляйн Фройдэнгайм такі ж нармальны чалавек, як і ўсе нармальныя людзі. Калі фройляйн Фройдэнгайм вар’ятка, то вар’яты ў бальніцы нармальныя людзі, і тут у мяне ў самога галава дурнее, і мне здаецца, што і я сам таксама вар’ят.
— Але ж дзяўчына ніякі там не вар’ят,— вырвалася ў парыве раптоўнага абурэння ў прысяжнага засядацеля Марыі Ібель. Твар яе ўкрыўся чырвонымі плямамі. Яна была жанчына з мяккім сэрцам і лёгкая на слёзы. У час допыту сведкаў яна некалькі разоў залівалася слязьмі. Яна была ўдава афіцыянта. Яе пляменнік загінуў у Дахаў.
Завяршаючы юрыдычнае павучанне, старшыня суда з прыкметным націскам у голасе папярэдзіў:
— Калі ж абвінавачаная будзе прызнана правадзейнаю і гэтым самым вінаватаю ў наўмысным забой-
стве, то вам астанецца толькі адно — прыгаварыць яе да пажыццёвага зняволення.
Доктар Бук, які, гаворачы, часам меў прывычку лёгенька чухаць нос, звярнуўся да старшыні суда:
— Псіхіятрычная бальніца — і як альтэрнатыва пажыццёвае зняволенне? Калі гэта так, як вы кажаце, то нам, выходзіць, астаецца адзін выбар: або прычьініць Рут Фройдэнгайм страшэнную несправядлівасць, або прычыніць ёй яшчэ адну такую ж страшэнную несправядлівасць.— Ён пачухаў нос.— Але рэч на гэтым працэсе ідзе менавіта толькі пра адно: ці можна наогул абвінавачваць Рут Фройдэнгайм, ахвяру нацыстаў — калі ўлічыць, што забойцу яе бацькі і мацеры не прыцягнулі да адказнаеці.
Старшыня суда разгублена паглядзеў на яго і нарэшце, моцна ўзрушаны, усклікнуў:
— На гэтым працэсе рэч ідзе толькі пра тое, каб вынесці справядлівы прысуд.
— У дзяржаве, дзе існуе закон, гэта, канечне, і была б наша задача. Але з улікам рэальнасцей у нас на гэты працэс няма абсалютна ніякай прававой падставы. Ці, можа, і сёння мае сілу гэты бандыцкі закон: няхай жывуць забойцы-нацысты, але няхай паміраюць праціўнікі нацыстаў?
Тут падаў голас прафесар Геберляйн:
— Давайце дапусцім, што пракуратура, з намерам парушыць права, сапраўды не стала прыцягваць да адказнасці Цвішэнцаля. Ці ж абвінавачаная, застрэліўшая яго, пагэтаму невінаватая? Пэўна ж не! Нават і тады яе неабходна прыцягнуць да адказнасці.— Ён усміхнуўся.— Бо, зрэшты ж, трэба калі-небудзь пачынаць усталёўваць права, калі мы хочам, каб у Германіі зноў панавалі права і парадак.
Доктар Бук паглядзеў на яго.
— У задачу прысяжных засядацеляў не ўваходзіць склейваць разбітае права за кошт Рут Фройдэнгайм.
Права павінна зноў набыць сілу толькі за кошт нацысцкіх злачынцаў, якія па-ранейшаму тысячамі жывуць сярод нас і якіх не чапае ўлада.— Ён паказаў рукою ўгору на светлую пляму.— Яго партрэта болей няма. Але яго шайтанскі злы дух па-ранейшаму жыве і моцна дзейнічае ў Германіі. Новая прававая дзяржава не можа ўзнікнуць, калі ўлада не чапае нацысцкіх забойцаў, а карае праціўнікаў нацызму. Гэта была норма пры нацыстах, і ў гэтым балоце нам прыходзіцца жыць і цяпер. Спачатку трэба ачысціць яго. Тады і толькі тады можа ўзнікнуць чыстая новая Германія.
— I я так лічу,— вырвалася раптам у афіцыянтавай удавы, якая адкінулася ў крэсле і сціснула губы, як бы гатовая да канца абараняць сваю думку.— Наш блокварт данёс у гестапа на майго пляменніка. Пляменніка забілі ў Дахаў — а блокварт цяпер служыць у паліцыі. Мне робіцца не па сабе, калі я пачынаю думаць пра гэта.
Худы, кашчавы каваль Готліб, які не прамовіў яшчэ ніводнага слова, звярнуўся да прафесара Геберляйна:
— У майго брата ёсць дачка, равесніца фройляйн Фройдэнгайм. Калі б Цвішэнцаль забіў майго брата і яго жонку і калі б Розі адвезлі ў публічны дом — мілыя мае, я за сябе не паручыўся б.
Доктар Бук гаварыў далей:
— Рут Фройдэнгайм дзейнічала як рэвалюцыянерка. Прыйшла маленькая замардаваная яўрэйская дзяўчына і па-рэвалюцыйнаму аднавіла растаптанае і зганьбаванае права.— Ён павярнуўся да прысяжных засядацеляў.— Нават апраўдання мала за аднаўленне права, бо ніякай прававой падставы для абвінавачвання не было. Мы толькі тады будзем справядлівыя да Рут Фройдэйнгайм і адначасова зробім паслугу нямецкаму народу, калі аб’явім абвінавачванне незаконным і па гэтай прычыне адмовімся вынесці прыгавор.
— Тады мы і самі будзем дзейнічаць па-рэвалюцыйнаму,— смеючыся ўсклікнуў прафесар Геберляйн, а старшыня суда аж падскочыў на месцы.
— Гэта ж скандал. У нямецкай судовай гісторыі яшчэ ніколі не было выпадку, каб прысяжныя засядацелі адмовіліся вынесці прыгавор.
Усе ўсхвалявана перабівалі адзін аднаго. Каваль Готліб сказаў:
— На вар’ята яна папраўдзе не падобна. Але ці ж можам мы зноў адправіць у турму дзяўчыну, яна і так столькі перанесла! Гэта на ўсё жыццё пазбавіць мяне спакою.
— Я ўжо і сам увесь час думаю, як нам знайсці выхад з такога няёмкага становішча,— сказаў шкляр Фроліх перад галасаваннем.— Адзіна правільны выхад прапануе доктар Бук. Адзіна правільны выхад.
Супраць, акрамя трох прафесійных суддзяў, галасаваў толькі прафесар Геберляйн.
Пакуль раіліся прысяжныя засядацелі, частка публікі стаяла і чакала ў калідорах. Чацвёрцы хлапчукоў зноў удалося ў натоўпе прабрацца ў залу і ўздоўж сцяны пралезці наперад. Суддзі і прысяжныя засядацелі сядзелі ўжо на сваіх месцах, калі ў залу прывялі Рут. Яна села і адразу скіравала позірк на Марціна, не адрывала ад яго вачэй і тады, калі з месца ўстаў доктар Бук, старшыня прысяжных засядацеляў.
Ён сказаў:
— Дзеля трыумфу права, і толькі дзеля гэтага, большасць прысяжных засядацеляў адмовілася вынесці прыгавор.
Спачатку ў зале ніхто не зразумеў, што гэта значыць. Нарэшце пракурор падаўся да старшыні суда і збянтэжана папытаўся, што ж ім цяпер рабіць.
Старшыня суда разгублена паціснуў плячыма. Падышоў і абаронца. Ён сказаў:
— Рашэнне прысяжных засядацеляў ёсць факт,
які ні абысці, ні аб’ехаць. Адзінае, што вы можаце зрабіць, каб хоць як-небудзь вытлумачыць тое, што адбылося на працэсе,— гэта зняць абвінавачанне.
Публіка захвалявалася. Усе ўсталі з месцаў. Сёйтой раптам зразумеў, што здарылася, і закрычаў брава. Пачуліся і антысеміцкія выкрыкі. У зале ўсчаўся неверагодны шум. Сям-там пачалі біцца, як на мітынгу, што разганяе паліцыя. У судовай зале адбывалася рэвалюцыя.
Хлапчукі абкружылі Рут і Марціна. Вуж усхвалявана закрычаў:
— He стойце! Хутчэй пайшлі адсюль!
I пацягнуў Рут за руку. Пад прыкрыццём Марціна і чатырох хлапчукоў яна праціснулася праз ашалелы натоўп на вуліцу.
XV
«Мілы Сціў!
Сёння твой сябар прынёс мне яшчэ адну пасылку ад цябе. Цудоўныя рэчы! Я заўсёды дзялюся імі з Рут, у яе ж вельмі мала яды; сёе-тое аддаю фраў Бах. Яна такая добрая і вельмі памагла мне парадамі ў жаночых справах. Я ж у іх амаль не разбіралася. I сваю сукенку яна таксама аддала мне, бо мая мне ўжо цесная і не налазіць. I яе болей нельга зрабіць шырэй. Цяпер ты, канечне, думаеш, што я растаўсцела, як бочка, бо замнога ем. Мілы Сціў, зараз я раскажу табе ўсю праўду. Рут даўно ўжо збіралася зрабіць гэта, a цяпер я і сама думаю, што ты маеш права ведаць усё. Але толькі не палохайся і павер мне, што я вельмі, вельмі шчаслівая. Мілы Сціў, праз тры тыдні ў мяне родзіцца дзіця. Калі ласка, калі ласка, мілы Сціў, не хвалюйся толькі, дый клапаціцца ні аб чым не трэба, у дзіцяці будзе ўсё, іпто яму трэба. У мяне ўжо ёсць
дзіцячая каляска і ўсе другія рэчы. На хлеўчуку цяпер ёсць дзверы. Твая грубка таксама на месцы. I дроў я ўжо назбірала. Таму зімою дзіця мерзнуць не будзе. Калі прыйдзе час, доктар Грос дасць мне ў бальніцы ложак. Ты бачыш, што і ў багатай жанчыны лепей быць не можа. (Хіба што прышлі мне парашковага малака і яшчэ шарсцяную коўдрачку на каляску. Хоць доктар Грос лічыць, што малака хопіць і ў мяне самой. Але хто яго ведае.) Ці будзе дзіця падобна на цябе? He можа не быць! Фраў Бах кажа, што ў многіх дзяцей вочы пазней цямнеюць, але спачатку яны блакітныя. А ці будуць яго вочы папраўдзе блакітныя, такія, як у цябе? Абавязкова! Я страшэнна сумую па табе, і ў мяне часта баліць сэрца, бо я ўвесь час сумую па табе. Ах, Сціў, як усё цяжка. Але гэта не мае ніякага дачынення да дзіцяці. Наадварот, без яго ўсё было б куды горш. Якая адзінокая была б я тады! А так ты заўсёды са мною. Барані божа, я зусім не хачу сказаць што супраць дзіцяці. Але не магу аддзяліць яго ад цябе, як і цябе ад дзіцяці. Я вас проста не магу аддзяліць адно ад аднаго. Гэта адно і тое ж самае — я кахаю цябе.
Ёгана ».
У яе не было паштовай маркі і грошай, каб купіць яе, і яна з пісьмом пайшла да Рут, у якой звычайна вадзілася некалькі пфенігаў.
Марцін чытаў у газеце артыкул пра працэс. Ёганаў бацька пісаў у ім: «Рэвалюцыя, якой не далі адбыцца пасля звяржэння нацысцкага панавання, знайшла выхад у правапачуцці прысяжных засядацеляў і публікі».
Рут гатавала вячэру. Яе ажыўлены і прасветлены твар неяк своеасабліва разгладзіўся, быццам яна толькі што з асалодаю памылася ў цёплай ванне. Стоячы каля жалезнай печкі, перасоўваючы гаршчок, спрабуючы на смак суп, дадаючы ў яго трошкі солі, яна
была падобна на чалавека, які здаволены сённяшнім днём і спадзяецца на яшчэ лепшае будучае.
Калі вячэра была гатова, яна з-за занавескі пазвала яго: