Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
Твой Сціў».
Новыя схваткі, што цягнуліся, здавалася, бясконца і былі моцныя, як удар малатком, і вострыя, як лязо, адарвалі яе ад шчасця. У кароткіх перапынках яна раз за разам усё перачытвала яго ліст.
Пасля абеду прыйшоў доктар Грос з двума асістэнтамі. Яны суправаджалі яго ад ложка да ложка. Пасля агляду ён сказаў ім, што нармальныя роды немагчымы, бо плацэнта знаходзіцца не там, дзе трэба, а на выхадзе маткі. Ёгану і дзіця выратаваць можна толькі з дапамогаю кесаравага сячэння. Ён будзе аперыраваць неадкладна, бо іначай яе сэрца наўрад ці вытрывае цяжкія схваткі.
Праз гадзіну яна ляжала на аперацыйным стале. Дзіця выратавалі. Ёгана памерла праз дзесяць мінут пасля родаў ад сардэчнай слабасці. Дзіця, дзяўчынка, асталося жывое. Фраў Бах узяла яго да сябе. Сябар паслаў Сціву тэлеграму.
XVI
Аднаго разу ў верасні, раніцаю ў суботу, усе дванаццаць вучняў і Катарына стаялі ўжо а шостай гадзіне на набярэжнай Майна. Напроці шэраю грамадаю ўздымалася ў шэрае неба старая крэпасць. Сонца яшчэ не ўзышло. Пад імі на засмужанай рэчцы расцягнуўся стометровы плыт з акораных елак. Іх спусцілі ў Фіхтэльскіх гарах і цяпер па вадзе сплаўлялі ў Франкфурт.
Дагаварыцца з плытагонам узяўся Вуж. Ён паабяцаў плытагону пачак тытуню, калі той падвязе іх да Шпесарта. Гэта была высокая цана. Плытагон ухвальна кіўнуў галавою на гэтую прапанову. Яны спусціліся на плыт.
Калі Рут жыла ў Вюрцбургу, Давід рэдка бачыў яе, а калі і заходзіў, то не болей чым на пару хвілін. За тры месяцы, што мінулі пасля яе ад’езду, жаданне пабачыць сястру зрабілася неадольным, і аднаго разу, ледзь не плачучы, ён сказаў Вужу, што абяцаў Рут наведаць яе і таму абавязкова мусіць ехаць. I тадьі хлапчукі захацелі разам зрабіць прагулку ў Шпесарт. Ідэя плыць уніз па Майну на плыце належала Вужу. Ён ужо некалькі гадоў марыў пра гэта.
Плытагон быў малады хлопец. Ён стаяў у галаве плыта, з ног да галавы апырсканы пенаю. Плыт хвалююча хутка прамчаўся праз затвор плаціны старога моста і праз колькі хвілін паволі плыў па спакойнай вадзе міма Ёганінага хлеўчука і жаночага манастыра
«Вароты на неба». Тут год назад на сваім цяжкім шляху дадому ў родны горад праходзіла Рут. Тады яна неўзабаве напаткала Ёгану, што сядзела на беразе і мыла ў вадзе ногі.
Хлапчукі разбрыліся па ўсім плыце і ні мінуткі не стаялі спакойна. На гэтым месцы Майн рабіў крутую паваротку. Здалёку здавалася, што вялізны, поўны скакункоў-блых плыт вось-вось урэжацца ў вінаграднікі на ўзгорку, над якім яшчэ вісеў ранішні туман. Каб весці нават удвая меншы плыт на павароце, патрэбен быў чалавек незвычайнай сілы і акрабатычнага спрыту. Плытагон з усяе сілы ўпіраўся ў брус-вясло. Плыт на павароце несла на бераг, і ён навальваўся на брус так, што плытагона на некалькі метраў падымала ўгору. Плыт тым часам сунуўся пад ім наперад. Твар каржакаватага маладога плытагона быў такі ж жорсткі, як і яго работа.
За выгібам плыт зноў паволі паплыў далей. Высока ў небе лунала чапля. Яна не махала крыламі, а як маленькі нябесны канькабежац апісвала прыгожыя дугі.
Усё навокал было яшчэ па-ранейшаму ідэрае. Катарына дрыжала ад холаду. Вуж накінуў ёй на плечы свой пінжак, старанна зашпіліў яго, наставіў каўнер і асцярожна выцягнуў дзявочыя валасы, туга перахопленыя каля самай галавы аксамітнаю істужкаю колеру чырвонага віна. На ёй была тонкая блакітная паркалёвая сукенка да каленяў і чырвоныя сандалі з букавага дрэва, якія Вуж выразаў ёй у сутарэнні майстра Лемляйна.
Пасярэдзіне плыта стаяла будка са свежых яловых дошак, дзе знаходзіліся нары для сну і жалезная печка на трох ножках. Хлапчукі ўзялі з сабою паўметровую вэнджаную каўбасу «салямі», апошні запас з Цвішэнцалевага склада, і хлеба. Цяпер яны сядзелі вакол печкі. Плытагон дазволіў ім раскласці агонь. Пётр па-
дзяліў пораўну палову каўбасы. Плытагону ён адрэзаў таўсцейшы скрылік.
Аднесці яго сабралася Катарына. Ісці ў драўляных сандалях па акораных склізкіх бярвеннях было нялёгка. Але яе праводзіў Вуж, і таму яна грацыёзна балансавала на бярвеннях крыху болей чым трэба. Раптам яна ўпала на яго. Вызваляючыся з міжвольных абдымкаў, яны абмяняліся кароткім позіркам. Здавалася, яны абнімалі сваё будучае.
Сонца ўзышло з-за грады ўзгоркаў і заліло святлом усю дагэтуль сонную даліну. Рудыя, жоўтыя, бліскучазялёныя апрацаваныя палі густа цягнуліся адно за адным ад лініі ўзгоркаў уніз; зблізу яны былі шырокія і вузкія, а ўдалечы — тоненькія, як праведзеныя каляровым алоўкам рыскі. Вада пахла ўсё мацней і мацней.
Плыт паволі плыў сваёю выгінастаю дарогаю, міма вёсачак, схаваных у зелені, міма сонечных адхонаў, дзе рос славуты франконскі вінаград, міма руін замкаў і сярэдневяковых гарадкоў. Ніводзін дом тут не быў разбураны. Вайна абмінула гэтыя мясціны.
Пасля абеду стала моцна прыпякаць, і Давід з Вужам раздзеліся. Плаўкі яны нацягнулі яшчэ дома. Абодва былі плячыстыя, вузкія ў клубах і плавалі, як рыбы. He вытрывала тут і Катарына. Яна зайшла за дашчаную будку. Светла-жоўты купальны касцюм быў ёй малаваты і цесна аблягаў тоненькую фігуру.
Ужо некалькі тыдняў Вуж беспаспяхова ўпрошваў Катарыну пацалаваць яго, усяго адзін раз. Калі пасля купання яны ляжалі побач на сонцы, ужо абсохлыя, ён сказаў:
— Калі ты пацалуеш мяне адзін раз, я праплыву пад плытом.
— У цябе нічога не выйдзе.
— Можаш пацалаваць мяне толькі пасля таго, як я зраблю гэта.
— Куды пацалаваць?
Ён паказаў на шчаку.
— Або куды хочаш.
Катарыне спадабалася, што ён дзеля яе гатовы праплыць пад плытом. Скрыжаваўшы рукі пад галавою, яна з асалодаю пацягнулася.
— Ну, а калі з табою што здарыцца?
— Са мною? Я магу прабыць пад вадою болей чым мінуту. Ну як, ты згодна?
Яна паглядзела на яго.
— Але глядзі, толькі адзін раз, і потым ніколі болей.
Ён пайшоў у галаву плыта, скочыў у ваду і вынырнуў на другім баку, амаль на канцы плыта, што прайіпоў у яго над галавою. Катарына ўстала з месца і, затаіўшы дыханне, чакала. Убачыўшы яго, уздыхнула з аблягчэннем.
— А божачка!
Калі яны зноў ляжалі побач, ён сказаў:
— Цяпер табе прыйдзецца пацалаваць мяне, як абяцала.
— Ты ж яшчэ мокры.
— Ну добра, хай тады, калі прасохну.
— А мая мама — як ты думаеш, што скажа яна пра гэта?
—• Можаш ёй і не гаварыць нічога.
— Але яна хоча, каб я расказвала ёй усё, і я расказваю.
— Ты цяпер гаворыш так толькі таму, што не хочаш трымаць слова.
Катарына пагардліва паціснула плячыма і ўстала з месца. Потым грацыёзна паскакала за будку, хуценька надзела сукенку і падалася да хлопчыкаў, што сядзелі побач з рулонам лубу. Пазней туды падышоў і
Вуж, рукі ў кішэнях, расчараваны, спрабуючы не паказаць расчаравання. Але яна і не глядзела ў яго бок. Палажыўшы руку на плячо свайго сябра Пятра, яна пачала бойка расказваць доўгую гісторыю, як аднаго разу заблудзіла ў лесе і ледзь не памерла там ад страху.
Прыкладна ў шэсць гадзін хлапчукі каля парома пакінулі плыт. На Катарыне зноў быў Вужаў пінжак. Яны падняліся па паўночным камяністым мокрым схіле ўзгорка, па якім калісьці, вяртаючыся ў Вюрцбург, спускалася ўніз Рут, і зніклі ў лесе.
* * *
Дом у Шпесарце сто дваццаць гадоў назад служыў шынком рамізнікам. Ён стаяў на палянцы пры гасцінцы, што перасякаў увесь лес. Мясцовыя жыхары яшчэ і сёння расказваюць гісторыю пра шынкара, які забіў знатнага падарожніка і збег з нарабаваным за мяжу. Шмат гадоў у доме ніхто не жыў.
Марцін наведаў бургамістраў трох вёсак, і яны паслалі сваіх тынкоўшчыкаў, страхароў, сталяроў і маляроў, каб прывесці дом у належны стан. Сумеснымі намаганнямі адрамантавалі паркан, перакапалі агарод і ў канцы мая пасадзілі яшчэ агародніну і бульбу. Шкла не было. Але новыя аканіцы, пафарбаваныя ў зялёны колер, выглядалі як найлепш, а вялізная кафляная грубка ў пакоі цераз столь падымалася ўгору і абагравала верхнія памяшканні. Дроў было хоць адбаўляй.
Праўда, гэта быў не той белы загарадны дом, аб якім марыў Марцін. I Рут не чакала, калі ён вернецца, каля паркана, не сустракала яго пацалункам. Але ў параўнанні з драўлянаю будкаю дом быў як сапраўдны палац з цёмна-шэрага граніту, збудаваны на векі вечныя.
Белая дзіцячая каляска, якую Ёган калісьці забраў з гарышча ў доме аптэкара Адэльсгофена, стаяла цяпер пад яблыняй у садзе. Рут усё-такі пераканала фраў Бах, што ў Шпесарце Ёганіна дзіця вырасце здаравейшае, чым за дашчанаю перагародкаю ў сутарэнні. Дый доктар заўсёды будзе пад рукою.
3 дома з пляшкаю малака выйшла Рут. На ёй была надзета новая сукенка з саматканага палатна. Яго Марцін атрымаў за лячэнне аднае сялянкі. Шчаслівая, яна схілілася над тоўстымі, ружовымі дзіцячымі шчочкамі. Вочкі ў малое былі блакітныя. Яна доўга глядзела на Рут і раптам усміхнулася. Рут дала ёй пляшку, і дзіця адразу ж моцна ўчапілася ў яе абедзвюма ручкамі.
Яна ўзяла дзіця на рукі. Яна так і стаяла каля napKana, з дзіцем на руках, пакуль не прыехаў Марцін. Ён саскочыў з веласіпеда. Толькі хоць яна і стаяла каля паркана, але дзіця было не яго дзіця, а жонка не была яму жонка.
Ён закаціў веласіпед у дом. На рулі вісеў «ганараравы кошык», у ім ён прывозіў дадому малако, яйкі, масла, а часам і курку, дамашнюю каўбаску ці вяндліну — прадукты ад пацыентаў, плату за работу. У кладоўцы — глыбокім склепе — і ў самае гарачае лета было халаднавата.
Пасля вячэры яны сядзелі ў жылым пакоі, побач з кафлянаю грубкаю. У ёй, патрэскваючы, гарэлі тоўстыя дровы. Вечарамі было ўжо холадна. Марцін пры святле газавай лямпы працаваў над біяграфіяй свайго бацькі, вядомага псіхолага, аўтара твораў аб крыміналагічнай псіхалогіі. Рут таксама працавала. Яна болей не малявала сцэн з жыцця ў Аўшвіцу і публічным доме. Некалькі новых малюнкаў са своеасаблівым спалучэннем ліній і фарбаў вісела на сцяне ў пакоі.
Абодва паднялі галаву, пачуўшы чужыя крокі. Ча-
сам Марціна клікалі да хворых і ноччу. Ён адчыніў дзверы.
I тут жа ў дом зайшлі дванаццаць хлапчукоў і Катарына, зайшлі як доўгачаканыя госці, чый позні візіт — зусім звычайная з’ява. Было ўжо дзесяць гадзін вечара. Дом яны знайшлі толькі пасля доўгіх блуканняў.
Пасля паўзы, выкліканай збянтэжанасцю, Давід сказаў сястры:
— Яны хацелі наведацца да цябе.
Калі яна пагладзіла яго па галаве, ён пачырванеў, адвярнуўся і пачаў разглядваць столь.