Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
Бо і Цвішэнцаля тым часам выпусцілі на волю. У тэрмін пакарання яму залічылі папярэдняе зняволенне. «Што да старых абвінавачванняў, то ўжо даўно даказана, што Цвішэнцаль не браў непасрэднага ўдзелу ў забойстве Фройдэнгаймаў,— напісаў галоўны рэдактар «Навін».— He нясе ж паліцэйскі адказнасці, калі па дарозе ў турму натоўп заб’е арыштаванага».
Двух мужчын, што яшчэ раней згадзіліся засвед чыць віну Цвішэнцаля ў забойстве, не дапытвалі і цяпер. Хлапчукі ведалі, што Цвішэнцаль зноў наладзіў бізнес на чорным рынку і гандляваў амерыканскімі цыгарэтамі. Але дзе яго новы склад, яны, нягледзячы на ўсе намаганні, так і не дазналіся.
— Што ты сказала, Кэтхен? — схамянуўся Пётр.— Ах, так, навошта яны ўласна вялі вайну супраць нацыстаў.— Ён паціснуў плячыма.— Я і сам гэтага не разумею.
— А божачка, нітка болей не трымаецца ў матэрыяле,— з роспаччу сказала Катарына.— Вось гэтае пацёртае месца ззаду не шкодзіла б зусім выразаць. Але тады споднікі стануць намнога вузейшыя. Як павашаму? Усё залежыць ад таго, хто будзе іх насіць.
Але хлапчукі зусім не цікавіліся паношанымі споднікамі — апошнім, што асталося ад калісьці перапоўненага рэчамі склада.
Настрой у іх сапсаваўся. Нешта мацнейшае за іх зводзіла на нішто ўсе іх намаганні. Пасяджэнне было сумнае.
— Мяркуючы па тым, як ідуць справы,— сказаў Вучоны,— самае лепшае для нас будзе, па-мойму, далучыцца да сацыялістычнай моладзі. Але мы можам астацца асобнаю групаю.— Ён надзьмуў губы.— Левым крылом.
Гэта была рэвалюцыйная прапанова, і яна, як камень, ляжала на сэрцах у хлапчукоў. Яны як быццам прадчувалі, што далучэнне да сацыялістычнай моладзі стане іх развітаннем з дзяцінствам. Нарэшце Пётр глухім голасам папытаўся:
— Ты робіш прапанову? Шаноўны вучань Юда Іскарыёт хоча, каб яе паставілі на галасаванне?
За шкельцамі акуляраў Вучонага відаць былі ясныя вочы, а твар пятнаццацігадовага хлапчука быў падобны на твар упэўненага ў сабе мужчыны. Ён сказаў:
— Няхай шаноўныя вучні добра падумаюць, ці трэба нам рабіць такі рашучы крок.— Калі Катарына крыху баязліва папыталася ў яго, ці прымаюць туды дзяўчынак, ён адказаў: — Чаму ж не. Калі ты член таварыства, то ў цябе такія ж правы і абавязкі, як і ў хлопцаў.
Ёган паглядзеў на Пятра.
— Бацька не раз ужо раіў мне ўступаць. Я, канечне, адмаўляўся. Між іншым, калі я нядаўна сказаў яму, што Ісусавы вучні — вось хто сапраўдныя сацыялісты, ён разрагатаўся, як шалёны, і адказаў, што калі яны вераць у гэта, то яны дурні. А я падумаў: яшчэ не вядома, хто тут дурань.
Пётр быў глыбока ўстрывожаны, бо не ведаў, як абараніцца ад Шарфа і Зіка, і таму сёння закрыў пасяджэнне без патэтычнай канцоўкі. Яны па прыступках падняліся наверх. Манастырскія могілкі былі засыпаны снегам. Змёрзлыя хлапчукі панастаўлялі каўняры і, здавалася, зусім згубіліся ў снезе. Сям-там уздымаліся вялізныя гурбы снегу, пад якімі хаваліся груды друзу. Руіны дамоў без дахаў на фоне халоднага неба былі падобны на зубчастыя снежныя вяршыні. Горад быў нежывы і закінуты.
Катарына праводзіла Вужа. Ён ішоў да свайго сябра, маладога паляка, прывезенага ў Германію на прымусовую работу. Цяпер ён рабіў памочнікам у пекара.
У пякарні было цёпла. Яны селі на лаўку, прыціснуліся адзін да аднаго. Малады чорнавалосы паляк, голы па пояс, доўгаю палкаю з дошчачкаю на канцы даставаў з печы гарачыя боханы і ссоўваў іх на стол, дзе яны ўжо ляжалі двума радамі. Некалькі разоў ён браў крыху цеста і выпякаў Вужу малюсенькія боханчыкі. Часта рабіць гэта ён не мог з-за строгага кантролю. Але адзін толькі цудоўны цёплы пах хлеба падымаў настрой.
Вуж узяў у сваю руку адубянелыя Катарыніны пальцы.
— Іх трэба добра пацерці, каб туды пайшла кроў. Інакш ты іх адмарозіш.
Катарына не пярэчыла. Ёй нядаўна споўнілася дванаццань, а Вужу чатырнаццаць гадоў. Пад вузенькай баваўнянай сукенкай ужо ледзь прыкметна пазначаліся маленькія грудзі і па-жаноцку акрэсліваліся абрысы клубоў.
Узяўшы рукамі пасмачку хвалістых валасоў, якая аказалася ў яе наперадзе, ён асцярожна пералажыў яе на плечы і сказаў:
— Хутка твае валасы стануць вельмі доўгія і бліскучыя. I чаравікі ў цябе таксама ёсць.
Яна пачырванела і паволі адсунулася ўбок, не зводзячы з яго бліскучых вачэй.
— Ты глядзіш на мяне так, быццам страшэнна закахаўся ў мяне.
Яе словы ўсё роўна як ударылі яго. Ён не знайшоў што адказаць, і гэта ўжо само сабою было адказам.
* * *
3 кардонных пераплётаў Рут змайстравала сабе тры папкі для аркушаў з бальнічнымі запісамі тэмпературы. Усю зіму яна штодзень малявала гадзінамі, апошні час толькі сцэны з жыцця ў публічным доме.
Некаторыя з гэтых жахлівых малюнкаў яна стварала як у ліхаманцы, бязлітасная да самой сябе, як хворая, што праходзіць курс балючага лячэння ад атручэння. Марцін ведаў пра папкі з пейзажамі і малюнкамі аб Аўшвіцу, «ядавітая» ж папка хавалася за кніжнаю шафаю, дзе таксама быў схаваны рэвальвер жывёлапрамыслоўца.
Была субота. У Марціна выдаўся вольны вечар. Яны павячэралі. Рут памыла посуд, старанна выцерла яго і сказала з-за фіранкі, што пойдзе пагуляе. Яна ўзяла з сабою рэвальвер і спусцілася з узгорка.
На мосце яна сустрэла доктара Гроса. Яны зайшлі ў адну з дванаццаці паўкруглых ніш, дзе на працягу стагоддзяў да разбурэння стаялі статуі дванаццаці святых. Як добра, сказаў доктар, што ў яе такі цудоўны выгляд. Яна папыталася, як пачувае сябе Ёгана. Ён адказаў, што ўсё як мае быць і што ён паклапоціцца, каб Ёгане падрыхтавалі ў бальніцы ложак, калі ёй прыйдзе час радзіць. Потым яна сказала яшчэ: «Ёгане хочацца дзяўчынку», і на яе твары з’явілася лёгенькая ўсмешка чалавека, які сабе самому ад жыцця нічога ўжо не чакае.
Пазней доктар Грос гаварыў Марціну, што Рут была зусім спакойная.
Яна выйшла з горада і пайшла па дарозе да бульбянога поля, за якім стаяў Цвішэнцалеў дом. Дзверы ў гародчык былі адчынены. Яна падышла да дома і пазваніла. У доме было цёмна. Яна села на лаўку ў кустах, падобных на альтанку. Стаяла сярэдзіна сакавіка, на галінках бэзу з’явіліся малюсенькія пупышкі лістоў. Яны не затульвалі постаці на лаўцы, дый было даволі светла. Але Рут не таілася, у яе не было ніякіх хітрыкаў.
Яна апусціла рукі за спінку лаўкі і сядзела спакойна. Думак не было. Яна сядзела тут як чалавек, якога нічога не турбуе. Паміж носам і сківіцамі зноў
з’явілася рыса, якая перашкодзіла жывёлапрамыслоўцу дакрануцца да яе. Рэвальвер ляжаў у прыполе.
Нарэшце яна пачула крокі і паднялася. Цвішэнцаль і старшыня таварыства астролагаў спыніліся каля брамкі ў сад. Яна пачула іх галасы. Заўтра 17 сакавіка — усё залежыць ад таго, нарадзіўся ты да трох гадзін уночы або пазней. Гэта вызначае ўсё, і ўдачу ў справах таксама. Яна чула, як старшыня пажадаў яму добрай ночы.
Цвішэнцаль праз гародчык рушыў да дома. Яна пайшла яму насустрач. Ён пазнаў яе і спыніўся.
— Што вам трэба?
Яна стрэліла. Абедзвюма рукамі ён схапіўся за жывот, сагнуўся і паволі апусціўся на прыціснутыя калені. Потым упаў тварам уніз і са стогнам перавярнуўся на спіну. Яна стрэліла яшчэ два разы.
Старшыня подбегам вярнуўся назад. Рут прайшла міма яго цераз гародчык на вуліцу. Праз некалькі крокаў, як непатрэбны прадмет, выкінула рэвальвер.
Той жа дарогаю яна не спяшаючыся вярнулася ў будку. Марцін ляжаў на бідэрмайерскай канапе і чытаў. Калі ён падняў вочы, яна нейкі час глядзела на яго, а потым сказала:
— Мне вельмі шкада, што ў цябе будуць непрыемнасці. Я застрэліла Цвішэнцаля.
Ён утаропіўся ў Рут і, не зводзячы з яе вачэй, устаў з месца. Чаму яна зрабіла гэта — такога пытання ў яго не было. Нарэшце ён сказаў:
— Табе трэба ўцякаць. Нам трэба ўцякаць.
— He, Марцін. Навошта?
— Па краіне блукаюць мільёны. I схавацца будзе няцяжка. Нам зараз жа трэба ўцякаць.
— Марцін, мне страшэнна шкада цябе. Але ўцякаць няма ніякага сэнсу. Усё роўна.
I ён здаўся. Ён ведаў Рут. Нічога тут не зробіш. Яна была непамерна ажыўленая, як чалавек, што зга-
дзіўся на рызыкоўную аперацыю і пасля яе пакрысе ачуньвае.
— Яны хутка прыйдуць,— сказала яна такім тонам, быццам яе чакала не пакаранне за зробленае, a ўзнагарода.
Марцін, сагнуўшыся, сядзеў на канапе. Рут чакала, седзячы ў крэсле. Яны болей не гаварылі. Абое падняліся, калі ўвайшлі два паліцэйскія. На пытанне, ці не яна Рут Фройдэнгайм, Рут адказала:
— Праўда, гэта я застрэліла яго.
У суправаджэнні Марціна, які нёс коўдру з вярблюджага драпу — ёю яна захутвалася ўночы,— Рут спусцілася паміж паліцэйскімі з узгорка на Гёхбергскую дарогу, дзе стаяла паліцэйская машына. На ёй была люстрынавая спадніца і вязаная ружовая начная кофтачка, як і тады, калі яна дабіралася з Варшавы ў Вюрцбург. Было холадна. Паліта ў яе не было. Марцін накінуў ёй на плечы коўдру з вярблюджага драпу. Паліцэйскі сказаў, што яму нельга ехаць з імі.
Яна зрабіла крок да Марціна, выцягнулася на дыбачках, падняўшы ўгору твар, і пацалавала яго ў шчаку. Гэта была яе першая пяшчота. Паліцэйскія залезлі ў машыну следам, адначасова з абодвух бакоў.
* * *
Васьмідзесяцігадовая маці аптэкара Адэльсгофена, у якога Ёган забраў з гары дзіцячую каляску, кожны дзень пасля абеду сядзела на адной і той жа лаўцы ў садзе. Адсюль быў відаць барокавы замак часоў Рэнесансу, разбураны толькі часткова. Замак пабудаваў Балтазар Нойман а Ц’епала 2 ўпрыгожыў яго роспісамі на столі. Вялікі прыгожы сад наведвала мноства
1 Нямецкі архітэктар (1687—1733).
2 Італьянскі жывапісец (1696—-1770).
старых людзей. Аднаго разу Мышка падсеў да фраў Адэльсгсфен і завязаў з ёю гаворку, каб даведацца, ці не асталося ў яе дома дзіцячай бялізны і дзе яна ляжыць. А на наступны дзень Ёган забраў з гары, дзе раней стаяла дзіцячая каляска, і дзіцячую бялізну.
Аднойчы ў пачатку мая пасля абеду Пётр і Ёган штурхалі перад сабою дзіцячую каляску. Дарога была далёкая — цераз увесь горад на луг. Каляска раней была чорная. Яны пафарбавалі яе ў белы колер, спіцы — у ружовы, каб Ёгана не трапіла ў такое ж непрыемнае становішча, як маляр Гольфус са сваім палітом з вярблюджага драпу. Яны закацілі каляску са скруткам дзіцячай бялізны і распіскаю на ёй у хляўчук і пайшлі. Вужава маці расказала Пятру, што ў Ёганы ў чэрвені будзе дзіця.
Вяртаючыся дадому, Пётр сказаў:
— Конрад просіць мяне прыйсці да яго ў чатыры гадзіны. Ён хоча паказаць мне свайго сабаку. He ведаю, што і рабіць — а можа, ён надумаў што зусім другое.