Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
1 Добрай раніцы, капітан (англ.).
законамі Злучаных Штатаў Амерыкі, вырваць у горада Нью-Йорка кавалак хлеба. Перад ім цяпер стаяла яго маладосць. Ён не ведаў, што рабіць. Нарэшце папытаўся ў Катарыны, ці належыць да вучняў і яна.
— Кэтхен — ганаровы член. Яна толькі цыруе,— адразу ж адказаў Вуж.— He можам жа мы раздаваць адзежу парванаю. Дый іголак няма. Усё наогул страшэнна цяжка, капітан, вы ж самі ведаеце. Добраахвотна ніхто нічога не дае. Вы аднаго разу казалі прамову. Добра! А што выйшла? Нічога! Вам трэба было проста канфіскаваць усе лішнія рэчы. Так, як мы. Мы, вядома, далі б вам адрасы.
Тут узлавалася Катарына:
— Але ж ты ведаеш, што цяпер не асталося нікога, у каго што-небудзь можна ўзяць.
Тое, што Вуж паспрабаваў зрабіць яго сваім хаўруснікам, відаць, канчаткова ашаламіла капітана. Двухсэнсоўна ўсміхаючыся, ён сказаў:
— Ты хочаш сказаць, што нам трэба працаваць сумесна?
— That’s what I mean, captain
— A цяпер паслухайце мяне. Крадзеж і цяпер крадзеж, за яго караюць турмою. Я магу пасадзіць вас у турму і трымаць там, пакуль вы не састарэецеся і не пасівееце.
— Так доўга нельга,— заўважыў Вучоны і ў одуме нагнуў галаву.— Самы вялікі тэрмін пакарання за крадзеж — тры гады.
— Ты часам не сын пана следчага Шоленбруха?.. Глядзі ты, каго я тут бачу? — здзівіўся ён, пазнаўшы Давіда. Але той замест адказу абурана паціснуў плячыма і падняў угору тонкія бровы, быццам само сабой разумелася, што ён не можа не належаць да іх.
Капітан адразу ж дакрануўся да балючага месца
1 Якраз гэта я і маю на ўвазе, капітан (англ.).
Таемнага таварыства Ісусавых вучняў. Ён папытаўся, ці не бралі яны сабе часткі ўкрадзеных рэчаў.
Пётр адказаў:
— Толькі самае неабходнае, і нават крыху меней. He болей двух-трох працэнтаў. Але вы павінны зразумець гэта. У нас жа ў саміх нічога няма.
— Колькі ж будзе тры працэнты ад старых штаноў?
Вуж паспрабаваў жартаваць, каб узняць іх дух. Паказаўшы ва ўсмешцы далікатныя зубы, ён сказаў:
— О, прыкладна адно лычка каўбасы «салямі».
Але ён не меў поспеху.
Вочы ўсіх былі скіраваны на капітана. Той, з добраю доляю пагрозы ў голасе і ў позірку, сказаў:
— Па пэўных прычынах вам цяпер нічога не будзе, але толькі цяпер — калі вы кончыце з гэтым раз і назаўсёды.
Тады ім прыйшлося б распусціць Таемнае таварыства, а яно зрабілася вучням даражэй за ўсё на свеце. Маўчанне зацягнулася.
Капітан звярнуўся да іхняга гонару.
— Мне дастаткова будзе вашага слова.
Ад хвалявання Пётр загаварыў значна танчэйшым голасам, чым звычайна.
— Вось так адразу мы не можам даць абяцання. Нам трэба спачатку правесці сход і вырашыць пытанне галасаваннем, так сказаць, дэмакратычна...
Вучоны перабіў яго. Вытанчанымі словамі ён зрабіў контрпрапанову.
— Скажыце, а можа, хопіць, калі мы цяпер паабяцаем зараз жа паведаміць пра невыкананне вашага патрабавання — калі людское гора прымусіць нас пайсці на гэта?
— Можаце тады арыштоўваць нас,— сказаў Вуж. Да яго зноў вярнуўся баявы настрой, і ён перайшоў у контрнаступ.— Яго цяпер няма сярод жывых. Але на-
вошта вы тады выпусцілі Цвішэнцаля на волю? Мы ж вам паслалі цыгарэты, seventeen cartons, каб даказаць, што ён спекулянт. А вы яго выпусцілі на волю. I цяпер хочаце пасадзіць у турму нас? All right, captain! Але ж ці справядліва гэта?
Вужава логіка, здавалася, спадабалася капітану. Ён пачаў абараняцца як абвінавачаны.
— Мы тады нічога не маглі зрабіць, бо Цвііпэнцалева справа ўваходзіла ў кампетэнцыю нямецкага суда.
Калі ж Вуж усклікнуў, што тады трэба было пасадзіць у турму ўвесь нямецкі суд, капітан, усміхаючыся, згадзіўся:
— Гэта, мабыць, было б самае лепшае.— Ён зрабіў ім яшчэ адзін крок насустрач.— А калі я папрашу вас — вы перастанеце? Дзеля мяне?
Гэта моцна ўразіла. Ці ж маглі яны адмовіць цудоўнаму амерыканцу? Але распусціць Таемнае таварыства Ісусавых вучняў было вельмі ўжо балюча. Пятровы губы задрыжалі, і ён ледзь выціснуў з сябе:
— Нам спачатку трэба падумаць.
— All right, ідзіце цяпер. Але падумайце грунтоўна.
Выходзілі яны неахвотна. Катарына прысела ў лёгкім паклоне. Ён глядзеў ім услед, усміхаўся з сімпатыяй і думаў, што калі-небудзь гэтыя вучні стануць не самымі дрэннымі немцамі.
XIV
Слуханне справы было прызначана на 15 мая. «Для грамадскасці працэс мае прынцыповае значэнне,— напісаў перад гэтым у сваёй газеце Ёганаў бацька.— Ахоўнікі закону не пакаралі забойцу Фройдэнгаймаў. Зганьбаваная нацыстамі дачка прывяла ў выкананне прысуд, які па закону належала вынесці забойцу яе
бацькоў. Ахвяра нацыстаў зрабіла тое, чаго не захацелі зрабіць законнікі. Каго ж тут вінаваціць?»
Усе паўднёванямецкія газеты, сярод іх дзве мюнхенскія, прыслалі сваіх карэспандэнтаў. За гадзіну да пачатку слухання справы высокая, абшытая да самай столі дубам зала суда прысяжных была перапоўнена. Пятру, Ёгану і Вучонаму ўдалося пралезці ў залу — непаўналетнім уваход быў забаронены. Вужа два разы выганялі, але ён усё-такі ўладкаваўся каля задняй сцяны побач з Пятром. Капітан Лібэн і Ёганаў бацька сядзелі ў першым радзе, паблізу ад стала абаронцы. Пракурораў стол стаяў на другім баку залы. Злева і справа ад судовага стала сядзелі прысяжныя засядацелі — прафесар гісторыі Геберляйн, філосаф і матэматык доктар Бук, адна жанчына і тры рамеснікі.
Калі ў залу ўвялі Рут, старшыня і два члены суда размаўлялі паміж сабою. На Рут была чорная люстрынавая спадніца і вязаная ружовая начная кофтачка. Позіркі пяцісот гледачоў быццам адскоквалі ад яе. Яна болей не была нежывая дзяўчына, якую калісьці ў Шпесарце перавозіў цераз рэчку паромшчык.
Марцін, Давід і Ёгана сядзелі ў пакоі для сведкаў на адной лаўцы з двума мужчынамі, якія ўжо два разы хацелі, але так і не змаглі выступіць на судзе як сведкі. Іх запрасіў абаронца. Яны ціхенька гаварылі пра паасобныя дэталі сцэны забойства на Рыначнай плошчы. Ёгана ўзяла Давіда за руку, але ён адразу вырваў яе, сціснуў губы і сказаў:
— He бойцеся за мяне.
— Першы ўдарыў Цвішэнцаль.
— Пэўна ж,— пацвердзіў другі.— Яго ўдар як бы запрашаў да забойства...— Тут ён убачыў на сцяне таблічку са словамі: «Сведкам забараняецца размаўляць паміж сабою» і пакасіўся на Кёпфхена, што сядзеў напроці. Той знаходзіўся ў папярэднім зняволенні. Побач з ім стаяў паліцэйскі.
Старшыня епачатку выясніў анкетныя звесткі ў Рут, а потым папытаўся ў яе, ці прызнаецца яна, што 16 сакавіка 1947 года ў восем гадзін вечара застрэліла Цвішэнцаля. Прысяжны засядацель доктар Бук у гэты час чарціў на аркушы паперы нейкія геаметрычныя фігуры. Ён падняў галаву толькі тады, калі старшыня папытаўся:
— Вы не раскайваецеся ў тым, што зрабілі?
Яна адказала:
— Я ў гэтым ніколі не буду раскайвацца.
— Так мала значыць вам жыццё чалавека?
— А што значыла яму жыццё маіх бацькоў?
— I вы не адчуваеце ніякай віны?
— Я з таго часу адчуваю сябе лепей.
— Вось як,— сказаў старшыня і, усміхаючыся, паглядзеў на перапоўненую залу.
Старшыня суда, даўні сябар следчага, што выпусціў на волю Цвішэнцаля, паходзіў са старой судзейскай сям’і. Яго дзед быў міністрам юстыцыі ў Баварыі. Тоўсты чырвоны твар старшыні быў падобны на твар шынкара і сведчыў аб прыхільнасці да гарэлкі. У яго былі ясныя, разумныя вочы. Ён ніколі не належаў да нацысцкай партыі.
— Адкуль у вас рэвальвер?
— Я знайшла яго ў Шпесарце, летась у ліпені, калі ішла з Франкфурта ў Вюрцбург.
— Няўжо ў Шпесарце рэвальверы валяюцца на дарозе?
— Застрэліўся нейкі мужчына. Я ўзяла з сабою яго рэвальвер на той выпадак, ь:алі да мяне пачнуць прыставаць мужчыны.
— Вы баіцеся мужчын? — Толькі ў дрыготкім мірганні правага века выявілася яго ўсмепіка.— Але ў Вюрцбургу вам болей не трэба было баяцца мужчын, бо вы жылі з доктарам Марцінам. А ён знаў, што ў вас ёсць рэвальвер?
— He. Я яго схавала. Мне стала вядома, што пан Цвішэнцаль, як і раней, жыве ў Вюрцбургу.
— Вы хавалі рэвальвер цэлых дзевяць месяцаў знарок, каб застрэліць Цвішэнцаля?
— Гэтак.— Яна, згаджаючыся, кіўнула галавою, як чалавек, які заўсёды гаворыць тое, што думае.
— Абвінавачаная прызналася. Матыў ясны. Усё ясна. Наўмыснае забойства. Ужо можна ісці раіцца і выносіць прысуд,— жартуючы сказаў прафесар Геберляйн доктару Буку, які зноў стаў чарціць геаметрычныя фігуры.
Калі ўвялі Кёпфхена, нехта ў цішыні гукнуў:
— Аказваецца, ён займаецца не толькі зоркамі.
Шыракаплечы двухметровы гігант стаў побач з Рут. Яны выглядалі як жывая ілюстрацыя да «Падарожжа Гулівера».
— Раскажыце, што вы бачылі.
— Я праводзіў свайго сябра дадому, да дзвярэй у сад, дзе і развітаўся з ім. Праз нейкі момант пачуў тры стрэлы і паспяшаўся назад. Фройляйн Фройдэнгайм прайшла міма мяне цераз гародчык. У руках у яе быў рэвальвер. Цвішэнцаль ляжаў у лужы крыві. Ужо мёртвы. Я зараз жа пайшоў па паліцыю.
— Як паводзіла сябе абвінавачаная? Была ўсхвалявана?
Гігант са свае вышыні зірнуў уніз на Рут і адмоўна паматаў галавою.
— Яна была такая ж спакойная, як і цяпер.
Наступны сведка быў Марцін. Парушаючы парадак, ён спачатку падышоў да Рут, якой даўно ўжо не бачыў, і падаў ёй руку. Яна сказала толькі:
— Марцін.
Яе тон узрушыў яго. Ён яшчэ раз дакрануўся да яе рукі.
Суд адклаў прывядзенне Марціна да прысягі, бо
яго падазравалі ў саўдзельніцтве. Старшыня папытаўся:
— Вы ў блізкіх адносінах з абвінавачанаю?
— Фройляйн Фройдэнгайм жыве ў мяне.
— Вы асцярожны ў словах. Дакладнае веданне спосабу жыцця абвінавачанай важна для вынясення правільнага прыгавору.
Марцін зноў падняў верхнюю губу над доўгімі зубамі. Злая ўсмешка не пакідала яго твару, калі ён, скрывіўшы позірк долу, сказаў:
— Фройляйн Фройдэнгайм адвезлі ў Аўшвіц, а адтуль у Варшаву, у публічны дом. Два гады яна правяла ў публічным доме. Мне здаецца, што і гэты бок яе спосабу жыцця важны для вынясення правільнага прыгавору.
— Гэта справа прысяжных засядацеляў. У вас калі-небудзь раней быў намер ажаніцца з абвінавачанаю?
— Я і цяпер маю гэты намер.
Старшыня суда над Марцінаваю галавою звярнуўся да залы:
— Раз вы так цесна звязаны з абвінавачанаю, то, мусіць, ведалі, што ў яе быў рэвальвер і што яна мела намер забіць Цвішэнцаля.— Ён зірнуў на яго.— Адказвайце.
— Вы ў мяне ні пра што не пыталіся. Вы нешта сказалі публіцы.
— Папярэджваю вас, што за непрыстойныя паводзіны да суда вас могуць прыцягнуць да адказнасці.