Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
— Ідзі вячэраць, Марцін.
Ужо некалькі гадзін у яго з галавы не выходзіла адна думка. Але ён ніяк не асмельваўся сказаць яе. Калі суп стаяў на стале, ён набраўся смеласці і загаварыў:
— Увесь горад толькі і гаворыць пра працэс. Ты тут ніколі не знойдзеш спакою. Нам трэба перасяліцца ў Шпесарт. Там мы можам жыць спакойна. Рут, я хачу, каб мы ажаніліся.
— Ах, Марцін,— у яе голасе чуваць была збянтэжанасць, быццам жыццю, якое яна гэтак цяжка наладзіла зноў, раптам стала пагражаць небяспека. Яна саўладала з слязамі, вось-вось гатовымі выступіць на вачах, зноў падняла галаву і зірнула на яго засмучаны твар, на якім усё яшчэ адлюстроўваўся глыбокі страх за яе.
Яму было не па сабе, і ён глядзеў перад сабою, як цяжкахворы, які шукае дапамогі. Яна не магла адмовіць яму:
— Калі ты хочаш, то хай будзе гэтак, Марцін, я згодная.
Яны вячэралі моўчкі. Калі ён пайшоў на начное дзяжурства ў бальніцу, Рут нейкі час сядзела нерухома, а потым сказала ўголас:
— Я не магу ўзяць свайго слова назад.
Раптам яна ўспомніла пра адзін эпізод з жыцця ў публічным доме, які на першы погляд не меў ніякага дачынення да яе лёсу. Маладая жанчына, яе таварышка, расказала ёй, што пасля смерці мужа яна ніяк не магла ўцяміць, што яго няма на свеце. Нарэшце яна паехала ў Італію. Адзіноцтва ў кватэры, дзе кожная рэч так балюча напамінала яго, стала невыносным.
Праз год яна вярнулася дадому і ў цягніку сказала сабе: калі яна да канца выслухае яго любімую мелодыю, то здолее жыць у кватэры. Яшчэ з капелюшом і ў паліто яна заспяшалася да грамафона і паставіла пласцінку. Яна знайшла сілы выслухаць толькі пару тактаў і збегла з мёртвай кватэры, каб зноў падацца на вакзал. Праз некалькі дзён маладая жанчына скончыла самагубствам у публічным доме.
Рут нерухома асталася сядзець на месцы. У думках яна паспрабавала аддацца Марціну. Яна не ведала, чаму разгарнула папку з малюнкамі жыцця ў публічным доме. Голы салдат цягнецца да яе і раптам ператвараецца ў Марціна. 3 нянавісцю яна ўтаропілася ў гэтага агіднага Марціна. Здавалася, яна стаіць паміж рэйкамі і кулакамі хоча спыніць імклівае набліжэнне цягніка.
Калі ўвайшла Ёгана, Рут вонкава ўжо супакоілася. Яны пайшлі на пошту і купілі паштовую марку. Па дарозе назад Рут сказала, што ёй цяпер трэба зайсці да гудовага псіхіятра. Цераз фраў Бах, якая прыбірала ў яго доме, ён перадаў ёй просьбу зайсці да яго сёння ўвечары. Калі Ёгана папыталася, што яму трэба ад яе, Рут лёгенька ўсміхнулся і адказала:
— Мусіць, ён, як на працэсе, хоча даказаць мне, што я душэўнахворая.
Яна не ведала, што пагаварыць з ёю псіхіятра папрасіў Марцін.
Псіхіятр жыў у цэлым доме, у якім магістрат выдзеліў яму пакойчык. Пасярэдзіне яго стаяў доўгі стол з кніжкамі і часопісамі. Святло высокага таршэра падала на Рут, яна сядзела ніжэй у крэсле. Яе ногі не даставалі да падлогі. Яна чула голас псіхіятра, але яго твару ёй амаль зусім не было відаць, бо ён знаходзіўся ў ценю.
Спачатку ён павіншаваў яе з вынікам працэсу, а потым сказаў, што цяпер ёй трэба паспрабаваць зноў Bec-
ці нармальнае жыццё — як вядуць яго другія дзяўчаты і жанчыны. На гэта яна адказала, што калі б Марцін папрасіў яе, то яна прыйшла б сюды і сама. Тады ён выйшаў з ценю, спыніўся перад ёю і, жартуючы, сказаў:
— Трэба было чакаць, што вы разгадаеце нашы хітрыкі. Доктар Марцін лічыць, што я мог бы сёе-тое растлумачыць вам. Ён вельмі кахае вас. У вашым выпадку гэта асаблівае шчасце.
— Для яго гэта няшчасце.
—• Усё залежыць ад вас.
— Я не магу выкінуць з памяці таго, што было, дый Марцін таксама не можа.
— Паверце, ён ужо зрабіў гэта. Я доўга і шчыра размаўляў з ім пра ўсё. Каханне можа многае.
— Але гэтага яно якраз і не можа.
— Вы, вядома, не верыце. Але ўявіце сабе, што ён гатовы жыць з вамі ў шчаслівым шлюбе. Скажыце, a вы тады зможаце адказаць яму ўзаемнасцю?
Яна адказала не адразу.
Ён зноў сеў у цень і адтуль глядзеў на Рут. Нарэпіце яна сказала:
— Адна дзяўчына з публічнага дома, вельмі мілая дзяўчына, сказала мне неяк, што калі кончыцца вайна і яна жывая вырвецца адтуль на волю, то паедзе ў вялікі горад, дзе пра яе ніхто нічога не будзе ведаць. Можа, там яна сустрэне чалавека, якому спадабаецца і які спадабаецца і ёй. Яна хацела б выйсці замуж і жыць нармальна, як другія жанчыны... Гэтай дзяўчыне ўсё было вельмі проста. Але я ніколі не магла зразумець яе.
Яна ўважліна выслухала, што гаварыў ёй псіхіятр.
— Для вас, я ведаю, усё не так проста, вы больш уразлівая. Але затое ў вас ёсць якасці, якіх няма ў тае дзяўчыны. Вашы маштабы большьія. Таму вы знойдзе-
це ў сябе сілы пазбыцца псіхалагічных вынікаў перажытага. He цялеснае жыццё галоўнае. Вам не трэба ўсё зводзіць да цялеснага. Галоўнае ў самім чалавеку. У вас яно асталося, нягледзячы на перажытае. Вы можаце папраўдзе ганарыцца гэтым. Мой былы настаўнік у сваім заключэнні выказвае надзею, што пазней вы зноў вернецеся да жыцця. Будзьце ж велікадушны да самой сябе і дайце сабе шанц.
Пасля доўгай паўзы — у Рут усё ішло праз галаву, яна да ўсяго спрабавала дайсці пачуццём — яна, здрыгануўшыся, адказала:
— Ён стане адным з тысячы, і гэта будзе яшчэ жахлівей, бо ён такі дарагі мне. Я ўзненавіджу Марціна, бо вельмі моцна кахаю яго.— Яна ўстала з месца.— Вялікі дзякуй за вашу ласку,— сказала яна з чужою ўсмешкаю на твары і выйшла на вуліцу.
Праз два тыдні яны ажаніліся. Ёгана са старой занавескі пашыла Рут сукенку. Марцін з’ездзіў у Шпесарт перагаварыць з бургамістрамі трох вёсак. Тыя абрадаваліся, што ў іх мясціны прыедзе доктар, і ахвотна згадзіліся адрамантаваць за кошт абшчын дом у лесе, дзе шмат гадоў ніхто не жыў.
Пры рэгістрацыі шлюбу сведкамі былі Ёгана і доктар Грос. Служачы бюро загса, барадаты мужчына ў пенснэ, спачатку звярнуўся да Ёганы, думаючы, што цяжарная на апошнім месяцы дзяўчына і ёсць нявеста. Усміхаючыся, ён папрасіў у Рут прабачэння — ён, ці бачыце, палічыў яе за малодшую жаніхову сястрычку.
Пасля рэгістрацыі шлюбу яны адразу ж пайшлі на вакзал. Марцінавы рэчы, у тым ліку аптэчку і веласіпед, яны ўжо раней адвезлі ў шпесарцкі дом. Незадоўга да адпраўлення цягніка Ёгана нясмела сказала ўсхваляванай і збянтэжанай Рут:
— Марцін настойваў на жаніцьбе таму, што на вёсцы вы нежанатыя не маглі б жыць разам.
Рут зрабіла выгляд, быццам нічога не пачула. Яна азірнулася, шукаючы Давіда. Ён стаяў каля паравоза. У прысутнасці сястры ён заўсёды вельмі саромеўся і ніколі не мог вытрымаць каля яе даўжэй за некалькі мінут.
Але цяпер, калі цягнік даўно ўжо знік, ён усё яшчэ стаяў на крытым пероне і глядзеў яму ўслед. Губы яго дрыжалі.
Цягнік ішоў уздоўж Майна. Яны сядзелі каля акна. Рут праз акно глядзела на месцы, па якіх год назад вярталася дадому пешшу, нежывая дзяўчына, волі ў якой хапіла толькі на тое, каб вярнуцца ў родны горад не хутчэй, як пешшу. На яе тварыз’явілася рыса глыбокай давольнасці, і твар таксама памякчэў. За год, што мінуў з таго часу, яна прайшла доўгі шлях назад да самой сябе.
Як гандляр у канцы года, падводзіла рахунак і яна. Вось яна стаіць, забыўшыся пра ўсё, у цішыні ляснога гушчару каля напаўзасохлай галінкі, на якой яшчэ асталося некалькі маладых атожылкаў з лісцямі. Ёй цяпер вядома тое, чаго яна не ведала раней: няяснае пачуццё, што яна сама часцінка лесу, было тады яе першым крокам назад да жыцця. Яна спакойна глядзіць цяпер на сцэны ў Аўшвіцу і публічным доме, якія для яе толькі малюнкі. Яна застрэльвае забойцу бацькоў. «Я з таго часу адчуваю сябе лепей»,— кажа яна старшыні суда і пакідае судовую залу. I працэс таксама застаўся дзесьці далёка ззаду. Яна глыбока ўздыхае.
У публічным доме ў крывавым віры разбурэння першых дзён Рут сніла ў прамежку паміж двума наведнікамі сон аб вызваленні. Тысячы мёртвых быкоў, з пенаю ў зяпе, з коп’ямі, што хісталіся на карку, імчаць уніз па крутым пясчаным схіле, па якім падымаецца ўверх яна. I тут са спіны быка саслізгвае ўніз маленькая бялявая дзяўчынка, бярэ Рут за руку і ўпэўнена
вядзе праз імклівую сцяну жывёлін на вяршыню. Над ёю на зямны дол яркія прамяні пасылае сонца — звонкія нябесныя арганы. Дзіця — гэта музыка. Яно нешта кажа меладычным голасам і знікае. Рут прачнулася, калі чарговы наведнік сцягнуў з яе коўдру.
Заплюшчыўшы павекі, яшчэ раз узнаўляючы ў памяці гаючыя падзеі апошняга года, яна раптам успамінае гэтае жахлівае прабуджэнне ад сну ў публічным доме.
Ёй раптам здаецца, што яна стаіць перад служачым бюро загса. Спалохана яна расплюшчвае вочы і жаласліва, як дзіця, ляпеча:
— Ты са мною нічога не зробіш, Марцін?
— Канечне ж, не, Рут, ты ж ведаеш.
Ён прыхіліў яе галаву да пляча і абняў дрыготкае цела. Цягнік спыніўся. У купэ ўвайшла вясковая жанчына.
Калі цягнік скрануўся з месца, Рут ямчэй прымасцілася шчакою да Марцінавага пляча. Праз нейкі час яна заснула.
3 цягніка яны выйшлі каля адгор’яў Шпесарта і спусціліся да парома. Старэнькі дзядок перавёз іх на другі бок.
Ёгана наведала Сцівавага сябра. Яна папрасіла яго, калі прыйдзе пісьмо ад Сціва, занесці ёй яго ў бальніцу. Па дарозе дадому яна зайшла да фраў Бах, каб аддаць ёй бляшанку кансерваванай саланіны з Сцівавай пасылкі. Калі яна спускалася па прыступках уніз, яе павяло да сцяны, і яна павалілася на каменныя прыступкі. Яна ведала, што здарылася, бо месяц таму назад у яе ўжо быў моцны крывацёк.
Фраў Бах пачула стогны і выйшла з-за дашчанай перагародкі. 3 яе дапамогаю Ёгана дабралася да нараў. Губы ў яе пасінелі. Разам з дыханнем з грудзей ірваўся стогн. Фраў Бах паслала Вужа ў бальніцу па доктара Гроса.
Неўзабаве Ёгана ляжала ў малюсенькім пакойчыку, з якога відаць былі кроны каштанаў у бальнічным садзе. Крывацёк паменшаў. Ноччу ён спыніўся зусім. Уранні пачаліся родавыя схваткі.
Назаўтра Сціваў сябар прынёс ёй ліст. Калі боль трошкі адступіў і свет зноў стаў любы, яна распячатала яго.
«Мілая Ёгана!
Спатрэбіліся месяцы, пакуль я сабраў усе паперы на цябе і на мяне. Я нічога не пісаў табе пра гэта, бо і сам не быў упэўнены ў поспеху. Але цяпер магу паведаміць табе, што адсюль я ад’язджаю 10 ліпеня. У цябе буду 21 ліпеня. Вяселле згуляем пазней у Амерыцы. Кватэра ў нас будзе на нашай ферме ў доме побач. Яна ўжо абсталявана, усё свежа пафарбавана, знадворку і ўсярэдзіне. Я паставіў камін, бо ўвечары зімою лепей сядзець каля адкрытага агню. Падрыхтуй усё, каб мы зараз жа маглі паехаць. Білеты на параход у мяне ёсць. Бацька і маці радыя. А як рады я сам, не магу табе навлт сказаць. 21 ліпеня раскажу, як было цяжка чакаць і сумнявацца. Але потым усё адыдзе ў нябыт. Яно і цяпер, лічы, ужо там.