Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
«У асобе фройляйн Фройдэнгайм, якую семнаццацігадовай, яшчэ нявіннай дзяўчынай перш адвезлі ў Аўшвіц, а потым у публічны дом, псіхолаг сутыкнуўся, бадай што, з самым цяжкім, выключным выпадкам. Па павярхоўнай ацэнцы яна зусім нармальная. Гэта ўражанне падманнае. Каб з’арыентаваць прысяжных
засядацеляў, хачу звярнуць іх увагу на тое, што асобы, якія пасля цяжкіх перажыванняў становяцца псіхічнахворымі, трацяць здольнасць лагічна мысліць, ім уласціва ненармальна моцная эмацыянальнасць. Фройляйн жа Фройдэнгайм увесь час думае лагічна, нават вельмі абвострана. Яна, нягледзячы на згубныя перажыванні, такая спакойная, быццам з ёю нічога не здарылася. Гэты стан можна растлумачыць толькі тым, што ў Аўшвіцу і ў публічным доме поўнасцю памерлі яе пачуцці. Яна застрэліла чалавека, а потым спакойна пайшла дадому і стала там чакаць арышту, быццам нічога і не было. Яна нічога не адчувае, ні страху, ні раскаяння. Так, ёй нават здаецца, што яна адчувае сябе цяпер лепей — як чалавек, што зрабіў карысную работу і здаволены гэтым. Тлумачэнне тут адно: поўнае адміранне пачуццяў, а яно прыводзіць да адмірання пачуццёвых бар’ераў, якія неабходны, каб жыць у грамадстве. Адсюль вынікае, што яна болей не здольна адчуваць віны і адказнасці. Фройляйн Фройдэнгайм, вартая жалю ахвяра нацыстаў, не можа адказваць за свае ўчынкі. Яе трэба накіраваць у адпаведную ўстанову».
Нечакана для Рут, выпадкова падняўшай галаву, пракурор некалькі разоў адабральна кіўнуў галавою. Псіхіятр сеў на сваё месца. Тут падняўся абаронца, і псіхіятр здзіўлена павярнуў галаву і з глыбокім інтарэсам слухаў тое, што ён сказаў:
— Вось тут у мяне афіцыйна заверанае заключэнне пана прафесара К. Прафесар К., вучоны з еўрапейскім імем, былы настаўнік пана судовага псіхіятра. Перш чым перадаць суду арыгінал заключэння і восем натарыяльна завераных копій, хацеў бы цяпер з дазволу пана старшыні суда прачытаць яго важнейшыя палажэнні. Прафесар К., у прыватнасці, піша:
«Пасля таго як я на працягу тыдня кожны дзень размаўляў з фройляйн Фройдэнгайм, кожны раз не ме-
ней гадзіны, я прыйшоў да вываду, што яна, калі гаварыць пра стан псіхікі, поўнасцю адказвае за свае ўчынкі. Яна не душэўнахворая. Мне прыйшлося назіраць за адной маладой дзяўчынай-яўрэйкай, якая таксама пабывала ў публічным доме. Пазней яна пакончыла з сабою, бо яе бацькам і двум братам было сорамна за яе. Фройляйн Фройдэнгайм па гэтай прычыне з сабою не пакончыць, нават калі з-за яе будзе сорамна ўсяму нямецкаму народу. Хутчэй ёй самой будзе сорамна за нямецкі народ. Тую маладую дзяўчыну да самагубства падштурхнуў адзін бацькаў позірк. Прыклад фройляйн Фройдэнгайм яшчэ раз пацвярджае старую ісціну, што чалавек, які перанёс цяжкія выпрабаванні і не загінуў, выходзіць з іх яшчэ мацнейшы. Яна — незвычайная асоба. 3 яе адказаў на пытанні ў час нашых размоў вынікае, што жыццё ў публічным доме загубіла ў яе ўсякі інтарэс да самой сябе І свайго далейшага лёсу. Ёй уеё роўна, што будзе з ёю. Яна гэтак жа спакойна пойдзе на эшафот, як у той вечар пайшла да дома чалавека, якога потым застрэліла. Гэты стан можна вызначыць як поўяае збядненне пачуццяў, якое ахоплівае ўсё. Але гэта не так. Хоць ёй і ўсё роўна, асудзяць яе на пажыццёвае зняволенне ці да якой другой кары. Але яна зусім нармальна ставіцца да свайго акружэння. Глыбока сімпатызуе сяброўцы дзяцінства, якая чакае дзіця, і клапоціцца, каб яшчэ ненароджанае малое мела ўсе неабходныя рэчы. Як клапатлівая маці ставіцца да свае дванаццацігадовае сяброўкі Катарыны, а калі ў час арышту развітваецца з былым жаніхом, то клопат у яе не аб сабе, хоць яе', можа, і чакае асуджэнне на пажыццёвае зняволенне, а аб ім, таму што ў яго з-за яе могуць быць непрыемнасці. Так выяўляе свае пачуцці нармальны чалавек, які адчувае сябе грамадскаю істотаю. Ёсць падстава лічыць, што пазней яна зноў далучыцца да жыцця і сама».
Абаронца адарваў позірк ад папер і сказаў:
— Месца, дзе гаворыцца пра яе перажыванні ў публічным доме, я чытаць не стану, бо тады прыйдзецца выдаліць з залы грамадскасць. Прафесар К. далей піша: «Фройляйн Фройдэнгайм бачыла, як у яе на вачах забілі бацькоў. Потым, калі гэтая дзяўчына, у якой усё жаноцкае было загублена ў публічным доме, вяртаецца ў вызваленае ад нацыстаў грамадства, яна даведваецца, што нацыста, арганізатара жахлівага забойства яе бацькоў, нават не прыцягнулі да адказнасці. Яна забівае яго. Фройляйн Фройдэнгайм поўнасцю валодала розумам, калі наўмысна і з жаданнем забівала гэтага чалавека. У грамадстве, дзе існуе закон, яна за свой учынак павінна несці адказнасць. На жаль, у кампетэнцыю эксперта-псіхіятра не ўваходзіць рабіць вывад, ці можна ў грамадстве, дзе, як і раней, парушаецца закон, караць за тое, што яна забіла непакаранага забойцу, забойцу яе бацькоў. Я магу сказаць тут адно: калі цямнее, запальваюць святло. Гэта нармальная з’ява. Яна запаліла святло».
У зале ўсталявалася цішыня. Калі абаронца нарэшце папытаўся ў судовага псіхіятра, ці не хоча ён выказацца аб гэтым заключэнні, старшыня суда ўсклікнуў, што суд мусіць прытрымлівацца заключэння афіцыйнага псіхіятра.
Але судовы псіхіятр устаў з месца і сказаў:
— У сваім заключэнні я падкрэсліў, што асабліва цяжка характарызаваць псіхічныя захворванні, выкліканыя знаходжаннем у канцэнтрацыйных лагерах, бо тут псіхіятр сутыкаецца з новымі, яшчэ недаследаванымі феноменамі чалавечай псіхікі. Таму ні ў якім разе нельга выключаць магчымасці, што аналіз майго шаноўнага настаўніка адпавядае стану душы абвінавачанай. Але я не магу пагадзіцца з яго думкаю, што яна павінна несці адказнасць за свой учынак.
Пракурор здаволена заківаў галавою. Ён пачаў
сваю прамову з падрабязнага апісання вечара, калі адбылося забойства, і ў заключэнне сказаў:
— Ну, а цяпер коратка падрахуем. На гэтым працэсе не прьійшлося даказваць віны злачынцы. Абвінавачаная прызналася, што Цвішэнцаля застрэліла яна. Заявіла, што з таго часу адчувае сябе лепей. Калі б мы мелі справу з нармальнаю асобаю, гэта было б адзнакаю незвычайнага ачарсцвення душы.
Потым ён працытаваў некалькі радкоў з заключэння судовага псіхіятра і яшчэ раз падкрэсліў, быццам ён быў абаронца, а не пракурор, што Рут не можа адказваць за свой учынак, бо яна душэўнахворая, і таму яе трэба змясціць у псіхіятрычную бальніцу.
Абаронца ўсміхнуўся, як чалавек, пачуўшы тое, што чакаў пачуць.
Ен быў стройны, яшчэ не сагнуты жыццём чалавек. Збярогшы свае сілы, ён выдаткоўваў іх цяпер паволі і мэтазгодна, як добра наладжаная і старанна дагледжаная машына, якая заўсёды працуе раўнамерна і таму даўжэй прадугледжанага тэрміну. Адзін з яго пярэдніх зубоў меў залатую каронку. Твар ад недаядання зрабіўся бяскроўна белы.
Ен стаў засоўваць у скураны партфель паперы, быццам працэс для яго быў ужо скончаны. Адначасова ён пачаў сваю абарончую прамову і галаву падняў толькі пасля таго, як кончыў засоўваць паперы і казаць першыя еловы.
— У судовых залах свету рэдка бывае так, што пракурор прызнае абвінавачаную ў забойстве асобу не адказнай за свой учынак, а абаронца лічыць яе поўнасцю правадзейнай. Я думаю, што ў прысяжных засядацеляў на працягу працэсу ўжо склалася пэўная думка аб прычыне такой дзіўнай перамены роляў. Перад фактам парушэння права, калі забойца Цвішэнцаль астаўся непакараны, пан пракурор не хоча паслаць Рут Фройдэнгайм у турму, а спрабуе паслаць яе ў псі-
хіятрычную бальніцу і такім чынам знайсці выйсце з гэтай дылемы. Рут Фройдэнгайм не душэўнахворая. Яна адказвала б за свае дзеянні ў дзяржаве, дзе ёсць закон. Але яна не знаходзіцца ў такой дзяржаве, бо яе прадстаўнікі парушаюць закон — аснову грамадскага жыцця. Нацысты забілі шэсць мільёнаў яўрэяў. Яўрэйка застрэліла нацыста. Нельга дапусціць, каб супраць ахвяры нацызму знайшло закон фармальнае права, якім не карысталіся супраць нацыста, забойцы яе бацькоў. Гэта было б толькі працягам аднабаковай нацысцкай юстыцыі, якая маральна разлажыла частку нямецкага народа. Нацыстаў на Нюрнбергскім працэсе асудзілі паводле закону, якога не існавала ў той час, калі яны рабілі свае злачынствы. Стварылі новы закон. Прыгавор здаволіў пачуццё справядлівасці ўсіх людзей на свеце.
Ен паглядзеў на прысяжных засядацеляў.
— Судзіце і вы па сваім пачуццю справядлівасці і прызнайце Рут Фройдэнгайм невінаватай, бо ў прававой дзяржаве ў яе не было б ні намеру, ні магчымасці самой судзіць забойцу сваіх бацькоў.
* * *
Пакой прысяжных засядацеляў быў таксама напалову абшыты дубам. На зацемненай сцяне над абшыўкаю рэзка вылучалася светлая пляма пасярэдзіне. Там калісьці вісеў партрэт кайзера Вільгельма, пазней — прэзідэнта Веймарскай рэспублікі, а погым на працягу дванаццаці гадоў — партрэт Гітлера. Доўгі стол, за якім раіліся засядацелі, існаваў яшчэ з тых часоў, калі засядацеляў было дванаццаць чалавек і толькі яны адны вырашалі пытанне віны і невінаватасці. Потым у 1924 годзе быў прыняты закон Эмінгера, і суд прысяжных засядацеляў істотна змяніўся — у выраку разам з шасцю прысяжнымі засядацелямі пачалі браць удзел і трое прафесійных суддзяў.
Яны сядзелі пасярэдзіне, якраз пад светлаю плямаю. Перад пачаткам нарады старшыня суда абвясціў:
— Цынічны паклёп на нямецкую юстыцыю пана абаронцы варты глыбокага жалю.
Прысяжны засядацель доктар Бук адразу ж запярэчыў:
— Цынічная сама справа, а не абаронца, што звярнуў на яе ўвагу. Дзяржава, у якой следчы не хоча выслухаць двух ключавых сведкаў з яўным намерам вызваліць ад пакарання забойцу, сапраўды не прававая дзяржава.
Доктар Бук лічыўся ў Вюрцбургу бяскрыўдным дзіваком-вар’ятам, да якога ніхто не ставіўся сур’ёзна. Такіх дзівакоў можна знайсці ва ўсіх нямецкіх гарадах. Кожныя пару гадоў ён змяшчаў у друку некалькі радкоў — то філасофскі тэзіс, то матэматычную формулу,— якія потым горача абмяркоўвалі філасофскія часопісы Еўропы. Але ў Вюрцбургу пра гэта ніхто не знаў. На жыццё ён зарабляў урокамі. Ён ведаў латынь, старажытнагрэчаскую і пяць сучасных моваў. Гора пасляваеннага часу амаль не закранула яго, бо і раней яго жыццё было ненамнога лепей. Ён па-ранейшаму жыў у цёмным пакоі на першым паверсе, куды прыйшоў яшчэ студэнтам сорак пяць гадоў таму назад. Там усюды ляжалі кніжкі — на кухоннай пліце, на ложку, стосамі на падлозе. У пакоі ніколі не прыбіралася. Заднія дзверы вялі ў здзічэлы садок, але туды ён за сорак пяць гадоў ні разу не выходзіў. Цяпер яму было семдзесят. Некалькі кароткіх, яшчэ цёмных валасоў звісалі на лоб. Глыбокія маршчыны на звялай скуры цягнуліся ад шчок уніз да падбароддзя.