Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Ён толькі паспрабаваў жалезным наканечнікам свайго кійка падсунуць у агонь кніжку, якая ўпала яму пад ногі. Кніжка, быццам нехаця, перакінулася колькі разоў, ён штурхнуў яе нагою, і тады яе ахапіла полымя.
У шынок увайшоў дзяк. Сядаючы, ён зверху ўніз пагладзіў касцістаю рукою свой жоўты, васковы твар, які выцягваўся ўсё болей і болей. Калі рука дайшла да падбароддзя, здалося, іпто ў яго бяззубым роце хаваецца чорнае яечка.
Ісусавы вучні сабраліся на кухні. Чатырохметровая пліта была халодная, кладоўка парожняя. У гэтым раней славутым шынку, дзе ў мінулыя часы падавалі самыя лепшыя дамашнія каўбасы і цёмныя крывяныя і ліверныя, цяпер прадавалі адно дрэннае віно.
У праходзе ад кухні да залы дзвярэй не было, і хлапчукі маглі чуць размову за сталом, але і самі вымушаны былі гаварыць ціха, каб іх ніхто не пачуў.
Яны як мага бліжэй стулілі галовы і шэптам ладзілі імправізаванае пасяджэнне. Пётр сядзеў за кухонным сталом. Сякера на гэты раз мінавала іх, але прайшла вельмі блізка. Кладаўшчык, які ад страху ледзь не нарабіў у штаны, задуменна кіўнуў галавою, а Мышка шапнуў:
— Калі Антон захоча, я памяняю імя. Мне, зрэшты, усё роўна, хто я такі — Лявэй ці Юда Іскарыёт. Антон добры хлопец. Ён нас не выдаў.
Кладаўшчыкоў бацька, з шырокаю барадою да самага пояса, смеючыся ўсклікнуў:
— Хто мог бы падумаць, што гэтыя вучні — хлапчукі.
— Тут не да смеху,— сказаў настаўнік.— Падрастае пакаленне злачынцаў. Каб мой сын быў адным з гэтых хлопцаў, што гэтак нізка апусціліся маральна, то я асабіста перадаў бы яго ў паліцыю.
Ёганаў бацька сказаў, як бы звяртаючыся да кагосьці другога за сталом, хоць настаўнік сядзеў побач з ім:
— Я так не зрабіў бы, пан настаўнік. Я растлумачыў бы свайму хлопцу, чаму такі метад няправільны нават пры самых добрых намерах.
— Хацеў бы я ведаць, што там няправільнага, калі ад багатых свіней забраць сёе-тое і аддаць яго згаладалым, якія пухнуць ад голаду і гатовы есці траву,— абурана шапнуў Ёган. 3 ранняга дзяцінства ён слухаў у бацькоўскім доме размовы старэйшых пра сацыялізм і аднаго разу стаў пераконваць сяброў, што ўсе яны павінны стаць сацыялістамі.
Вось тады і было заснавана Таемнае таварыства Ісусавых вучняў. Пётр падаў ідэю рытуалу і прапанаваў назву арганізацыі.
Настаўнік раптам напяўся як струна. Здавалася, ён толькі што прыйшоў да якойсьці пэўнай думкі.
— Нямецкі народ глыбока апусціўся. Ці ж не на-
цыянальная гэта ганьба, што немцу прыходзіцца даваць паказанні амерыканскаму яўрэю?
Пасля краху нацысцкага рэжыму адкрыта выбухнулі шмат якія палітычныя канфлікты. Ёганаваму бацьку больш за ўсё не спадабалася, што Шарфу дазволілі і далей выкладаць у школе, быццам нічога і не было. Ён рэзка кінуў:
— Нацыянальная ганьба ў тым, што немцы забілі і спалілі мільёны яўрэяў. Ад гэтага і праз сотню гадоў над Германіяй будзе смярдзець неба.
Прафесар Геберляйн паблажліва ўсміхнуўся, быццам усхваляваны Ёганаў бацька казаў не тое, што трэба. Пятроў бацька, які заўсёды сіліўся ўсталяваць спакой сярод наведвальнікаў, не стрываў і сказаў:
— Амерыканец загадаў палажыць хлапчука і беднага сухотніка ў бальніцу. А сёння гэта не драбяза. Па-мойму, ён добры чалавек.
Вуж адкінуў з лоба пасмы валасоў.
— The Captain is o’kay Ён самы лепшы амерыканец, якога я ведаю. And I know lots of them 2. Настаўнік жа недабіты нацыст.
— I вось мне ў яго прысутнасці даводзіцца выслухваць, што няма падстаў рабіць адрозненне. А сам малады чалавек жыве ў віле. Чаму ж нас прымушаюць жыць у сутарэннях?
Тут стары сацыяліст не вытрымаў.
— Mary растлумачыць, пан настаўнік. Калі развязаць вайну за панаванне светам, зруйнаваць усю Еўропу, знішчыць самым жахлівым спосабам дваццаць мільёнаў чалавек, тады хочаш не хочаш прыходзіцца жыць у сутарэннях.
Настаўнік падскочыў як уджалены і выбег на вуліцу.
1 Капітан — малайчына (англ.).
2 А я пімат каго ведаю (англ.).
На нейкі момант усталявалася цішыня. Кожны паглыбіўся ў свае думкі і, здавалася, пачынаў разумець цану вайне. У гэты момант яны, відаць, былі гатовы прыняць усё, як узараная зямля прымае насенне. Прафесар павучальна-дзелавым тонам адзначыў:
— Нацыянальная вайна за жыццёвую прастору і за значэнне дзяржавы ў свеце апраўдана, калі багацтвы на свеце падзелены няроўна. Тое, што мела месца ў Дахаў і яшчэ дзе, вядома, недапушчальна. Але калі б Германія выйграла вайну, то вы тады, мабыць, гаварылі б іначай.
Ёганаў бацька змоўк і зрабіў гэта так, быццам не хацеў болей гаварыць. Нарэшце ён усё-такі сказаў сам сабе:
— Я быў у Дахаў, бо не гаварыў іначай.
Вуж выцягнуў шыю і праводзіў позіркам Ёгану, якая паволі ішла міма акна кухні.
— Яна не ўтрымала язык за зубамі. Яшчэ крышку, і асталася б без коўдры.
Ёган пахваліў мясніка:
— А Штумпф пакінуў ёй коўдру і паводзіў сябе як сацыяліст.
Прафесар Геберляйн зняў акуляры ў тонкай залатой аправе. Яго натхнёны белы твар раптам зрабіўся нейкі голы. У яго былі каштанавыя валасы, а вейкі чамусьці чырвоныя. Пачысціўшы акуляры, ён зноў надзеў іх на нос і сказаў:
— Чалавецтва павінна вечна быць удзячна Германіі. Варта прыгадаць толькі аднаго Бетховена. У нямецкага народа невычэрпныя сілы. Мы, старэйшыя, праўда, не дажывём да новага пад’ёму. Але Германія зноў падымецца на ногі. Між іншым ужо сёння абсалютна ясна, што Германія выйграла б вайну, калі б стратэгію не вызначаў гэты аўстрыйскі дылетант.— Ен устаў з месца.
Калі ён выйшаў, Ёганаў бацька сказаў:
— А ён жа не нацыст і ніколі не быў ім. У прыватным жыцці такі мяккі чалавек. Як тут не ўпасці ў адчай.
Вучні пакінулі «Утульны лёх» праз заднія дзверы.
XII
Антона, сына следчага, у члены таварыства прынялі на ўрачыстым сходзе вучняў аднагалосна. Хораша ўсміхаючыся, ён адмовіўся ад ганаровага імя Лявэй. Яны пачалі зваць Юду Іскарыёта «Вучоным», бо ён наведваў гімназію. Яго бледны і кароценькі твар з вялікімі шкельцамі акуляраў быў падобны на роўнавугольны трохвугольнік. Яму было пятнаццаць гадоў — на чатыры месяцы болей, чым Пятру.
Сабраліся ўсе хлапчукі. Вуж саступіў сваю лаўку Катарыне, каб ёй было лепш цыраваць. Ён сядзеў каля яе ног на скрынцы з-пад макаронаў, узятай на Цвішэнцалевым складзе. Катарына цыравала вялізныя споднікі, якія «набыла» сама. За гэтым набыткам яе злавіў тоўсты, як бочка, бондар Кіш. Але ён адпусціў яе і даў яшчэ пару дзіравых шкарпэтак. Яе пальцы пачырванелі і адубелі так, што яна ледзь трымала ў руках іголку. Быў люты. У сутарэнні манастырскай царквы стаяла страшэнная халадэча.
Побач з Катарынаю сядзеў кладаўпічык. Час ад часу ён кідаў змрочны позірк на паліцы. Яны былі пустыя. Толькі на цвіку вісеў паношаны фрак. Апошнюю пару чаравікаў аддалі Вучонаму. Вужава прапанова, прадбачліва выказаная ім пасля моцнага снегападу,— забяспечыць кожнага з іх параю чаравікаў, каб, нягледзячы на снег і холад, наведваць нядобраахвотных ахвяравальнікаў,— была прынята без пярэчанняў. Таму ўсе хлапчукі і ганаровы член таварыства Катарына мелі чаравікі.
Але нядобраахвотных ахвяравальнікаў болей не
было. У спіску, дзе раней, бывала, стаяла за восемдзесят прозвішчаў, асталося ўсяго толькі два. Таемных прыпасаў болей не асталося ні ў кога. У гэтыя дзевяноста пяць тыдняў пасля канца вайны з кожным тыднем жыць рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Ва ўсіх была адна мэта — паесці і сагрэць ногі. У сутарэннях стала невыцерпна холадна.
Шмат хто памёр ад голаду і холаду, памерла надзея і ў тых, хто яшчэ астаўся жывы. Таемнае таварыства Ісусавых вучняў страціла права на існаванне, хоць цяпер людзям дапамога была патрэбна болей чым калі. Але ўзяць што болей не было ў каго.
Тут папрасіў слова Вучоны. Дзень таму назад ён загаварыў на сходзе ўжо зусім іначай. Ён сказаў, што сёння пасля абеду яго бацьку наведаў стары універсітэцкі таварыш, член «Міжнароднага камітэта па вывучэнню еўрапейскіх праблем», які падрыхтаваў даклад, прызначаны і для Аб’яднаных Нацый.
— Я зараз слова ў слова працытую, што сказаў гэты пан майму бацьку: «Нацысты, падтрыманыя вялікімі грашовымі сродкамі, набываюць усё большы ўплыў і зноў пачынаюць выступаць адкрыта, зусім бесцырымонна і не баючыся, бо яны ведаюць, што іх абараняе мноства нацыстаў, якія дагэтуль займаюць кіруючыя пасады ў амерыканскай і англійскай зонах».
— Дзеля гэтага Аб’яднаным Нацыям спатрэбіўся міжнародны камітэт? Яны маглі б даведацца пра тое і ад мяне,— пагардліва кінуў Еган.
Катарына расцягнула перад сабою споднікі.
— Тады сам напішы даклад і пашлі яго ў Аб’яднаныя Нацыі.— Яна паглядзела на вялізную дзірку ў сподніках і скептычна паматала галавою.-— Каб я дзе знайшла кавалак матэрыі, з іх сёе-тое яшчэ магло б і выйсці.
Вучоны гаварыў далей:
— Гэты пан, наш добры стары знаёмы, перадаў
бацьку копію пісьма, якое адзін антыфашыст даслаў у камітэт. Я тайком перапісаў пісьмо нам.
Ён дастаў з кішэні школьны сшытак і прачытаў пісьмо, надрукаванае разам з урыўкам з даклада камітэта ў «Нью-Йорк таймс» праз чатыры месяцы, 15 чэрвеня 1947 года.
«...У 1940 годзе мяне і восемдзесят маіх таварышаў арыштавалі. У турме ўсе мае таварышы загінулі. Суддзя, што прыгаварыў нас да турэмнага зняволення, стаў цяпер міністрам юстыцыі адной з паўднёванямецкіх зямель, няйначай як пры згодзе амерыканскіх ваенных улад».
Хлапчукі змоўклі. Пасля доўгай паўзы Ёган падняў галаву.
— Мой бацька на днях сказаў: калі ў бліжэйшы час нічога не зменіцца, у падполле замест нацыстаў прыйдзецца ісці сацыялістам. Няўжо гэта ён сказаў сур’ёзна?
Ніхто не адказаў. Нарэшце падала голас Катарына, перш пахукаўшы на свае адубелыя пальцы:
— Навошта тады яны вялі вайну супраць нацыстаў, калі цяпер самі ставяць нацыста міністрам? Я гэтага не разумею.— I запытальна паглядзела на свайго сябра Пятра.
Але Пётр у думках быў зусім у другім месцы. Перад самым пачаткам сходу ён прачытаў у «Навінах», што Шарфа і Зіка выпусцілі на волю. Следчы, сябар настаўніка Шарфа, зрабіў канчатковы вывад, што Оскар загінуў у выніку няшчаснага выпадку.
Задумаўся і Вуж. Ягоны кумір, капітан Лібэн, расчараваў яго. Як бы сам сабе ён сказаў:
— Мы ж паслалі яму доказ — амерыканскія цыгарэты. Seventeen cartons! Seventeen! 1 Калі гэта не доказ...
1 Семнаццаць пачак! Семнаццаць! (англ.)
Давіда, які два тыдні праляжаў у бальніцы, раптам пачало трэсці. Ён абхапіў рукамі лаўку і заплюшчыў вочы.